«Анёлы-ахоўнiкi» нашага спакою
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Прафесiйнае свята Мiлiцэйскiя аўтамабiлi з эмблемай савы на дзверцах добра вядомы нашым суграмадзянам. Менавiта гэтыя вартавыя правапарадку надзейна ахоўваюць наша жыллё, круглыя суткi патрулююць вулiцы беларускiх гарадоў i, зазвычай, самымi першымi прыходзяць на дапамогу людзям, якiя трапiлi ў бяду.29 кастрычнiка ў нашых з вамi «анёлаў-ахоўнiкаў» прафесiйнае свята. Споўнiцца 54 гады з дня ўтварэння гэтай службы. За сваю гiсторыю яна мела розныя назвы, але па сутнасцi займалася адной важнай i пачэснай справай: надзейна сцерагла спакой у грамадстве. Пра сённяшнiя буднi супрацоўнiкаў гэтай службы аглядальнiк «Звязды» папрасiў расказаць начальнiка Дэпартамента аховы МУС Беларусi Сяргея БУЙНОЎСКАГА. — Сяргей Аляксандравiч, на ўзначальваемы вамi Дэпар- тамент ускладзены цэлы шэраг задач: ад аховы фiзiчных асоб, кватэр грамадзян, да абароны ад зламыснiкаў агромнiстых аб’ектаў, а яшчэ суправаджэнне каштоўных грузаў i непасрэдная барацьба са злачыннасцю. А якi накiрунак дзейнасцi для вас з’яўляецца прыярытэтным? — Вы зусiм справядлiва адзначылi, што кола задач, якiя выконваюць супрацоўнiкi Дэпартамента аховы, вельмi шырокае. А прыярытэтам у нашай дзейнасцi была i застаецца абарона жыцця i здароўя грамадзян, iх законных правоў i свабод, iх маёмасцi. Стратэгiчна важныя аб’екты сферы эканомiкi дзяржавы, якiя мы аберагаем, таксама — уласнасць нашага народа, а значыць, i кожнага прадстаўнiка грамадства. Вось i атрымлiваецца, што ўсе накiрункi нашай дзейнасцi — прыярытэтныя. — I ўсё ж. Уявiм канкрэтную сiтуацыю. Спрацавала сiгналiзацыя на ахоўваемай кватэры. Нарад аховы iмчыць да месца здарэння i на сваiм шляху бачыць, што адбываецца злачынства, напрыклад, разбой цi грабеж. Як у такiм выпадку павiнны дзейнiчаць вашы падначаленыя: выконваць дагаворныя абавязкi з уладальнiкам кватэры цi прыйсцi на дапамогу iншым людзям, якiя трапiлi ў бяду? — Наша служба рэгламентавана шэрагам розных iнструкцый, дзе дакладна прадугледжаны падобныя выпадкi. I падрыхтоўцы нашых мiлiцыянераў мы ўдзяляем вялiкую ўвагу. Не буду падрабязна тлумачыць, як будуць дзейнiчаць у такой сiтуацыi супрацоўнiкi аховы. Скажу толькi, што дапамогу атрымаюць i людзi, якi сталi ахвярамi злачынцаў, i ўладальнiк ахоўваемай кватэры. — Якi ўклад Дэпартамента ў справу барацьбы са злачыннасцю i аховы грамадскага парадку? — Не мне, напэўна, трэба ацэньваць ролю Дэпартамента аховы ў агульнай барацьбе са злачыннасцю. Для нас важнейшым крытэрыем застаецца меркаванне грамадзян. Я магу толькi паведамiць, што кожныя суткi нашы групы затрымання выязджаюць па сiгналу «трывога» больш за тысячу разоў. Прычым значная колькасць такiх выездаў адбываецца па арыентацыях аператыўных дзяжурных тэрытарыяльных аддзелаў мiлiцыi. Нашы нарады днём i ноччу патрулююць вулiцы гарадоў i пасёлкаў, аднымi з першых прыязджаюць на месцы здарэнняў. Мiлiцыянеры аховы таксама штодзень раскрываюць дзесяткi агульнакрымiнальных i эканамiчных злачынстваў, затрымлiваюць махляроў, узброеных рэцыдывiстаў, распаўсюджвальнiкаў наркотыкаў. Пры гэтым аўтарытэт службы аховы вельмi высокi: жадаючых скарыстацца нашымi паслугамi з кожным годам усё больш. — Пад вашай аховай знаходзiцца i шэраг жыццёваважных для цэлых населеных пунктаў прадпрыемстваў. Як часта бываюць выпадкi незаконнага пранiкнення на такiя аб’екты? — Спроб пранiкнення на ахоўваемыя намi аб’екты ўвогуле апошнiм часам не так i многа. Як правiла, iх ажыццяўляюць злачынцы-дылетанты або проста асобы з няўстойлiвай псiхiкай. Прафесiйныя крымiнальнiкi, ведаючы, што аб’ект знаходзiцца пад нашай аховай, звычайна не рызыкуюць правяраць нашу пiльнасць, бо добра ўсведамляюць, чым гэта скончыцца. — Наколькi запатрабаваныя зараз паслугi па ахове фiзiчных асоб? — З падобнымi просьбамi да нас звяртаюцца не вельмi часта, бо крымiнагенная сiтуацыя ў Беларусi даволi спакойная. Звычайна целаахоўнiкаў просяць буйныя бiзнэсмены i ўрадавыя дэлегацыi. На пачатку верасня мы персанальна ахоўвалi аднаго з багацейшых людзей планеты, спадара Цэптара. Нашы пастаянныя клiенты — таксама госцi з Кiтая i Iзраiля. — На супрацоўнiкаў Дэпар-тамента ўскладзены абавязкi па ахове музеяў i iншых устаноў, дзе знаходзяцца культурныя каштоўнасцi. Пасля гучных крадзяжоў у Эрмiтажы, цi былi прыняты нейкiя дадатковыя меры бяспекi ў беларускiх музеях? — Паводле прэзiдэнцкага дэкрэта, якi рэгламентуе нашу дзейнасць, мы ахоўваем усе дзяржаўныя музеi, а таксама шэраг падобных устаноў iншай формы ўласнасцi. Усяго пад нашай апекай знаходзяцца 154 аб’екты, дзе захоўваюцца культурныя каштоўнасцi. Мы ўвесь час удасканальваем ахоўнае абсталяванне, укараняем найноўшыя дасягненнi тэхнiчнага прагрэсу. I гэта дае плён. Наколькi я памятаю, за апошнiя 10 гадоў у нас не дапушчана нiводнага музейнага крадзяжу. — Дэпартамент аховы вядомы сваiмi нестандартнымi i карыснымi акцыямi. Многiм жыхарам сталiцы запомнiлiся вашы арыгiнальныя вiншаванi з Новым годам, а таксама дабрачынная акцыя пад красамоўнай назвай «Ахова — ветэранам: 100 працэнтаў — клопату i 1 працэнт — аплаты!», прымеркаваная да Дня Перамогi. Калi не сакрэт, хто выступаў iнiцыятарам такiх акцый? — Добрыя iнiцыятывы, як правiла, нараджаюцца ў маральна здаровым калектыве. Некаторыя iдэi з’явiлiся ў нашай прэс-службе, штосьцi падказала само жыццё. Ну, а развiвалi i ажыццяўлялi iх усiм калектывам. Шчыра скажу, вельмi прыемна праводзiць акцыi на карысць нашых дарагiх ветэранаў, перад якiмi многiя i многiя пакаленнi застаюцца ў неаплатным даўгу. Хочацца паспець як мага больш зрабiць для iх. — Супрацоўнiкi аховы заўсёды i ўсюды паспяваюць першымi: i на службе, i ў спорце. Вось, не так даўно выйгралi Першую рэспублiканскую мiлiцэйскую эстафету. У чым сакрэт працоўных i спартыўных поспехаў? — Гэта зусiм не сакрэт. Традыцыi быць карыснымi людзям сваёй службовай дзейнасцю i перамагаць у спорце з’явiлiся ў ахове даўно. Iх захоўвалi i памнажалi мае папярэднiкi, аднадумцы. Я ўпэўнены: так будзе i надалей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiлiцэйскiя аўтамабiлi з эмблемай савы на дзверцах добра вядомы нашым суграмадзянам. Менавiта гэтыя вартавыя правапарадку надзейна ахоўваюць наша жылл |
|