Новы вiд паслуг у нас: вяжам путы на заказ!Хто каго? ...За што купiў (гэта — для пачатку) — у знакамiтай Фаiны Ранеўскай не было, на жаль, нi сям’i, нi дзяцей, а вось хатнiх работнiц змянiлася шмат. Дык вось. Сустракае яна неяк адну, i тая ёй — ну, ледзь не на шыю. Са словамi: — Фаiна Георгiеўна! Я так шкадую, так шкадую, што ад вас сышла! — Вам што — не падабаецца новая работа? — Вельмi! — Так многа спраў?! — У сто разоў больш, чым у вас! — Дык жа, вiдаць, i грошы?.. — Ды нiякiх, лiчы... — Дык, мо, водпуск вялiкi? — Не. Наогул няма! — У каго ж вы гэтак працуеце? — Я не працую. Я замуж выйшла... А тады (яшчэ продкi спявалi) — «... трэба знаць: позна легчы, рана ўстаць...» Што дзiўна, магчыма: усе чыста жанчыны, дзяўчаты гэтыя «песнi» цудоўна ведаюць, i ўсё роўна мараць... Пра шлюбныя строi, картэжы, вясельныя падарожжы, салодкiя, мядовыя гады, пра цёплы ўтульны дом, запоўнены ў тым лiку шчаслiвым дзiцячым смехам... Што з тых мараў збываецца? Цi вам казаць?.. Ну, хiба коратка? I рыфмаванымi радкамi, якiя ў чарговы раз даслалi чытачы да чарговага здымка. Адно шчасце гэтак жыць — З радасцю на твары. Рукi просяцца рабiць, А за спiнай — мары! Якiя не сёння дык заўтра, але абавязкова збудуцца, упэўнена сп. Чыгрынава з в. Забалацце Вiлейскага раёна: Хай бiзнэс клеiцца, не клеiцца, Не прападзе ў жыццi ўмелiца! То нешта сшые, нешта звяжа, Але сваё — заўжды дакажа! Чытай — нiдзе не прападзе, пераможцай выйдзе! У любой сiтуацыi. На адну з iх (i досыць складаных) вочы адкрывае сп. Гаўрыш з в. Навасёлкi Пастаўскага раёна: На вясельную сукенку Татка грошай не дае. Вось сяджу, вяжу шкарпэткi, А мой мiлы — прадае. Яно, калi супаставiць цэны — на адно i на другое — работы жанiху з нявестай да пенсii можа хапiць, але ж паспрабаваць трэба. Раптам нешта зменiцца? Само... Альбо яны... Самi... Бо (пiша з Гомеля сп. Старых): Калi дзеўка на выданнi, Трэба белае ўбранне. А як стане маладзiцай, То ўсялякае згадзiцца. У чым рознiца памiж адной i другой, у «Звяздзе» пра гэта (i досыць падрабязна) пiсаў Янка Крук. Што тлумачальны слоўнiк пiша? «Дзеўка — паўналетняя незамужняя жанчына (дарэчы, i там жа, з народнага — чым яна стражэйшая, тым прыгажэйшая. I даражэйшая. — Аўт.). Маладзiца ж — маладая, замужняя жанчына». Зрэшты, зараз — як у доме Аблонскiх — усё змяшалася. Сп. Дубовiк з Бярэзiншчыны ведае, чаму: Як грыбочкi ў пагоду, Растуць шлюбныя расходы: Каб вяселле адгуляць, Трэба пяць кароў прадаць. Добра, як ёсць яны. А як няма? Тады сядзi, дзеўка, вяжы шкарпэткi альбо (што здараецца куды часцей) — згаджайся жыць так, без вяселля, без рэгiстрацыi. Як доўга? Пра гэта — сп. Тарасiк з Мiнска: Абяцаў: хоць заўтра шлюб! Так кахаў... I так быў люб!.. Паспяшалася паверыць — Трэцi тэрмiн «без паперы». Справа, кажаце, не ў iх, не ў паперах? Яно, канешне. Але тут што цiкава — сацыёлагi апытанне неяк раз правялi. Высветлiлi: абсалютная большасць грамадзянскiх мужоў па-ранейшаму лiчаць сябе халасцякамi, абсалютная большасць жонак — замужнiмi. Вось i гэта, на пярэднiм плане, на думку сп. Тарасiк, не ад добрага жыцця за спiцы ўзялася, а каб нервы супакоiць: сёмы ж гадочак шлюбу чакае, сукенак нашыла... Зрэшты, тут погляды чытачоў разышлiся. Сп. Томкавiч з Вiлейкi лiчыць, што гэта маладзiчка ну не тое каб калекцыю з iх збiрае, — захоўвае так. У сэнсе — пафарсiла, замуж выйшла, i на памяць павесiла: Свой лёс — на шчасце распляла: Няхай клубочкi коцяцца... Я тройчы замужам была, А ўжо й чацвёрты хочацца! Ды каб i ўдала яшчэ... Што для гэтага трэба? Нiхто дакладна не ведае. А вось меркаваннi ёсць. Дэбютантка конкурсу Кацярына Раманенкава з Пастаў пра гэту ўмелiцу кажа так: Пяты раз выходзiць замуж... Тут во — маракуе: Можа ў вязанай сукенцы Болей пашанцуе? А што? Цалкам магчыма. А то ў белыя, шлюбныя грошы ўбухаюць, а потым... Эх вяселлейка, вяселле, Дарагая ты забава: Праз паўгода разляцелiсь — Муж — улева, жонка — управа. Што рабiць, каб такое не здарылася? Адказ на гэта пытанне — на здымку. Так, прынамсi, лiчыць гамяльчанка сп. Дзмiтрава: Дзеўка часу не губляла — Жанiха даўно чакала: Сшыла ўборы ў суседкi, А цяпер вось вяжа... сеткi. I прыгожа будзе жыць: Як хто трапiць, не збяжыць! Для таго, каб не збег яшчэ адзiн сродак ёсць: Як і раіць дзядзька Крук — Добры знаўца ўсіх навук— Вяжа дзеўка абярэг, Каб жаніх нідзе не збег, — пiша сп. Гаўрыш з Пастаўшчыны, дадаючы, што не сам ён гэта прыдумаў: здымак у газеце жонцы паказаў. А яна i выдала: путы, маўляў, дзеўка вяжа. Для каго? Ды па сённяшнiм часе, лiчаць мiнчане Астроўскiя, яны цi не ўсiм патрэбны: У сукенках доўгiх, белых Маладыя на вяселлях. I заўсёды заяўляюць, Што абраннiкаў кахаюць. Дык чаму ж тады з гадамi Мужыкi ходзяць з «рагамi» I не ведаюць, калi, «Рогi» тыя нараслi?! Ёсць пытанне, як кажуць! Праўда, прычым тут маладзiца са спiцамi? А яна — лiчыць Валянцiна Гiрвель з Пастаў — рашыла: Што вясельная сукенка? Ёю ж хлопца не здзiвiць? Лепш звяжу яму шкарпэткi, — Усю зiму будзе фарсiць! «Падпявае» ёй i сп. Звягiнцаў з Кiраўска: Бялеюць бальныя сукенкi, Як мары светлае мiраж. Але практычныя паненкi Усё ж болей любяць трыкатаж. Чаму? Адказ у тым жа канверце: На вечар — шлюбная сукенка, А ранкам... Кропка. Не паненка... Прадзецца лёс i час бяжыць: Як звяжаш, так i будзеш жыць! Ну то, каб пашанцавала, кожнай, каб хапiла мужнасцi i мудрасцi, такту i цярпення. З надзеяй на гэта мы i адвiталiся б, калi б не яшчэ адна адказная справа — вызначыць пераможцу. Вялiкае чытацкае журы палiчыла, што самыя лепшыя радкi (на здымку, помнiце, спаў мужык у лодцы) склалi сп. Ульянава з Нясвiжа («яе проста трэба адзначыць за высокую патрыятычнасць!» — пiша сп. Васiльеў з п. Сасновы Асiповiцкага раёна), Iрына Гутар, муж i жонка Астроўскiя, Мiхаiл Дубовiк, Павел Станевiч, Пётр Звягiнцаў i Любоў Чыгрынава... З чым не змагло не пагадзiцца яшчэ адно журы — маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам «Звязду» накiроўваецца ў вёску Забалацце Вiлейскага раёна, аўтару крылатага: «Меў машыну, грошы, хату I лiчыў сябе багатым. Высвятляецца, што бедны, Бо нiкому не патрэбны». То хай не пра нас гэта! Што пра нас? «Так ужо было: прачытаю чарговы конкурсны агляд i настрой адразу палепшыцца. Якiя ўсё ж таленавiтыя ў нас людзi! З якiм тонкiм, светлым пачуццём гумару!,» — пiша гамяльчанка Вера Дзмiтрава. «Наш сямейны паклон Вiктару Федараку за яго крылатае: «Чым глядзець на гэту муць, лепей выпiць i заснуць!». З гэтымi словамi муж цяпер выключае тэлевiзар, iдзе пiць кефiр i нешта рабiць для дома, для сям’i, — з радасцю зазначае Ала Тарасiк з Мiнска. — Дзякуй». Каму? Правiльна? Газеце i яе чытачам. А таму — пiшыце. Валянцiна ДОЎНАР. P.S. Калi матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ з дзесятак прапаноў. Лепшыя — Цiха зараз у Аленкi — Як ёй не маркоцiцца: Убачаць дзеўкi кошт сукенкi Й пад вянец расхочацца. I яшчэ: Нiякое тут не гора, Гэта сэрвiс вось такi: Хто купляе ў нас уборы, — У падарунак — паўзункi. Аўтар — Вiктар Федарака са Скiдаля. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...За што купiў (гэта — для пачатку) — у знакамiтай Фаiны Ранеўскай не было, на жаль, нi сям’i, нi дзяцей, а вось хатнiх работнiц змянiлася шмат. Дык
|
|