21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

GAME OVER (гульня скончана)

25.08.2009 22:06 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

Калi з экрана высунулiся зялёныя рукi, пацягнулi яго за сабой i нейкая прорва разiнула горла, Дзiма здрыгануўся. Заплюшчыў вочы, стаў трэсцi галавой, а калi паглядзеў у камп’ютарны экран iзноў — нiчога страшнага ўжо не было. Выйшла з пакою заспаная мама: «Ты чаго крычаў? Што здарылася?» Хлопец не разумеў. Засядзеўся за камп’ютарнай гульнёй. А можа, сам таго не заўважыў, як заснуў, дык i прыснiлася... Мама паглядзела на гадзiннiк — праз тры гадзiны ёй збiрацца на працу. Была палова на чацвёртую: «Што ты сабе думаеш, як у школу пойдзеш? Цi зноў збiраешся праспаць?»

Яна гадавала сына адна. Працаваць прыходзiлася шмат. Часу кантраляваць свайго падлетка не было, а ўзрост жа такi небяспечны. Каб не бадзяўся па вулiцы невядома з кiм, яна паднапружылася i купiла хлопцу патрыманы камп’ютар — можа хоць якая карысць з гэтага будзе, развiццё. Няхай лепш сядзiць дома. Ён i сядзеў. Яна была спакойная. Пакуль аднойчы па тэлефоне яе не адшукала настаўнiца: Дзiма прагульвае школу.

Потым былi размовы, слёзы. Мамiны пагрозы разбiць гэты дурацкi камп’ютар, якi паглынае ўвесь ягоны час. Усё як аб сцяну гарохам. Да таго выпадку з жудаснымi слiзкiмi рукамi. Хлопец стаў сам не свой — бледны, засяроджаны, размаўляў рэзка i неахвотна. Але за камп’ютар стаў сядаць менш.

Многiя бацькi, якiя звярнулi ўвагу на залежнасць свайго дзiцяцi ад камп’ютара, пачынаюць бiць трывогу. Часцей за ўсё менавiта мамы прыходзяць да спецыялiстаў, псiхолагаў па парады — дзiця бывае цяжка выцягнуць нават да ўрача.

— Залежнасць ад камп’ютара становiцца праблемай, — гаворыць Ганна СIМАНЕНКА, псiхолаг Мiнскага гарадскога дзiцяча-падлеткавага псiханеўралагiчнага дыспансэра. — Мамы прыходзяць са слязамi, скардзяцца: дзiця не хоча вучыцца, стала грубым, не сябруе з аднагодкамi, сядзiць днямi за камп’ютарам цi ходзiць у камп’ютарныя клубы, крадзе грошы, каб правесцi лiшнюю гадзiну ў тым жа клубе. Усе яго жаданнi круцяцца вакол камп’ютара, а iншыя справы робяцца як мага хутчэй, — толькi б зноў вярнуцца да жаданага занятку. У вынiку можа парушацца сон, зрок.

Гавораць i пра зусiм паталагiчныя варыянты, калi чалавек па некалькi сутак забывае паесцi, папiць. Залежнасць — гэта калi дзiця не сыходзiць на нейкi час у вiртуальную рэальнасць, каб расслабiцца, а наадварот, сыходзiць з яе на нейкi час, каб рэалiзаваць свае фiзiялагiчныя патрэбы. Пры ўстойлiвай залежнасцi можа назiрацца так званы «абстынентны» сiндром: калi няма магчымасцi задаволiць сваю патрэбу, арганiзм можа рэагаваць на гэта гарачкай, нават ліхаманкай, падрыгваннем канечнасцяў. I пры алкагольнай, нiкацiнавай цi любой iншай залежнасцi ёсць сiндром адняцця.

«Чалавек залежны» з-за паломкi камп’ютара можа адчуваць псiхалагiчную цi цялесную «ломку». Яна прымушае яго з неверагоднай энергiяй i вынаходнiцтвам шукаць i знаходзiць грошы для рамонту камп’ютара. Чым не падобна на паводзiны наркамана, уся энергiя якога iдзе на пошук наркотыкаў i грошай для iх?.. I вынiк, у крайнiх праявах, аднолькавы — разбурэнне асобы, моцнае нервовае i фiзiчнае спусташэнне.

Тэрмiн «вiртуальная залежнасць» з’явiўся ў 1996 годзе, ён значыцца ў спiсе дыягназаў, зацверджаным Сусветнай арганiзацыяй аховы здароўя. Вiртуальная залежнасць — шырокае паняцце. Сюды адносiцца залежнасць ад тэлевiзара, камп’ютара, камп’ютарных гульняў, Iнтэрнэта, гульнявых апаратаў. Гэты вiд залежнасцi ўжо ахрысцiлi чумой ХХI стагоддзя. У Еўропе ёсць спецыяльныя службы, якiя займаюцца гэтай праблемай.

Спецыялiсты лiчаць, што падвержаныя камп’ютарнай залежнасцi ў асноўным людзi з няўстойлiвай псiхiкай. Менавiта таму ў пастку перш за ўсё трапляюць дзецi i падлеткi — фармiраванне iх асобы яшчэ не адбылося, яны ў групе рызыкi. Але нават дарослыя самастойныя людзi могуць «завiсаць» гадзiнамi на нейкай новай гульнi, забываючы пра свае абавязкi — тут грае ролю ўвогуле прыродная схiльнасць да залежнасцяў. Муж маёй сяброўкi, якая нядаўна нарадзiла, замест таго, каб хутчэй спяшацца дадому i дапамагчы жонцы, прыязджаў з працы глыбокай ноччу, тлумачыў, што вельмi шмат спраў. Прагаварыўся яго сябра: у офiсе з’явiўся новы камп’ютар з цiкавымi забавамi. Сям’я апынулася на мяжы разводу.

— Трэба размежаваць захапленне камп’ютарам i камп’ютарную залежнасць. Яны ўзаемазвязаныя. Захапленне можа быць стадыяй фармiруючай залежнасцi, пачаткам, — тлумачыць Ганна Сiманенка. — Камп’ютарная залежнасць, як i любая iншая, пачынаецца з атрымання прыемных эмоцый, адчування радасцi падчас гульнi, iмкнення перажыць гэта яшчэ раз i яшчэ. У адрозненне ад алкагольнай i наркатычнай залежнасцi, дзе ёсць стадыi захаплення, потым стадыя пiку, у камп’ютарнай залежнасцi пасля пiку iдзе стадыя невялiкага спаду i потым цiкавасць трымаецца на адным узроўнi. Нават калi чалавек усведамляе сваё глупства i праяўляе менш цiкавасцi да забавы, поўнага разрыву з жаданым аб’ектам не адбываецца.

«Скажы, у што ты гуляеш, i я скажу, хто ты» — гэты прынцып вельмi важны для дыягностыкi i правiльнай дапамогi залежнаму чалавеку.

Гульнi па ступенi ўздзеяння на псiхiку падзяляюць на ролевыя i няролевыя. Найбольш небяспечнымi лiчацца менавiта ролевыя. Той, хто гуляе ў iх, прымае на сябе ролю камп’ютарнага персанажа. Сама гульня вымушае ўжывацца ў ролю рэальнага героя, цi таго, якога ты ўяўляеш сам. Чалавек «уваходзiць» у гульню з галавой, ужываецца ў камп’ютарны свет i ў нейкi момант можа пачаць думаць, што толькi ў iм адбываюцца рэальныя падзеi. «Вандроўкi» з эльфамi, страшылкамi, тайнiкамi i iншымi штучкамi — захапляюча... А ў сеткавай гульнi ты можаш нават падарожнiчаць з сябрамi, дапамагаць адзiн аднаму, абменьвацца па ходу рэплiкамi. Як правiла, такiя гульнi пабудаваныя на аснове кнiг у жанры «фэнтэзi». I ўсё б нiчога — казка. Але клiнiчныя выпадкi сведчаць пра тое, што iгрок можа забыцца пра сябе самога i цалкам атаясамлiваць сябе з камп’ютарным персанажам. Вiртуальны свет выцясняе рэальны. Менавiта таму гэтыя гульнi хутчэй могуць сфармiраваць стойкую залежнасць.

Але ў любой камп’ютарнай гульнi ёсць элемент азарту, якi можа прыводзiць да зележнасцi. Нават пры няролевай, дзе iгрок не прымае на сябе нейкую ролю. Азарт заключаецца ў тым, каб праходзiць узровень за ўзроўнем, набiраючы большую колькасць ачкоў, цi дадатковыя жыццi.

— Не варта адразу абмяжоўваць дзiця, пагражаць, што за камп’ютар яно не сядзе — можна справакаваць iншыя формы дэструктыўных паводзiнаў, пераключыць яго на той жа алкаголь, наркотыкi, гульнявыя апараты, — раiць псiхолаг Ганна Сiманенка. — Дастаткова на нейкiм этапе сачыць, каб не было зацыкленасцi на адным варыянце камп’ютарнай гульнi. Трэба перш за ўсё стаць для дзiцяцi сябрам, зразумець, чаму яго цягне да гэтага. Камп’ютарная залежнасць гаворыць пра нейкi нядобры працэс, якi адбываецца з дзiцем, чаму яму хочацца сысцi ад рэальнасцi i пагрузiцца ў iншую рэальнасць.

Канешне, кожны выпадак iндывiдуальны. Спачатку трэба разбiраць прычыны, якiя прыводзяць менавiта да паталагiчнай цягi дзiцяцi да камп’ютара, Iнтэрнэта. Залежнасць можа справакаваць адсутнасць цi немагчымасць атрымаць iнфармацыю iншым шляхам, калi дзiця не прывучылi чытаць кнiгi. Прычынай можа быць рэалiзацыя агрэсiўных iмкненняў, няўменне заняць сябе, беднасць iнтарэсаў, адзiнота. Таму спецыялiсты раяць прапанаваць элемент рацыянальнай замены: спорт, музыка...

Разлiчваць на цуд — цяжка. Тое, што хутка ўвайшло ў жыццё, вельмi складана з яго выцеснiць. Тым больш што ў тым свеце не за цябе вырашаюць, а ты вырашаеш. Заманлiва.

Вучоныя сведчаць, што камп’ютар i чалавечы розум у нейкiм сэнсе радня — менавiта гэта дае магчымасцi для зносiнаў. Сучасныя камп’ютарныя сiстэмы могуць уплываць на чалавека. У iх усё пралiчана. Калi на экране ў патрэбным месцы размяшчаюцца стымулы, адкрываецца магчымасць узаемадзеяння з пэўнымi аддзеламi мозга. Спакуса знаходзiць вельмi сучасны шлях да чалавека, i чым больш гульня дасканалая, тым больш яна ўцягвае ў сябе асобу, лiчыць маскоўскi псiхолаг-эксперт Iзяслаў Адлiванкiн. Ён робiць высновы не толькi ў тэорыi, а i паводле канкрэтных лёсаў людзей, якiя звяртаюцца ў Праваслаўны Цэнтр iмя святога Iаана Кранштацкага, дзе дапамагаюць справiцца ў тым лiку i з камп’ютарнай залежнасцю.

— Да нас звярталiся пацярпелыя з беларускiх гарадоў, — гаворыць Iзяслаў Адлiванкiн. — Таму што наш Цэнтр унiкальны, у Беларусi нiчога падобнага пакуль няма. Мне хацелася б, каб у вашай краiне своечасова звярнулi ўвагу на небяспеку сучасных спакус у выглядзе розных гульняў. Можна сказаць, што медыцына сёння не мае сродкаў канчатковага вылечвання лудаманii (па-лацiнску гульня — lud). А гэта становiцца менавiта хваробай, якая вядзе да маральнай i сацыяльнай дэградацыi. Чалавек перастае працаваць, становiцца схiльны да крымiналу, дэпрэсiй. Гаворка iдзе пра ўнiкальную глыбiню разбурэння чалавечай асобы, прычым у вельмi хуткiя тэрмiны. Мы разглядаем залежнасць як духоўную хваробу i шукаем выйсце з яе з дапамогай праваслаўных адносiнаў да праблемы. Людзям, для якiх галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца душа i не так лёгка патрапiць у пастку.

...Ганна Сяргееўна гэта зразумела позна. У царкву яе прывяла ўласная хвароба. Яна ведала, што зямных дзён у яе засталося нямнога. Таму асаблiва ўпарта малiлася. Не за сябе — за дзяцей. Калi старэйшая дачка яшчэ больш-менш прыстроiлася, скончыла iнстытут, выйшла замуж, то малодшы сын быў прычынай яе асаблiвага мацярынскага клопату.

Саша скончыў школу, паступаць нiкуды не стаў, хоць у класе быў моцным «сераднячком». У войска не пайшоў па здароўю. Працаваць таксама не хоча — нецiкава яму. Дзяўчыны не мае, сяброў i тых няма — вырас жа за камп’ютарам. Думалi, перарасце. Здавалася, так i адбылося ў нейкi момант. Ён стаў недзе прападаць. Яна, было, узрадавалася, што жыццё нейкае з’явiлася ў хлопца. А потым у сям’i сталi знiкаць грошы. Бяскрыўдныя камп’ютарныя гульнi ён змянiў на азартныя — на грошы. Грошай няма — iзноў у камп’ютары. Звярталiся да прыватных спецыялiстаў, псiхатэрапеўтаў. Грошай не шкадавалi. I свайго здароўя яна не шкадавала, да сваiх боляў не было часу прыслухацца, не тое, што лячыцца. Усе думкi — пра Сашу. Не тое рабiлi, сказаў святар, час страцiлi. Гэты нячысты праз яго i вас забярэ. Малiцеся...

Рак з’еў Ганну Сяргееўну хутка. Цяпер у сям’i зусiм цяжка — бацька запiў. Пенсiя вайскоўца на дваiх залежных iдзе як у прорву. Брат так працаваць i не пайшоў: не прывучаны напружвацца. Не ажанiўся: не прывучаны любiць. Хто за такога пойдзе? Вiртуальны чалавек — быццам бы жыве, быццам бы i не. Але ж гэта яго ўласная праблема, ён жа нiкому нiчога дрэннага не зрабiў, не забiў...

Жыццё чалавека з дзяцiнства павiнна быць напоўнена разнастайнымi падзеямi, якiя б неслi задавальненне i радасць, гаворыць псiхолаг Ганна Сiманенка. У гэтым выпадку камп’ютар будзе як элемент, не выйдзе на першае месца, не заменiць галоўныя каштоўнасцi. Але калi камп’ютарная залежнасць ёсць, то змагацца з ёй трэба як з любой iншай формай. Па-першае, звярнуцца да спецыялiстаў.

Калi трэба спынiцца, геймеры, у прынцыпе, адчуваюць самi, нават ахвотна дзеляцца парадамi адзiн з адным. Спынiцца трэба, калi кожны раз, выключыўшы мадэм, ты застаешся ў пустэчы з каласальным пачуццём вiны.

Каб не было «ломкi», пазбаўляцца залежнасцi трэба паступова. Трэба ўвесцi дакладную колькасць часу, якi чалавек мае права праводзiць за камп’ютарам, можна нават ставiць будзiльнiк. I не сядзець нi хвiлiны пасля таго, як ён празвiнiць. У перапынках памiж гульнямi абавязкова рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Адключыць графiку, каб карцiнкi не зацягвалi. Сеткавых сяброў пазбаўляцца па адным, новых не нажываць. Не адказваць на электронныя пiсьмы. Падтрымлiваць рэжым дня. Паразмаўляць з блiзкiмi. Паглядзець навокал...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi з экрана высунулiся зялёныя рукi, пацягнулi яго за сабой i нейкая прорва разiнула горла, Дзiма здрыгануўся. Заплюшчыў вочы, стаў трэсцi галавой,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика