Канкурэнцыя чакаецца не палiтычная, а сацыяльнаяПЕРЕД ВЫБАРАМ Мiнская вобласць традыцыйна вылучалася добрасумленным падыходам да арганiзацыi выбарчых кампанiй любога ўзроню. Як вядзецца падрыхтоўка да маючых адбыцца ў студзенi наступнага года выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, мы папрасiлi расказаць старшыню абласной камiсii па выбарах Мiкалая РОДЗIЧКIНА.— Сёння сацыяльна-эканамiчная i грамадска-палiтычная абстаноўка ў вобласцi з’яўляецца спрыяльным фонам для правядзення выбараў у iнтарэсах сапраўднага народаўладдзя i ўмацавання аўтарытэту мясцовых Саветаў. Усе мерапрыемствы ў вобласцi арганiзаваны ў адпаведнасцi з каляндарным планам, зацверджаным Цэнтрвыбаркамам. Ужо створаны 4740 акруг з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (рознiца не перавышае 10 працэнтаў). Напрыклад, пры выбарах у абласны Савет сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на адну акругу складае 18 450 чалавек. Акрамя таго, створаны 343 тэрытарыяльныя i 60 акруговых камiсiй па выбарах. У склад першых увайшлi 2640 чалавек, у тым лiку ад палiтычных партый — 5 (4 ад камунiстаў, 1 ад лiберал-дэмакратаў), ад БРСМ — 14, ад Федэрацыi прафсаюзаў — 9, ад Беларускага саюза жанчын — 2 i столькi ж ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У акруговыя камiсii ўвайшло 657 чалавек: 13 — ад палiтычных партый (7 — ад камунiстаў, 2 — ад Рэспублiканскай партыi працы i справядлiвасцi, 4 — ад лiберал-дэмакратаў), 59 — ад БРСМ, 20 — ад Саюза жанчын, 17 — ад прафсаюзаў, 7 — ад таварыства ветэранаў, 139 чалавек вылучаны ад працоўных калектываў. Прайшлi першыя пасяджэннi новаствораных камiсiй, дзе былi выбраны iх кiраўнiкi. Акрамя таго, днямi ў Мiнску быў праведзены семiнар-вучоба, на якiм перад прадстаўнiкамi выбарчых камiсiй выступiла старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына. — Па якому прынцыпу фармiравалiся выбарчыя тэрытарыяльныя i акруговыя камiсii? — У адпаведнасцi з Выбарчым кодэксам гэтую работу праводзiлi выканаўчыя камiтэты. Пры гэтым яны iмкнулiся да таго, каб у складзе кожнай камiсii былi прадстаўлены як вопытныя кадры, так i новыя людзi, якiм патрэбна набiрацца вопыту правядзення такiх мерапрыемстваў. Такiм чынам, пры фармiраваннi камiсiй улiчваўся прынцып пераемнасцi. — Чым гэтая кампанiя адрознiваецца ад папярэднiх? — Адрозненнi ў асноўным датычацца змяненняў, унесеных у Выбарчы кодэкс у кастрычнiку гэтага года. Галоўнае з iх — тое, што выбары будуць праходзiць без паўторнага галасавання. Значыць, не будзе скажацца першапачатковы выбар людзей, як бывала раней. Нагадаю, раней, калi нiхто з кандыдатаў не набiраў больш за 50 працэнтаў галасоў па шматмандатнай акрузе, арганiзоўвалася паўторнае галасаванне, дзе ў бюлетэнi заставалiся два кандыдаты з найбольшай колькасцю галасоў. На другiм этапе галасавання аднаму з iх патрэбна было набраць простую большасць галасоў. Такая сiтуацыя прыводзiла да знiжэння зацiкаўленасцi i, як следства, адмоўна адбiвалася на яўцы выбаршчыкаў. Нярэдка ўзнiкала патрэба ў паўторных выбарах. Гэта прыводзiла да зацягвання выбарчага працэсу, а некаторыя Саветы ўвогуле заставалiся недзеяздольнымi. Цяпер для перамогi на выбарах у мясцовыя Саветы дастаткова будзе простай большасцi галасоў. Ранейшая практыка паказала, што, як правiла, выбаршчыкi з самага пачатку вызначаюцца з кандыдатамi ў мясцовыя Саветы. Яшчэ адна адметнасць будучых выбараў — адсутнасць пры іх правдзенні мiжнародных наглядальнiкаў. Але няма сумнення, што тыя ж палiтычныя i грамадскiя структуры, працоўныя калектывы, грамадзяне возьмуць удзел ва ўнутраным назiраннi. — Цi чакаеце вы актыўнасцi выбаршчыкаў? — На апошнiх прэзiдэнцкiх выбарах у спiсы выбаршыкаў было ўнесена 1 мiльён 105,5 тысячы жыхароў вобласцi. Час прайшоў нязначны. Хоць, натуральна, пэўная мiграцыя насельнiцтва адбываецца, аднак значнага змянення колькасцi выбаршчыкаў мы не чакаем. Найбольшая актыўнасць выбаршчыкаў традыцыйна чакаецца ў буйных рэгiёнах (у Барысаве i Барысаўскiм раёне, у Салiгорску i Салiгорскiм раёне, дзе зараз завяршаецца аб’яднанне гэтых гарадоў i раёнаў, у Мiнскiм, Слуцкiм, Дзяржынскiм, Пухавiцкiм, Маладзечанскiм i шэрагу iншых раёнаў, у горадзе Жодзiне). — Цi зменяцца патрабаваннi да кандыдатаў у дэпутаты, якiя асабiстыя якасцi павiнны выйсцi на першы план? — Патрабаваннi застаюцца такiмi ж: маральныя, дзелавыя, прафесiйныя. Што датычыцца iснуючага заканадаўства, у артыкуле 57 Выбарчага кодэкса прапiсана, што дэпутатам мясцовых Саветаў можа быць грамадзянiн Беларусi, якi дасягнуў 18 гадоў. У артыкуле 58 гаворыцца, што ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы можа ўзяць i грамадзянiн Расiйскай Федэрацыi, якi пастаянна жыве ў Беларусi. Ён можа вылучаць iншага кандыдата ў дэпутаты, быць вылучаны сам, быць членам выбарчай камiсii абласнога, раённага, гарадскога (раённага падпарадкавання), пасялковага i сельскага ўзроўню. Кандыдатамi ў дэпутаты мясцовых Саветаў могуць быць людзi, якiя пражываюць на тэрыторыi пэўнага Савета, а таксама тыя, хто працуе ў арганiзацыях, размешчаных на тэрыторыi iншага Савета, але звязаны з задавальненнем патрэб насельнiцтва i сацыяльным развiццём тэрыторыi дадзенага Савета. Дэпутатамi мясцовых Саветаў адначасова не могуць быць дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў i суддзi. — Цi не будуць выбары па асобных акругах аднамандатнымi i што робiцца для таго, каб пашырыць спiс кандыдатаў? — У паўнамоцтвы выбарчых камiсiй не ўваходзiць падбор кандыдатур для вылучэння ў дэпутаты. Гэта маюць права рабiць працоўныя калектывы, палiтычныя партыi, iнiцыятыўныя групы грамадзян шляхам збору подпiсаў. Мы ўсе зацiкаўленыя ў тым, каб выбары праходзiлi ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам i менш за ўсё нам хацелася, каб заставалiся «пустыя» акругi. Аднак я не думаю, што так адбудзецца. Магчыма, дзесьцi выбары i будуць аднамандатнымi, але нiчога дрэннага ў гэтым няма. Трэба ўлiчваць спецыфiку выбараў у мясцовыя Саветы. Альтэрнатыва на такiх выбарах на ўзроўнi вёскi цi пасёлка магчыма пры наяўнасцi партыйнай структуры цi асабiстых амбiцый канкрэтных грамадзян. — Як вы лiчыце, цi будуць выбары ў мясцовыя Саветы цiкавыя палiтычным партыям? — Увогуле партыйныя структуры могуць выкарыстоўваць сiтуацыю па запаўненню акруг кандыдатамi. Аднак, улiчваючы, што з 9 iснуючых на тэрыторыi вобласцi палiтычных партый у склад выбарчых камiсiй увайшлi прадстаўнiкi толькi трох, то можна меркаваць, што канкурэнтная барацьба на выбарах будзе насiць у асноўным сацыяльны, а не палiтычны характар. З 5 лiстапада пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, канчатковыя высновы рабiць, канешне, рана, далейшы ход падзей пакажа, наколькi актыўна палiтычныя структуры будуць браць удзел у выбарчай кампанii. — На што члены выбарчых камiсiй будуць звяртаць асаблiвую ўвагу пры падрыхтоўцы i падчас правядзення выбараў? — На зверку спiсаў выбаршчыкаў, на дакументальную iдэнтыфiкацыю асобы выбаршчыка (патрэбна мець пашпарт, ваенны бiлет, службовае пасведчанне), на празрыстасць i непарушнасць працэдуры галасавання, на захаванне тайны галасавання. Падкрэслю, увогуле зараз у вобласцi робiцца ўсё неабходнае, каб правесцi выбарчую кампанiю арганiзавана i зладжана. Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiнская вобласць традыцыйна вылучалася добрасумленным падыходам да арганiзацыi выбарчых кампанiй любога ўзроню
|
|