Старая песенька пра Е, Е, ЕСмачная якасць Паступова ўкараняецца ў нас звычка разглядаць не толькi самi прадукты харчавання, але i «спадарожную» iнфармацыю, размешчаную на этыкетках. Аднак чым пiльней мы ўглядаемся ў апошнiя, тым больш незразумелых лiчбаў i слоў там бачым. У рэшце рэшт здаецца, што «разгорнуты» варыянт складовых кампанентаў прадукту даступны толькi вузкаму колу спецыялiстаў. Як жа любому спажыўцу зразумець мову вытворцаў? Вось пра што хочацца спытаць у загадчыка аддзялення гiгiены харчавання Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра гiгiены Васiля ЦЫГАНКОВА.— Немагчыма знайсцi прадукт, выраблены без Е. СМI перыядычна друкуюць Е-пералiкi, у якiх падзяляюць гэтыя рэчывы на бясшкодныя i «смяротныя». Наколькi абгрунтавана такое дзяленне? — Е — гэта EUROPE, еўрапейскi стандарт харчовых дабавак, якiя дадаюцца ў прадукты для таго, каб тыя атрымалi пэўныя вартасцi. У свеце вядома каля паўтары тысячы Е, з якiх на нашым рынку можна сустрэць не больш за 50—60. Кожная дабаўка дасканала даследавана — на мутагеннасць, канцэрагеннасць, эмбрыятаксiчнасць i г.д. А ўвогуле вы памятаеце, што сказаў Парацэльс? Любое рэчыва — таксiчнае, але толькi доза робiць яго атрутай. Так у таксiкалогii iснуе паняцце гранiчнай дапушчальнай канцэнтрацыi, пры якой не выяўляецца нiякага ўздзеяння на жывы арганiзм. Аднак гэты паказчык дзелiцца на сто i толькi такая доза прымяняецца. Большую частку Е складаюць натуральныя рэчывы раслiннага i жывёльнага паходжання. Сярод гэтых дабавак шмат соляў — фасфатаў, ёсць смолы дрэў, сода, лiмонная кiслата i г.д. Проста некаторыя рэчывы маюць даволi складаныя хiмiчныя назвы, з-за чаго кожнае атрымала свой лiчбавы «код». Код, за якiм хаваюцца рэчывы даўным-даўно вядомыя, без якiх не нараджалiся прадукты харчавання i стагоддзi таму, а цяпер — асаблiва, бо накармiць вялiкую колькасць людзей хлебам, якi выпякаецца «дзедаўскiм» спосабам, нерэальна. Сёння наўрад цi хто пажадае купiць чэрствую ляпёшку замест духмянага, мяккага бохана. А без антыакiсляльнiкаў i разрыхляльнiкаў мы не атрымаем той хлеб, да якога прывыклi. Без харчовых дабавак нашы прадукты будуць не проста менш смачнымi, прывабнымi на пах i смак, але i хутка сапсуюцца. Колькасць Е не павялiчваецца. Iх дастаткова, прычым частку распрацоўвалi самi вытворцы — пад канкрэтны прадукт. — У цэлым i рэцэптуру прадуктаў распрацоўваюць самi вытворцы? — Канешне. Рэцэпт даследуецца органамi санэпiднагляду, пасля чаго дазвол на выраб прадукту па iм падпiсвае галоўны санiтарны ўрач краiны. Ёсць стандарты — гэта фактычна законы вырабу i гарант якасцi. Хоць стандарты гэтыя могуць быць i недаўгавечнымi. Яны мяняюцца, перазацвярджаюцца i зноў гарантуюць нам якасць. На некаторых упакоўках i этыкетках можна, праўда, пабачыць лiтары «ТУ». Указанне на тэхнiчныя ўмовы не азначае, што тавар — нестандартны. Без суадносiнаў са стандартам нiхто не можа выпускаць прадукцыю, але ж варта разумець, што на кожны прадукт распрацаваць стандарт немагчыма. Дый у гэтым няма патрэбы. Задумала, напрыклад, прыватная пякарня выпякаць булачкi, якiя нiхто раней не выпякаў. Стандарт на гэты эксклюзiўны прадукт распрацоўвацца не будзе, але колькасць, скажам, тых цi iншых рэчываў у тавары будзе суаднесена з нейкiм стандартам, якi ўжо iснуе. — А калi на этыкетцы мы бачым шмат Е, можна не хвалявацца з гэтай нагоды i спакойна набываць такi тавар? — Мы не можам забараняць выпуск i продаж тых цi iншых тавараў, таму што ёсць людзi рознага дастатку. Гэта права выбару. I калi ён у вас ёсць, вы можаце спытаць у сябе, навошта мне «набор юнага хiмiка»? — Хочацца ўжываць не толькi бяспечнае i бясшкоднае, але i карыснае... — Павiнен заўважыць, што абсалютна любая ежа ўяўляе сабой спалучэнне станоўчых i адмоўных момантаў. Адзiн прафесар заўважыў, што любы прадукт аб’ядноўвае ў сабе анёльскi i д’ябальскi пачаткi. Няма прадукту адназначна карыснага. Мы любiм малако, дзе ўтрымлiваецца цудоўны бялок, аднак мы ж аддаём перавагу тлустаму малаку, а гэта — лiшак тлушчу. Хлеб — крынiца незаменных вiтамiнаў групы В, аднак адзiн чалавек з трохсот мае павышаную адчувальнасць да бялкоў пшанiцы. Глiядыны — група тых бялкоў пшанiцы, жыта, ячменю, якiя выклiкаюць моцныя алергii, метабалiчны сiндром. Хтосьцi i зараз ужывае хлеб з думкамi пра карыснае, а ў яго пасля балiць печань цi падстраўнiкавая залоза. Такiм алергiкам можна толькi грэчку, кукурузу i рыс... А мы крычым: «Вiват, здаровая ежа!». Паелi — i ўсё балiць. Хтосьцi ўсяляк абмяжоўвае ўжыванне тлустых прадуктаў, i думае, што засцерагае сябе ад лiшку халестэрыну. Аднак хачу нагадаць, што 80 працэнтаў жыццёва неабходнага нам халестэрыну выпрацоўвае... печань. I калi яна хворая, то на якой бы абястлушчанай дыеце вы нi сядзелi, халестэрын будзе «дрэнным». Навука аб харчаваннi — нутрыцыялогiя даўно выйшла на малекулярны ўзровень. Бялкi, тлушчы i вугляводы — гэта ўсё вядома i зразумела. Цяпер мы абавязаны гаварыць спажыўцам не толькi пра энергетычную каштоўнасць, але i пра магчымыя наступствы злоўжывання тымi цi iншымi прадуктамi. Забаранiць што-небудзь нельга дый не варта гэтага рабiць. Аднак калi мы атрымлiваем асалоду ад вэнджанай рыбкi, то мы павiнны ведаць, што там ёсць нiтразамiны, якiя павышаюць рызыку ўзнiкнення пухлiн. Яны iх не выклiкаюць, але калi вы будзеце пастаянна захапляцца такой ежай — вэнджаным, то будзеце павышаць рызыку захворвання. Нутрыцыялогiя пачала пралiчваць рызыкi. У межах iнтэрв’ю дастаткова сказаць, што пры захапленнi любым, нават самым найкарысным, як мы лiчым, прадуктам з цягам часу нарастае адмоўны эфект. — Вы падводзiце да думкi пра рацыянальнае, збалансаванае харчаванне, паводле якога харчавацца трэба разнастайна i пакрысе... — Правiльна. Аднабаковае харчаванне не дазваляе нашаму арганiзму атрымлiваць неабходныя рэчывы — вiтамiны, мiкра- i макраэлементы. I абарончыя функцыi арганiзма знiжаюцца — «падае» iмунiтэт. А iмунiтэт — адзiн з важнейшых абаронцаў арганiзма ад непрыемнасцяў — самых розных захворванняў, у тым лiку ракавых. Збалансаваным харчаванне павiнна быць i па колькасцi бялкоў, тлушчаў ды вугляводаў. Трэба ведаць, што без тлушчаў i вугляводаў мы не атрымаем патрэбнай энергii, без якой не зможам нi рухацца, нi разважаць. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ i «ўнутраныя» затраты — абмен метабалiчных працэсаў, якi ад нас не залежыць, бо закладваецца на генетычным узроўнi. Таму адзiн чалавек ужывае шмат i застаецца хударлявым, а другому варта крыху пераесцi, i ён пачынае набiраць вагу. У першага асноўны абмен высокi, а ў другога — нiзкi. Збалансаванае харчаванне — гэта i пяць асноўных груп прадуктаў: хлеб i зерневыя, мяса, рыба, малако i садавiна-гароднiна. Яны павiнны быць на стале калi не штодня, то ва ўсякiм разе на працягу тыдня. Я думаю вы адчуваеце, што перад намi адкрываецца пэўная сiстэма харчавання. Вось менавiта гэта сёння — самае важнае! Кажуць, што фаст-фуд цi салодкiя напоi — гэта шкодна. Насамрэч шкодная не канкрэтная булачка цi напой, а сiстэма харчавання, таму што адбываецца працэс запамiнання метабалiзму, пры якiм нiчога iншага ўжо не хочацца i харчавацца iнакш немагчыма. Калi дзяцей прывучаць да сiстэмы харчавання па фаст-фуду, то мы, хутчэй за ўсё, вырасцiм дыябетыкаў. — Генетычна мадыфiкаваныя прадукты: ужываць цi баяцца, тым больш, вытворцы не спяшаюцца апавяшчаць спажыўца аб утрыманнi мадыфiкаваных арганiзмаў? — А хто даказаў, што яны шкодныя? Законы бiялогii ведаеце? Нашы саматычныя клеткi не сутыкаюцца з палавымi. Нiякi чужародны ген не можа трапiць у нашу палавую сiстэму, тым больш, падчас стрававання ён распадаецца на нуклеатыды. Больш за тое, калi вы ясцё мяса, вы ўжываеце таксама чужародны геном... Да ўсяго трэба ставiцца разумна. На дадзены момант мы не можам гаварыць пра тое, чаго няма, а менавiта навукова даказаных фактаў шкоднасцi генетычна мадыфiкаваных прадуктаў. Тым не менш, мы, урачы, знаходзiмся напагатове, адсочваем навуковую лiтаратуру i ў выпадку ўстанаўлення небяспекi якога-небудзь ГМ-прадукту ён будзе адразу ж забаронены на нашым рынку. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паступова ўкараняецца ў нас звычка разглядаць не толькi самi прадукты харчавання, але i «спадарожную» iнфармацыю, размешчаную на этыкетках. Аднак чым
|
|