Беларускiя кандытары «змагаюцца» за расiйскага спажыўца
Надзея НIКАЛАЕВА
Для прыхiльнiкаў прадукцыi сталiчнай кандытарскай фабрыкi «Камунарка» ёсць прыемная навiна — у блiжэйшы час аб’ёмы выпуску аднаго з самых вядомых яе брэндаў — шакаладных цукерак «Сталiчныя» — павiнны павялiчыцца ўтрая. Гэта стала магчымым дзякуючы праведзенай у цэху, дзе яны раней выраблялiся, мадэрнiзацыi вытворчасцi...
Паводле слоў намеснiка генеральнага дырэктара ААТ «Камунарка» Людмiлы Трэпка, для таго, каб задаволiць усе заяўкi i гандлю, i прафсаюзных арганiзацый на салодкiя навагоднiя падарункi, прадпрыемства было вымушана перайсцi на трохзменны рабочы рэжым. Але менавiта навагоднiя святы з’яўляюцца для кандытараў самымi «ўраджайнымi», таму i падрыхтоўку да iх яны вядуць на працягу ўсяго каляндарнага года: распрацоўваюць арыгiнальны дызайн, размяшчаюць заказы на святочную ўпакоўку, абнаўляюць асартымент. Для прыкладу, толькi «Камунарка» i «Спартак» збiраюцца прапанаваць пакупнiкам каля 50 вiдаў салодкiх падарункаў у выглядзе баульчыкаў, куфэркаў, балалаек, кадылакаў, самалётаў, замкаў, казачных персанажаў, мабiльных тэлефонаў, магнiтафонаў, кнiг, Дзедаў Марозаў на розны густ i фiнансавыя магчымасцi пакупнiкоў: ад 300 грамаў да 2,5 кiлаграма i ад 3 да 90 тысяч рублёў за падарунак. Пачынаючы з кастрычнiка работнiкi «Спартака» асвойваюць новую лiнiю па вытворчасцi кiлаграмовага шакаладу «Спартак. Горкi-Элiтны» (72 працэнты какава-прадуктаў), «Спартак. Горкi» (59 працэнтаў какава-прадуктаў) i «Спартак. Малочны». Шакалад змяшчаецца ў арыгiнальную ўпакоўку ў выглядзе бандэролi, якая замацоўваецца сургучнай пячаткай ад «Спартака». Сёння канцэрн «Белхарчпрам» вядзе перамовы ў Маскве аб умовах далейшых паставак беларускiх цукерак на расiйскi рынак. Беларусы не губляюць надзеi знайсцi кампрамiснае рашэнне для спынення так званай «халоднай вайны» памiж беларускiмi i расiйскiмi вытворцамi. «Вайна» кандытарскiх брэндаў ужо прывяла да iстотнага знiжэння аб’ёмаў паставак беларускiх ласункаў у Расiю. Калi раней фабрыка «Камунарка» экспартавала суседзям да 70 працэнтаў ад агульных аб’ёмаў сваёй карамелi, то цяпер асартымент карамелi, што адпраўляецца ў Расiю, скарацiўся на 17 працэнтаў. Асартыментная група шакаладных цукерак скарацiлася на 20, а шакаладу — увогуле на 50 працэнтаў. Расiяне не жадаюць пускаць на сваю тэрыторыю беларускiя кандытарскiя вырабы з назвамi, якiя былi запатэнтаваныя расiйскiмi вытворцамi як уласныя гандлёвыя маркi: маюцца на ўвазе, «Мишка на Севере», «Аэрофлотские», «Красная шапочка», «Ромашка» i г.д. Беларускiя кандытары, у сваю чаргу, перадалi ў Мытны камiтэт пералiк кандытарскiх вырабаў, запатэнтаваных у Беларусi айчыннымi вытворцамi (каля 200 найменняў), каб аналагiчная расiйская прадукцыя таксама не магла пераадолець беларускую мяжу. Але, як прызналася галоўны тэхнолаг упраўлення развiцця i каардынацыi цукровай i кандытарскай галiн канцэрна «Белхарчпрам» Галiна Панаскiна, такая «вайна» непатрэбная нi нам, нi расiянам. Пакуль што, каб не змяншаць аб’ёмы экспарту, беларускiя прадпрыемствы спрабуюць асвойваць новыя рынкi. Вядуцца перамовы аб пастаўках пробных партый у Грузiю i Азербайджан. «Камунарка» збiраецца аднавiць супрацоўнiцтва з Казахстанам. Акрамя таго, на прадпрыемствах вядзецца праца над стварэннем новых арыгiнальных рэцэптур цукерак з новымi найменнямi, якiя без праблем змогуць экспартавацца ў Расiю. А што датычыцца вядомых савецкiх брэндаў, то не выключана, што беларускую прадукцыю давядзецца на знешнiх рынках «пераапранаць» — даваць ёй новыя беларускiя назвы... Затое на ўнутраным рынку ўсё адбываецца з дакладнасцю да наадварот — самыя раскручаныя яшчэ з савецкiх часоў брэнды дадаткова ўмацоўваюцца: так з’явiлiся малочны шакалад, карамель з малочнай начынкай, батончык, набор цукерак «Чырвоная шапачка», «Любiмая Алёнка», «Мiшка на паляне» i элiтная «Сталiчная» лiнiя — ад карамелi з памаднай начынкай да набору шакаладу...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для прыхiльнiкаў прадукцыi сталiчнай кандытарскай фабрыкi «Камунарка» ёсць прыемная навiна — у блiжэйшы час аб’ёмы выпуску аднаго з самых вядомых яе б |
|