«Пенсiйныя» справы з нюансамi
Сяргей ГРЫБ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Вiкенцьеўна КАРАЛЁВА
(Працяг. Пачатак у нумарах за 14, 15 і 16 лістапада.) — Працую аграномам-насенняводам i адначасова атрымлiваю пенсiю. Iндывiдуальны каэфiцыент складае 1,73. Цi павялiчыцца мая пенсiя пасля звальнення? Кацярына Цiмафееўна, Буда-Кашалёўскi раён — Паколькi вы працуеце i не занятыя непасрэдна ў вытворчасцi сельгаспрадукцыi, то пакуль дзейнiчае тое ж абмежаванне па каэфiцыенту 1,3. Пасля ж звальнення каэфiцыент 1,73 «запрацуе» цалкам. I, адпаведна, ваша пенсiя крыху ўзрасце. — У свой час адпрацавала 22 гады на Крайняй Поўначы, зараз, з улiкам усiх iльгот, мой стаж складае 45 гадоў. Цi змагу я пайсцi на пенсiю ў 50-гадовым узросце? I калi змагу, то цi павiнна павялiчвацца мая пенсiя надалей? Або, магчыма, я буду атрымлiваць адну i тую ж суму ўсё жыццё? Валянцiна Васiльеўна Чарнашэй — Наша заканадаўства вызначае, што жанчына цi мужчына, якiя адпрацавалi ў раёнах Крайняй Поўначы не менш чым 15 каляндарных гадоў да 1 студзеня 1993 года, могуць выходзiць на пенсiю на 5 гадоў раней за агульнаўсталяваны ўзрост. Што ж да другога пытання, то сапраўды, перыяды работы з адначасовым атрыманнем пенсii ў стаж для яе пераразлiку ўжо не ўваходзяць. Разам з тым, Валянцiна Васiльеўна, казаць, што вы станеце атрымлiваць адну i тую ж суму ўсё жыццё, нельга. Як i ўсiм пенсiянерам, ваша пенсiя будзе пераразлiчвацца ў сувязi з ростам заробкаў працоўных нашай краiны. — У 1964 i 1967 гадах нарадзiла дзяцей i, адпаведна, не працавала. Цi залiчылi мне гэты перыяд у стаж? Ала Уладзiмiраўна Гацiла, Карэлiцкi раён — Калi ёсць сумненнi наконт залiку гэтага перыяду ў стаж, лепш падысцi ў раённае ўпраўленне па працы i сацыяльнай абароне i разабрацца з пытаннем непасрэдна на месцы. Прычым калi час догляду дзяцей у стаж чамусьцi не залiчаны, вам павiнны зрабiць гэта на падставе пасведчанняў аб iх нараджэннi. — Турбуе iнвалiд з дзяцiнства Вялiкай Айчыннай вайны. Звыш 25 гадоў я не афармляў iнвалiднасцi, атрымаў групу толькi ў 1991 годзе. Зараз мне 60 гадоў, я маю пенсiю па iнвалiднасцi i працягваю працаваць. На працоўную пенсiю пакуль не выходзiў. У сувязi з гэтым пытаннi. Па-першае, якiм будзе мой каэфiцыент заробку з улiкам пенсii па iнвалiднасцi? Па-другое. Наколькi я ведаю, за кожныя 2 месяцы працы пасля дасягнення агульнага пенсiйнага ўзросту вызначана надбаўка да пенсii ў памеры 1 працэнта. Цi датычыцца гэта правiла мяне? I па-трэцяе. Цi мае права iнвалiд з дзяцiнства Вялiкай Айчыннай вайны на атрыманне санаторна-курортнай пуцёўкi? Нарэшце, яшчэ адно пытанне датычыцца маёй жонкi. Летась пры выхадзе на пенсiю яна мела стаж 37 гадоў i 9 месяцаў, а таксама iндывiдуальны каэфiцыент 0,98. Пасля гэтага яна адпрацавала яшчэ адзiн год. Цi павiнны былi ёй павялiчыць пенсiю як непрацуючай пенсiянерцы? Мiкалай Мiхайлавiч Грамыка, Лельчыцкi раён — Давайце аб усiм па парадку. Па першаму пытанню. Каэфiцыент — гэта суадносiны вашай зарплаты да сярэдняй зарплаты па краiне за пэўны перыяд, i каэфiцыент не залежыць ад таго, атрымлiвалi вы пенсiю па iнвалiднасцi цi не. Да слова, сёлета пры пераводзе з пенсii па iнвалiднасцi на пенсiю па ўзросту каэфiцыент павiнен вылiчвацца за любыя 12 гадоў запар з 22 апошнiх гадоў работы. Прычым калi ён акажацца меншым, то пенсiю па ўзросту можна будзе вызначыць з таго ж iндывiдуальнага каэфiцыента, з якога налiчвалася пенсiя па iнвалiднасцi. Па-другому пытанню. Закон «Аб пенсiйным забеспячэннi» на самай справе вызначае, што калi мужчына дасягае ўзросту 60 цi жанчына 55 гадоў, калi яны маюць адпаведна 25 i 20 гадоў стажу i працягваюць працаваць, то за кожныя 2 месяцы такой працы памер iх пенсii можа павялiчвацца на 1 працэнт заробку, але не менш чым на 1 працэнт мiнiмальнай пенсii па ўзросту. Аднак гэта правiла дзейнiчае толькi тады, калi падчас «пасляпенсiйнай» работы чалавеку не выплачваецца тая цi iншая дзяржаўная пенсiя. Адпаведна, Мiкалай Мiхайлавiч, атрымаць падобнае павелiчэнне вы зможаце выключна пры ўмове, што пасля 60-годдзя працягнеце працаваць i пры гэтым часова адмовiцеся як ад пенсii па ўзросту, так i ад пенсii па iнвалiднасцi. Па-трэцяму пытанню. Паводле заканадаўства, пуцёўкi непрацуючым пенсiянерам i iнвалiдам, якiя па заключэнню лячэбных устаноў маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэннi, сёлета выдаюцца ўпраўленнямi па працы i сацыяльнай абароны па месцы жыхарства бясплатна ў парадку чаргi. У той жа час працуючым пенсiянерам пуцёўкi выдаюцца Рэспублiканскiм цэнтрам па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню насельнiцтва. Прычым у апошнiм выпадку рашэнне аб прадастаўленнi пуцёўкi за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання прымаюцца камiсiямi па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню па месцы працы. I нарэшце. Паколькi паводле заканадаўства ў перыяд працы не выплачваецца толькi частка пенсii, разлiчаная з улiкам iндывiдуальнага каэфiцыента заробку звыш 1,3, а гэты каэфiцыент вашай жонкi складае 0,98, то пенсiя ёй была прызначана ў поўным памеры ўжо з самага пачатку. I сам факт звальнення тут ужо нiякай ролi адыграць не мог. (Працяг будзе.) — Як мацi iнвалiда з дзяцiнства, у 50 гадоў выйшла на пенсiю. Маю 33 гады стажу i iндывiдуальны каэфiцыент 0,4. Чаму мая пенсiя такая маленькая? Казакевiч Рэгiна Вiкенцьеўна, Смаргонскi раён — Па-першае, пенсiя невялiкая менавiта таму, што ў вас на самай справе была вельмi невысокая зарплата i, адпаведна, невысокi iндывiдуальны каэфiцыент. Аднак яшчэ адна i не менш важкая прычына — не самы высокi стаж. I ў тым лiку таму, што вы пайшлi на пенсiю на 5 гадоў раней за агульнаўсталяваны ўзрост. — Маю 31 год стажу, тым не менш пенсiя атрымлiваецца маленькай. Калi ласка, праверце, цi правiльна робiцца яе налiчэнне? Леанiда Станiславаўна Халапук, г. Мiнск — Зноў-такi асноўнае тлумачэнне невысокай пенсii — невялiкаi каэфiцыент вашага заробку. Зараз у вас гэты каэфiцыент 0,61, таму памер пенсii ў лiстападзе складзе 203 020 рублёў. — Мая мацi, якой ужо 83 гады, атрымлiвае вельмi нiзкую пенсiю — крыху больш за 150 тысяч. Цi мае яна права на якiя-небудзь дадатковыя выплаты на лекi? I яшчэ. Паколькi мацi жыве ў вёсцы адна i я не маю магчымасцяў наведваць яе штодня, цi можна замацаваць за ёй сацыяльнага работнiка? Iосiф Канстанцiнавiч Ломаць, Дзятлаўскi раён — Вашай мацi павiнна рабiцца толькi адна дадатковая выплата — надбаўка на догляд асобам, якiя дасягнулi 80-гадовага ўзросту. Памер такой надбаўкi сёння складае 21 200 рублёў, i гэтыя грошы выплачваюцца разам з «асноўнай» пенсiяй. Зрэшты, каб канчаткова ўпэўнiцца, прызначаецца надбаўка цi не, вы можаце папрасiць праверыць гэта ва ўпраўленнi па працы i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства мацi. Таксама ў раённае ўпраўленне па працы i сацыяльнай абароне, або, як варыянт, у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва трэба звяртацца i з просьбай аб прадастаўленнi сацыяльнага работнiка. Прычым, з улiкам усiх акалiчнасцяў, менавiта там вырашаць, на якiх умовах мацi зможа атрымлiваць паслугi на даму. Дарэчы, паколькi ваша мацi мае на самай справе вельмi нiзкую пенсiю, у той жа тэрытарыяльны цэнтр можна звярнуцца i з просьбай аб аказаннi той цi iншай матэрыяльнай дапамогi. Прадастаўленне такой дапамогi (да прыкладу, на нарыхтоўку палiва) магчыма раз у год. Праўда, пры ўмове, што ў раёне на гэта ёсць грошы. — Як шматдзетная мацi, выйшла на пенсiю ў 50 гадоў. Аднак пры яе разлiку ў стаж чамусьцi не залiчылi 4 гады, калi я з’яўлялася беспрацоўнай. Цi правiльна гэта? Ларыса Сцяпанаўна, г. Смаргонь — Сапраўды, у сувязi са змяненнямi ў Законе «Аб занятасцi насельнiцтва» з 1 жнiўня гэтага года з усяго часу, калi чалавек атрымлiваў дапамогу па беспрацоўю, у стаж для прызначэння пенсiй залiчваецца толькi 6 месяцаў. I мы лiчым такi падыход правiльным, бо пенсiя павiнна адлюстроўваць менавiта працоўны ўклад кожнага чалавека. Прычым надалей памеры пенсiй будуць залежаць ад работы i выплаты страхавых узносаў яшчэ ў большай ступенi. — Маё прозвiшча Вярбiцкi, тэлефаную з Кобрына. Справа ў тым, што 6 студзеня мне споўнiцца 60 гадоў, зараз нiбыта прыйшоў час збiраць неабходныя даведкi. Аднак што рабiць, калi ў адной з арганiзацый, дзе я некалi працаваў, не захавалiся дакументы аб заробках? — Тут ёсць два варыянты. Першы. Вы можаце прад’явiць прэтэнзii да таго наймальнiка, якi не захаваў дакументы аб зарплаце, праз суд. I другi. Ёсць магчымасць заплацiць пошлiну i зноў-такi звярнуцца ў суд з тым, каб за «страчаны» перыяд вам устанавiлi факт атрымання заробку ў пэўным памеры. Прычым вызначаны такiм чынам заробак будзе ўлiчаны для разлiку пенсii. — Зараз я ўдава ваеннаслужачага, маю 33 гады працоўнага стажу. А пытанне такое. Некалi разам з мужам жыла 4 гады ў Германii, дзе знайсцi работу было немагчыма. Цi павiнны залiчыць гэтыя 4 гады ў мой стаж? Тамара Мiкалаеўна Грыгор’ева, г. Барысаў (i iншыя чытачы) — Да 1 жнiўня гэтага года час пражывання жонак ваеннаслужачых у месцах, дзе адсутнiчала магчымасць працаўладкавання, мог залiчвацца ў стаж, неабходны толькi для атрымання права на працоўную пенсiю. Iнакш кажучы, у стаж да 20 гадоў. У той жа час, калi стаж жонкi ваеннаслужачага складае звыш 20 гадоў, падобны залiк не рабiўся нiколi. Пры гэтым, Тамара Мiкалаеўна, варта нагадаць, што з 1 жнiўня час пражывання жонак ваеннаслужачых у месцах, дзе адсутнiчае магчымасць працаўладкавання, не залiчваецца ўвогуле — нi пасля, нi да 20 гадоў. I такi падыход мае свае тлумачэннi. Бо па сваёй сутнасцi стаж — гэта час, калi чалавек працуе i да таго ж робiць адлiчэннi ў Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва, з якога потым яму i будзе выплачвацца пенсiя. — Цi захаваецца ранейшы парадак прызначэння пенсiй супрацоўнiкам Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях? Аляксандр Ягоравiч Цясленка, г. Гомель — Цi праўда, што з новага года плануецца скарачэнне пенсiй ваеннаслужачым i супрацоўнiкам МУС, а таксама працяг тэрмiнаў iх службы? Валянцiна Анатольеўна, г. Верхнядзвiнск — Як, напэўна, i ўсе iншыя, мы ведаем аб прапанове зменшыць на 50 працэнтаў выплату пенсiй працуючым ваенным пенсiянерам i iншым пенсiянерам-»сiлавiкам». I на гэты конт можна сказаць толькi адно — мы лiчым такi падыход занадта прамалiнейным i нерацыянальным. Скарачаць напалову памер пенсii працуючым «сiлавiкам» незалежна ад яе памеру i зарплаты пенсiянера не зусiм правiльна. Бо не сакрэт: «ваенныя» пенсii могуць быць як вельмi вялiкiмi, так i вельмi маленькiмi. I, апошняе, у прыватнасцi, датычыцца пенсiй па iнвалiднасцi i пенсiй па страце кармiцеля. Таму пазiцыя Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны тут адназначная — калi змяняць падыходы да выплат пенсiй працуючым «ваенным» пенсiянерам, то з улiкам iх даходаў. У прыватнасцi, менавiта такi асноўны сэнс нашых прапаноў. Хоць, безумоўна, канчатковае рашэнне ў дадзеным выпадку не адносiцца да кампетэнцыi нашага ведамства — найперш яно залежыць ад мiнiстэрстваў фiнансаў, абароны, унутраных спраў, а таксама Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях. — Цi праўда, што з новага года памеры пенсiй «грамадзянскiм» працуючым пенсiянерам будуць зменшаны на 50 працэнтаў? Аляксей Сямёнавiч, г. Мiнск — Не, Аляксей Сямёнавiч, не праўда. Пытанне аб змяншэннi памераў выплат пенсiй па ўзросту пенсiянерам, якiя працягваюць працаваць, зараз нават не разглядаецца. Тым больш, нагадаю, што пэўнае абмежаванне для працуючых пенсiянераў, якiя не занятыя непасрэдна ў вытворчасцi сельгаспрадукцыi, ёсць ужо даўно — максiмальны каэфiцыент заробку, што ўплывае на iх пенсiю, не можа перавышаць 1,3. — У 2007 годзе буду афармляць працоўную пенсiю, таму цiкавяць адразу некалькi пытанняў. У прыватнасцi, цi варта чакаць змянення пенсiйнага ўзросту, цi пачнуць выплачваць пенсiю працуючым пенсiянерам у памеры 50 працэнтаў, цi будзе залiчвацца ў стаж час навучання ў ВНУ i за якi час разлiчаць iндывiдуальны каэфiцыент майго заробку? Ала Iванаўна Пятрова, г. Мiнск — Адразу падкрэслю, што змянення цяперашняй «планкi» пенсiйнага ўзросту ў нас пакуль не плануецца. Як зноў-такi не плануецца i ўвядзенне 50-працэнтнага абмежавання па выплаце пенсiй па ўзросту асобам, якiя працягнуць працу. Далей. Час навучання ў ВНУ ў стаж, безумоўна, увойдзе. Вядома, калi вы навучалiся на дзённым аддзяленнi i калi наконт гэтага ёсць пацвярджальныя дакументы. I, нарэшце, iндывiдуальны каэфiцыент заробку ў 2007 годзе будзе разлiчвацца за любыя 13 гадоў запар з 23 апошнiх гадоў працы. Сяргей ГРЫБ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльна
|
|