21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Давясёлкi

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таiса СЯМЁНАВА г. п. Астравец.

На конкурс апавяданняў

Таiса Сямёнава — журналiстка, намеснiк рэдактара астравецкай гарадской газеты. Вершы, апавяданнi яе друкавалiся ў «Гродзенскай праўдзе», «Беларускай нiве». Удзельнiчала яна i ў нашым конкурсе. «Давясёлкi» — новы яе твор, просты, шчыры i па-добраму традыцыйны. Традыцыйны праўдай, на якую нiколi не знiкае попыт, сталасцю думкi i пяра.

Вiктар КАЗЬКО.


-Цётка Наста! Цi чулi? Сёння Кавалiха ўначы ўнучцы давясёлкi ладзiць. Вяселле ў Мiнску гулялi, а канчаткi маладыя пажадалi ў вёсцы справiць, каб як даўней, — не мовiўшы нават «добры дзень» у чужой хаце, выпалiла ад парога балбатуха-Волька.

— Ну i што? — глуха азвалася Настасся, не падымаючы вачэй ад вялiкай ружовай бульбiны. Толькi ножык у руцэ ледзь прыкметна ўздрыгнуў.

— Дык Светка ж... — Вольга раптам асеклася на паўслове, знiякавела. «Светка ж i ваша ўнучка», — хацела яна сказаць, ды стрымалася. Вось зацятая баба, так i не прызнае ўнучку. А дзеўка ж — копiя ейнага Лёнiка...

Волька яшчэ хвiлiну патапталася ля дзвярэй i развiталася: маўляў, справы чакаюць. Настасся ўжо пашкадавала аб сваёй рэзкасцi. Волька — тая яшчэ, разнясе па вёсцы, што Багданючка вызверылася на яе «за праўду». Ды чорт з ёю, на чужы раток...

Важдацца з бульбай старой расхацелася. Паскрабаную залiла вадой — да вечара, кошык з астатняй схавала ў падпечак. Можа, сын нарэшце дадому заявiцца, тады i павячэраюць маладой картопляй з маласольнымi агурочкамi. А пакуль абыдзецца чым-кольвек.

Навiна Настассю зачапiла. Цiкава ж, якога мужа знайшла сабе ўнучка Кавалiхi.

Старая прымасцiлася ля кухоннага акна, адхiнула фiранку. Ёй добра была вiдаць дыхтоўная, пад новай шалёўкай, хата суседкi, шырокi ўтравянелы двор з маладой рабiнкай ля плоту. Блiжэй да хлява паблiсквалi бакамi два легкавiкi — гасцей, вiдаць, наехала.

На вулiцы задрынчэў i сцiх матацыкл. З яго лёгка саскочыла Лёля Каваль, адчынiла вароты i закацiла тэхнiку ў двор. «Верцiхвостка, — прабурчэла Настасся. — Пад пяты дзесятак падбiраецца бабе, а яна ўсё гойсае на матацыкле».

З сенцаў выбегла Святлана, за ёю выступiў высокi русявы хлопец. Выцягнулi з каляскi сумкi, аб нечым перамовiлiся з мацi i вярнулiся ў хату.

* * *

Кавалiха прыехала ў Заборцы ўдавой, з дарослай дачкой i двума сынамi-падлеткамi, купiла тут хату. Ранейшы гаспадар прасiў немалую цану, таму купцы на тавар не надта кiдалiся. А яна таргавалася нядоўга, вылажыла грошыкi i неўзабаве пераехала. «Багатая ўдавiца, — зрабiла выснову заборская грамада. — Пэўна ж, i ганарыстая».

Ды не. Ганна Каваль аказалася кабетай прыязнай, разважлiвай i памяркоўнай. Хуценька навёўшы парадак у новым селiшчы, выйшла ў калгас на працу, перазнаёмiлася з вяскоўцамi. Была яна стрыманай на язык, пустыя бабскiя плёткi папросту iгнаравала, у кожным чалавеку ўмела заўважыць нешта добрае. Такой жа была i яе дачка Лёля. Маладому спецыялiсту — выпускнiцы ветэрынарнага тэхнiкума — справа ў калгасе знайшлася адразу. Дзяўчына аказалася працавiтай i ўмелай. Праўда, «жаночае журы» прызнала яе непрывабнай: хударлявая, ходзiць увесь час у штанах ды на матацыкле гойсае, як хлопец. За дзяўчыну заступiлася Настасся:

— Майце розум, кабеты. Пехатой па фермах ды вёсках не находзiшся, калгас жа вялiкi. I машына вольная не заўсёды знойдзецца. А так ускочыла на матацыкл i паехала.

Вясёлая i, як мацi, прыязная, Лёля ёй падабалася. Аднак усё рэзка змянiлася, калi па вёсцы пакацiлася пагалоска, што Настассiн Лёнiк пачаў заляцацца да Ганнiнай дачкi.

Не, не пра такую жонку для свойго любiмага сыночка яна марыць. Вунь якi прыгажун яе Лёня — высокi, плячысты, чарнявы. У яе, Настассiн, род пайшоў.

— Ты што, кавалер, дзеўкi лепшай знайсцi не можаш? — падступiлася яна да хлопца. — Цi ж табе раўня гэтая здыхля белабрысая? Ды i не надта вучоная. За цябе любая настаўнiца пойдзе, толькi паклiч.

— Якая муха цябе ўкусiла, мацi? — ад здзiўлення Лёня не знаходзiў слоў. — Табе ж Лёля так падабалася. А я яе кахаю.

— Можа, i жанiцца надумаў?

— Чаму б i не?

— Не дапушчу!

— Нiчога не зробiш: захачу — i ажанюся! — гучна бразнуўшы дзвярыма, сын выскачыў на двор.

* * *

Наста i вухам не павяла. Хоць i фанабэрысты сынок, i ўзбрыквае гэтак часам, але нацiснеш мацней, з хiтрыкамi падыдзеш — скорыцца, бо такi ж, як i татачка. У хаце яна заўсёды трымае верх. I цяпер па-свойму паставiць. Падключыла старэйшую дачку, удзвюх пачалi «апрацоўваць» неслуха. Лёнiк толькi адгыркваўся i стараўся збегчы з хаты. Тады яны перакiнулiся на Лёлю. Вёска затоена цiкавала за развiццём падзей.

Але вiдовiшча не атрымалася: нi Кавалiха, нi дачка ў канфлiкт не ўступалi. Толькi аднойчы Ганна перастрэла Настассю на вулiцы i з горыччу сказала:

— Чаго ты лезеш да маладых? Яны самi разбяруцца памiж сабой, унука цi ўнучку нам падораць. А то можаш i не дачакацца ад Лёнькi ўнукаў.

Настасся падскочыла, як апараная:

— Што, дачушка нагуляла, а на майго сына звалiць хочаце? А вось вам! — яе парэпаныя пальцы склалiся ў дулю.

Гэтая брыдкая сцэна вырашыла ўсё. Лёнiк атрымаў ад Лёлi рашучы «ад варот паварот» i запiў па-чорнаму. Старшыня калгаса зняў яго з машыны i перавёў у паляводы. Настасся ж з патроенай энергiяй узялася шукаць нашчадку «годную» жонку. Найбольш пакутаваў ад бязглуздай гэтай канiцелi бацька — яму, калгаснаму бухгалтару, было сорамна i балюча за сына.

У жнiўнi бялявая Лёля нарадзiла чарнявенькую дачушку. А ў кастрычнiку, на Пакроў, Багданюкi спраўлялi сыну вяселле. Шырока, з размахам. Цуг легкавiкоў вёз маладых аж з суседняга раёна, скуль родам была нявеста. Першымi ляцелi новенькiя белыя «Жыгулi» — падарунак бацькоў маладой. Пасля вяселля Лёнiк звольнiўся з калгаса i паехаў жыць да жонкi — цесць з цешчай адпiсалi iм яшчэ i палову хаты. Настасся адчувала сябе на сёмым небе, праходзячы паўз хату Кавалёў, дэманстратыўна задзiрала галаву ўгару. Але з вакон на яе нiхто не пазiраў...

* * *

Словы Кавалiхi аказалiся прарочымi: унукаў ад сына Багданюкi не дачакалiся. Нявестка так i не зацяжарыла. Больш таго, даволi хутка высветлiлася, што маладуха здольная толькi да п’янак-гулянак, а нiяк не да гаспадаркi ды хатняе працы. Добра што бацькi жылi побач i памагалi, iнакш стаялi б у хляве карова нядоеная ды свiннi някормленыя.

Лёнiк працаваў у тамтэйшай «Сельгастэхнiцы» шафёрам, прыязджаў часам па грузы ў свой раён i наведваўся да родных. Праўда, часцей забягаў толькi да бацькi ў кантору, зрэдзь — дадому. Выглядаў ён пастарэлым, нейкiм недагледжаным. Аднойчы стары Багданюк паспрабаваў распытаць сына пра жыццё, ды той толькi махнуў скрушлiва рукой:

— Не лезь у душу, тата...

Неўзабаве стары Багданюк моцна занядужаў, невядомая хвароба спалiла чалавека за лiчаныя месяцы. На хаўтурах Лёнiк, моцна падпiўшы, выказаў мацi, што i бацьку не ўберагла, i яму жыццё паламала, i што ягоная крывiнка-дачушка паўсiратой пры жывым татку расце... На гэты раз Настасся не пярэчыла. А на гадавiнных памiнках сказала:

— Калi ўжо так цяжка табе там, то разводзься i вяртайся дахаты.

Лёнiк вярнуўся, але лягчэй нi старой Багданючцы, нi яму самому не зрабiлася. Лёля крыўды не даравала i проста не заўважала яго. Маленькай Светачцы, якая ўжо весела тэпала па двары, пра бацьку i словам не абмовiлася. Падысцi да дачкi сам ён не адважваўся — дзяўчынку пiльна аберагалi падрослыя дзядзькi. Хлопцы настолькi былi радыя нараджэнню пляменнiцы, што з першых дзён не спускалi малую з рук.

Святлана вырасла i красуняй, i разумнiцай. З залатым медалём скончыла дзесяцiгодку, з чырвоным дыпломам — iнстытут замежных моў. Лёля на радасцях пахвалiлася ў калгаснай бухгалтэрыi, языкастыя канторскiя кумкi, абсмакаваўшы навiну, перадалi Настассi. Але, на дзiва сабе самой, кабета адчула ў душы не звыклую злосць, а зайздрасць: вось жа шанцуе Кавалiсе!

Леанiд успрыняў вестку абыякава. Па першым часе, калi падрослая i добра выхаваная Светка вiталася пры сустрэчы «Добры дзень, дзядзька Лёня», ягонае сэрца абрывалася з болем, а пасля стала ўсё роўна. Якi ён бацька... Усё даўно паламалася, не перайначыш. Лёнiк то спрабаваў сысцiся з былой жонкай, то «прыжэньваўся», як цяпер, у чарговай каханкi. Змянiў некалькi месцаў працы ў горадзе — п’янтосу хутка паказвалi на дзверы.

* * *

Пакуль усё гэта ўспамiналася, Настасся пакармiла парсюка, курэй, старога дварняка, што дажываў свой сабачы век, лежачы то ў будзе, то побач, не падаючы голасу. Прыбралася ў хаце — субота ўсё ж. Зварыла i заправiла смажаным салам ды кропам бульбу, пад’ела, не чакаючы сына. Яго, вiдаць, сёння не будзе — апошнi аўтобус з горада ўжо прывёз заборскiх пасажыраў.

Яна зноў, як ранiцай, села ля акна. На вулiцы яшчэ не зусiм змерклася, i святло ў кухнi старая не запальвала.

А на панадворку Кавалiхi ўжо было людна. Адныя за аднымi туды кiравалiся суседзi. Вось i Волька са сваiм Iванам, трымаючы перад сабой каробку з тортам, — i калi толькi паспела купiць? — важна крочыць да варот. З адчыненых вокнаў хаты льецца музыка. Адзiн з сыноў гаспадынi прыладжвае над ганкам электралiхтар — пэўна, на дварэ танцаваць збiраюцца... I Настассi раптам да вострага болю ў сэрцы захацелася быць там, сярод гэтага вясёлага гармiдару, глядзець у чорныя — Лёнiкавыя! — вочы Святланкi, цешыцца яе маладым шчасцем. «Даруй мне, унучанька!» — Настасся не заўважыла, як прашаптала гэтыя словы ўслых.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таiса Сямёнава — журналiстка, намеснiк рэдактара астравецкай гарадской газеты. Вершы, апавяданнi яе друкавалiся ў «Гродзенскай праўдзе», «Беларускай н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика