Ад прысядзiбнага ўчастка да сядзелкi
Сяргей ГРЫБ
Толькi з пачатку 2006 года колькасць грамадзян Беларусi, якiя знаходзяцца на ўлiку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, павялiчылася на 164 тысячы чалавек. У вынiку сёння агульны банк даных цэнтраў налiчвае звыш 1,4 мiльёна жыхароў краiны. Прычым, мяркуюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, нягледзячы на паступовы рост даходаў, дзяржаўная падтрымка будзе набываць усё большую папулярнасць. Так, з аднаго боку, тут адыграе сваю ролю адкрыццё сацыяльных пунктаў у аграгарадках i аддаленых ад райцэнтраў вёсках. А з iншага — прапанова насельнiцтву шэрагу прынцыпова новых паслуг.
ЧАРГА ПРАТРЫВАЕ... ЧАТЫРЫ ГАДЫ? На працягу дзесяцiгоддзяў цi не асноўным напрамкам сацыяльнай падтрымкi ў краiне лiчылася стварэнне дамоў-iнтэрнатаў. Адмаўляцца ад iх не выпадае i зараз. Прынамсi, шмат для каго з састарэлых цi iнвалiдаў, якiя не ў стане абслугоўваць сябе самастойна, гэты варыянт аказаўся фактычна адзiным. Праўда, пакуль тут ёсць пэўныя цяжкасцi. Па сутнасцi дэфiцыту месцаў у стацыянарных установах не назiраецца толькi на Магiлёўшчыне. Для астатнiх жа рэгiёнаў гэта праблема застаецца актуальнай. I ў тым лiку для Мiнскай вобласцi, дзе на сёння агульная чарга на змяшчэнне ў iнтэрнаты для састарэлых i iнвалiдаў складае каля 200, а ў iнтэрнаты псiханеўралагiчнага профiлю — 295 чалавек. — На працягу апошнiх гадоў для павелiчэння ўмяшчальнасцi i паляпшэння якасцi пражывання ў стацыянарных установах зроблена па-сапраўднаму нямала, — зазначае старшыня камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Мiн- скага аблвыканкама Ала Мiкалуцкая. — Дастаткова ўзгадаць, што ў нас быў лiквiдаваны аварыйны дом-iнтэрнат для састарэлых i iнвалiдаў у Слуцку, адбыўся перавод прыстасаванага Iлаўскага дома-iнтэрната для псiханеўралагiчных хворых пад Ракаў, закончана будаўнiцтва новага корпуса Свiрскага псiханеўралагiчнага i Чэрвеньскага дзiцячага дамоў, нарэшце, працягваецца пашырэнне i капiтальны рамонт Мiкалаеўшчынкага дома-iнтэрната для ветэранаў вайны, працы i iнвалiдаў. Такiм чынам, мы атрымалi «дадатковыя» месцы. Аднак гэтага аказалася недастаткова адразу па дзвюх прычынах. Па-першае, павялiчылiся санiтарныя нормы жылполшчы ў разлiку на аднаго чалавека, iнакш кажучы, на аднолькавую колькасць хворых спатрэбiлася больш памяшканняў. А па-другое, не сакрэт: у сувязi са старэннем насельнiцтва ўзрасла сама патрэба ў iнтэрнатах. I, на жаль, такi ж малюнак захаваецца ў будучым. Зрэшты, нельга не заўважыць, што праблема месцаў у «агульных» iнтэрнатах павiнна вырашыцца да канца 2008 года. Чакаецца, што сёлета будзе ўведзены ў эксплуатацыю корпус на 128, а налета — яшчэ на 95 чалавек у Мiкалаеўшчыне. Плюс да таго, каб «разгрузiць» буйныя ўстановы, у Любанскiм, Чэрвеньскiм i шэрагу iншых раёнаў пры тэрытарыяльных цэнтрах з’явяцца аддзяленнi кругласутачнага знаходжання для адзiнокiх састарэлых i iнвалiдаў. I ўсё ж галоўнае пытанне ў iншым — што рабiць са значнай колькасцю «неўладкаваных» псiханеўралагiчных хворых? — У дадзеным выпадку iснуюць тры шляхi, — кажа Ала Мiкалуцкая. — Па-першае, паколькi ў нас не будзе пытанняў з месцамi для пенсiянераў i iнвалiдаў, не выключаецца верагоднасць пераабсталявання аднаго з цяперашнiх дамоў-iнтэрнатаў так званага «агульнага тыпу» ў псiханеўралагiчны. Па-другое, як альтэрнатыва, разглядаецца магчымасць пераабсталявання пад iнтэрнат для псiханеўралагiчных хворых памяшканняў, якiя фактычна не выкарыстоўваюцца, — да прыкладу, гаворка можа iсцi аб былым пансiянаце цi прафiлакторыi. I, па-трэцяе, ёсць варыянт будаўнiцтва цалкам новай установы. Праўда, канчатковы выбар тут пакуль не зроблены, трэба яшчэ пралiчыць, як будзе танней. Аднак мы спадзяёмся, што сiтуацыя з дэфiцытам плошчаў для людзей з адхiленнямi ў псiхiцы вырашыцца да 2010 года. Маленькi тарыф — вялiкiя грошы Рамонт i рэканструкцыя дамоў-iнтэрнатаў заўсёды каштуе немалых грошай. I сапраўды, даводзiцца канстатаваць, што за апошнiя пяць гадоў фiнансаванне сацыяльнай сферы з абласнога бюджэту павялiчылася ў 6 разоў. Як вынiк, на Мiншчыне знiклi некалi нiбыта «хранiчныя» цяжкасцi з забеспячэннем iнвалiдаў пратэзна-артапедычнымi вырабамi, а, скажам, чарга на атрыманне спецаўтатранспарту скарацiлася з 1232 да 408 чалавек. Прычым, як адзначыў першы намеснiк старшынi Мiнаблвыканкама Леанiд Крупец, на сацыяльныя праграмы фактычна накiроўваецца да 70 працэнтаў сродкаў рэгiёна. Хутчэй за ўсё, прыкладна такi ж паказчык будзе закладзены i ў бюджэце-2007. Да таго ж, у сувязi з ростам агульных даходаў, кожны з гэтых працэнтаў стане больш «важкiм». Аднак бюджэт — крынiца не адзiная. Маленькi нюанс. Як вядома, у свой час практыка пашырэння аплаты за абслугоўванне на даму была ўспрынята вельмi неадназначна. I, каб зменшыць негатыўную рэакцыю, яшчэ ў 2001 годзе на Мiншчыне прынялi рашэнне выкарыстоўваць самы нiзкi па краiне тарыф на паслугi — 592 рублi за норма-гадзiну. Пры гэтым такая стаўка засталася без змен i па сёння. У вынiку пры стандартнай формуле наведванння сацыяльным работнiкам («дзве гадзiны двойчы ў тыдзень») аплата для адзiнокага iнвалiда складае каля 7 тысяч рублёў у месяц. Сума для большасцi «пад’ёмная». Таму невыпадкова менавiта Мiнская вобласць мае самы высокi ў краiне паказчык прадастаўлення паслуг на даму. I, адпаведна, самыя... высокiя даходы ад гэтай дзейнасцi. Цi такi не менш цiкавы прыклад. З 2005 года ў Пухавiцкiм раёне ўведзена практыка прадастаўлення адзiнокiм састарэлым цi iнвалiдам I i II групы паслуг аднаразовых. Зноў-такi платных. I зноў-такi па мiнiмальных расцэнках. Скажам, дастаўка на адлегласць да 300 метраў 7 кiлаграмаў прадуктаў харчавання будзе каштаваць 300, вядра вады — 200, лекаў — 380, аплата камунальных паслуг — 280, мыццё 10 квадратных метраў акна — 430, вынас смецця — 50 рублёў. Словам, кошты вызначаны даступнымi. Аднак менавiта гэтым тлумачыцца той факт, што аднаразовыя паслугi атрымалi папулярнасць. А таксама — сталi яшчэ адным артыкулам даходаў сацыяльных службаў. Дарэчы, дзякуючы нiзкiм расцэнкам i вялiкаму попыту на платныя паслугi, у цэлым з пачатку года сацыяльныя службы вобласцi зарабiлi каля 4 млрд рублёў. I большая частка гэтых грошай пайшла на набыццё тэхнiкi цi абсталявання. Каб у сваю чаргу... прапанаваць новыя вiды дапамогi. Скажам, ужо сёлета за кошт «пазабюджэткi» тэрытарыяльныя цэнтры купiлi 10 аўтамабiляў. Як правiла, яны будуць выкарыстоўвацца для паездак сацыяльных работнiкаў па аддаленых населеных пунктах. Аднак у тым жа Пухавiцкiм раёне маюць намер пайсцi крыху далей i наладзiць для састарэлых i iнвалiдаў работу «сацыяльнага таксi». Прынамсi, у якасцi эксперыменту. Падтрымка залежыць ад... попыту Калi «сацыяльнае таксi» можна лiчыць пакуль планам на будучыню, то аддзяленнi дзённага знаходжання для дзяцей-iнвалiдаў — ужо рэалiяй. У Пухавiцкiм раёне падобная ўстанова працуе з 1999 года. А сэнс яе з’яўлення аказаўся простым: забяспечыць часовы догляд дзяцей, якiя з прычыны здароўя не могуць наведваць «звычайныя» садок цi школу. I тым самым даць магчымасць бацькам уладкавацца на працу цi проста заняцца вырашэннем хатнiх спраў. — Безумоўна, адкрыццё аддзяленняў дзённага знаходжання для дзяцей-iнвалiдаў сталася адным з найбольш адметных «вынаходнiцтваў» апошняга часу, — заўважае начальнiк галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Надзея Басюк. — Разам з тым варта звярнуць асаблiвую ўвагу i на такiя адносна новыя напрамкi, як мiнi-iнтэрнаты, аддзяленнi кругласутачнага знаходжання для састарэлых i iнвалiдаў, службы сядзелак, а таксама на арганiзацыю гаспадарчых брыгад, якiя за невялiкую плату аказваюць дапамогу ў апрацоўцы прысядзiбных участкаў, рамонце памяшканняў цi ў нарыхтоўцы дроў. Мiж тым, як сведчыць аналiз, развiццё ўсiх гэтых вiдаў сацыяльнай падтрымкi мае добрую перспектыву. Аднак, заўважаюць у мiнiстэрстве, вырашаць, што ў рэшце рэшт патрэбна людзям «тут i зараз», усё ж павiнны самi рэгiёны. Як кажуць, на падстве канкрэтных заявак. I, зразумела, з улiкам уласных фiнансавых магчымасцяў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Толькi з пачатку 2006 года колькасць грамадзян Беларусi, якiя знаходзяцца на ўлiку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, па
|
|