Пачуць шэпт пушчы
Сымон СВIСТУНОВIЧ, Камянецкi раён
Да сустрэчы з генеральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мiкалаем Бамбiзам быў яшчэ час, i я зазiрнуў у кабiнет старшынi Камянецкага райвыканкама Сцяпана Радкаўца.
Хоць Нацыянальны парк i не падпарадкоўваецца мясцовай уладзе, але пушча знаходзiцца на тэрыторыi раёна i таму кiраўнiцтва райвыканкама падтрымлiвае кантакты з адмiнiстрацыяй «Белавежскай пушчы». Вось падчас размовы i спытаў у С. Радкаўца пра генеральнага дырэктара. — Мiкалай Мiкалаевiч чалавек просты, эрудзiраваны i калi нешта паабяцаў, то не падвядзе. I ў цэлым кiраўнiк сур’ёзны — бачыць мэту i дасягае яе, — паведамiў старшыня райвыканкама. А неўзабаве, у вёсцы Камянюкi, адмiнiстрацыйным цэнтры Нацыянальнага парку, Мiкалай Бамбiза даў iнтэрв’ю для нашай газеты. — Мiкалай Мiкалаевiч, свой лёс з лесам вы звязалi выпадкова цi тут усё заканамерна? — Думаю, што ўсё на гэтым свеце ўзаемазвязана. Нарадзiўся я ў Петрыкаўскiм раёне, а гэта лес ды вада. Дзяцiнства прайшло на прыродзе, i ўжо з 16 гадоў я звязаў сваё жыццё з лесам. I не шкадую. — Да Белавежскай пушчы вы працавалi ў Прыпяцкiм запаведнiку — рознiца ёсць? I з якiмi праблемамi сутыкнулiся на новым месцы працы? — Безумоўна, Белавежская пушча па ўсiх параметрах вышэй. Да пушчы больш увагi i, адпаведна, патрабаваннi значна вышэйшыя. Пяць гадоў таму, калi я прыйшоў працаваць у Белавежскую пушчу, тут здарылася бяда — на лес навалiўся караед. Давялося тэрмiнова прымаць неардынарныя захады, i з гэтай навалай справiлiся. Ды i прырода самааздараўляецца. Функцыя самаабароны дзейнiчае. — Пушчу наведвае многа людзей? — Мы па турызму выходзiм на мiжнародны ўзровень. Летась пушчу наведала 180 тысяч чалавек, а ў 2000 годзе iх было толькi 40 тысяч. Як бачым, прагрэс вiдавочны, але хацелася б большага. Напрыклад, арганiзаваць для турыстаў маршрут па пушчы, каб людзi з аўтобуса маглi назiраць за жыццём звяроў у натуральных умовах. Думаю, праз паўтара года гэтыя маршруты ў нас будуць, у тым лiку i ноччу. — Крыху раскажыце пра тых, хто прыязджае сюды на паляванне. — Звяроў у пушчы хапае, i калi колькасць iх не рэгуляваць, то лесу будзе нанесена вялiкая шкода. Вось i прыязджаюць да нас на паляванне — плацяць грошы i атрымлiваюць лiцэнзiю на адстрэл. Найчасцей заглядаюць у пушчу французы, немцы, iтальянцы, расiяне. Але нацыянальнасць для нас не мае значэння. Для ўсiх адзiн закон, і людзі падпарадкоўваюцца яму. — Мiкалай Мiкалаевiч, у прэсе прайшла iнфармацыя, што, нягледзячы на строгiя законы, нядаўна ў пушчы былi застрэленыя два зубры, а раней — пара аленяў. Гэта выключэннi цi ад браканьераў i ў Нацыянальным парку няма спакою? — Для «Звязды» раскажу ўсё падрабязна, бо вашу газету чытаю з дзяцiнства. Сапраўды, выпадкi браканьерства бываюць, але яны як выключэнне. Вось ноччу невядомыя забiлi двух аленяў, але, на жаль, iх затрымаць не ўдалося. А што датычыцца зуброў, то тут факт незаконнага палявання. Па новых правiлах адстрэл не ўказаных у пуцёўцы звяроў лiчыцца незаконным паляваннем. У нас ёсць кантракт з нямецкай фiрмай «Вестфалiя», якая займаецца арганiзацыяй паляўнiчых тураў у пушчу на пяць дзён. У адпаведнасцi з кантрактам да нас прыехала група паляўнiчых — французы, iтальянцы i швейцарцы. Усё афiцыйна i ў адпаведнасцi з законам. Перад паляваннем 14 лiстапада паляўнiчым уручылi пуцёўкi на адстрэл дзiкоў i аленяў, правялi iнструктаж, пазнаёмiлi са схемай загону. Перакладчык сказаў, на якiх звяроў будзе паляванне. Адным словам, падрабязна ўсё расталкаваў i спытаў: «Усё зразумела?». — «Усё», — адказалi паляўнiчыя. Iх таксама папярэдзiлi, што ёсць верагоднасць з’яўлення зубра, i папрасiлi, каб былi ўважлiвымi. Загон пачаўся ў 16 гадзiн 20 хвiлiн, i правiламi ўстаноўлена, што паляванне павiнна праходзiць у светлы перыяд — пачынацца за гадзiну да ўсходу сонца i заканчвацца таксама за гадзiну пасля захаду. Тут парушэнняў не было. Паляўнiчыя занялi адведзеныя iм месцы, прыкладна, праз 100 метраў адзiн ад другога, i сталi чакаць звера. Вось на iх выбегла васьмiгадовая зубрыца з двухгадовым зубранём. Па iх былi зроблены чатыры стрэлы. Але зубры былi забiты адной куляй. Напачатку яна прабiла зубрыцы шыю навылет i трапiла зубраняцi ў сэрца. Вядома, што ўсе былi ў вялiкiм смутку. Паляўнiчыя сваёй вiны не адмаўлялi i тлумачылi, што пераблыталi зуброў з вепрамi. Справа ў тым, што 13 лiстапада было таксама паляванне, на якiм адзiн швейцарац застрэлiў трох вялiкiх дзiкоў. Вечарам, будучы ў добрым настроi, ён выпытваў: а цi ёсць у пушчы яшчэ большыя дзiкi? Ну яму i сказалi, што ёсць. I трэба ж такому здарыцца, што менавiта на гэтага ўдачлiвага швейцарца i выбеглi зубры. Напэўна, тут галоўную ролю адыграў паляўнiчы азарт — убачыў звера i аўтаматычна нацiснуў курок. Звязалiся з нямецкай фiрмай i адтуль паступiлi грошы — 27 тысяч еўра за нанесеную шкоду i забойства звяроў, занесеных у Чырвоную кнiгу. Затым была ўзбуджана крымiнальная справа. Зрабiўшы заклад у 500 базавых велiчынь, паляўнiчыя ад’ехалi на радзiму. — А сярод сваiх нiхто не браканьернiчае? Лiчыцца, што егер цi ляснiк (вядома ж, не кожны) не ўпусцiць зручны момант, каб не ўхапiць у лесе сваю долю. — Не веру! За добрую працу у нас кожны можа атрымаць лiцэнзiю на адстрэл, i якi сэнс яму рызыкаваць працай, грашыма ды сваiм iмем? Мясцовыя людзi маюць пушчанскiя каранi i ведаюць сваё месца. У нас нават п’янства няма. Калi нехта «засвяцiўся», то хутка iдзе на папраўку. У Нацыянальным парку ўсё робiцца, каб было як мага лепш для пушчы, а падабаецца гэта некаму з работнiкаў цi не, да ўвагi не бярэцца — выконвай i працуй. Мiж iншым, з архiваў стала вядома, што 11 снежня 1409 года Белавежская пушча была аб’яўлена запаведнiкам, i нам застаецца толькi дастойна падысцi да юбiлейнай даты — 600-годдзя. — Мiкалай Мiкалаевiч, у Камянюках будуецца царква, скажыце, вы чалавек веруючы? — Я чалавек хрышчоны, хоць яшчэ не магу падняць руку i перахрысцiцца, але давайце глянем на ўсё шырэй. Толькi ў кантакце з прыродай можна ўбачыць, якi свет шматгранны i складаны. Не ўсё ў iм нам зразумелае. Аднойчы стаю i назiраю за дзiком. Выйшаў з лесу, а тут падала голас сойка. Пастаяў, прыслухаўся i цiха падаўся ў другi бок. Мы не ведаем жыцця жывёльнага свету, а яно iснуе, але закрытае ад нас. Чалавек стаў бы намнога багацейшы, каб мог разабрацца, пачуць шэпт лесу. Мне iншым разам думаецца, што чалавек у прыродзе лiшняе звяно — ён выпадае з яе. Замест таго, каб жыць з прыродаю (i самiм сабою) у гармонii, ён яе разбурае. Прысвойвае сабе права нешта ў прыродзе мяняць, забiваць... а тут, як я ўжо гаварыў, усё ўзаемазвязанае — гэта як веласiпедны ланцуг. Парвалася адно звяно, выкiнуў i далей паехаў, паляцела другое, трэцяе... i ўся язда на гэтым закончылася. — У жыццi ўсё да лепшага, цi ў вас свой погляд? — Я ўспрымаю жыццё такiм, якое яно ёсць. Бывае, хочацца так, а выходзiць iнакш. Каб усё выходзiла як хацелася — свет зусiм iншым быў бы. Ёсць дзеяннi i пакаяннi, спробы i памылкi, а ў канчатковым вынiку жыццё ўсё ставiць на месца, i адсюль, магчыма, усё да лепшага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да сустрэчы з генеральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мiкалаем Бамбiзам быў яшчэ час, i я зазiрнуў у кабiнет старшынi Камянецка
|
|