Беларускi i фiнскi Дзяды Марозы заклiкалi верыць у казку
Святлана ЯСКЕВIЧ
Навагодняя дыпламатыя У мiнулую нядзелю наведвальнiкаў сядзiбы беларускага Дзеда Мароза сустракалi ажно два барадатыя дзяды. Да гаспадара рэзiдэнцыi прыехаў госць — калега з Лапландыi Йаўлупукi. Так называюць навагодняга персанажа ў Фiнляндыi. Справа ў тым, што два тыднi таму на iмянiнах расiйскага Дзеда Мароза ў Маскве ўсе дзяды дамовiлiся сустракацца, абменьвацца вопытам, бываць адзiн у аднаго.I вось фiнскi Санта-Клаўс завiтаў у Белавежскую пушчу. Разам з гаспадаром сядзiбы, яго ўнучкай Снягуркай i юнымi наведвальнiкамi яны вадзiлi карагоды вакол самай вялiкай навагодняй ёлкi ў Еўропе — 40-метровай пушчанскай прыгажунi. Разам палiлi касцёр на паляне 12 месяцаў i загадвалi самыя патаемныя жаданнi. Зачараваны майстэрствам i натхненнем юных беларускiх самадзейных танцораў, фiнскi дзядуля i сам пусцiўся ў скокi. — Нашы дзецi, як i вашы, вераць у казку, — сказаў на прэс-канферэнцыi Йаўлупукi. — Я атрымлiваю каля 85 тысяч пiсьмаў у год, таксама як i мой беларускi калега. Пiсьмы i малюнкi хлопчыкаў i дзяўчынак мне паказалi сёння ў Скарбнiцы. Нашы прысылаюць мне падобныя сюжэты. У нас адны i тыя ж задачы i мэты, мы служым справе мiру i дабра. Суайчыннiка падтрымаў i пасол Фiнляндыi Цiма Лахелма: «Я спрыяў прыезду нашага Санта-Клаўса ў пушчу, бо лiчу, што выхаванне дзяцей — праблема сусветная. А казкi ўсiх народаў вучаць добраму. I ва ўсiх нас ёсць агульная навагодняя казка». Для фiнскага Дзеда правялi экскурсiю па сядзiбе, якую ён не раз перарываў словамi захаплення ад убачанага. Гасцiнная Снягурка частавала яго беларускiм караваем, выпечаным па асаблiваму пушчанскаму рэцэпту. Расказалi госцю, што ў рэзiдэнцыi самага маладога Дзеда пабывала ўжо 200 тысяч наведвальнiкаў з 67 краiн свету. Напрыканцы фiнскаму Санта-Клаўсу падарылi сувенiры, зробленыя з дрэва, на памяць пра пушчу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мiнулую нядзелю наведвальнiкаў сядзiбы беларускага Дзеда Мароза сустракалi ажно два барадатыя дзяды
|
|