Лiдзiя ЯРМОШЫНА: «Мясцовыя выбары з’яўляюцца не менш важнымi...»
14 студзеня 2007 года ў Беларусi павiнны адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы. Каб пазнаёмiць сваiх слухачоў з тым, як iдзе падрыхтоўка да выбараў, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё запрасiў у студыю старшыню Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Лiдзiю ЯРМОШЫНУ. Разам з журналiстам радыё пытаннi ў прамым эфiры задаваў карэспандэнт «Звязды».
— Цi можна сказаць, што грамадзяне заўсёды праяўляюць да мясцовых выбараў вялiкi iнтарэс? — Яны праходзяць нашмат больш сцiпла ў параўнаннi з парламенцкiмi i прэзiдэнцкiмi выбарамi. Але мясцовыя выбары з’яўляюцца не менш важнымi. Больш за тое, яны з’яўляюцца больш усеабдымнымi. Бо мы павiнны будзем абраць больш за 22 тыс. чалавек... Нават выбарчых камiсiй тэрытарыяльных i акруговых налiчваецца 2 тыс. Гэта велiзарная колькасць! Акрамя таго налічваецца 6,5 тыс. участковых выбарчых камiсiй. Такiм чынам, 100 тыс. чалавек — гэта толькi актыўныя ўдзельнiкi, тыя, хто будзе працаваць у выбарчых камiсiях. А тых, хто садзейнiчае рабоце выбарчых камiсiй, немагчыма падлiчыць... — Як быць, калi дэпутат практычна не вырашае пытанняў, з якiмi да яго звяртаюцца выбаршчыкi (пытанне ад слухача)? — На дадзены момант проста не абiраць гэтага дэпутата. Бо выбары — гэта экзамен, якi трымае мясцовае самакiраванне кожныя чатыры гады. Таго, хто працуе дрэнна, выбаршчыкi не абяруць. Калi ж чалавек абраны i ён працуе дрэнна, то ў выбаршчыкаў ёсць магчымасць для адклiкання дэпутата. Выбаршчыкi павiнны сабраць подпiсы (вельмi шмат — не менш за 20 працэнтаў выбаршчыкаў, якiя жывуць на тэрыторыi адпаведнай выбарчай акругi) i пачаць працэдуру адклiкання. Гэта як бы «выбары наадварот»... Але працэдура гэтая няпростая. Адклiкаць дэпутата вельмi складана. Беларусь не ведае падобнай практыкi. Хоць i Канстытуцыя, i Выбарчы кодэкс такую магчымасць прадугледжваюць. Адзiн выбаршчык лiчыць, што дэпутат працуе дрэнна. У iншага выбаршчыка можа быць зусiм iншае меркаванне. Ды i калi дэпутат не дапамог, гэта не значыць, што ён не захацеў. Часта так бывае, што дэпутат не змог нiчога зрабiць, бо, магчыма, пытанне было не ў яго кампетэнцыi. Ён звярнуўся ў адпаведны орган, але яму там адмовiлi... Такiм чынам, магчыма, у выбаршчыка i няма парушанага права. Усё гэта вельмi суб’ектыўна i кожную сiтуацыю трэба разглядаць вельмi сур’ёзна. Я не прымаю нiякiх агульных абвiнавачванняў. Калi вы жадаеце некага ў нечым абвiнавацiць — калi ласка, прыкладзiце факты i доказы. — Цi адсочваеце вы, колькi дэпутатаў жадае перавыбрацца? — Гэта дастаткова вялiкi працэнт. У гарадах, напэўна, не менш за 30 працэнтаў. У сельскай мясцовасцi дадзены паказчык значна вышэйшы. Там не вельмi вялiкi i выбар. Там у асноўным у сельскiя Саветы абiраецца мясцовая iнтэлiгенцыя. Яна не мяняецца. Новыя людзi там рэдкiя. Ды i для таго, каб новага чалавека абралi, ён яшчэ павiнен напрацаваць пэўны аўтарытэт... — У мясцовых выбарах могуць удзельнiчаць грамадзяне Расii (як у якасцi выбаршчыкаў i кандыдатаў, так i ў якасцi членаў выбарчых камiсiй розных узроўняў). Наколькi актыўна грамадзяне Расii ўдзельнiчалi ў мiнулых мясцовых выбарах? — Што датычыцца iх актыўнасцi, то мы нiколi на прадмет грамадзянства статыстыкi не вялi. Гэта, магчыма, i дрэнна. Але мы лiчылi, што ўсе выбаршчыкi з’яўляюцца роўнымi. Яны маюць права ўдзельнiчаць у выбарах i не мае значэння, якога колеру пашпарт грамадзянiна. Але падчас гэтых выбараў мы статыстыку прадугледзелi і абавязкова праiнфармуем СМI пра колькасць грамадзян Расii, якiя былi абраны цi спрабавалi абрацца ў мясцовыя Саветы. — Цi карыстаюцца грамадзяне Беларусi выбарчым правам на якiх-небудзь выбарах у Расii? — На жаль, не. Мы больш верныя сваiм дагаворным абавязкам, чым сяброўская, братэрская Расiя... Пасля падпiсання дагавора аб стварэннi Саюзнай дзяржавы шэраг суб’ектаў Расiйскай Федэрацыі ў сваiм заканадаўстве прадугледзеў такую магчымасць. Але не ўсе. Зараз жа, паводле маёй iнфармацыi, пасля змены заканадаўства такой магчымасцi ў грамадзян Беларусi нiдзе не засталося. — Нядаўна было зменена выбарчае заканадаўства Беларусi i цяпер мясцовыя выбары будуць праходзiць у адзiн тур. З чым гэта звязана? Цi магчыма, што ў будучым гэткiм жа чынам будуць праходзiць выбары ў Палату прадстаўнiкоў? — Я вельмi кансерватыўная ў галiне заканадаўства. Як юрыст я цудоўна ведаю, што найбольш дакладна выконваецца заканадаўства стабiльнае. Менавiта таму я заўсёды «стаю на варце» захавання Выбарчага кодэкса ў нязменным варыянце. Аднак Выбарчы кодэкс быў прыняты ў 2000 годзе. I хоць ён сябе добра зарэкамендаваў, мы, як практыкi, як арганiзатары выбараў пабачылi, што некаторыя яго палажэннi з’яўляюцца недапрацаванымi. Больш за тое, мы перакананы, што выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў патрабуюць спрашчэння. З-за таго, што да iх няма гэткай жа цiкавасцi, як да парламенцкiх выбараў. Ды i ў мясцовых Саветах людзi працуюць на грамадскай аснове i, мабыць, не варта прымяняць такiя жорсткiя крытэрыi да выбараў дэпутатаў мясцовага ўзроўню. Думаю, што галоўная мэта правядзення мясцовых выбараў у адзiн тур — гэта магчымасць сфармiраваць мясцовыя Саветы з меншымi матэрыяльнымi, фiзiчнымi, маральнымi затратамi. Не раскачваючы грамадскi спакой, бо любыя выбары ўплываюць на захаванне стабiльнасцi ў грамадстве. Што датычыцца парламенцкiх выбараў, то хутчэй за ўсё ў адносiнах да iх гэтая сiстэма прымяняцца не будзе. Бо ўсё ж парламент — гэта агульнарэспублiканскi орган i павiнны быць дастаткова жорсткiя крытэрыi абрання асоб, якiя трапяць у парламент. — Цi ўлiчваўся пры прыняццi рашэння аб правядзеннi выбараў у адзiн тур вопыт iншых краiн? — Канешне. Справа ў тым, што да пераходу на прапарцыйную сiстэму Расiя абiрала дэпутатаў менавiта такiм чынам. Больш таго, праект закона аб выбарах дэпутатаў Саюзнага парламента (калi мы ўсё ж аб’яднаемся ў адзiную дзяржаву, то будзем абiраць Саюзны парламент) прадугледжвае менавiта такую сiстэму — мажарытарную адноснай большасцi. Па такой жа сiстэме абiраюцца i мэры расiйскiх гарадоў... — Цi ёсць крытыка ўнесеных у заканадаўства змен? — Крытыка была, але яна была непераканаўчай. Большая частка тых, хто ўдзельнiчае ў выбарах i арганiзуе iх, прынялi змены з захапленнем. — Цэнтрвыбаркам стварыў пазабюджэтны фонд для пералiчэння грамадскiмi аб’яднаннямi, арганiзацыямi i грамадзянамi сродкаў на правядзенне выбарчай кампанii. Цi стваралiся такiя фонды раней? Якiя вынiкi функцыянавання фонду, створанага сёлета? — Усе выбары, пачынаючы з 2000 года, праходзяць са стварэннем пазабюджэтнага фонду, бо гэта прадугледжваецца Выбарчым кодэксам. Аднак сродкi ў фонд практычна не паступаюць. Мы маем толькi адзiн прэцэдэнт, калi падчас адных з мiнулых выбараў грамадзянка пералiчыла сродкi. Дарэчы, гэтым яна паставiла нас у пэўнай ступенi ў цяжкiя ўмовы, бо гэта была сума, якую немагчыма было размеркаваць памiж выбарчымi камiсiямi — яна была надзвычай малой. Потым гэтая сума была залiчана ў бюджэт. Чаму фонд не напаўняецца? Таму што ў жыццi амаль няма альтруiстаў. Асаблiва што датычыцца выбараў. Калi б мы далi магчымасць ствараць iндывiдуальныя фонды кожнаму кандыдату, напрыклад, у прэзiдэнты, то такiя людзi знайшлiся б. Яны б матэрыяльна падтрымлiвалi пэўнага кандыдата ў разлiку на падтрымку пасля таго, як гэтая асоба будзе абрана. Па сутнасцi, увесь свет iдзе па такому шляху. Чаму мы не iдзём? Напэўна таму, што мы з’яўляемся альтруiстамi ў палiтыцы. Мы дагэтуль лiчым, што выбары павiнны быць спаборнiцтвам праграм, перакананняў кандыдатаў, а не тугiх кашалькоў. I не трэба кандыдатаў купляць ужо на такой ранняй стадыi... — Як правяраецца фiнансавы стан, якi абавязаны заявiць кандыдат (пытанне ад слухача)? — Адпаведнымi кампетэнтнымi органамi. Iнфармацыя аб даходах у дэкларацыi, якую прад’явiць кандыдат, будзе накiравана ў падатковую iнспекцыю. Iнфармацыя аб нерухомасцi — у органы, якiя рэгiструюць нерухомасць... Аднак у нас ёсць шэраг кандыдатаў, якiя сваю маёмасць надзейна схавалi. У iх як бы нiчога няма. Усё альбо на сваяках, альбо нейкiм чынам наогул не аформлена. Таму я не магу сказаць, што ўсё тое, што будзе праверана — гэта iсцiна. Проста ў правяраючых органаў не будзе доказаў iншага стану рэчаў. — На што, на ваш погляд, неабходна звяртаць увагу выбаршчыкам пры выбары кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў? — Думаю, у першую чаргу трэба глядзець на паслужны спiс кандыдата, на месца яго работы. Калi ён з’яўляецца членам палiтычнай партыi, то якой, чым займаецца гэтая партыя, якiя погляды мае... Галоўнае ж — род занятку кандыдата i яго бiяграфiя. Калi чалавек з’яўляецца добрым арганiзатарам, паспяховым чалавекам, то гэта, па крайняй меры, гаворыць аб яго добрых дзелавых якасцях. А добрыя дзелавыя якасцi для дэпутата неабходныя. Падрыхтаваў Сяргей КУЗНЯЦОЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 студзеня 2007 года ў Беларусi павiнны адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы. Каб пазнаёмiць сваiх слухачоў з тым, як iдзе падрыхтоўка да выбараў, Першы
|
|