«СНД магчыма рэфармаваць...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
А НА МОЙ ПОГЛЯД... Спаўняецца 15 гадоў з моманту падпісання Белавежскіх пагадненняў аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні СНД. Як жыхары Беларусi ацэньваюць стварэнне гэтай арганiзацыi? Як, на iх погляд, Садружнасць функцыянавала 15 гадоў? Якую будучыню мае СНД?Мiкалай ДУБОВIК, намеснiк старшынi Камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу: — Пасля распаду Савецкага Саюза трэба было стварыць структуру, якая б магла хоць бы эканамiчна аб’яднаць краiны на постсавецкай прасторы. I была створана Садружнасць, якая адыграла вялiкую ролю. Асаблiва на першым этапе. За 15 гадоў iснавання СНД многiя пытаннi вырашалiся на карысць краiн-удзельнiц. I ў вынiку кожная з краiн, якая ўваходзiць у СНД, нешта знайшла для сябе карыснае ў гэтай арганiзацыi. Садружнасць мае права на жыццё, бо гэтая структура добра сябе зарэкамендавала. Зусiм нядаўна мы чулi пра тое, што Украiна i Грузiя збiраюцца выйсцi з СНД. Аднак падчас апошняй сустрэчы кiраўнiкоў дзяржаў Садружнасцi мы пабачылi, што кiраўнiкі гэтых дзвюх краiн адыходзяць ад такiх заяў. Яны разумеюць, што быць у Садружнасцi — гэта значыць нешта знайсцi для сваiх краiн. А выхад з СНД негатыўна адаб’ецца на сiтуацыi ў той краiне, якая зробiць гэта. Думаю, менавiта таму падчас мiнскай сустрэчы кiраўнiкоў дзяржаў СНД нiхто не заяўляў аб сваiм намеры выйсцi з Садружнасцi. Вячаслаў КЕБIЧ, былы прэм’ер-мiнiстр Беларусi: — Дэ-юрэ, на мой погляд, падпiсанне Белавежскіх пагадненняў — гэта здрада. Бо была парушана Канстытуцыя Савецкага Саюза. Спачатку трэба было гэта замацаваць у Канстытуцыi, а пасля можна было падпiсваць такiя дакументы. Дэ-факта ж iншага нiчога дадзена не было. Бо Савецкi Саюз ужо фактычна развалiў Гарбачоў. Калi б не ён, мы б у Нова-Агарова напiсалi новую Канстытуцыю, якая фактычна захавала б Савецкi Саюз з велiзарнымi паўнамоцтвамi саюзных рэспублiк. У рабоце СНД няма прагрэсу, ёсць толькi рэгрэс. Аб якiм прагрэсе можна гаварыць, калi кожная краiна сёння хоча — падпiсвае, не хоча — не падпiсвае дакументы Садружнасцi. Нават падпiсаўшы дакумент краiны могуць не выконваць яго. СНД не падобна на Еўрасаюз, дзе нават квоты дзяржавам даюцца на тое, колькi i чаго яны могуць вырасцiць i прадаць. У нас гэтага няма. Ды i зараз далей «расцягваюць» СНД. Вазьмiце Украiну, Грузiю. Туркменiя свайго членства ў СНД не адмаўляе, але не ўдзельнiчае ў рабоце гэтай арганiзацыi... Думаю, выхад Украiны i Грузii з СНД у блiжэйшай будучынi, калi ў гэтых краiнах да ўлады не прыйдуць iншыя палiтычныя сiлы, можна лiчыць фактам, якi адбыўся. На мой погляд, СНД магчыма рэфармаваць з тым, каб яна працавала больш эфектыўна. I ўсе спадзявалiся, што падчас апошняга самiта ў Мiнску гэтае пытанне будзе разглядацца. Аднак гэтага не адбылося. Думаю, у будучым яшчэ будзе спроба. Iван КАСЬЯНЕНКА, дырэктар Нацыянальнага парку «Браслаўскiя азёры»: — Па крайняй меры ў той момант, калi СНД было створана, яно было патрэбнай структурай. Iншага нiчога нельга было стварыць. Канешне, хацелася б, каб структура гэта лепей развiвалася, больш актыўна дзейнiчала. Мяне, як гаспадарнiка, больш цiкавяць эканамiчныя адносiны. Таму i ад СНД я чакаю магчымасцi свабоднага руху, адмены мытняў памiж краiнамi-ўдзельнiцамi. Тое, што Грузiя, Украiна жадаюць уступiць у НАТО, думаю, не выклiча развалу Садружнасцi. Напэўна, будзе нейкае рэфармаванне, але СНД павiнна застацца жыццядзейнай арганiзацыяй. Мiхаiл ШУМЕЙКА, гiсторык: — Савецкi Саюз вычарпаў свае магчымасцi i гэта было вiдавочна. Усё iшло да стварэння СНД. Iншая справа, многiя негатыўна ўспрымалi, як гэта ўсё адбывалася... Але структура такая павiнна была ўзнiкнуць. Разам з тым як грамадзянiн, я iснаванне гэтай структуры не адчуў. Ёсць Рэспублiка Беларусь, ёсць Расiйская Федэрацыя... На мой погляд, будучыня — за Саюзам Беларусi i Расii. Гэтую структуру трэба развiваць i падтрымлiваць, у ёй залог нашага поспеху. СНД, напэўна, будзе працягваць сваё iснванне, але галоўнае для нас — гэта Саюз. Iгар ГАНЧАРОНАК, прарэктар Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь: — Як я ацэньваю стварэнне СНД? Станоўча. Бо гэта было неабходнасцю. Савецкi Саюз спынiў сваё iснаванне, павiнна была ўзнiкнуць арганiзацыя, якая захавала б хоць нейкую сувязь памiж краiнамi. Структура працавала на працягу гэтых 15 гадоў так, як магла. А трэба працаваць так, як трэба... Я лiчу, што арганiзацыi сёння няма альтэрнатывы — у гэтым рэгiёне, у такiм маштабе i з такiм удзелам. Iншая справа, прыйшла неабходнасць яе рэфармавання, каб СНД працавала больш эфектыўна. Будучыня за рэфармаванным СНД. Павiнны быць знойдзены такiя сцэнарыi развiцця Садружнасцi, якiя задавальнялi б усе краiны-удзельнiцы. I самае галоўнае, каб было ў краiнах-удзельнiцах перакананне, што Садружнасць працуе на агульную справу. Тады ўсё атрымаецца. Пакуль жа нехта глядзiць на Еўрапейскi саюз, нехта бачыць сябе ў СГА і г.д. I вельмi складана знайсцi кансенсунс у СНД. Але ў гэтай арганiзацыi ёсць будучае. Проста патрэбны палiтычная воля i нейкi разумны сцэнарый развiцця. Трэба рэфармаваць, але не разбураць. Дарэчы, мы правялi мiжнародную канферэнцыю маладых вучоных «СНД — стратэгiя ўстойлiвага развiцця». Нават у самой назве канферэнцыi — аптымiзм. Дык вось, моладзь ацэньвае гэтую арганiзацыю пазiтыўна. Моладзь больш аптымiстычная, чым часам старэйшае пакаленне. Iншая справа, што яна, магчыма, яшчэ не дайшла да нейкай канкрэтыкi. Так, у СНД зроблена не ўсё, што было пажадана. Разам з тым арганiзацыя не дайшла да таго стану, каб стаць проста непатрэбнай. Яна патрэбная.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спаўняецца 15 гадоў з моманту падпісання Белавежскіх пагадненняў аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні СНД. Як жыхары Беларусi ацэньваюць стварэнне г
|
|