Новы год ужо наступiў!Сенсацыя! Што прынясе нам тройца — Свiння, Юпiтэр i Стралец?Нават тыя, хто не цiкавiцца астралогiяй, ведаюць, што наступны год паводле Усходняга календара будзе Годам Свiннi. Кiтайцы збiраюцца сустракаць яго ў ноч з 17 на 18 лютага (менавiта на гэты час прыпадае другi маладзiк пасля зiмовага сонцастаяння). Якiм абяцае стаць для чалавецтва новы 2007 год мы папрасiлi расказаць астролага Кацярыну ФЛIКОП. — Свiння ва ўсходняй традыцыi сiмвалiзуе шанцаванне, поспех (у першую чаргу фiнансавы), дабрабыт, прырост, пладавiтасць, — тлумачыць Кацярына. — Акрамя таго, ёй уласцiвы шчодрасць, дабрадушнасць, давер i бескарыслiвасць. Усе гэтыя якасцi трэба будзе праяўляць на працягу ўсяго года. Галоўная тэндэнцыя Года Свiннi — развiццё i пашырэнне ўсемагчымах спраў, асаблiва ў сацыяльнай i дзелавой сферах. Гэта спрыяльны час для бiзнэсу i прадпрымальнiцтва, актыўнасць у азначаным накiрунку прынясе прыбытак. Увогуле Год Свiннi не спрыяе замкнённасцi чалавека на самiм сабе. — 2007-ы лiчыцца годам Вогненнай Свiннi. У чым канкрэтна будзе праяўляцца гэта «вогненнасць»? — Не трэба думаць, што вогненны знак заўсёды прыносiць непрыемнасцi. У цэлым Год Свiннi будзе ўдалым i спрыяльным для ўсiх. Проста за кошт «вогненнай» афарбоўкi некаторыя якасцi Свiннi акрэсляцца больш рэзка. Аднак людзям, якiя ўмеюць дзейнiчаць смела i рашуча, праяўляць iнiцыятыву i размах, гэта будзе толькi на карысць. Гэты год абяцае новыя перспектывы народжаным у гады Свiннi, Ката (Труса) i Казы. Прыемныя сюрпрызы чакаюць Быка i Пеўня. Асаблiва ўважлiвымi трэба быць Змяi, Тыгру i Малпе, тады яны пазбегнуць цяжкасцяў i не прапусцяць новыя магчымасцi. — Як сустрэць Год Свiннi, каб забяспечыць яе падтрымку на блiжэйшыя 12 месяцаў? — Адзенне лепш падабраць у колерах цёплай летне-асенняй гамы (чырвоны, жоўты, карычневы, бардовы, ахрысты, ружовы, пурпурны i г.д.). Што датычыцца святочных страў, з меню трэба абавязкова выключыць свiнiну. Аддайце перавагу птушцы i рыбе. Паменш тлушчаў i прыпраў, больш гароднiны i фруктаў. Зоркi вельмi не раяць злоўжываць пры сустрэчы Года Свiннi алкаголем i вострымi закускамi. У кiтайцаў Свiння — сiмвал матэрыяльнага дабрабыту, таму iдэальным падарункам на Новы год будзе свiнка-капiлка, а таксама кашалькi, партаманеты i iншыя сувенiры з выявамi свiннi цi парсючковых лычыкаў. — Сустракаць Год Свiннi можна ўжо з 31 снежня на 1 студзеня цi ўсё ж пачакаць да 17 лютага? — Тут ёсць некалькi важных нюансаў. Найперш адзначу, што многiя сучасныя астролагi суадносяць 12-гадовы Усходнi каляндар i 12-гадовы цыкл абарачэння Юпiтэра вакол Сонца (за год Юпiтэр праходзiць праз адзiн знак Задыяка). Яшчэ 2—4 тысячы гадоў таму гэтыя цыклы супадалi, зараз яны змясцiлiся, аднак падобныя характарыстыкi абодвух цыклаў прымушаюць гаварыць аб iх астралагiчнай узаемасувязi. Году Свiннi Усходняга календара адпавядае год знаходжання Юпiтэра ў сузор’i Стральца. Калi паглядзець на рэальную планетную сiтуацыю, мы ўбачым, што Юпiтэр ужо ў Стральцу. Пераход адбыўся 24 лiстапада. А гэта значыць, што астралагiчны Новы год — Год Свiннi — ужо наступiў. — Вы сказалi, што азначаныя цыклы падобныя, але не iдэнтычныя. Што прынёс нам «Юпiтэр у Стральцу»? — Юпiтэр адказвае за пашырэнне ва ўсiх сэнсах. А ўлiчыўшы, што ён перайшоў у свой «падшэфны» знак Задыяка, можна смела казаць, што ўсе якасцi Юпiтэра праявяцца яшчэ больш яскрава. На працягу года будзе надзвычай карысным вучыцца i вучыць — гэта тыя сферы дзейнасцi, за якiя адказвае Стралец. Самае важнае — духоўна-маральнае ўдасканаленне. Асноўнай задачай года можна назваць пабудову вобраза свайго iдэала (якiм чалавек хацеў бы бачыць сябе i сваё жыццё), але з упорам на духоўны аспект. Стральцы крыху адарваныя ад матэрыяльнага свету. Парадокс, якi будзе рэалiзоўвацца на практыцы ў новым годзе: чым больш адасобiцца чалавек ад матэрыльных каштоўнасцяў, тым лягчэй яны да яго прыйдуць (духоўны рост — залог матэрыяльнага дабрабыту). Акрамя таго, карысным будзе вывучэнне новых духоўных практык i чужых культур, як апасрэдаванна (праз кнiгi, фiльмы), так i непасрэдна (Стралец адказвае за пашырэнне духоўных i фiзiчных гарызонтаў). — Астралагiчны Новы год ужо наступiў, а да 1 студзеня яшчэ засталося пару тыдняў. Як правiльна пражыць гэты «хвосцiк» i ўвогуле, у свеце сказанага вышэй, цi варта надаваць вялiкае значэнне сучаснай традыцыi сустракаць Новы год 31 снежня? — Пачну адказ з другога пытання. У нашай культуры Новы год прынята святкаваць з 31 снежня на 1 студзеня. Людзi прывычна звязваюць з гэтай датай пачатак новага этапу ў жыццi, рэалiзацыю сваiх жаданняў i мараў, развiтваюцца з усiм дрэнным, хворым, крыўдным, што здарылася з iмi ў прайшоўшым годзе. Нездарма для многiх надыход новага года — добрая нагода пачаць усё з чыстага лiста. Заўважце: псiхалагiчна праграмуюць сябе на новы этап адначасова мiльёны людзей. Узнiкае вялiзны рэзананс. I праграма працуе. Таму вельмi важна сустрэць Новы год з адпаведным псiхаэмацыянальным настроем. Трэба сапраўды пастарацца пакiнуць у мiнулым дрэннае i непрыемнае, сканцэнтравацца на пазiтыўных думках i радасных перажываннях. Ад гэтага ў многiм будзе залежыць ваша жыццё ў наступныя 12 месяцаў. Калi ж людзi настройваюцца, што новы год пачнецца, значыць, стары павiнен завяршыцца. Таму — вяртаючыся да першага пытання — напрыканцы года трэба паспець аддаць даўгi. Гэта датычыцца не толькi фiнансаў. Пастарайцеся завяршыць распачатыя справы, высветлiць адносiны з тымi, з кiм у вас узнiклi непаразуменнi, прымiрыцца з непазбежным i адпусцiць тое, што не стала вашым... Пачынаючы з 24 лiстапада нашы праблемы, турботы i клопаты акрэслiваюцца больш аб’ёмна i рэзка. Многiя рэчы i падзеi, якiя не мелi асобага значэння на пачатку года, зараз становяцца вельмi важнымi. Такая з’ява назiраецца напрыканцы любога года, аднак з-за ўплыву «Юпiтэра ў Стральцу» зараз гэты перыяд працякае ў абвостранай форме. Тут галоўнае — убачыць, што паказвае нам жыццё, на якiя яго аспекты варта звярнуць асаблiвую ўвагу... Перыяд з 1 студзеня i да 17 лютага, калi кiтайцы будуць адзначаць свой Новы год, пройдзе на адным дыханнi. Станоўчая энергiя, акумуляваная падчас святкавання, плаўна перанясе нас у Новы год паводле Усходняга календара. — Вы сказалi, што ў цэлым Год Свiннi абяцае быць спрыяльным для ўсiх. Але ж ёсць, напэўна, i нейкiя «вострыя» моманты, на якiя трэба будзе звярнуць увагу? — Безумоўна. I Свiння i Стралец — натуры даверлiвыя, часам — занадта, таму наступны год павiнен прайсцi пад лозунгам «Давярай, але правярай!» Iнакш ёсць верагоднасць стаць ахвярай махляроў. Акрамя таго, развiццё i пашырэнне спраў i магчымасцяў у новым годзе можа быць вельмi экспансiўным, i чалавек папросту не здолее рэальна ацанiць свае магчымасцi (пераацанiць сябе). У некаторых нават можа праявiцца «зорная хвароба». Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА. (Заканчэнне ў наступным нумары).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што прынясе нам тройца — Свiння, Юпiтэр i Стралец?
|
|