Заслужаны майстар спорту Дзмітрый ДАШЧЫНСКI: «адчуваю за сабой радзiму...»
Анатоль МЯСНIКОЎ
Героi спартыўнага года ...Тую тэлевiзiйную «карцiнку» з алiмпiйскага Турына-2006 убачыў увесь шматмiльённы спартыўны свет. Сотнi ж тысяч аматараў спорту з Беларусi запомнiлi яе надоўга, а можа, i на ўсё жыццё... Калi ў вячэрняе iтальянскае неба высока ўзляцеў беларускi фрыстайлiст Дзмiтрый Дашчынскi i пачаў «вырабляць» там неверагодныя пiруэты i кульбiты, а праз iмгненне паспяхова прызямлiўся i ўпэўнена ўтрымаўся на нагах, непадалёк ад трамплiна прама ў снег павалiўся чалавек у спартыўным касцюме з надпiсам на спiне — «Bеlаrus». Што здарылася? Наўрад цi зразумеў, хто гэта... А ў тым чалавеку толькi нямногiя — родныя i сябры-трэнеры, знаёмыя ды кiраўнiкi беларускага спорту — пазналi Мiкалая Iванавiча Казеку — першага i адзiнага настаўнiка спартсмена...«Што ж здарылася?» — пазней, пасля вяртання беларускiх алiмпiйцаў з Турына ў Мiнск, мы паўторна задалi гэта пытанне Мiкалаю Iванавiчу. Сцiплы i абаяльны чалавек, таленавiты педагог-выхавальнiк, некалькi засаромiўшыся, адказаў: «Паддаўся эмоцыям. Ды i перахваляваўся я вельмi моцна...» Усяго некалькi слоў. За iмi ж — гады i дзесяцiгоддзi сумеснай працы настаўнiка i вучня, ледзь цi не штодзённых (а iншым разам — i па дзве-тры) трэнiровак, напружанага i такога адказнага жыцця ў вялiкiм спорце! ...Адукацыю ў пачатковай школе i засваенне азоў скачкоў на батуце Дзiма Дашчынскi пачаў, па сутнасцi, адначасова. Балазе, у гэтым вiдзе спорту працаваў бацька, так што пытанне: «Куды пайсцi i чым заняцца?» перад хлапчуком ледзь цi не з пялёнак, так бы мовiць, i не паўставала... Аднак (на шчасце цi не, гэта адназначна «вызначыць» зусiм немагчыма) у жыццё наогул, i ў вялiкi спорт — у прыватнасцi вельмi i вельмi часта «ўрываецца» яго Вялiкасць выпадак. Тады, у сямiдзесятыя—васьмiдзесятыя гады, у Беларусi надзвычай iмклiвы тэмп развiцця пачаў «набiраць» новы вiд спорту — фрыстайл. Першымi з iм, вядома ж, зблiзiлiся i «зразумелi» яго трэнеры па скачках на батуце Мiкалай Казека i Уладзiмiр Дашчынскi, i ўжо пачынаючы з 1988 года ў фрыстайл прыйшлi адразу тры аматары i фанаты: бацька i сын Дашчынскiя i Мiкалай Казека... Канкрэтызую для аматараў статыстыкi: на календары быў 1988 год! Мiне яшчэ дзесяцiгоддзе. Дзiму Дашчынскаму «ўжо» 21 гадок, за ягонай спiнай будуць перамогi на чэмпiянатах Беларусi i асобных мiжнародных турнiрах i спаборнiцтвах, званне майстра спорту... А ў далёкiм, такiм таямнiчым i загадкавым японскiм горадзе Нагана зусiм маладога беларускага фрыстайлiста будзе чакаць першае, неверагоднай адказнасцi выпрабаванне: ХVIII зiмовыя Алiмпiйскiя гульнi. Ужо тады для Дзмiтрыя сакрэтаў i нейкiх там «таямнiц» у фрыстайле практычна не было. I Мiкалай Iванавiч Казека, i Уладзiмiр Iванавiч Дашчынскi, авалодаўшы лепшай на той час сусветнай методыкай i практыкай наладжвання вучэбна-выхаваўчага працэсу, трэнiровачнага i аднаўляльнага цыклаў, здолелi (цi не ў гэтым i заключаецца талент сапраўдных трэнераў-педагогаў?!) спланаваць i паставiць справу так, што з iх вучнем, у большасцi сваёй завочна, сапернiкi пачыналi лiчыцца як з адным з асноўных прэтэндэнтаў на алiмпiйскiя ўзнагароды. Удакладнiм: не столькi самi тыя сапернiкi, колькi iх настаўнiкi, так званыя спартыўныя разведчыкi i эксперты... Алiмпiяда-1998 у Нагана стала для Дзмiтрыя Дашчынскага выпрабавальнай ва ўсiх без выключэння адносiнах. Па-першае, перад самым стартам яе, падчас заняткаў на батуце, «не вытрымала» нагрузкi адна са спружын i ...стрэлiла спартсмену прама ў галаву. Шпiталь, швы, забарона трэнiровак... Калi ж беларуская каманда прыбыла ў Японiю, на Дзiму звалiлася яшчэ адна навала: ён прастудзiўся. Нi неспрыяльныя ўмовы падрыхтоўкi да Алiмпiяды, нi высокая тэмпература непасрэдна падчас выступленняў у Нагана не перашкодзiлi яму прадэманстраваць свае здольнасцi i навыкi, на поўны голас заявiць аб сабе, у прамым сэнсе слова ўварвацца ў элiту сусветнага фрыстайла... Сканцэнтраваўшы волю i сабраўшы ў кулак сiлы, спаўна аддаўшыся барацьбе, Дашчынскi выканаў трайное сальта з чатырма вiнтамi — скачок з разраду ультра-сi на той час, што ўрэшце i прывяло яго на трэцюю, «бронзавую» прыступку п’едэстала гонару ХVIII Алiмпiйскiх гульняў 1998 года. На шматлiкiх этапах розыгрышаў Кубка свету сезонаў 1998—2001 гадоў, чэмпiянаце свету—2001 Дзмiтрый Дашчынскi нязменна выходзiў у фiналы, перыядычна атрымлiваючы сярэбраныя медалi. Выйграў буйны мiжнародны турнiр у ЗША... Аднак галоўным арыенцiрам, вядома ж, заставалася Алiмпiяда 2002 года ў Солт-Лэйк-Сiцi. За некалькi дзён да алiмпiйскага старту Дзiма выйграў адну залатую i дзве сярэбраныя ўзнагароды на этапах Кубка свету. Гэта найперш засведчыла: спартсмен у добрай спартыўнай форме. I раптам... На адной з трэнiровак у канадскiм горадзе Блэкомбе ён няўдала прызямлiўся i зламаў ключыцу. У Ванкуверскiм медыцынскiм цэнтры 31 студзеня 2002 года Дашчынскаму зрабiлi аперацыю — iмплантавалi пласцiнку для фiксацыi ключыцы. Урачы, трэнеры i спецыялiсты настойвалi, каб ён адмовiўся ад выступлення на Гульнях. Аднак усяго праз два тыднi беларускi спартсмен выйшаў на старт. На жаль, да траўмы, на якую сам Дзiма зусiм не звяртаў увагi, дабавiлiся iншыя фактары: вялiкi вецер падчас выканання iм практыкавання, ды i суддзi яўна недаацанiлi яго выступленне... У вынiку мужны атлет, выйшаўшы ў фiнальную частку спаборнiцтваў, апынуўся толькi на сёмым месцы. Турын-2006 «наблiзiўся» даволi хутка. Да трэцяй у сваiм спартыўным жыццi Алiмпiяды Дзмiтрый Дашчынскi рыхтаваўся з яшчэ большай сур’ёзнасцю i адказнасцю, чым да ранейшых стартаў. I ён сам, i спецыялiсты (найперш, вядома ж, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Мiкалай Казека i настаўнiк маладзёжнай каманды Уладзiмiр Дашчынскi) выдатна ўсведамлялi, што ад Дзiмы ўсе чакаюць толькi залатой узнагароды. Галоўнымi сапернiкамi нашага спартсмена з’яўлялiся амерыканец Джарэт Петэрсан, Хан Сяо Пен з Кiтая i расiйскi фрыстайлiст Уладзiмiр Лебедзь. Пасля першай спробы лiдарства захапiў мiнчанiн — 131,42 ачка: амерыканец адстаў на 6,5 ачка, а кiтаец усяго толькi на 0,89. Усё павiнен быў вырашыць другi скачок... Трайное сальта з чатырма вiнтамi пры каэфiцыенце 4,425 павiнна было пакiнуць яго ў лiдарах. Аднак... Зусiм невялiкая недакладнасць падчас прызямлення плюс ранейшая прадузятасць суддзяў «перамясцiлi» Дзiму на другое, «сярэбранае» месца. «Золата» служыцелi Фемiды аддалi Хан Сяо Пену, «бронзу» — Уладзiмiру Лебедзю. Гэта была адзiная ўзнагарода, заваяваная беларускiмi спартсменамi на ХХ Алiмпiйскiх гульнях у Турыне. ...Нямногiм атлетам свету спартыўны лёс наканаваў выступленнi на трох Алiмпiйскiх гульнях запар. Дзмiтрый Дашчынскi — адзiн з iх. Наогул жа ён адзiны фрыстайлiст у свеце, якi мае ўзнагароды, заваяваныя на дзвюх Алiмпiядах. Аднак трэба ведаць характар Дзiмы: ён не спыняецца на дасягнутым. «Калi дазволяць сiлы i здароўе, — сказаў ён пасля вяртання з Турынскай Алiмпiяды, — прыму ўдзел i ў Гульнях-2010 года ў Ванкуверы... Я займаюся любiмай справай, адчуваю за сабой Радзiму — значыць, трэба апраўдваць на- дзеi i спадзяваннi беларусаў...» Што тут можна дадаць да слоў сапраўднага героя спорту?!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Тую тэлевiзiйную «карцiнку» з алiмпiйскага Турына-2006 убачыў увесь шматмiльённы спартыўны свет. Сотнi ж тысяч аматараў спорту з Беларусi запомнiлi |
|