Дзецi — наша... песня
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Словы i справы «Страшная, але прыгожая» казка ад беларускiх артыстаў, Дзiцячага Фонду ААН ЮНIСЕФ i Бiла ГейтсаДарослыя любяць паўтараць прыгожыя фразы, маўляў, дзецi — наша будучыня, маладым паўсюль у нас дарога, увесь свет не каштуе слязiнкi аднаго дзiцяцi. А тым, што гэтыя лозунгi ўвасабляюцца ў жыццё, мы абавязаны арганiзацыi, асноўнай задачай якой якраз i з’яўляецца прапаганда i абарона правоў дзяцей. Днямi, мiж iншым, Дзiцячы Фонд ААН ЮНIСЕФ адзначыў 60-годдзе з дня заснавання. З гэтай нагоды беларускi офiс арганiзацыi не толькi прымаў вiншаваннi, але i сам зрабiў падарунак — каб выказаць любоў да ўсiх дзяцей Беларусi, вялiкiх i маленькiх. Канешне, прызнаюцца супрацоўнiкi Дзiцячага Фонду ААН у Беларусi, нiчога не атрымалася б, калi б не дабрачынная падтрымка агенцтва рознымi камерцыйнымi арганiзацыямi. Напрыклад, беларускi сацыяльны праект «Калыханкi» спансiраваў... Бiл Гейтс. Магчыма таму, што вельмi багатыя людзi могуць сабе дазволiць дабрачынныя ахвяраваннi. Якраз сацыяльная рэклама, асаблiва не адкрытая, а схаваная, дапамагае змагацца з праблемамi больш эфектыўна. Скажам, у Бразiлii, вядомай раннiмi i неўпарадкаванымi сэксуальнымi сувязямi, узнiкла неабходнасць прапаганды прэзерватываў сярод падлеткаў. Замест банальных плакатаў у школах бразiльцы знялi фарматны маладзёжны серыял, героi якога карысталiся прэзерватывамi. Эфект пераўзышоў усе чаканнi! У расiйскiх серыялах такiм жа чынам «зашыфравана» барацьба супраць абортаў. Жанчыны нараджаюць, з мужам або без яго, — i ў вынiку ўсё канчаецца добра. Дзiцячы Фонд ААН ЮНIСЕФ у Беларусi на працягу многiх гадоў прапагандуе ўжыванне ёдаванай солi. Скажаце, дробязь? Але ў Беларусi прыродны ёдавы дэфiцыт i, як следства, аслаблены iмунiтэт i росквiт разнастайных хвароб, асаблiва ў маладых мацi i немаўлят. Таму на гэту тэму было зроблена некалькi сацыяльных ролiкаў (памятаеце анiмаваны заклiк «дастаткова адной дробкi»?). Але на гэты раз да задачы вырашана было падысцi творча i зрабiць — нi многа нi мала — казачны клiп на прыгожую песню. Такой песняй стала калыханка «Спi, мая кветачка», перакладзеная i дапрацаваная народная кампазiцыя. А выканала яе трыо Ларыса Грыбалёва—Тамара Лiсiцкая—Ксенiя Мiнчанка, прычым Тамара i Ларыса — прыклады «правiльных мамачак», у абедзвюх па двое дзяцей, i абедзве кармiлi дзяцей грудзямi. Так што клiп атрымаўся прапагандысцкiм па двух накiрунках, што ў наш эгаiзаваны i эмансiпаваны час зусiм нялiшне. Сапраўды — калi ў сусветных зорак Шакiры, Анжэлiны Джолi, Дэвiда Бэкхема «карона з галавы не падае» i яны ўдзельнiчаюць у падобных праектах i абараняюць мацярынства i дзяцiнства, то чым нашы беларускiя зоркi горшыя?.. Клiп «Калыханка» напоўнены казачнымi персанажамi: анёл — абаронца ўсiх мацi, троль — здабытчык солi, зачараваны прынц, чараўнiца, русалкi, кот i трус. Прынц просiць у чараўнiцы вычытаць з кнiгi загадкавы рэцэпт, русалкi дзеляцца ёдам, кот раскiдвае яго па солi, а трус перамешвае — i атрымлiваецца ёдаваная соль, так неабходная ўсiм беларусам... «Не ведаю, цi заснуць пад гэту калыханку дзецi, але спадзяюся, што дарослыя прачнуцца», — заўважыла Ларыса Грыбалёва. Дарэчы, падчас здымак у павiльёне кiнастудыi «Беларусьфiльм» было раскiдана без малога 800 кг солi, а спявачкi — у халодным памяшканнi, на скразняку — стаялi на гэтай солi басанож. I тым не менш усе ўдзельнiкi праекта працавалi з поўнай самааддачай, шчыра i абсалютна бясплатна. «А як жа iнакш — мы вельмi рады далучыцца да падобнага праекта, бо мы мамы! I калi паклiчуць яшчэ, з задавальненнем падпiшамся», — смяецца Тамара Лiсiцкая, якая дэбютавала ў «Калыханках» як спявачка. Да слова, «Калыханкi» нездарма гучна названы праектам. Бо акрамя вiдэа сюды ўваходзiць цэлы дыск з 14 песнямi. Большасць з iх напiсаў Змiцер Вайцюшкевiч у сааўтарстве з выдатнымi беларускiмi паэтамi, старажытную яўрэйскую народную калыханку ХVI—ХVII стагоддзяў апрацаваў i выканаў Аляксандр Памiдораў, «Курку-рабушку» падарыў Юрый Выдронак, а «Мiльярды зорак» зрабiў гурт «Нео». Праца над запiсам i афармленнем дыска iшла не адзiн год, але, паверце, вынiк таго варты — альбом «Калыханкi» выдадзены ў шыкоўным палiграфiчным афармленнi, дапоўнены клiпам, фотаздымкамi i iнфармацыяй пра дзейнасць Дзiцячага Фонду ААН ЮНIСЕФ у Беларусi. Акрамя таго, прыкладна да праваслаўных Калядаў кампанiя «АтлантТэлекам» плануе стварыць у Iнтэрнэце спецыяльны партал www.lala.telecom.by (ад англ. «Lullaby» — калыханка), праз якi песнi зможа скачаць кожны жадаючы. Словам, беларускi праект абяцае стаць iнтэрнацыянальным падарункам — а надалей аналагiчныя дыскi рэгiянальныя офiсы ЮНIСЕФ плануюць запiсаць яшчэ як мiнiмум у Расii i ва Украiне. «Без музыкi жыццё пустое, шэрае, а песнi дадаюць колеру i радасцi. Я памятаю, мой старэйшы сын першымi пасля слоў «мама», «тата» вывучыў «спявай» i «яшчэ», — прыгадаў Бранiслаў Екiч, кiраўнiк офiса Дзiцячага Фонду ААН ЮНIСЕФ у Беларусi. — Калi для дзiцяцi спяваюць блiзкiя людзi — мама, тата, бабуля, — ён удвая шчаслiвейшы. Дзякуй вам, што гэты праект атрымаўся менавiта такiм». — У вас хто? — спытаўся Бранiслаў Екiч у Ларысы Грыбалёвай. — Хлопчык i дзяўчынка, — з гонарам адказала спявачка. — Выдатна. Працягвайце! Спадар Екiч, якi дагэтуль служыў у Арменii i краiнах Паўднёвай Азii, у Беларусi працуе ўсяго трэцi год, але паспеў ужо прыкiпець сэрцам да нашай краiны. I справа не толькi ў падабенстве моў (для Бранiслава Екiча родная — сербская) i славянскiх менталiтэтаў. Проста ён вельмi любiць сваю справу — i тых, хто займаецца абаронай правоў дзiцяцi i мацi ў Беларусi. — У любой краiне свету ёсць праблемы з рэалiзацыяй правоў дзiцяцi. Я лiчу, трэба двойчы падумаць, перш чым выкарыстоўваць дзяцей, iхнюю цiкаўнасць, непасрэднасць, талент, iншыя якасцi ў камерцыйных мэтах. Аднымi заканадаўчымi актамi гэту справу не вырашыш. Так, у законе ўсё цудоўна напiсана. Але цi гатовыя мы як грамадства выканаць закон, цi зрабiлi мы ўсё, каб дапамагчы дзецям? — гэтым рытарычным пытаннем кiраўнiк беларускага офiса ЮНIСЕФ скончыў прэзентацыю праекта. Удзельнiкi «Калыханак» — артысты, паэты, мастакi, рэжысёры, каардынатары праграм ЮНIСЕФ — з чыстым сумленнем могуць даць станоўчы адказ, бо для iх дабрачыннасць не пачалася ўчора i не скончыцца заўтра. А для нас?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Страшная, але прыгожая» казка ад беларускiх артыстаў, Дзiцячага Фонду ААН ЮНIСЕФ i Бiла Гейтса
|
|