Жыць клопатамi краiныВыступленне Старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Г.В. НАВIЦКАГА на закрыццi пятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь трэцяга склiкання 20 снежня 2006 года Сёння мы падводзiм вынiкi работы пятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь трэцяга склiкання. У рамках сесii праведзена 7 пасяджэнняў, разгледжана 46 законапраектаў, у тым лiку ратыфiкавана 13 мiжнародных дагавораў i пагадненняў. Прыняты да ведама 10 дэкрэтаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Новыя нарматыўныя прававыя акты накiраваны на дынамiчнае развiццё беларускай дзяржавы. У адобраным намi законе аб бюджэце на наступны год захавана яго сацыяльная накiраванасць. Рост агульнай сумы даходаў складзе 10,9 працэнта. Пры гэтым за кошт адмены надзвычайнага падатку i абавязковых адлiчэнняў у дзяржаўны фонд садзейнiчання занятасцi будзе знiжана падатковая нагрузка на суб’екты гаспадарання. Iстотныя змяненнi i дапаўненнi ўнесены ў нарматыўныя прававыя акты аб бюджэтнай класiфiкацыi, мытнай палiтыцы i бухгалтарскiм улiку. У галiне канстытуцыйнага заканадаўства новае ўрэгуляванне атрымалi пытаннi правядзення выбараў i рэферэндумаў. Значная ўвага ўдзелена прававому забеспячэнню дзяржаўнага курсу на абарону iнтарэсаў грамадзян. Так, у Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях скарочана колькасць дзяржаўных органаў, якiя накладаюць спагнаннi. У Грамадзянскi працэсуальны кодэкс унесена норма аб правядзеннi папярэднiх судовых пасяджэнняў. Яна дае магчымасць паскорыць тэрмiны разгляду грамадзянскiх спраў. Адобраны таксама нарматыўныя прававыя акты, якiя спрашчаюць рэгiстрацыю нерухомай маёмасцi. Унесены змяненнi ў Закон «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якiя выхоўваюць дзяцей». Для ўсiх жанчын устаноўлены адзiны памер дапамогi па догляду дзiцяцi да трох гадоў з разлiку 65 працэнтаў бюджэту сярэдняга пражытковага мiнiмуму. Прававой рэгламентацыi падверглiся асобныя пытаннi пенсiйнага забеспячэння дзяцей-сiрот, трансплантацыi органаў i тканак чалавека, арганiзацыi музейнай справы i платнага навучання. Акрамя таго, у сесiённы перыяд нашы спецыялiсты ўдзельнiчалi ў падрыхтоўцы законаў на розных стадыях. Яны ўнеслi заўвагi i прапановы больш як па 40 законапраектах. У асноўным усе заўвагi былi ўлiчаны. У вынiку, на наш погляд, прыметна павысiлася якасць прымаемых намi законаў. У Савеце Рэспублiкi таксама былi праведзены адкрытыя парламенцкiя слуханнi па праблеме распаўсюджвання ВIЧ-iнфекцыi. Па iх вынiках прыняты спецыяльныя рэкамендацыi для ажыццяўлення комплексу мераў прававога рэгулявання. У рамках мiжнароднай дзейнасцi Саветам Рэспублiкi прадоўжана работа па ўмацаванню мiжпарламенцкага складальнiка ў вырашэннi актуальных праблем сучаснасцi. Так, на 115-й Асамблеi Мiжпарламенцкага саюза i парламенцкiм форуме, прымеркаваным да 6-й Мiжнароднай канферэнцыi новых i адроджаных дэмакратый, беларускi бок прапанаваў стварыць парламенцкае вымярэнне ў рамках Руху недалучэння. У час перагавораў у Мiнску гэта iдэя атрымала падтрымку з боку парламенцкiх дэлегацый Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiкi i Кубы. Павiнен адзначыць, што нашу думку ў гэтым пытаннi падзяляюць ужо прадстаўнiкi больш як двух дзесяткаў краiн. На нядаўнiм пасяджэннi членаў Савета МПА дзяржаў СНД — членаў Арганiзацыi дагавора аб калектыўнай бяспецы прынята таксама рашэнне аб заснаваннi Парламенцкай асамблеi АДКБ. Наладжванне рэгулярнага i сiстэмнага ўзаемадзеяння парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ i Руху недалучэння дасць магчымасць стварыць надзейную прававую аснову для вырашэння пастаўленых перад гэтымi арганiзацыямi задач. Пытаннi барацьбы з тэрарызмам i карупцыяй былi абмеркаваны на Трэцяй мiжнароднай парламенцкай канферэнцыi i парламенцкiх слуханнях МПС, якiя прайшлi адпаведна ў Бруселi i Нью-Йорку з нашым удзелам. Асноўнай тэмай планавых мерапрыемстваў МПА СНД стала падвядзенне вынiкаў i вызначэнне перспектыў мiжпарламенцкага супрацоўнiцтва ў рамках 15-годдзя з дня ўтварэння Садружнасцi. Савет Рэспублiкi заняў цвёрдую пазiцыю адносна лёсу СНД. Усе беларускiя прапановы па яе рэфармаванню былi падтрыманы Мiжпарламенцкай Асамблеяй Садружнасцi Незалежных Дзяржаў. У кастрычнiку—снежнi мы прадаўжалi актыўна працаваць у Парламенцкiм Сходзе Саюза Беларусi i Расii. Значным дасягненнем тут можна назваць нядаўняе зацвярджэнне саюзнага бюджэту. Упершыню ён прыняты да пачатку новага фiнансавага года i вырас больш як на 35 працэнтаў. Канструктыўным быў таксама ўдзел членаў Савета Рэспублiкi ў мерапрыемствах МПА ЕўрАзЭС, Мiжпарламенцкай асамблеi праваслаўя, ПА АБСЕ, а таксама наша супрацоўнiцтва з ААН i ЮНЕСКО. Лiчу, што ў сферы мiжнародных i мiжпарламенцкiх адносiнаў Савету Рэспублiкi неабходна замацаваць дасягнутыя пазiцыi, каб развiваць i паглыбляць сваю работу па ўсiх напрамках. Адной з формаў работы членаў Савета Рэспублiкi з’яўляецца разгляд зваротаў грамадзян. Жыхары краiны праяўляюць вялiкую цiкавасць да заканатворчай работы парламента, да ўнутранай i знешняй палiтыкi дзяржавы. Неабходна адзначыць, што ў гэтым годзе ў Савет Рэспублiкi такiх зваротаў паступiла каля двух тысяч. На асабiстым прыёме пабывалi каля паўтары тысячы грамадзян. Перакананы, што вынiкi работы Савета Рэспублiкi будуць адчувальныя толькi тады, калi кожны з нас стане па-сапраўднаму дбаць аб iнтарэсах рэгiёнаў. Сведчаннем таго можа служыць павышаная ўвага да нашай дзейнасцi з боку рэспублiканскiх i мясцовых сродкаў масавай iнфармацыi. У друку i электронных СМI ўжо фармiруецца вобраз члена Савета Рэспублiкi як аўтарытэтнага чалавека, якi спаўна рэалiзуе свой патэнцыял для вырашэння рэгiянальных праблем. Паважаныя члены Савета Рэспублiкi! У блiжэйшай перспектыве нам трэба будзе выконваць важныя ўнутрыдзяржаўныя задачы. У студзенi будучага года пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Для Рэспублiкi Беларусь яны маюць не толькi рэгiянальнае, але i агульнапалiтычнае значэнне. Галоўная мэта маючай адбыцца выбарнай кампанii — сфармiраваць дзеяздольныя, своечасова рэагуючыя на запыты i патрэбы людзей органы мясцовага самакiравання. Мы павiнны аказаць iм кансультацыйную дапамогу ў прававых пытаннях. На жаль, вырашэнне асобных праблем на ўзроўнi мясцовых органаў улады не заўсёды магчыма. У сувязi з гэтым асаблiвую актуальнасць набывае пошук новых формаў i метадаў парламенцкай работы ў рэгiёнах. Нам трэба часцей бываць у мясцовых Саветах, у працоўных калектывах, праводзiць прамыя лiнii з насельнiцтвам. Гэта дасць магчымасць мець больш поўную iнфармацыю аб стане спраў на месцах i ўносiць прапановы па ўдасканаленню заканадаўства. Паважаныя калегi! Дарагiя сябры! Напярэдаднi навагоднiх i калядных святаў прымiце шчырыя пажаданнi моцнага здароўя, творчага натхнення i жыццёвай энергii. Няхай у юбiлейным для Савета Рэспублiкi 2007 годзе збудуцца ўсе вашы мары i надзеi! Шчасця i дабрабыту вашым родным i блiзкiм! Дзякуй за ўвагу! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Г.В. НАВIЦКАГА на закрыццi пятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальна
|
|