Парламентарыi закрылi сесii i адзначылi 10-годдзе Палаты прадстаўнiкоў
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Парламенцкі дзённік Учора прайшлi апошнiя пасяджэннi сесiй Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi. А пазней у авальнай зале нiжняй палаты парламента адбылося i ўрачыстае мерапрыемства — пасяджэнне, прысвечанае 10-годдзю з дня стварэння Палаты прадстаўнiкоў.Сенатары на апошнiм пасяджэннi адобрылi галоўны фiнансавы дакумент наступнага года — бюджэт. Акрамя таго яны разгледзелi законапраекты «Аб процiдзеяннi экстрэмiзму», «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб зброi», «Аб турызме», «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон «Аб трансплантацыi органаў i тканак чалавека». З заключным словам выступiў Старшыня СР НС Уладзiмiр Навiцкi. На сваiм пасяджэннi дэпутаты разгледзелi толькi адзiн законапраект — «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб воiнскiм абавязку i воiнскай службе». Гэты дакумент, якi прымаўся ў першым чытаннi, рэгулюе пытаннi прадастаўлення грамадзянам адтэрмiноўкi ад прызыву на тэрмiновую службу i ў рэзерве, праходжання ваенных збораў, воiнскага ўлiку. Як адзначыў мiнiстр абароны Леанiд Мальцаў, законапраект прадугледжвае прадастаўленне адтэрмiноўкi ад прызыву для паступлення ва ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, выпускнiкам прафесiйна-тэхнiчных i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Пры гэтым адтэрмiноўка будзе абмежавана тэрмiнам да 20 жнiўня ў год заканчэння навучальнай установы. Таксама адтэрмiноўка будзе прадастаўляцца аспiрантам (дактарантам) незалежна ад формы навучання на ўвесь перыяд вучобы (цяпер такая адтэрмiноўка прадастаўляецца грамадзянам, якiя вучацца ў магiстратуры, аспiрантам, дактарантам толькi вочнай формы навучання). Яшчэ адно змяненне датычыцца адтэрмiноўкi грамадзянам ад прызыву на тэрмiновую службу i службу ў рэзерве, жонкi якiх знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасцi i родах. Цяпер адтэрмiноўка прадастаўляецца тады, калi жонка знаходзiцца на 30-м i большым тыднi цяжарнасцi. Аднак, адзначыў Л. Мальцаў, як правiла, праз 3 цi 4 месяцы службы грамадзянiн датэрмiнова звальняецца ў сувязi з тым, што мае жонку i дзiця ва ўзросце да трох гадоў. Штогод гэтым правам карыстаецца да 400 ваеннаслужачых, якiя праслужылi менш за паўгода i яшчэ не паспелi атрымаць ваенна-ўлiковую спецыяльнасць, што «негатыўна сказваецца на падрыхтоўцы грамадзян i вядзе да неапраўданых затрат». Таму, у адпаведнасцi з новым законапраектам, адтэрмiноўка будзе прадастаўляцца грамадзянам, якiя маюць жонку, што знаходзiцца ў стане цяжарнасцi. У законапраекце пашыраецца пералiк грамадзян, якiя вызваляюцца ад прызыву на тэрмiновую ваенную службу i службу ў рэзерве. Гэта права будзе прадастаўляцца дзецям-сiротам, дзецям, якiя засталiся без догляду бацькоў, а таксама грамадзянам, блiзкiя родныя якiх пацярпелi пры выкананнi службовых абавязкаў. Законапраектам змяняецца парадак воiнскага ўлiку грамадзян, якiя знаходзяцца за межамi, павялiчваюцца тэрмiны пастаноўкi на воiнскi ўлiк. Так, вядзенне воiнскага ўлiку грамадзян, якiя выязджаюць за межы на тэрмiн больш за 6 месяцаў, будзе здзяйсняцца ваеннымi камiсарыятамi па месцы жыхарства, а не ў дыпламатычных прадстаўнiцтвах i консульскiх установах, як гэта робiцца цяпер. Акрамя таго, павялiчваецца тэрмiн пастаноўкi на воiнскi ўлiк — з тыднёвага на месячны. З заключным словам на сесii Палаты прадстаўнiкоў выступiў намеснiк старшынi нiжняй палаты парламента Сяргей Забалоцец. Паводле яго слоў, 2006 год стаў «самым прадуктыўным за ўвесь дзесяцiгадовы перыяд работы Палаты». У прыватнасцi, нiколi яшчэ не прымалася такой колькасцi законаў у першым чытаннi: 53 са 119 разгледжаных дэпутатамi пытанняў. Асаблiвую значнасць для краiны, лiчыць С. Забалоцец, мае прыняцце праекта бюджэту на 2007 год. На восеньскай сесii быў разгледжаны i шэраг складаных законапраектаў, якiя патрабавалi не адзiн год сур’ёзнай працы. Гэта Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (над iм працавалi з 2000 года), новы Кодэкс аб зямлi (прыняты ў першым чытаннi), новы Мытны кодэкс. Iстотная ўвага парламента была нададзена пытанням дзяржаўнай падтрымкi сем’яў, аховы мацярынства i дзяцiнства, пенсiйнага забеспячэння сiрот i дзяцей, што засталiся без догляду бацькоў, удасканалення заканадаўства аб правах дзiцяцi. Насычанай назваў С. Забалоцец мiжпарламенцкую дзейнасць Палаты прадстаўнiкоў. Так, нашу краiну з афiцыйнымi i рабочымi вiзiтамi наведалi парламенцкiя дэлегацыi ПАР, Кубы, Непала, Малдовы, Турцыi. Асаблiва С. Забалоцец адзначыў удзел дэпутатаў у забеспячэннi адкрытасцi парламенцкага працэсу. Паводле яго слоў, гэта была не толькi праца са сродкамi масавай iнфармацыi, але i тое, што «практычна на кожным пленарным пасяджэннi ў нас былi госцi: дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, работнiкi выканаўчых органаў, школьнiкi, студэнты, прадстаўнiкi рабочай моладзi, iнтэлiгенцыi». Так, з пачатку гэтага года Палату прадстаўнiкоў наведалi 2755 чалавек. С. Забалоцец адзначыў, што ў межсесiйны перыяд «чакаецца не менш напружаная работа». У прыватнасцi, да разгляду ўжо рыхтуецца 75 пытанняў, якiя накiраваны на ўдасканаленне сiстэм адукацыi, аховы здароўя, пенсiйнага забеспячэння, iпатэчнага крэдытавання, прававых асноў падтрымкi малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва, барацьбы з карупцыяй. Акрамя таго, пачата праца па падрыхтоўцы сумеснага з ПА АБСЕ семiнара па пытаннях супрацоўнiцтва Беларусi з Еўрасаюзам. Намеснiк старшынi ПП НС таксама заявiў, што дэпутатам «нельга збаўляць набраных тэмпаў работы ў акругах, тым больш што наперадзе выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў». Ён лiчыць, што змяненнi ў выбарчае заканадаўства, тлумачальная работа ў рэгiёнах, цеснае ўзаемадзеянне з мясцовымi органамi ўлады «дазволiць забяспечыць актыўны ўдзел выбаршчыкаў у выбарах, сфармiраваць прадстаўнiчыя органы на месцах з лiку больш годных грамадзян, якiя сапраўды «хварэюць» за сваiх выбаршчыкаў, за сваю краiну». Падчас урачыстага пасяджэння з вiншаваннямi з нагоды 10-годдзя з дня стварэння Палаты прадстаўнiкоў выступiлi кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Генадзь Нявыглас, прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi, старшыня Дзяржаўнай Думы Расii Барыс Грызлоў, старшыня Канстытуцыйнага Суда Рыгор Васiлевiч i iнш. Як адзначыў падчас свайго выступлення С. Сiдорскi, да 10-годдзя з дня стварэння Палаты прадстаўнiкоў «беларускi парламент падышоў з багажом багатага вопыту заканатворчай дзейнасцi, аўтарытэту, павагi i прафесiйных заслуг, што складае вiзiтную картку гэтага вярхоўнага дзяржаўнага iнстытута ўлады». Ён лiчыць, што ўзаемадзеянне парламента i ўрада дазваляе дакладна i своечасова рыхтаваць асноўныя дакументы краiны — законы. Б. Грызлоў назваў «значнымi i ўражваючымi» вынiкi заканатворчай дзейнасцi Палаты прадстаўнiкоў. Асаблiва ён адзначыў вялiкую ролю беларускага парламента ва ўмацаваннi ўзаемадзеяння Беларусi i Расii. «Дзякуючы вашай дзейнасцi i нашым агульным намаганням, — заявiў Б. Грызлоў, — Нацыянальны сход Беларусi цяпер годна прадстаўлены не толькi ў мiжпарламенцкiх арганiзацыях, якiя аб’ядноўваюць дзяржавы СНД, але i ў Мiжпарламенцкiм саюзе i ў ПА АБСЕ». Паводле яго слоў, Расiя будзе i надалей выступаць супраць спроб iзаляцыi Беларусi на мiжнародным узроўнi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора прайшлi апошнiя пасяджэннi сесiй Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi
|
|