Цацкi, бывае, «кусаюцца»...
Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
Муж прынёс дадому каробку петардаў — нехта падарыў, маўляў, на Новы год парадуеш дзiця. Але наша дачка не любiць выбухi, i я лiчу, што мне ў гэтым пашанцавала. Бо iнакш давялося б альбо рызыкаваць, альбо пазбаўляць дзiця мары.
Праблема ў тым, што ў Мiнску сёння немагчыма купiць гарантавана бяспечную пiратэхнiку. Нягледзячы на тое, што такая пiратэхнiка ёсць. Можна i дакумент атрымаць, якi гэта пацвердзiць. Прадаўцу проста трэба ўзяць дазвол на яе ўвоз ад Дэпартамента праматамнагляду МНС. А потым звярнуцца ў Навукова-даследчы iнстытут пажарнай бяспекi i праблем надзвычайных сiтуацый. Там правядуць выпрабаваннi пiратэхнiкi, i калi яна бяспечная, то дазволяць прадаваць яе легальна. Яшчэ адна ўмова — наяўнасць спецыялiзаванага магазiна. Але, на жаль, за дазволам на рознiчны продаж пiратэхнiкi нi ў Дэпартамент, нi ў НДI яшчэ нiхто не звяртаўся. Пра гэта я са здзiўленнем даведалася ў Вiталiя Навiцкага, прэс-сакратара МНС. Канешне, петарды можна купiць нелегальна i правесцi Новы год з феерверкам, i калi вам пашанцуе, то аб гэтым не пашкадуеце. Толькi так, напэўна, не думаюць тыя 17 чалавек, якiя на мiнулыя Навагоднiя святы няўдала спрабавалi расквецiць мiнскае неба агнямi. Iншая справа — хлапушкi i бенгальскiя агнi: прадаваць i карыстацца iмi пажарныя дазваляюць. Гэтая прадукцыя нават не падлягае сертыфiкацыi. Важна толькi строга прытрымлiвацца iнструкцыi. Праўда, iнструкцыя не прадугледжвае ўсе выпадкi. Напрыклад, тое, што маленькае дзiця можа спужацца. Яшчэ адна небяспека — набыць няякасныя бенгальскiя агнi, зробленыя ледзь не кустарным спосабам. Думаю, менавiта такiмi мая знаёмая прапалiла дзiрку ў новым ваўняным дыване, а я — у лiнолеуме: адвалiўся iскрысты кавалачак. Цяпер я заўсёды ўспамiнаю Каляды, калi хаджу мiма чорнай дзiркi на падлозе. Пазней я ўбачыла бенгальскiя агнi, зробленыя на заводзе: яны адрознiвалiся ўсiм: i ўнушальным дыяметрам дроту, i шчыльнасцю сумесi для запальвання, але галоўнае, на ўпакоўцы быў азначаны тэрмiн карыстання — 18 месяцаў. Я спрабавала на сталiчных рынках адшукаць менавiта такiя бенгальскiя агнi i хлапушкi. Але гэта аказалася няпроста — нiводны прадавец не змог назваць мне нi прадпрыемства, на якiм яны зробленыя, нi краiну, адкуль прывезеныя, iнфармацыя адсутнiчала i на ўпакоўцы. Што ж, без гэтых радасцяў можна i абысцiся. А вось без падарунка пад ёлкай — нiяк. Аднак небяспечнымi могуць быць i звычайныя цацкi — калi яны не сертыфiкаваныя. — Каб цацку прызналi бяспечнай, яна павiнна прайсцi розныя тэсты па фiзiка-механiчных i санiтарна-гiгiенiчных паказчыках, — патлумачыла мне Iрына Захарэнкава, начальнiк сектара аддзела па сертыфiкацыi Беларускага дзяржаўнага iнстытута метралогii. У гэтым Iнстытуце мяккiя цацкi правяраюць на трываласць швоў i на тое, каб фурнiтура была прымацаваная надзейна. Каб дзеткi не змаглi адарваць вочкi ды носiк i праглынуць iх або парваць ляльку i дастаць валакно. Зараз сталi распаўсюджаныя мяккiя цацкi з ушытымi шарыкамi — iх вельмi прыемна i карысна мацаць. Галоўнае патрабаванне для iх — шарыкi павiнны знаходзiцца ў асобным мяшочку. Да таго ж любая якасная забаўка не мае паху, а па знешнiх прыкметах — чыстая, сухая i не лiпкая. Пластмасавыя цацкi правяраюць яшчэ i на змяшчэнне ў iх шкодных рэчываў: старанна мыюць, разразаюць i апускаюць у ваду на пэўны час i пры пэўных умовах. Потым вадзiчку, у якой плавалi рэшткi цацкi, даследуюць ў лабараторыi. У лабараторыi дарослыя не толькi шукаюць шкодныя рэчывы ў дзiцячых забаўках, яны спрабуюць iх «на зуб» i шчыра... цiскаюць. Так упэўнiваюцца ў трываласцi ахоўна-дэкаратыўнага пакрыцця да поту i слiны. Цацкi падзяляюцца на пафарбаваныя ў масе i з паверхневай афарбоўкай. Апошнiя правяраюць на шчыльнасць фiксацыi фарбаў: цяруць цацку i глядзяць, цi сталi рукi рознакаляровымi. Калi гэта адбылося, то такая цацка ў магазiне не з’явiцца. Да бразготак яшчэ больш строгае патрабаванне: з паверхневай афарбоўкай яны i без тэстаў не атрымаюць сертыфiкат, бо могуць нанесцi вялiкую шкоду дзiцячаму здароўю. Бразготкi павiнны быць толькi пафарбаваныя ў масе. Цацкi, прызначаныя для дзетак да трох гадоў, спецыяльна правяраюць яшчэ i на ўтрыманне шкодных металаў, такiх, як сурма, мыш’як, барый, хром, свiнец, марганец, ртуць i селен. Забаўкi для старэйшых правяраюць на ўтрыманне толькi чатырох металаў: свiнец, мыш’як, ртуць i марганец. Увогуле амаль што на кожную ляльку ёсць свой тэст. Напрыклад, конiкаў, на якiх дзеткi любяць гушкацца, правяраюць, цi правiльна ў iх размеркаваны цэнтр цяжару. Кромкi цацкi не павiнны быць вострымi, а дроцiкi — замацаваны так, каб малое не паранiлася. Калi забаўка зборная, то ў яе правяраюць адтулiны: па правiлах яны павiнны быць цi вельмi вялiкiмi, цi занадта малымi, каб дзiцячыя пальчыкi не захраслi. Усе прылады для гульняў правяраюць на мацунак, асаблiва тыя, якiя прызначаны для немаўлят. Супрацоўнiкi лабараторыi кiдаюць iх на жорсткую паверхню. I калi цацкi вытрымлiваюць тры ўдары, то тэст лiчыцца пройдзеным. Важна, каб «дзiцячыя радасцi» мелi дастаткова iнфармацыi для дарослых. На кожнай павiнна знаходзiцца адрасоўка: для дзiцяцi якога ўзросту яна прызначана. Ёсць забаронны знак для дзетак да трох гадоў: кола з перакрэсленым сумным тварыкам. Iснуюць i абавязковыя папярэджваннi, на ўзор: «Асцярожна, змяшчае дробныя дэталi», «Увага, карыстацца на мелкаводдзi толькi пад наглядам дарослых», «Увага, пры карыстаннi надзець ахоўны рыштунак (для ролiкаў i скейтаў), «Увага, не карыстацца каля лiнiй электраперадач» (для лятаючых цацак). Сертыфiкаваныя цацкi заўсёды ўпакаваныя цi ў каробачку, цi ў сетачку, цi ў мяшочак. Гэта, дарэчы, датычыцца i навагоднiх маскарадных касцюмаў. Калi касцюм мае сертыфiкат, гэта значыць, што ён пашыты з тканiн, якiя не з’яўляюцца лёгкімі на ўзгаранне. Нягледзячы на тое, што да дзiцячых цацак так шмат патрабаванняў, большасць з iх у продажы — цалкам бяспечныя. Ва ўсякiм разе, у краме вы не знойдзеце несертыфiкаванай забаўкi. Ды i на рынку, калi робiце выбар, проста папрасiце гэты дакумент. Застаецца яшчэ адна акалiчнасць, звязаная з бяспекай Навагодняга свята, — электрагiрлянда. Дарэчы, гэта адзiнае ўпрыгажэнне для ёлкi, якое павiнна мець сертыфiкат. У адрозненнi ад гiрляндаў з паперы, фольгi i нават ад шклянных шарыкаў i iншых упрыгажэнняў, якiя сертыфiкацыi не падлягаюць. Цацкi, лялькi, падарункi — усё гэта безумоўна, дапамагае стварыць адчуванне свята i, напэўна, важна, каб гэтыя прылады былi цалкам бяспечныя i прыносiлi толькi радасць. Але нельга забываць, што свята — гэта перш за ўсё нагода сабрацца разам, усёй сям’ёй i сказаць адзiн аднаму аб любовi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Муж прынёс дадому каробку петардаў — нехта падарыў, маўляў, на Новы год парадуеш дзiця. Але наша дачка не любiць выбухi, i я лiчу, што мне ў гэтым паш |
|