У абцугах кароставага кляшча
Кароста — заразнае скурнае захворванне, рост якога адзначаецца ва ўсiм свеце.
У многiх гэта хвароба асацыiруецца з людзьмi, якiя вядуць неахайны лад жыцця. Аднак небяспека заразiцца каростай можа падпiльноўваць нас у самых нечаканых месцах. Напрыклад, ваша дзiця можа прынесцi каросту з дзiцячага садка. Або вы самi, пераначаваўшы ў гасцях, можаце падхапiць паразiта з чужой пасцелi або з чужога ручнiка. Блiзкi кантакт з малазнаёмым партнёрам па сэксу таксама можа стаць прычынай заражэння. Узбуджальнiк хваробы — кароставы клешч. Ён мае авальную форму, прычым самка ў 2 разы буйнейшая за самца. Яе даўжыня каля 0,5 мм, а «рост» самца — усяго 0,2 мм. Хваробу выклiкаюць менавiта самкi. Пасля таго, як кляшчы трапляюць на скуру, яны на працягу 10—20 дзён адаптуюцца i актыўна скрыжоўваюцца. Затым самцы гiнуць, а самка пракладвае так званыя кароставыя хады — шараватыя лiнii з дробнымi пухiрамi на канцы або дробныя чырванаватыя ўзвышэннi на скуры з пухiрамi. Хады гэтыя прызначаны для адкладвання яек i развядзення ў iх патомства. Праз 4—5 дзён з яек вылуплiваюцца лiчынкi, якiя адразу ж пачынаюць рабiць новыя хады. Кароставы клешч пранiкае ў паверхневы слой скуры. Як правiла, клешч укараняецца ў тых участках цела хворага, дзе скура найбольш далiкатная i тонкая, дзе яе прасцей пракусiць, каб пранiкнуць углыб. Часцей за ўсё гэта прамежкi памiж пальцамi рук, а ў дзяцей — i ног, локцевыя згiбы, запясцi, складкi пад пахамi, малочныя залозы ў жанчын, ягадзiцы. Па-за арганiзмам чалавека пры пакаёвай тэмпературы кароставы клешч здольны пражыць 2—3 сутак. Пры t +60С кляшчы гiнуць на працягу 1 гадзiны, пры кiпячэннi або мінусавой тэмпературы — гiнуць амаль адразу. Iснуюць прамы i непрамы шляхi заражэння. Пры прамым шляху ўзбуджальнiк пераходзiць непасрэдна ад хворага чалавека да здаровага ў момант цялеснага судакранання. Радзей назiраюцца выпадкi заражэння падчас догляду хворых, масажу i iнш. Пры непрамым шляху заражэнне адбываецца праз споднюю бялiзну, у меншай ступенi праз ручнiк, пальчаткi, мачалкi i г.д. Перадача ўзбуджальнiка хваробы магчымая ў лазнi i саўне, цягнiках або гасцiнiцах пры шматразовым выкарыстаннi пасцельнай бялiзны. Каварства хваробы заключаецца ў тым, што час памiж пападаннем паразiта на скуру i з’яўленнем першых сiмптомаў у сярэднiм складае 2—3 тыднi, за якiя практычна ўсе забываюць месца i абставiны заражэння. Асноўны сiмптом каросты — моцны скурны сверб, якi асаблiва даймае па начах, не дае магчымасцi заснуць, здольны давесцi да нервовага зрыву. Гэта — своеасаблiвая алергiя на прысутнасць кароставага кляшча ў скуры i яго жыццядзейнасць. Акрамя таго, скурны сверб можа ўзнiкаць ад актыўнага руху кляшча ў скуры. Адзнакамi хваробы таксама з’яўляюцца кароставыя хады, раздзiраннi, вузельчыкi, пухiры, гнайнiкi ў месцах лакалiзацыi кароставага кляшча. Часам захворванне працякае ў нетыповых формах — «нарвежская», «дзiцячая», псеўдакароста i iнш., таму для ўстанаўлення дакладнага дыягназу i прызначэння лячэння неабходна звяртацца да ўрача-дэрматолага. Альтэрнатывай традыцыйным метадам лячэння, якiя прызначаюцца ўрачом, з’яўляюцца народныя сродкi. Яны добра сябе зарэкамендавалi i правераны часам. Хлебны квас. Добра пасалiць яго i падагрэць так, каб рука магла трываць. У гэты квас апускаюць рукi некалькi разоў на дзень i трымаюць столькi, колькi можна цярпець. (Гэты рэцэпт прымяняць у тым выпадку, калi хвароба пашкодзiла толькi рукi.) Чысты бярозавы дзёгаць. Змазаць пашкоджаныя месцы, а праз некалькi гадзiн абмыць iх цёплай вадой з вотруб’ем. Лiст лаўровы, сметанковае масла. Лiсце здрабнiць, змяшаць роўнымi часткамi з маслам. Уцiраць у пашкоджаныя месцы. Шкiпiнар — 1 ч. л., сметанковае масла — 2 ст. л. Атрыманай сумессю апрацоўваць хворыя ўчасткi скуры. Свежы сок травы чыстацелу — 1 частка, вазелiн — 4 часткi. Iнгрэдыенты змяшаць i змазваць скуру. Ванны з адварам вербены, старасценю (крестовника). Можна прымяняць адвар з сумесi гэтых траў, а можна з кожнай паасобку. На адну ванну: 30 г здробненай травы (можна разам з карэннем) залiць 1 л кiпеню. Настойваць 3 гадзiны, працадзiць. Дадаваць у ваду пры прыняццi ванны (пажадана перад сном). Ванны з адварам галiнак ядлоўцу. Здробненыя галiнкi залiць халоднай вадой, настойваць 2 гадзiны, кiпяцiць 15 хвілін, працадзiць. Ванну прымаць на ноч. Тэмпература вады 35—36 °С. Працягласць працэдуры — 15—20 хвiлiн. Пры лячэннi каросты трэба выключыць магчымасць паўторнага заражэння ёю. Таму перш за ўсё неабходна змянiць усю пасцельную i споднюю бялiзну хворага, вымыць падлогу ў пакоi з выкарыстаннем дэзiнфекцыйных сродкаў. Бялiзну пракiпяцiць i прапрасаваць. Рэчы, якiя нельга кiпяцiць, прапрасаваць праз вiльготную тканiну i не карыстацца iмi на працягу 7—8 дзён. Плашчы, палiто, футра вывешваюць на адкрытае паветра не менш чым на 5 дзён у цёплую пару года або на дзень пры марозе. Пры наяўнасцi ў сям’i некалькiх хворых на каросту апрацоўку рэчаў праводзяць адначасова. Апрацоўка скуры вонкавымi лекавымi прэпаратамi праводзiцца на працягу некалькiх дзён, i ўвесь гэты час хвораму забаронена прымаць душ. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кароста — заразнае скурнае захворванне, рост якога адзначаецца ва ўсiм свеце
|
|