Нашто табе ведаць?..
Алесь ПАПЛАЎСКI
На конкурс апавяданняў Аляксандр Паплаўскi ў сваiм лiсце да нас пiша, што гэта апавяданне — на маю думку, усё ж хутчэй эсэ — пра яго. Але цi так гэта, цi толькi пра аднаго яно чалавека, мяркуйце самi. Я ж толькi адзначу здольнасць Аляксандра да абагульнення, пачуццёвую шчырасць, якая яднае аўтара з яго чытачом.Вiктар КАЗЬКО. Лiфт спынiўся на пятым паверсе. А можа, на шостым... Якая рознiца, дзверы ў iм усё роўна не адчынялiся. Я спужана зiрнуў на акуратны радок чорных гузiкаў на пульце кiравання i нацiснуў на першы, што трапiў у вочы. Уверсе ажыў рухавiк i пачуўся жалобны скрыгат жалеза. Кабiнка павольна папаўзла па шахце. Праз некаторы час яна спынiлася, аднак дзверы ў ёй так i не адчынiлiся. Страцiўшы ўсялякую надзею выбрацца з гэтага невядомага мне страшыдла, я пачаў хаатычна нацiскаць на чорныя блiскучыя «гузiкi». Лiфт рухаўся ад паверха да паверха, аднак вызвалiцца з яго было немагчыма. Незаўважна маё хваляванне перарасло ў страх i мне падалося, што я губляю прытомнасць. Я сеў на зашмуляны лiнолiум i ад бяссiлля заплакаў... Колькi хвiлiн праплакаў, не памятаю. Можа, дзесяць, а можа, пятнаццаць... Зрэшты, якое гэта мае зараз значэнне. Усё роўна тады я не арыентаваўся ў часе. Я быў жаўтаротым птушанём шасцiгадовага ўзросту i мяне цiкавiлi iншыя пытаннi. Я пачынаў рабiць на гэтай Зямлi свае першыя свядомыя крокi, часам не зусiм упэўненыя i не зусiм правiльныя. Я спатыкаўся, падаў, набiваў сiнякi, спасцiгаў найвялiкшыя тайны быцця. Адкуль мне, вясковаму хлопчыку, было ведаць, што такое лiфт? Мама прывезла мяне ў гэты вялiкi горад да дзядзькi ўсяго на некалькi дзён. I ўсё, што я ў iм убачыў, — убачыў упершыню. Я шмат чаго спасцiгаў тады ў сваiм жыццi ўпершыню. Я мог гадзiнамi назiраць праз вокны дзядзькавай двухпакаёўкi за навакольнымi краявiдамi. Мяне вабiла Неспазнанасць, мяне вабiла Воля. Напэўна, тады ўжо ў маiм дзiцячым розуме фармiравалася нейкая, хоць i расплывiстая, але падобнасць разумення гэтых паняццяў. Я спяшаўся, мне не хапала цярплiвасцi, мне карцела ўвачавiдкi ўпэўнiцца, што гэта такое. I вось аднойчы.... Застаўшыся ў кватэры без дарослых, я палiчыў, што надышоў той зручны момант, каб назаўсёды пакiнуць гэтую клетку з вокнамi ў навакольны свет. Я смела адчынiў дзверы i зрабiў першы крок да Волi. Як выявiлася пазней, спроба гэтая была не зусiм удалай. Хаця... Наплакаўшыся ўдосталь, я выцер рукавом вочы i зiрнуў раздражнёна на пульт кiравання. Мой погляд затрымаўся на белым «гузiку». Ён размяшчаўся на пэўнай адлегласцi ад астатнiх i адрознiваўся не толькi колерам, але i формаю. Я асцярожна нацiснуў на яго пальчыкам i пачаў чакаць. Лiфт не скрануўся, аднак аднекуль са столi, як мне тады падалося, даляцеў мiлагучны жаночы голас: — Гаварыце... Я слухаю вас... Назавiце свой адрас... Што я мог адказаць той жанчыне? Нiчога... Ад безвыходнасцi я зноў заплакаў i пачаў нервова нацiскаць на чорыя «гузiкi». Толькi на гэты раз мая вандроўка памiж паверхамi была непрацяглай. Праз некаторы час святло ў кабiнцы пагасла i лiфт спынiўся. Мой плач перарос у крык. Цемра наганяла страх, i я безвынiкова бiў кулакамi па абшарпаных сценах кабiны. Я лямантаваў, тупацеў нагамi, але мяне нiхто не чуў. Я быў з гэтым светам сам-насам. Пакрысе мае вочы прызвычаiлiся да цемры, i я супакоiўся. Праз няшчыльныя палавiнкi дзвярэй у кабiнку сачылася святло. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што святло сочыцца праз столь, праз падлогу i праз падрапаныя цвiкамi сцены... Гэтыя вузенькiя палоскi нагадвалi шматлiкiя нажавыя парэзы. Здавалася, што спаласаваны нябачнымi нажамi лiфт сцякае крывёю. Цiкавасць прымусiла перастаць плакаць i падысцi блiжэй да дзвярэй. Дрыготкiмi пальцамi я расцiснуў гумовыя пракладкi палавiнак i зазiрнуў у гэты крывавы прарэх — кабiнка застрала памiж паверхамi... Вызвалiлi мяне з лiфта толькi пад вечар. Цётка з плачам падхапiла мяне на рукi i пачала радасна цалаваць. Дзядзька ж, строга зiрнуўшы на яе, прамаўчаў. Аднак потым, у пакоi, ён паклiкаў мяне да сябе i моўчкi кiўнуў на кут. Спрабуючы запярэчыць, цётка кiнулася баранiць мяне, аднак дзядзька быў няўмольны. Ён адштурхнуў яе i, зiрнуўшы ў мой бок, паўтарыў: — Я каму сказаў: марш у кут... I на каленi... Шмат вады сплыло з таго часу. Шмат чаго памянялася ў маiм жыццi. Аднак выпадак той не сцёрся з памяцi. Мянялiся ўражаннi, уяўленнi. Прытупляўся з гадамi i страх перад замкнёнай просторай, набыты мной тады, у лiфце. Усё заставалася ў мiнулым. Усё, акрамя нязручнасцi ад той незразумелай мне дасюль вiны. I няважна зараз, што я тады быў жорстка пакараны (двойчы) за свае першыя няўклюдныя крокi да Волi. Няважна... Бо на ўсё астатняе сваё жыццё ў свядомасцi пасялiлася разуменне, што Воля таксама мае свой кошт, што за яе, як i за ўсё ў гэтым свеце, трэба змагацца. Разуменне гэтае, няхай сабе крыху i дзiцячае, не дае мне разнявольвацца i сёння. З гадамi ўсё часцей мне здаецца, што жыццё нечым падобнае да таго лiфта, дзверы якога вось-вось адчыняцца... А там. .. г. Брэст.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Паплаўскi ў сваiм лiсце да нас пiша, што гэта апавяданне — на маю думку, усё ж хутчэй эсэ — пра яго. Але цi так гэта, цi толькi пра аднаго я |
|