118-гадовая Ганна БАРЫСЕВIЧ: «Каб пiлося ды ялося, трэба нервы берагчы»
Ларыса ЦIМОШЫК
Найстарэйшая жыхарка планеты вып’е навагоднi келiх за здароўе чытачоў «Звязды» Сакрэты свайго даўгалецця самая старэйшая на планеце жыхарка не хавае. «Дзетачка, не прымай ты нiчога да галавы, не псуй нервы, во i пражывеш доўга», — прызнаецца беларуска Ганна Барысевiч, якая збiраецца адзначыць у наступным годзе свой 119 дзень нараджэння. «Дзякуй «Звяздзе» за пажаданнi здароўя. Калi людзi шчыра жадаюць, дык i я за iх гатова чарку кульнуць», — жартуе жанчына. Ганна Адамаўна Барысевiч нарадзiлася 5 мая 1888 у вёсцы Буда пад Чэрвенем. Да 95 гадоў гэтая жанчына прапрацавала спачатку на паноў, а потым на калгас. Сваё доўгае жыццё яна тлумачыць моцнымi нервамi, сталай фiзiчнай працай ды генамi — бабуля па бацьку пражыла 113 гадоў. 2006 год Ганна называе ўдалым. Яна стала не толькi самай старой жыхаркай планеты, але i найстарэйшай у свеце пацыенткай. Сёлета ёй зрабiлi аперацыю на вочы i вярнулi зрок. «Я ажно памаладзела, калi зноўку свет убачыла, ды й памiраць перадумала!» — смяецца Ганна Адамаўна. Вочы Барысевiч бачылi на сваiм вяку Кастрычнiцкую рэвалюцыю, дзве сусветныя вайны ды руйнаванне СССР. Найгоршым перыядам для яе сталi сталiнскiя часы. Муж Iпалiт у 1937 годзе быў абвешчаны ворагам народа i быў сасланы ў Сiбiр. Яна больш не пабралася шлюбам i адна паставiла на ногi траiх дзяцей. «А навошта мне тыя мужыкi? Я сама магла i касiць, i араць, i па гаспадарцы спраўляцца», — сцвярджае Ганна. Яна ўзгадвае, як хавала дзетак у лесе ў час Вялiкай Айчыннай вайны ад фашыстаў i кармiла партызанаў. За сваё доўгае жыццё яна нарадзiла 13 дзяцей, але выжылi толькi трое апошнiх. Сёння ў яе дзве дачкi, сын, 13 унукаў i 3 праўнукi. Ганна Адамаўна жыве разам з 80-гадовай дачкой Нiнай у сваiм доме на ўскрайку Мiнска. Дачка распавяла, што мацi валодае добрым апетытам i аддае перавагу простай сялянскай ежы — хлебу, малаку, салу ды яйкам. Асаблiва ўпадабала свойскую каўбасу. «Куплёнага я не ем, усё яно нейкае нясмачнае, як мыла», — гаворыць Ганна. Яна захавала памяць i цвярозы розум. У 118 год жанчына заводзiць мiлагучную песню «За туманам», прыгадваючы ўсе куплеты народнай песнi ды выбачаючыся за тое, што «голас ужо не той». «Калi табе кепска, то няварта скардзiцца людзям цi Богу. Лепш песню заспявай, з ёй падзялiся ды сам з сабой паразмаўляй-парайся. А потым збярыся ды зрабi як трэба — чалавек усё можа зрабiць сам», — сцвярджае Ганна Адамаўна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Найстарэйшая жыхарка планеты вып’е навагоднi келiх за здароўе чытачоў «Звязды» |
|