Беларускае шчасце з японскiм каларытам
Ларыса ЦIМОШЫК
Добра там, дзе мы ёсць Мы такiя розныя, але нас аб’ядноўвае адно: мы жывём у Беларусi. Статыстыка гаворыць, што 81 працэнт усяго насельнiцтва нашай краiны складаюць беларусы. Але лiчбамi не вымераць колькасць гасцiннасцi тых жа беларусаў, якiя заўсёды былi гатовыя прыняць гасцей, даць прытулак тым, хто быў вымушаны пакiнуць сваю зямлю, або проста ехаў сюды ў пошуках лепшай долi цi асабiстага шчасця.Сёння ў нашай краiне пражываюць прадстаўнiкi 130 нацыянальнасцяў i народнасцяў, якiя шануюць нашы традыцыi, святы, але не забываюць i пра свае. Сярод гэтых людзей —паводле апошняга перапiсу насельнiцтва 1999 года — шмат рускiх (больш за 11 працэнтаў), палякаў (3,9 працэнта), украiнцаў (2,4), 0,3 працэнта яўрэяў. Няма нiчога дзiўнага i ў тым, што сёння на нашай зямлi жывуць прадстаўнiкi ўсiх былых савецкiх рэспублiк. Але з тых часоў, калi Беларусь набыла незалежнасць, яна прываблiвае людзей з далёкiх i экзатычных для нас краiн, якiя нават хочуць тут застацца i працаваць. У iх ёсць магчымасць рэалiзавацца тут i прынесцi карысць краiне, якая дае магчымасць пачувацца нармальна, будаваць планы, марыць. Яна дае магчымасць быць годным чалавекам. Яна — гэта найперш людзi, слаўныя сваёй цярпiмасцю, дабрынёй, гасцiннасцю. Можа таму ад нас не бягуць. Да нас па-ранейшаму едуць. Сем колераў вясёлкi — гэта сем колераў радасцi, шчасця, спадзявання для самых розных людзей, якiм лёс дапамагае пераадольваць адлегласцi ў тысячы кiламетраў i перасякаць па некалькi межаў, для таго, каб знайсцi сябе ў нейкай таямнiчай для iх краiне. Напрыклад, у Беларусi. Японскiя дзяўчаты Юмi Фудзiвара i Рына Iвакiры ў нашай краiне здолелi рэалiзавацца прафесiйна — яны працуюць сёння ў балетнай трупе беларускага Музычнага тэатра. Але кожная з iх знайшла тут i сваё чалавечае шчасце. Ю+В Юмi з дзяцiнства марыла пра балет. Дома, у Японii, дзяўчынка займалася ў балетнай студыi. Яе мама, сапраўдная балетаманка, верыла, што ў дачушкi ўсё можа атрымацца, калi ведаць, дзе вучыцца. А яна ведала, што школа савецкага балета славiцца ва ўсiм свеце. Менавiта бацькi параiлi Юмi паехаць вучыцца харэаграфii ў Савецкi Саюз. Такая магчымасць была — праз таварыства япона-савецкага сяброўства. Юмi Фудзiвара размеркавалi ў Мiнск. У Мiнскiм харэаграфiчным каледжы дзяўчынка адразу пасябравала з беларускiмi хлопцамi i дзяўчатамi, хуценька навучылася iх разумець без размоўнiка. А праз паўгода загаварыла сама. Новыя сябры аказалiся такiмi ж, як i яна апантанымi балетам. Але асаблiва сваiм для Юмi неяк незаўважна стаў Вiталь. Спачатку яны былi проста сакурснiкамi, потым сябрамi, потым закаханымi. I ён да заканчэння вучобы ўжо ведаў: калi гэтае чарнявае дзяўчо з мiндалепадобнымi вачыма з’едзе на радзiму назаўсёды, яму доўга-доўга прыйдзецца вылечвацца ад суму. Яна-такi з’ехала, калi адвучылася. Але яны ведалi, што павiнны будуць сустрэцца: Юмi абяцалi зрабiць запрашэнне на працу ў Адэскi тэатр, яна чакала яго дома. Але навiны, якiя прыходзiлi з Саюза, ставiлi больш пытанняў, чым давалi адказаў. Iшоў час, i Юмi зразумела, што былыя дамоўленасцi ўжо не працуюць. Яна ўладкавалася ў адну са шматлiкiх балетных труп Токiо. — Там зусiм не такая сiстэма працы, як тут. У Японii ў балеце прасцей знайсцi працу мужчынам. Для жанчын гэта больш хобi, — распавядае Юмi Фудзiвара. — Дзяўчаты працуюць хто афiцыянткай, хто ў офiсе, а балет —— для душы, у вольны ад працы час. Як тут фiтнес. А калi балет iснуе дзеля задавальнення, то стабiльны заробак таксама не прадугледжаны. Калi ты прафесiянал, то павiнен жа нешта атрымлiваць за сваю працу, павiнен i расцi творча. Я не адна была з такiмi думкамi. Падчас працы ў Токiо я пазнаёмiлася з Рынай Iвакiры. Яна таксама марыла пра прафесiйны балет. Выпадкова мы з ёй сустрэлiся ўжо ў Мiнску, куды я ўсё-такi вярнулася праз два гады. Два гады тэлефанаванняў, лiстоў, мараў i спрэчак з самiм сабой: а што, калi ўсё-такi яна не вернецца?.. У Музычным тэатры, куды Вiталь Краснаглазаў пайшоў працаваць, бачылi i разумелi яго стан. I аднойчы прапанавалi: можна зрабiць Юмi запрашэнне ад нашага тэатра, толькi спачатку яна павiнна прыехаць i паказацца, у якой форме знаходзiцца. Бацькi адпусцiлi дачку з лёгкасцю, таму што даўно ведалi пра Вiталя i разумелi, чаму яе так цягне ў Мiнск. Цiкавая праца — само сабой, але, вiдаць, хлопец добры. I ўсё-такi ж закаханы, зразумела Юмi, атрымаўшы пры сустрэчы з яго рук букет любiмых бардовых руж... — Так здарылася, што пакахаў я японку, — гаворыць Вiталь Краснаглазаў. — Маiм бацькам заставалася толькi прыняць мой выбар. Зрэшты, яны i самi — прыклад добрых мiжнацыянальных адносiнаў. Тата — з данскiх казакоў, мама — украiнка, жывуць у Мiнску. Яны вельмi лёгка сыходзяцца з людзьмi, выдатна паразумелiся з Юмi. Мы два гады жылi разам з бацькамi, перш, чым ажанiлiся i аддзялiлiся. Вяселле было ў беларускiх традыцыях: нявеста ў белай вясельнай сукенцы, застолле ў рэстаране, песнi, танцы, крыкi «Горка!» Спецыяльна прыязджалi яе бацькi з Японii, былi вельмi шчаслiвыя. Потым яны былi ў Мiнску яшчэ раз — на нараджэннi нашага дзiцяцi. Нашы бацькi цудоўна сышлiся памiж сабой. Цяпер бывае так, што яе мама тэлефануе з Японii, нас няма дома, а дзiця прыйшла глядзець мая мама. Дзве бабулi памiж сабой умудраюцца размаўляць па тэлефоне. Адна — на сваёй мове, другая — на сваёй, адна другую не разумеюць, але смяюцца, i так iм у гэты момант добра... Мiша Сыну Юмi i Вiталя зараз восем гадоў. Вырашылi: будзе дзяўчынка — мама прыдумае iмя, а калi хлопчык — тата назаве. Мiша Краснаглазаў на маленькiм фотаздымачку выглядае вельмi сур’ёзным хлопчыкам. «Размаўляе па—японску?» — здагадваюся я. Разумее па-японску, але тут не гаворыць. Штогод сям’я ездзiць у адпачынак да бацькоў Юмi. Прасцей за ўсё да новых умоў прыстасоўваецца нават не мама, а Мiша. Усё адразу разумее, а праз тыдзень i сам пераходзiць на японскую. Тата просiць сына аб чым-небудзь, а той яму так важна: «Тата, ты ў якой краiне? Кажы мне па-японску...» Пакуль тата складзе якую-небудзь больш-менш стройную фразу, Мiша ўжо паспее выканаць яго просьбу. Бабуля радуецца, гледзячы на ўнука, нi ў чым яму адмовiць не можа, той ведае — i карыстаецца, асаблiва, калi ў краму разам з ёй iдзе. Там i без слоў зразумелыя ўсе жаданнi хлопчыка. У нявесткi са свякроўкай склалiся вельмi цёплыя адносiны. «Часам мне здаецца, што да мяне яна адносiцца лепш, чым да ўласнага сына. I я яе вельмi паважаю», — гаворыць Юмi. Менавiта бабулi належала iдэя ахрысцiць хлопчыка па праваслаўнаму абраду. Спытала ў нявесткi, цi не супраць яна будзе? Юмi засталася ў традыцыйнай для японцаў сiнтаiсцкай рэлiгii. А сын жа — мясцовы... Хоць з задавальненнем японскую барацьбу джыў—джытсу асвойвае —бацькi выпадкова яго туды прыстроiлi. Не расчаравалiся — хлопчык перастаў хварэць. Праўда, як многiя японскiя дзецi, аддае перавагу сур’ёзным цацкам, таму ж камп’ютару. У Мiшы Краснаглазава з маленства была рэдкая для дзiцяцi прывiлея — бываць у тэатры. Ён у тэатры лiтаральна рос, усе яго тут ведаюць. На рэпетыцыях сядзеў, на спектаклях. Добра ведае тыя, дзе ўдзельнiчаюць бацькi. Маму выглядвае ў «Шчаўкунчыку» i «Бурацiна.by», а тата яму асаблiва падабаецца ў ролi Мефiста. I сам хлопчык нешта спрабуе танцаваць. Калi меркаваць па школьных поспехах, то творчыя схiльнасцi ёсць — настаўнiца хвалiць, што чытае з выражэннем. Але бацькi не спяшаюцца рабiць вывады i скiроўваць увагу хлопчыка на сцэну. Дом «У балеце ў мужчыны цяжкая праца», — кажа Вiталь Краснаглазаў, салiст балета Музычнага тэатра. Адна справа — калi носiш на руках жонку, але яна яго партнёркай на сцэне даўно не была... Затое з другой японкай —Рынай Iвакiры — Вiталь танцаваў у дуэце. Вось каго сапраўды выпадак прывёў у Беларусь! У 2000 годзе Рына прыехала стажыравацца ў Вялiкiм тэатры Беларусi, у трупе Елiзар’ева. На адным прыёме выпадкова сустрэла знаёмую па Токiо i моцна здзiвiлася. Юмi даведалася, што Рына хацела б працаваць у балетнай трупе ў Расii цi Беларусi. Яна заўсёды бала мэтанакiраванай дзяўчынай i ўпарта працавала над тэхнiкай, выступала на мiжнародных конкурсах, станавiлася лаўрэаткай. Юмi падказала, што ў Мiнску ёсць яшчэ балетная трупа Музычнага тэатра. Рына была яшчэ стажоркай у Вялiкiм тэатры, калi Юмi з Вiталем запрасiлi яе да сябе ў госцi. Там жа быў iх сябар Рыгор Крукоўскi, салiст балета Музычнага тэатра. Усходняя прыгажуня, сцiплая i трошкi разгубленая, яму вельмi спадабалася. А можа ён адчуў, што дзяўчыне патрэбны блiзкi чалавек у другой краiне, верны сябар? Праз пэўны час Рына стала адной з салiстак балетнай трупы Музычнага тэатра. З беларускiм хлопцам Рыгорам яны разам утварылi цудоўную пару. Прынамсi, з яе бацькамi ён ужо пазнаёмiўся, ездзiў у Японiю. Жыць i працаваць яны вырашылi тут. — Для нас само сабой было зразумела, што будзем жыць у Мiнску, — гаворыць Юмi Фудзiвара. — Дом у чалавека там, дзе ён патрэбны, я думаю. У Японii, магчыма, прасцей у бытавым плане, але тут у нас ужо склалася жыццё, мы нiкуды не хочам. Я даўно ў Беларусi, прывыкла. Адносiны памiж людзьмi тут складваюцца лягчэй i прасцей, мяне выдатна прынялi ў трупе, у мяне шмат сяброў, на радзiме столькi няма. У прыродзе японцаў ёсць нейкая скрытнасць, якую я адразу адчуваю, калi прыязджаю ў адпачынак. Месяц прыжыць у бацькоў мне ўжо нават цяжкавата. Мне больш падабаюцца адкрытыя душы. — Лягчэй японцу прывыкнуць да нашага ладу жыцця, чым беларусу да iхняга, — падтрымлiвае жонку Вiталь Краснаглазаў. — У iх вельмi шмат умоўнасцяў. Усё—такi iншы менталiтэт, iншая краiна, iншы клiмат, iншыя людзi. А ў нас больш вольныя людзi. I Юмi такая стала — вельмi доўга вучылася i жыла ў Еўропе. Яна ўсё—такi не японская жонка. Хоць традыцыi сваёй краiны памятае i заўсёды мне падказвае, што i як трэба рабiць, каб не сесцi ў лужыну перад яе роднымi. Але ёсць агульная традыцыя для японцаў i для беларусаў. Новы год — свята, якое любяць i там, i тут, прычым прыходзiць яно ў дзве краiны па Еўрапейскаму календару. Толькi там — гэта больш цiхае сямейнае свята, а тут яго прыход суправаджаецца ажыятажам. I там, i тут ёсць традыцыя ўпрыгожваць дрэва. I там, i тут накрываюць святочны стол. Толькi ў далёкай ад нас краiне гатуюць стравы на некалькi дзён наперад, каб у святочныя днi больш увогуле нiчога не рабiць. У Японii для навагодняга стала iснуюць спецыяльныя стравы. Любяць гатаваць смажаны салодкi каштан, абавязкова — сушы. Юмi на Новы год заўсёды гатуе сушы. Навучыла iх рабiць сваю мiнскую маму. З ёй яны звычайна разам рыхтуюць святочны стол. Нявестка робiць што—небудзь з японскай кухнi. Мацi — з мясцовай. Мужчыны задаволены. У сям’i атрымлiваецца сапраўднае iнтэрнацыянальнае свята, якое крочыць па ўсёй планеце, звязваючы краiны i людзей звычайнымi марамi пра шчасце.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы такiя розныя, але нас аб’ядноўвае адно: мы жывём у Беларусi. Статыстыка гаворыць, што 81 працэнт усяго насельнiцтва нашай краiны складаюць беларусы
|
|