На Новы год хочацца атрымаць цёплыя адносiны... i нiякага свiнства!Пытанне ў тэму Дзе сустрэнуць свята i што чакаюць у падарунак беларускiя зоркi?Мы з калегамi ўжо амаль дакладна ведаем, як адзначым надыходзячы 2007 год, а некаторыя нават складаюць спiс жаданых падарункаў. Мяркуючы па чэргах паўсюль — ад гiпермаркетаў да рынкаў — суграмадзяне заклапочаны тым жа пытаннем. I няхай надвор’е пакуль не спрыяе настроiцца на «белае свята», гэта не нагода, каб увогуле да яго не рыхтавацца. «А дзе вы сустрэнеце Новы год i што хацелi б атрымаць у падарунак?» — з такiм пытаннем «Звязда» звярнулася да асоб, большую частку якiх мы ўбачым за святочным сталом — у сэнсе, не ў сябе ў гасцях, а на тэлеэкранах у розных там праектах. Святлана БАРОЎСКАЯ, тэлевядучая: — Так, я ўжо ведаю, дзе буду сустракаць свята. Мы з мужам пабудавалi за горадам, 80 км ад Мiнска, дом — у вельмi прыгожым месцы, падобным па стылю на альпiйскую вёсачку. Там i хочам, з маiмi бацькамi, з нашымi дзеткамi, з Толем, якi спецыяльна прыедзе з Масквы, сустрэць Новы год. Упершыню наладзiм ёлку ў двары, феерверкi — так будзе незвычайна i, можа, нават экзатычна. Звычайна мы ўжо ў гадзiну ночы стамляемся i кладзёмся спаць, перацякаючы са старога ў новы год плаўна, незаўважна. Для сябе я хачу падарункi, напэўна, нерэальныя — як любая жанчына, жадаю таго, што ўпрыгожыць асабiста мяне: прыгожую машыну, убор, прыгожую рэч у дом — не «па гаспадарцы» прас або пыласос, а нешта сапраўды прыгожае. Але зараз я збольшага ў дзецях — такi стан, калi кажуць «дзiця есць, а табе смачна». I таму падрыхтую падарункi для iх, цэлую гару пакункаў, прычым для кожнага скрыначкi аднолькавага колеру. Старэйшаму сыну — здагадайцеся з трох разоў, што жадае атрымаць хлопец у 11-м класе: ноутбук, наварочаную гульнявую прыстаўку альбо нiчога. Малодшаму — чатыры або пяць падарункаў з цацкамi, казачнымi героямi. Мужу абавязкова набуду штосьцi прыгожае i рамантычнае, што ўпрыгожыць яго як акцёра. Iрына ДАРАФЕЕВА, спявачка: — Я буду працаваць, як заўжды (смяецца). Якраз у святочную ноч, толькi ў розны час выступаю на нашых гарналыжных курортах — у Сiлiчах i Лагойску. Наконт падарунка — у мяне вельмi многа жаданняў, i яны такiя маштабныя, што я баюся казаць, каб не сурочыць... Думаю, усе свае падарункi я паспею зрабiць сабе сама да Новага года. Лiтаральна гэтымi днямi я ўдзельнiчаю ў маштабнай акцыi ў родным горадзе Магiлёве, убачу маму, падару ёй песню i ўдакладню, што яна хацела б атрымаць у падарунак. А пасля Новага года, 7 студзеня, падарунак чакае ўсiх аматараў добрай музыкi: у Белдзяржфiлармонii пройдзе жывы канцэрт, на якiм выступяць такiя цудоўныя артысты, як Пётр Елфiмаў, гурты «Новы Iерусалiм» i «Камерата», Алег Сямёнаў, Георгiй Калдун, таксама са мной будзе спяваць легендарны «пясняр» Анатоль Кашапараў. Усiх запрашаю, натуральна, прыйсцi i паслухаць — паверце, гэта будзе незабыўнае выступленне. Сяргей КУХТО, вядучы праграмы «Ваша лато», генеральны прадзюсар тэлеканала «ЛАД»: — Я скажу пра сваю мару, можна? Я мару сустрэць Новы год са сваiмi бацькамi i прыкладу максiмум намаганняў, каб гэта здарылася, але маме з татам пакуль пра тое не кажу, бо не хачу, каб яны чакалi i расчаравалiся, калi нешта не атрымаецца. Але вельмi хачу, бо такога Новага года ў мяне не было гадоў, мусiць, 12. Хочацца проста загадаць жаданнi, узняць келiх i пагутарыць з бацькамi, сказаць iм дзякуй — нiкуды не спяшацца, нiкому не быць абавязаным нешта тэрмiнова зрабiць... Якога падарунка хацелася б? Не ведаю... Напэўна, шахматы. Бо гэта такая гульня, у якую нельга гуляць аднаму i на хаду, у мiтуснi — у яе трэба гуляць дома, ва ўтульнай i спакойнай абстаноўцы. Сваiх старэйшую i малодшую сясцёр я «азадачыў» даведацца, чаго хацелi б нашы бацькi. Бо ў мяне завялiся грошы, i хочацца патрацiць iх на бацькоў, не проста прывезцi прадуктаў, а зрабiць падарунак памятны i знакавы. Вiктар ПШАНIЧНЫ, спявак: — Думаю, што сам Новы год я правяду на працы, а калi ўжо адвыступаюся, адзначу ў коле сям’i. Бо Новы год, я лiчу, гэта ўсё ж сямейнае свята. Наступны год, мiж iншым — мой! Што хацеў бы атрымаць у падарунак? Натуральна, добрую песню. Тым больш, думаю, мой пастаянны i любiмы аўтар Леанiд Вайтовiч не падвядзе. Праўда, я нядаўна адзначаў дзень нараджэння, i магчыма, што большасць падарункаў ужо атрымаў. Сям’i i сябрам пакуль нiчога не набыў — хоць ужо i трэба задумацца над гэтым, але пакуль што не хапае часу. У спявачкi Соrriаn’ы мы найперш удакладнiлi, якi Новы год яна будзе святкаваць — «наш», заходнi або кiтайскi, якi выпадае на 18 лютага. — А ў мяне, шчыра кажучы, свята кожны дзень! — рассмяялася Каця. — Думаю, буду на працы — дакладна на сцэне. Выйду са шкляначкай соку i буду прамаўляць прыемныя пажаданнi. Магчыма, вазьму ўдзел у нейкiх канцэртах, якiя наладзiць кiтайскае пасольства, але гэта яшчэ не вызначана. Калi казаць пра падарункi, нiчога матэрыяльнага мне не хочацца — я ведаю, што ўсiх мэтаў, якiя паставiла сабе на год, хутка дасягну i нават перавыканаю, я атрымала ўсё, чаго жадала. I зусiм не баюся, калi падораць свiнню — ды калi ласка, хоць жырафа! ...Насамрэч хачу, каб у новым годзе я знайшла сваё сапраўднае каханне. Усяго астатняга ў жыццi хапае. Знаёмым, думаю, па традыцыi падару нейкiя дробязi ў кiтайскiм стылi, а добрым сябрам — рэчы карысныя, тое, што гучала з iхнiх вуснаў на працягу апошняга паўгоддзя. Увогуле хацелася б павiншаваць сяброў нейкiм прыколам, але пакуль не ведаю, як лепш гэта зрабiць. Распытвала Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе сустрэнуць свята i што чакаюць у падарунак беларускiя зоркi? |
|