Святочная казка
Георгiй Марчук
Пяцігадовы Антон i ягоная шасцiгадовая сястра Света жылi ў вялiкiм горадзе. Яны нiколi не бачылi свайго дзядулю, якi жыў на вёсцы далёка ад горада.
У гэты год зiма надарылася суровая i снежная. Халады былi такiя, што не толькi вераб’i ды галкi — нават вароны i тыя шторанiцы прыляталi да акна, стукалi дзюбамi ў шыбу, просячы хлебца ды кашы. Шмат хто з дзяцей i дарослых хварэў. Зразумела: зiмовыя днi кароткiя. Дзiцячы садок закрылi на каранцiн, бо дзеткi хварэлi на грып, а некаторыя з iх нават трапiлi ў бальнiцу. Антон i Света таксама, на жаль, не засцераглiся ад хваробы. Але яны не баялiся доктара, прымалi ўсё лекi i вiтамiны, якiя ён iм прызначыў. Хварэць заўсёды кепска, а хварэць доўга, седзячы ў хаце, увогуле невыносна. Паступова сонейка адужала мароз ды холад. Яно расхiнула нябёсы насустрач вясне, i яна прыйшла ў горад. Антон i Света разам з бацькам выйшлi на прагулку. Паўсюдна яшчэ ляжаў снег, але спрытныя вераб’i i цiхмяныя галубы ўжо пiлi першую ваду з лужын. Бацька вырашыў паказаць Антону i Свеце школу, у якую iх восенню мелiся аддаць вучыцца. На невялiкiм пастаменце перад школаю дзецi ўбачылi самы сапраўдны самалёт. Метал, з якога ён быў зроблены, як люстэрка, адбiваў сонечныя промнi. Яны падышлi блiжэй. З крылаў падалi на пастамент буйныя кроплi вады. — Што гэта? — запытала Света. — Гэта самалёт плача, — адказаў вынаходлiвы Антон. — Тата, а чаму самалёт плача? — пацiкавiлася Света. — Чаму? — задумаўся на хвiлiну тата i адказаў: —Таму што ён не лятае. — А чаму ён не лятае? — запытаў ужо Антон. — Лётчык, якi ў час вайны лятаў на гэтым самалёце-знiшчальнiку, загiнуў смерцю героя. Яму таксама паставiлi помнiк. — Дзе? — разам запыталiся Антон i Света. — На Алеi Славы ў парку, — адказаў тата. — А можна паглядзець на яго? — раптам прапанавала Света. — А вы не стамiлiся? — хваляваўся бацька. — Не, — дружна адказалi дзецi. I ўсе яны разам на метро паехалi ў парк. Неўзабаве апынулiся i на Алеi Славы. — Вось славуты лётчык нашага знiшчальнiка, — бацька паказаў на чалавечую постаць у шлеме. Антон i Света здзiўлена i ўважлiва глядзелi лiтаральна ў вочы лётчыку. — А ведаеш, давай яго цiхенька папросiм, хай ён уначы, калi нiхто не бачыць, прыйдзе да свайго самалёта i палятае на iм. Узляцiць у неба, зробiць круг i вернецца назад. Мы паабяцаем яму, што будзем добра вучыцца i гэтак жа шчыра баранiць нашу Беларусь, — нечакана прапанавала Света. — Давай. Толькi яму трэба далёка iсцi, — згадзiўся Антон. — Яны, помнiкi, iдуць сямiмiльнымi крокамi, — адказала Света. — Адкуль ты ведаеш? — Хiба ты не памятаеш нашу любiмую казку «Прыгоды Нiльса»? Усе помнiкi пасярод ночы, калi ўсе спяць, вандруюць па горадзе. I тады Антон i Света вельмi сур’ёзна, паўшэптам, каб бацька не пачуў, — адразу вырашылi, што гэта будзе iхняя таямнiца, — папрасiлi лётчыка ўратаваць самалёт ад тугi i самоты. Як толькi ў доме ўсе паснулi — тата, мама i кот Кузя, — Антон i Света падышлi да акна i пачалi пiльна ўглядацца ў неба, дзе ззяла мноства зорак. Ягоныя глыбiня i таямнiчасць адбiвалiся ў яркiм месячным святле. Стаялi Антон i Света доўга, вельмi доўга, але самалёт так i не з’явiўся. Раззлаваныя i засмучаныя дзецi з ранiцы расказалi мацi пра сваю таямнiцу. — Чаму ён не прыйшоў, як ты думаеш? — з сумам спытала Света. — Я веру ў тое, што ён мусiў прыйсцi. Можа, яму што перашкодзiла? У Алеi Славы помнiк лётчыку стаiць першым? — Так, — адказалi дзецi. — На нагах у яго вялiкiя боты? — Так. Падобныя на дзядулевы валёнкi... на фотцы. — Я здагадваюся, чаму ён не прыйшоў да свайго самалёта, — сказала мацi. — Чаму? — хуценька запыталi Антон i Света. — На маю думку... як я памятаю... у яго адламаная кiсць рукi. — А хто яе адламаў? — Хулiганы, вiдаць. — Што ж рабiць? Што? — яшчэ больш засмуцiўся Антон. — Трэба дапамагчы. Вылечыць. Хадзем да доктара, — прапанавала Света. — Ёсць выйсце. Праз тыдзень мы едзем у госцi да нашага дзядулi ў вёску. Ён у нас хто? — спытала мацi. — Каваль! — адразу адказаў Антон. — Менавiта так. Скульптуры i помнiкi лечыць не доктар, а скульптар i каваль. Я пераканана, што ён дапаможа нам, — супакоiла дзяцей мацi. Як жа доўга цягнуўся гэты тыдзень! Антон i Света ўжо ў сераду склалi ў рукзак свае рэчы, паклалi ў скрыначку падарунак для дзядулi — сотавы тэлефон. Разам з бацькам яны амаль штодзень прыходзiлi да самалёта. З ягоных крылаў па-ранейшаму цяклi слёзы. Дзядуля Сцяпан Iванавiч быў вельмi старэнькi. Ён быў сiвы, як голуб, i меў гэткiя ж бялявыя вусы. Ён ужо даўно не працаваў у кузнi, але ахвотна згадзiўся дапамагчы ўнукам. Дзецi таксама не сядзелi склаўшы рукi: раздзьмухвалi мяхамi ў горне агонь, падавалi дзядулю абцугi, Антон нават пастукаў па гарачым метале маленькiм малаточкам. Пад вечар рука атрымалася, як жывая. Усё ж такi было бачна, што дзядуля iхнi — вялiкi майстар i нездарма iм ганарыцца ўся вёска. Унукi так палюбiлi свайго дзеда, што нават не хацелi ад’язджаць, але ў горадзе iх чакалi справы. Дзядуля паабяцаў, што будзе штовечар таксама выходзiць на ганак, глядзець на неба i чакаць знiшчальнiка. Унукi расцалавалi дзеда i паехалi ў горад. Бацька неўзабаве адшукаў скульптара, якi ствараў Алею герояў Славы, i яны разам аднавiлi руку скульптуры. Два днi i дзве ночы дзяжурылi ля акна свайго пакоя Антон i Света. Аднак самалёт усё не з’яўляўся. Але вось надышоў дзень 9 мая — дзень Вялiкай Перамогi нашага народа ў вайне з ворагам. Святочна i велiчна луналi сцягi, на свята прыйшлi ўсе жыхары горада — i старыя, i малыя. Гралi духавыя аркестры, людзi абдымалiся адно з адным, радавалiся. А ўвечары неба асвяцiлася святочным салютам. Антон прапанаваў пайсцi да самалёта. Усе пагадзiлiся. Якое ж было здзiўленне, калi высветлiлася, што самалёта на месцы няма. Навокал было цiха. Горад ужо спаў. — Ён паляцеў, ён паляцеў! — радасна ўсклiкнуў Антон. — Давайце пачакаем, пакуль ён вернецца! — прапанавала Света. Бацькi згадзiлiся. Бацька пазванiў па сотавым тэлефоне дзядулю i пацiкавiўся, цi бачыць ён самалёт? — Бачу, бачу! Ён зараз ляцiць над нашай вёскай, — радасна адказаў па тэлефоне дзядуля. Чакаць засталося нядоўга. У хуткiм часе ў небе з’явiўся знiшчальнiк. Ён зрабiў адзiн круг, другi, адзiн вiраж, другi i раптам каменем пайшоў унiз. Усе жахнулiся. Але самалёт зноў узняўся ў неба. — Гэта мёртвая пятля Несцерава, — супакоiў усiх Антон. Яшчэ iмгненне — i лётчык па-майстэрску пасадзiў свой самалёт на ранейшае месца на пастаменце. З кабiны ён вiтальна памахаў дзецям рукой, спрытна саскочыў на зямлю i сямiмiльнымi крокамi, нi на каго не звяртаючы ўвагi, накiраваўся да парку, да Алеi Славы. Доўга не маглi заснуць шчаслiвыя Антон i Света. Бацька растлумачыў iм, што лётчык хутчэй за ўсё ўзнiмаецца ў неба на самалёце адзiн раз на год менавiта ў ноч на 9 Мая. Дзецi ў дзiцячым садку не далi веры расказу Антона i Светы пра тое, што з iмi здарылася ўвесну, а тыя з дзяцей, хто даў веры, вырашылi разам з Антонам зрабiцца лётчыкамi, як вырастуць, каб годна абараняць сваю любiмую i цудоўную радзiму.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пяцігадовы Антон i ягоная шасцiгадовая сястра Света жылi ў вялiкiм горадзе. Яны нiколi не бачылi свайго дзядулю, якi жыў на вёсцы далёка ад горада |
|