Валерый ШАРЫЙ, алiмпiйскi чэмпiён па цяжкай атлетыцы: «Я падняў 25 тысяч тон металу»
Дабрадушная жывёла, якой пасля працоўнага дня не хапае сiл трымацца на нагах, i яна прылегла адпачыць. Што за iстота такая, як мяркуеце? Менавiта так пiсаў у сваёй кнiзе «Спорт — жыццё маё» вядомы беларускi цяжкаатлет Валерый Шарый аб штанзе. У свае 60 гадоў алiмпiйскi чэмпiён Манрэаля-1976 перадае свае сакрэты новаму пакаленню атлетаў у вучылiшчы алiмпiйскага рэзерву Мiнскай вобласцi, школе iмя Валерыя Шарыя, ды i сам дасюль трэнiруецца. Днямi Валерый Пятровiч не толькi адзначыў свой юбiлей, але i быў узнагароджаны медалём Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта «За выдатныя поспехi».
— На стэндзе ля ўваходу ў школу пабачыла ваш выраз «Заўжды трэба iмкнуцца дасягнуць пастаўленай мэты». Пэўна, гэтай мэтай было адкрыццё школы iмя Валерыя Шарыя? — Самай вялiкай маёй марай было стаць алiмпiйскiм чэмпiёнам. А каб школа па цяжкай атлетыцы называлася маiм iмем, я нават не думаў, хоць, зразумела, нiколi не быў супраць гэтага. Мне, наадварот, вельмi прыемна. А ажыццявiлася ўсё дзякуючы Генадзю Аляксандравiчу Кецко, якi ўзначальвае алiмпiйскi нацыянальны камiтэт Мiнскай вобласцi. Якраз знайшлося паўпадвальнае памяшканне ў «Алiмпе» i — тры гады таму адкрылася школа iмя Валерыя Шарыя, а затым у тым жа памяшканнi з’явiлася i школа алiмпiйскай чэмпiёнкi па мастацкай гiмнастыцы Марыны Лобач. Цiкава, што трэнерам у маёй школе я паставiў свайго вучня Аляксандра Лобача (траўма не дазволiла яму раскрыцца ў спорце), i вось якое супадзенне атрымалася: два Лобачы пад адным дахам, але яны не родныя. — Напэўна, шмат жадаючых трэнiравацца ў школе iмя Валерыя Шарыя? — Спачатку прыйшло чалавек сто, а зараз займаецца толькi 18 хлопцаў i адна дзяўчына, затое ходзяць пастаянна. Сярод iх ёсць вельмi перспектыўныя. Напрыклад, Арцём Умбрыян 1993 года нараджэння: сярод сваiх аднагодкаў ён ужо выйграў чэмпiянат краiны. Дарэчы, разам з Арцёмам у школе трэнiруецца яго брат-двайнятка Артур. — Адбор спартсменаў вельмi строгi, цi можа прыйсцi любы жадаючы? — Любы, але з добрай фiзiчнай падрыхтоўкай, а то неяк прыходзiлi хлопцы: паднялi 20 кiлаграмаў, прыселi i ўпалi. Ногi курыныя, а трэба паднiмаць 50, 70, 80 кiлаграмаў, быць дужым. У прыватнасцi, Арцём Умбрыян важыць 42 кiлаграмы, а прысядае са 110-ю. — Цi плануеце адкрыць фiлiял сваёй школы ў родным Чэрвенi? — Безумоўна хацеў бы, але гэта не так хутка робiцца. Буду, канешне ж, старацца стварыць патрэбныя для трэнiровак умовы. У мяне ж iх, калi толькi пачынаў, не было. Першая штанга была самаробнай (iржавыя колы для яе прыцягнуў з канавы i насадзiў iх на палку). Замест памоста быў мосцiк на рэчцы. — Чым вас наогул захапiла штанга? — Мне падабалася праяўляць сiлу. Мог бы стаць барцом, нават трэнiраваўся, але мучыць чалавека, а ён круцiў бы мяне, — гэта не для мяне. Лепей штанга: стаiць, чакае — падыдзi i падымi. Я ж у дзяцiнстве быў вельмi худым, бо ўвесь дзень бегаў, мала еў i вага хутка згарала, а цяжкая атлетыка дазволiла стаць дужым. — Ваш вiд спорту нездарма назвалi менавiта ЦЯЖКАЙ атлетыкай? — За спартыўную кар’еру я падняў 25 тысяч тон металу, а гэта цяжка. Складанасць у тым, што цяжкая атлетыка звязана з рэкордамi. Даводзiцца пастаянна працаваць над паляпшэннем вынiкаў. Iнакш не будзеш выйграваць. Без iх нельга, бо з-за штодзённых трэнiровак на арганiзм столькi навальваецца, што не паспяваеш аднавiцца. — З кагосьцi з родных спрабавалi зрабiць чэмпiёна? — Старэйшага сына Аляксея я пачаў трэнiраваць з сямi гадоў. У яго добрыя даныя, але прыклад бацькi ён не паўтарыў. Нават у свае 32 гады выступае на чэмпiянаце рэспублiкi для сябе, але займае там толькi 5—6 месцы. Яму больш падабаецца праца ў iнстытуце фiзкультуры. Галоўнае, што чалавек пры справе. — У Андрэя Рыбакова лепей атрымлiваецца рывок, чым штуршок. А што вам больш удавалася i ад чаго залежаць поспехi ў гэтых практыкаваннях? — У мяне ўсё цудоўна выходзiла. Калi адзiн бок моцны, а iншы слабы, не станеш сапраўдным пераможцам. Трэба падганяць сябе пад патрэбныя ў спорце стандарты. Мне падабалiся ўсе практыкаваннi — штуршок, рывок i жым. Апошнi знялi са спаборнiцтваў пасля Алiмпiяды ў Мюнхене-1972: жым вельмi каварны, капрызны ў судзействе, вельмi стамляе, бо спаборнiцтвы працягвалiся шмат, былi праблемы i са спiнай. Аднак я лепей убраў бы рывок, з-за якога здараюцца траўмы локця. Калi чуеш гэты трэск, па спiне прабягае халадок. — Вас запрашалi трэнiраваць за мяжу? — Я працаваў у Германii. Атрымлiваў прапановы i з iншых краiн, але ўжо не хацеў з’язджаць. Справа не толькi ў тым, што трэба ведаць замежныя мовы, не хачу ламаць сябе: я люблю сваю краiну i хачу жыць у ёй. — У вагавых катэгорыях 82,5 i 90 кiлаграмаў вы ўстанавiлi 13 сусветных i 15 усесаюзных рэкордаў, а ваш рэкорд у суме трохбор’я (527,5 кг) прызнаны вечным. Станавiлiся алiмпiйскiм чэмпiёнам, мацнейшым у свеце, Еўропе. Чаго не хапае для поўнага шчасця? — Алiмпiйскай пенсii. Гэта не для мяне толькi патрэбна. У Расii яе атрымлiваюць, а ў нас чамусьцi гэта пытанне пакуль не вырашана, хоць гэта было б цудоўнай узнагародай для тых, хто праслаўляў нашу краiну на спартыўных арэнах, нягледзячы на цяжкiя траўмы i iншыя перашкоды. Гэта стала б i стымулам для новага пакалення атлетаў. — Раскрыйце свой сакрэт поспеху на памосце? — Каб дасягнуць сваёй мэты (не толькi ў спорце), трэба рухацца да канца, шмат працаваць, пераадольваць цяжкасцi. Як? Цярпець i iсцi далей. Хмара прыходзiць i сыходзiць, а сонца застаецца. У мяне ў жыццi было шмат праблем, але я не губляў аптымiстычны настрой, бо жыццё працягваецца. Гутарыла Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дабрадушная жывёла, якой пасля працоўнага дня не хапае сiл трымацца на нагах, i яна прылегла адпачыць. Што за iстота такая, як мяркуеце? Менавiта так |
|