ЖЫЖАЛЬ
Анатоль БУТЭВIЧ
Iх шанавалi продкi (Працяг. Пачатак у нумарах за 13, 16, 17, 18 студзеня.)— Не чапай, сынок, там Жыжа, — просiць мама сваё дзiцятка. Немаўля няўцямна пазiрае на агонь i не разумее, дзе там Жыжа? Там жа адно вясёлыя вугалькi свецяцца, падмiргваюць трапяткiм полымем, дакрануцца да iх запрашаюць. Ды будзь асцярожны: акурат прывабныя светлячкi i пагражаюць небяспекай. Гэта нядрэмны Жыжаль ахоўвае сваё жытло. Не ведае яшчэ хлапчаня, што Жыжа, Жыж альбо Жыжаль — гэта даўнi бог агню, якога шанавалi нашы далёкiя продкi. Акрамя таго, Жыжаль быў богам кавальскай справы. Гэта ён выкаваў залатую каляснiцу для Сонца, а сярэбраную — для Месяца. Гэта ён пастаянна папаўняе баявы арсенал бога грому Перуна: куе яму вогненныя стрэлы. Цi не таму з павагай i шанаваннем ставiлiся да кавалёў, якiмi апекаваўся Жыжаль? А кузня ягоная заўсёды з непагасным агнём. Днём — сонца свецiць, ноччу — месяц, а iскры зоркамi мiгцяць з высокага неба. З даўняга-прадаўняга часу з пакалення ў пакаленне перадаюцца легенды i памяць пра гэтага «цёплага» Бога. Жыве ён глыбока пад зямлёй. Калi цiхенька ходзiць па сваiм падземным царстве, тады сагравае зямлю. А калi пачне спяшацца ды бегаць, выбухаюць сапраўдныя пажары. Ажно на паверхню зямлi вырываецца полымя. Гараць лясы i нiвы, загараюцца нават тарфяныя балоты, дзе пахавалiся чэрцi i нячысцiкi. Такiм чынам бог агню Жыжаль дапамагаў Перуну-грамавержцу змагацца са злымi памочнiкамi Чарнабога. Тады не мог уратавацца нават бязвокi таўстун Багнiк, якога не бралi вогненныя Перуновы стрэлы, ад агню i сухменю ён курчыўся i канаў на дне свайго багнiстага жытла. I калi ўнадзiцца Жыжаль, пакуль не супакоiцца, шмат шкоды наробiць людзям пажарамi ды засухай на палях. А як нагуляецца ўволю, калi надакучыць па свеце лётаць, зноў у зямныя глыбiнi апусцiцца, каб знутры зямлю саграваць. На паверхнi ж сёе-тое пра сябе на памяць пакiне. Таму i кажуць, што Жыжаль пасялiўся ў кожнай хаце, спiць да пары да часу ў печы, хаваецца ў грубцы, тулiцца на прыпечку. Не баiцца ён i на двары раскiнуць свае цеплалюбiвыя шаты. Каб сагрэць людзей, ежу iм згатаваць — бо добра яму i ўсцешна разам з усiмi. Не адно стагоддзе жывуць людзi ў згодзе ды насцярозе з агнём. Дзеля ўшанавання бога Жыжаля ладзiлi цiкавае свята Жанiцьба Пасвета, якое адзначалася ў вераснi. Пасвет — гэта самаробны падвясны свяцiльнiк, якi станавiўся галоўным на свяце. Каб не Жыжаль, то iншы бог — бог холаду Зюзя памарозiў бы не адно малых дзетак, а i сталых ды дарослых людзей, выстудзiў бы iхняе жыллё. Але не дапускае да гэтага Жыжаль, бо з кiм жа ён тады застанецца? Так дагэтуль барукаецца бог цяпла Жыжаль з богам холаду Зюзяй. Нiхто нiкому не паддаецца, нiхто перамогу не святкуе. Толькi на вясну ды лета выпраўляецца Зюзя ў свае халодныя краiны, каб там сiлы набрацца, а марознай зiмой разам з мяцелiцамi ды завiрухамi, якiя набываюць воўчае аблiчча, назад вярнуцца. А вось Жыжалю нiколi няма спачыну — днём i ноччу шчыруе ахоўнiк жыцця, не спiць нi зiмой, нi летам. Ведае, што калi засне, то Зюзя пераможа яго, i запануюць тады на свеце холад ды смерць. Без цяпла, вядомая рэч, нiшто жывое жыць не можа. А дзе цяпло — там радасць ды згода. Таму трэба шанаваць Жыжаля, паважаць не адно ягоную старасць, а i моц ды магутнасць. Тады стане ён добрым i спагадлiвым, пакорным i цярплiвым. Шмат казак, песень, легенд, прыказак, замоў, выслоўяў, загадак склалi людзi пра агонь, пра Жыжу i Жыжаля. Лiчылася, што агонь валодае чароўнай сiлай. Цi не таму купальскай ноччу не адно палiлi вогнiшчы, але i скакалi праз ачышчальны агонь? Каб падчас навальнiцы гром з маланкай не нарабiлi шкоды, у хаце запальвалi вясельную або грамнiчную свечку. «Жывы» агонь — агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва — лечыць хворых, выганяе з хаты нячыстую сiлу, цемру i холад. Таму вялiкiм грахом было пляваць у агонь, бо засярдуе Жыжаль i пакарае. Хто гэта зробiць, у таго губы папухнуць, альбо вогнiк нападзе — хвароба такая. Нельга было кiдаць у агонь нiчога дрэннага, нячыстага, бо гэта знявага бога агню, i таму на целе з’явяцца балячкi. Няможна было залiваць агонь вадой. Некалi нашы продкi ашчадна зберагалi агонь на язычнiцкiх капiшчах у запаветных гаях i дубровах — так у славян называлiся дахрысцiянскiя святынi. Каля яго ачышчалiся ад благога i нядобрага, з iм дзялiлiся сваiмi пажаданнямi, надзеямi ды спадзяваннямi. Туды быў забаронены ўваход не адно чужынцам, а людзям без веры, без спагады, без душы. Гэты незгасальны агонь называлi Знiчам, ён стаў своеасаблiвым поклiчным сiмвалам беларусаў, якi вёў за сабой. Вабна i прыветна свяцiўся ён для змагароў за волю i шчасце народа. Сёння ва ўсiх нашых храмах, пад абразамi на покуцi многiх дамоў гарыць свечачка альбо лампадка — свяшчэнны агонь нашай веры, сведка неўмiручасцi жыцця i заклiк берагчы i шанаваць жыццё, як найвышэйшы божы дар. Згарае свечачка, а цяпло яе ўзносiцца да неба, дзе пануе магутны Пярун — першастваральнiк агню. Ласкавы агонь заўсёды дадаваў чалавеку радасцi, добрага настрою, святочнасцi. Нездарма так нязводна вабяць да сябе купальскае вогнiшча, турысцкi касцёр, пастухова цяпельца, прыветны агеньчык у начным акне. Нездарма царква яшчэ больш прасвятляецца i становiцца ўрачыстай ад трапяткiх агеньчыкаў свечак. А людская радасць, выклiканая агнём, дагэтуль жыве ў каляровых iлюмiнацыях, квяцiстых феерверках, маляўнiчых салютах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Не чапай, сынок, там Жыжа, — просiць мама сваё дзiцятка. Немаўля няўцямна пазiрае на агонь i не разумее, дзе там Жыжа?
|
|