Фокусы-покусы i нечаканыя амплуа
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Глядзiце! Сёння на АНТ — першы выпуск рэалiцi-шоу «Зорны цырк»Зараз iх роўна тузiн: 6 мужчын i 6 жанчын, 6 ужо сфармiраваных «зорак» (тэлевядучыя i артысты) i 6 невядомых шырокай публiцы людзей. Крыху больш як месяц таму яны змянiлi звыклы расклад жыцця на жорсткi рытм трэнiровак, а звыклыя касцюмы — на практычна аднолькавую ўнiформу ўдзельнiка рэалiцi-шоу. Пераможцам будзе названы толькi адзiн з гэтых дванаццацi, але, на маю асабiстую думку, кожны з iх ужо трыумфатар — таму, што ўвогуле адважыўся на 4 месяцы «выпасцi» з работы i сям’i; таму, што не пабаяўся паказаць сябе (i не толькi поспехi, але i няўдачы) на ўсю краiну. А яшчэ таму, што ўдзельнiкi «Зорнага цырка» падораць гледачам атмасферу дзяцiнства i прыклады сапраўднай дарослай мужнасцi, пераадолення сябе... Апошнiя рэпетыцыi перад здымкамi шоу — бадай, самыя цяжкiя. Усе нервуюцца: i педагогi, i канкурсанты, у якiх пры выкананнi асаблiва складаных элементаў баляць любiмыя гузакi. Да таго ж рэпетыцыi праходзяць у паўзмроку, каб «выставiць святло» пад кожны канкрэтны нумар. Да таго ж неабходна абавязкова хоць раз прайсцi нумар у сцэнiчным касцюме — проста каб быць упэўненым, што ўсё ў парадку. Артысты дысцыплiнаваныя, як школьнiкi — высветлiўшы чарговасць выступленняў, пераапранаюцца, займаюць свае месцы i цярплiва чакаюць. Тэлевядучы Сяргей Савiцкi, пераапрануўшыся ў чырвоны камбiнезон, здаецца, выкарыстоўвае кожную свабодную хвiлiнку i кожны вольны куток, каб пачаць жанглiраваць тэнiснымi мячыкамi. Люся Лушчык з перабiнтаваным левым каленам i правым запясцем перакладвае ў толькi ёй вядомым парадку серабрыстыя хула-хупы. Педагог па 10 разоў паказвае кожнаму тэхнiку паходкi, жэстаў рук i нават паклонаў. А што вы думалi — гэта таксама неабходнае майстэрства, мала бездакорна выканаць нумар, трэба яшчэ прыгожа пайсцi з манежу. «Спiнка» i «постаць трымаем» — час ад часу строга нагадваюць трэнеры ўдзельнiкам. Менеджар па прафесii Святлана Белазерскiх асвойвае «джыгiтоўку на вярблюдзе» — махiна вышынёй у паўтары Святланы ледзьве змяшчаецца на тумбе, а дзяўчына тым часам з усiх сiл паказвае, што яна расслабленая ўсходняя жанчына. Вакол манежа блукае банкiр Юрый Каштанаў, якому трэба будзе пераўвасобiцца ў iлюзiянiста, i дастае то ў мяне з валасоў, то з кiшэнi ў рабочага сцэны дробныя манеты. Грошыкi з прыгожым звонам падаюць у бляшанае вядзерца — i зноў «з’яўляюцца» ў самых неверагодных месцах. — Данiну збiраеце? — жартую я. — Грошы з паветра раблю, — абаяльна ўсмiхаецца Юрый. Некалькi разоў упарта рэпецiруе свой вельмi складаны ў тэхнiчным плане, але затое i вельмi прыгожы акрабатычны нумар на кольцах Вячаслаў Харанека. Спачатку яны з партнёрам нагадваюць скульптурную кампазiцыю «Рабочы i калгаснiца», але ўжо праз хвiлiну недарэчныя параўнаннi вылятаюць з галавы, застаецца толькi павага да артыстаў... Для танцора стрыптызу Вiктара Арцёмава, якi будзе скакаць з «рэйнскiм колам», рэжысёр патрабуе асаблiвы фон — «што-небудзь, што мiгцiць i скача». Хлопец настолькi вiртуозна спраўляецца з вялiзным колам, дзе могуць змясцiцца тры такiя, як ён, — нават з цяжкасцю верыцца, што на трэнiроўкi ў Вiктара быў толькi месяц. А нумар спявачкi Алены Грышанавай, што б там нi гаварылi рэжысёры пра вобраз гераiнi Любовi Арловай з фiльма «Цырк», насамрэч, я ведаю, называецца «Смерць мужчынам». Улiчваючы шыкоўную постаць артысткi, яе палёт на арэлях — вiдовiшча не для слабанервовых. Асаблiва калi пад канец нумара, знаходзячыся дагары нагамi на трохметровай вышынi, Алена адшпiльвае абедзве страхоўкi... Словам, усе цуд якiя прыгожыя i адказныя. Шчыра кажучы, я не ведаю, як у журы паднiмецца рука выбiраць з iх двух слабейшых. У кадры i па-за iм Усё яшчэ сумняваецеся, цi варта сёння ў 21.05 уключаць тэлевiзар? Тады паспрабуем крыху расказаць пра тое, што вы ўбачыце... i не ўбачыце. Да апошняга моманту арганiзатары шоу трымалi ў сакрэце склад журы. Толькi непасрэдна перад пачаткам шоу вядучыя «Зорнага цырка» Ягор Хрусталёў i Вольга Палякова прадставiлi iх публiцы. Такiм чынам, ацэнкi ўдзельнiкам выстаўлялi старшыня журы, прадстаўнiк галандскай кампанii, якая распрацоўвала канцэпцыю шоу, Хайс Ван Дам, рэжысёр тэатра i кiно Аляксандр Яфрэмаў, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў Ядвiга Грыгаровiч, легенда айчыннага тэлебачання Элеанора Язерская i прадстаўнiк славутай цыркавой дынастыi Юрый Дураў. (Надалей, як мяркуецца, «журыць» канкурсантаў прыедуць браты Запашныя, прадстаўнiк Цырка Нiкулiна i iншыя цыркавыя зоркi.) Па сектарах раўнамерна размеркавалiся групы падтрымкi ўдзельнiкаў. Скажам, за Алену Грышанаву сабралася «хварэць» вялiкая артысцкая тусоўка: гурт «Тяни-Толкай» у поўным складзе, Святлана Стацэнка, Галiна Шышкова, Дзiма Калдун. Зрэшты, артысты, магчыма, прыйшлi i не з прафесiйнай салiдарнасцi, а з простай чалавечай цiкаўнасцi. Затое група вядучых АНТ дакладна хварэла за сваiх: Сяргей Дарафееў трымаў навiдавоку плакат «Наше утро» — за Радзiну!». Асобна сядзелi балельшчыкi Люсi Лушчык з плакатам «Люся, ты першая, i не толькi на Першым музычным». Нечакана вялiкая група падтрымкi сабралася ў адзiнага iншагародняга канкурсанта, настаўнiка беларускай мовы i лiтаратуры з Вiцебска Паўла Кежы — балельшчыкi нават прыдумалi для яго забаўную вершаваную крычалку... Словам, сярод балельшчыкаў можна было смела праводзiць асобны конкурс — на самую арыгiнальную форму падтрымкi любiмага канкурсанта. Нумар першапраходца дастаўся Святлане Белазерскiх i вярблюду Чэкал. Прычым чацвераногi артыст доўга не жадаў выходзiць на сцэну. «Засядзеўся ў бары, — жартавалi вядучыя. Вярблюды п’юць усяго раз у месяц, але затое як дарвуцца...». Калi, нарэшце, жывёла ўсё ж паслухалася дрэсiроўшчыка, Святлане выпала яшчэ адно выпрабаванне. Я маю на ўвазе зусiм не джыгiтоўку на баку вярблюда. Бо ад танцора эротык-шоу яшчэ можна было чакаць чагосьцi «гэткага», а эратычныя моманты ў выступленнi менеджара былi зусiм не запланаваныя. Тое, як мужная дзяўчына з iмi змагалася, — асобная гiсторыя, якая выклiкала апладысменты i спрэчкi ў журы. I гэта вы ўбачыце. А вось чаго не ўбачыце — напрыклад, апладысментаў на бягу ад тых гледачоў, хто ўсё ж парушыў строгую забарону вядучых, падчас здымак не хадзiць. I падтанцоўку ад самiх вядучых на «даху» над манежам у паўзах памiж выступленнямi. I танцуючага аператара — улiчваючы, што ўсё шоу гэты чалавек цягаў цяжкую камеру ў руках, то ў перапынках яму проста неабходна было растрэсцi рукi-ногi. А парны забег камеры i аператара, якога страхаваў за пояс яшчэ адзiн тэлевiзiйнiк, увогуле мог стаць асобным цыркавым нумарам. Гэтаксама як i сольны танец дырэктара Белдзяржцырка Таццяны Бандарчук, якая, мiж iншым, па сумяшчальнiцтву старшыня беларускай Федэрацыi танцавальнага спорту. Затое некаторых момантаў не бачылi гледачы ў цырку — напрыклад, ролiкаў аб тым, як удзельнiкi рыхтавалiся да сваiх нумароў. «Нiчога, пацярпiце да суботы», — суцяшаў нас Ягор Хрусталёў, забаўляючы ўзамен шаноўную публiку вольным перакладам фраз старшынi журы «Для тых, хто зразумеў толькi словам «Кэмеэл», нагадваю, што курэнне шкодзiць вашаму здароўю», i жартамi накшталт «Не часта даводзiцца ўбачыць спявачку дагары нагамi». Усе дванаццаць нумароў былi абсалютна рознымi — адны здавалiся лёгкiмi звонку, другiя выклiкалi захопленае «ах!» ад пачатку i да канца. I кожны ўдзельнiк, акрамя порцыi апладысментаў, атрымлiваў каментарыi пра свае прамашкi i памылкi — ад вядучых, ад журы i ад дырэктара «Зорнага цырка». А некаторым даставалiся дастатковыя ўхваленнi за мужнасць — напрыклад, Вользе Баранскай, якая, нягледзячы на сур’ёзную траўму, адкатала свой нумар на ролiках i прымусiла свайго сына Марата ганарыцца такой мамай; Вiктару Арцёмаву, якi пасля аварыi некалькi месяцаў увогуле не мог рухацца — а зараз выпiсваў на манежы крэндзелi i сальта; нарэшце, Вячаславу Харанеку — моцнаму ва ўсiх сэнсах мужчыне, якi не пабаяўся... прызнацца ў слабасцi. Асобнае дзякуй ад прафесiйнага дрэсiроўшчыка Юрыя Дурава атрымаў яшчэ Георгiй Волчэк, якi пакарыў публiку нумарам з сабачкамi. «Не паверыце, упершыню сабачкi зрабiлi ўсё як трэба зараз — можа, трэба было адразу твар нафарбаваць? — жартаваў пасля нумара артыст. — Ну, я iх узнагароджу: адну руку яны пакусалi, цяпер аддам i другую». А хто, цiкавiцеся, усё ж набраў менш за астатнiх балаў i стаў першымi двума намiнантамi, далейшы лёс якiх вызначаць тэлегледачы з дапамогай SMS-галасавання? Глядзiце шоу, спадарства, глядзiце шоу — усё даведаецеся!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння на АНТ — першы выпуск рэалiцi-шоу «Зорны цырк» |
|