Дзе вы, татаў клопат i матулiна любоў?САЦЫЯЛЬНАЕ СIРОЦТВА Бацькоўскiя абавязкi часова бяруць на сябе сацыяльныя цэнтры i прытулкiЗараз у нашай краiне — амаль 33 тысячы дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя засталiся без бацькоўскай апекi. На бягучы момант выяўлена 22 094 неўладкаваныя сям’i, у якiх пражываюць 39 586 дзяцей. Адкуль вядомы такiя дакладныя лiчбы i чаму яны ўвесь час мяняюцца, тлумачыць галоўны iнспектар упраўлення сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Тамара ШАРАМЕТ. — Часткай сiстэмы аховы дзяцiнства з’яўляюцца сацыяльна-педагагiчныя цэнтры i дзiцячыя сацыяльныя прытулкi органаў упраўлення адукацыяй. Гэтыя нашы ўстановы павiнны спынiць рост сацыяльнага сiроцтва, прадухiлiць выпадкi безнагляднасцi дзяцей, зберагчы для дзiцяцi сям’ю, якая, як мы зараз кажам, апынулася ў сацыяльна небяспечным становiшчы. Згодна з Прэзiдэнцкай праграмай «Дзецi Беларусi», памянёныя структуры адкрылiся практычна ў кожным горадзе цi раёне. Фармiраванне сеткi сацыяльна-педагагiчных устаноў, адкрыццё цэнтраў i прытулкаў працягвалася нават летась. Там жа, дзе яны не адкрылiся, адпаведную работу выконваюць сацыяльныя педагогi, педагогi-псiхолагi ўстаноў адукацыi i спецыялiсты аддзелаў адукацыi. Наогул зараз у краiне — 101 сацыяльна-педагагiчны цэнтр i 140 дзiцячых прытулкаў. Дакладней кажучы, функцыянуюць 85 цэнтраў, якiя ўключаюць у сваю структуру прытулкi, 16 самастойных сацыяльна-педагагiчных цэнтраў i 55 асобных дзiцячых сацыяльных прытулкаў. — Гэты парадак будзе мяняцца? — Канешне, змяненнi будуць. Мы маем намер iсцi шляхам аптымiзацыi дзейнасцi гэтых устаноў i далейшай эканомii бю- джэтных сродкаў. Далейшай, таму што мы прытрымлiвалiся гэтага прынцыпу з самага пачатку, калi стваралi цэнтры i прытулкi на базе ўжо iснуючых устаноў сiстэмы адукацыi — школ-iнтэрнатаў, дзiцячых садкоў, што значна скарацiла расходы на ўтрыманне рабочага персаналу i камунальныя плацяжы. Цяпер разглядаюцца пытаннi аб’яднання цэнтраў i прытулкаў у адну ўстанову, магчымасць функцыянавання аднаго прытулку для дзвюх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак. Пры гэтым новыя ўстановы могуць захаваць старую «магутнасць» — колькасць месцаў для часовага знаходжання дзяцей, магчымасцi аказання патрэбнай дапамогi праблемным сем’ям. — Ужо ёсць прыклады такога аб’яднання? — Яно мела месца ў Слуцкiм, Лоеўскiм, Хоцiмскiм, Быхаўскiм i некаторых iншых раёнах. Запланавана аб’яднанне цэнтраў i прытулкаў у Салiгорскiм, Барысаўскiм раёнах, Магiлёве i Магiлёўскiм раёне, адзiн прытулак замест двух з’явiцца ў Асiповiцкiм раёне. — Наколькi добра, на ваш погляд, насельнiцтва ведае аб падобных структурах i iх магчымасцях? — Iнфармацыя пра нашы сацыяльныя ўстановы, нумары iх тэлефонаў размяшчаюцца i ў раённых газетах, i ў палiклiнiках, i нават у магазiнах. Нагадаю, што цэнтры i прытулкi заклiканы абараняць правы i iнтарэсы дзяцей, якiя апынулiся ў крызiснай сiтуацыi. Так што любы сусед, якi ведае неўладкаваную сям’ю, дзе пакутуюць дзецi, мае магчымасць для звароту. Аднак цэнтры i прытулкi не толькi самастойна збiраюць падобныя звесткi, але i цесна супрацоўнiчаюць з установамi адукацыi, аховы здароўя, органамi унутраных спраў i г.д. Гэта сведчыць аб высокай верагоднасцi збору максiмальна поўнай iнфармацыi, што дазваляе складаць план работы з канкрэтнай сям’ёй, дзецьмi, якiя ў ёй пражываюць. Тут можа быць не толькi работа псiхолагаў з дзецьмi ў рэабiлiтацыйных групах, з бацькамi — у iндывiдуальным парадку, але i ў цэлым патранат сям’i, наведваннi на даму з мэтай абследавання ўмоў пражывання, аказанне дапамогi паўналетняму ў атрыманнi пашпарту, бацькам — ва ўладкаваннi на работу, лячэннi ад алкагольнай залежнасцi i г.д. — Па якiх прычынах сем’i аказваюцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы, а дзецi — у прытулках? — Аналiз сiтуацыi паказаў, што палова дзяцей трапляе ў прытулкi па прычыне п’янства i амаральных паводзiнаў бацькоў, каля 30 працэнтаў — з-за цяжкага матэрыяльнага становiшча сям’i, 15 працэнтаў — з-за ўласных асацыяльных паводзiнаў, 9 працэнтаў — па прычыне пазбаўлення бацькоў бацькоўскiх правоў. Радзей называюцца канфлiкты ў сям’i, хвароба або смерць бацькоў i некаторыя iншыя праблемы. Сярэднi ўзрост дзяцей, якiя выхоўваюцца ў прытулках — 9 гадоў. У 80 працэнтаў iх — нездавальняючыя ўмовы для пражывання, палова мае хранiчныя захворваннi, кожны чацвёрты рэгулярна недаядаў, больш за палову хлопчыкаў-выхаванцаў прытулку маюць праблемы з вучобай, паводзiнамi. Нягледзячы на неспрыяльную хатнюю абстаноўку, апытаннi паказваюць, што дзецi жадаюць вярнуцца дадому. — I гэтага ўдаецца дасягнуць? — Вынiкам работы цэнтраў i прытулкаў павiнна быць захаванне сям’i для дзiцяцi. У крайнiм выпадку — уладкаванне яго ў замяшчальную, апякунскую або прыёмную сям’ю. За 10 месяцаў мiнулага года дзiцячыя сацыяльныя прытулкi вярнулi ў родную сям’ю 63 працэнты дзяцей, 22 працэнты аформлены ў замяшчальную i толькi 15 працэнтаў былi размешчаны ў iнтэрнатныя ўстановы. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бацькоўскiя абавязкi часова бяруць на сябе сацыяльныя цэнтры i прытулкi |
|