ЛIСТАВАННЕ
Гэта — трэба жывым...
На 112 старонках (дробненькiм шрыфтам) прыслала «лiст» Алiна Эдуардаўна Якубовiч з в. Струбнiца Мастоўскага раёна. У iм — словамi намаляванае — сваё галоднае i халоднае дзяцiнства, вобразы роднай мацi i бабулi, любiмых (i не вельмi) настаўнiкаў, сябровак i сяброў, «сёе-тое пра каханне», уласную сям’ю, справу, якой прысвечана жыццё, дзяцей, аднавяскоўцаў... I за ўсiм — пошукi памылак, шчырае асэнсаванне пражытага i перажытага, пакутлiвы роздум пра тое, куды iдзём. Прыемна, што гэты аповед — хай тыражом i ў 100 экзэмпляраў — пры садзеяннi пярвiчкi БРСМ Гродзенскага аграрнага ўнiверсiтэта ўдалося выдаць, што ён, як кажуць, пайшоў па руках i быў ацэнены. У тым лiку адным з самых любiмых пiсьменнiкаў аўтаркi — Iванам Навуменкам. А перадусiм (мне, прынамсi, здаецца) — гэта каштоўнейшы, у тым лiку i гiстарычны дакумент, гэта тое, што застанецца ў спадчыну — дзецям, унукам, вучням, пачынаючым настаўнiкам... Пра iх, сваiх наступнiкаў, Алiна Эдуардаўна паклапацiлася. А вы? Калi ласка, не адкладвайце на потым i ведайце — якой бы нi была памяць — расказанае рана цi позна — можа забыцца, напiсанае — застаецца. Сон... А раптам у руку? «Я пастаянны чытач газеты i вельмi хачу, каб «Звязда» выканала адну маю просьбу», — пiша ў рэдакцыю сп. В. з Калiнкавiцкага раёна. I далей распавядае, што гадоў 5 таму бачыў у сне знаёмыя мясцiны, на якiх спрэс стаялi высокiя трубы i гарэлi факелы — там здабывалася нафта. Паводле сна («А раптам прарочага?» — непакоiцца аўтар лiста) радовiшча тое знаходзiцца у Глыбоцкiм раёне Вiцебскай вобласцi: «няхай спецыялiсты правераць» ...Што на дзiва добра вiдаць i без рознага роду праверак, дык гэта, так бы мовiць, усеагульная зацiкаўленасць у вырашэннi энергетычнай праблемы, жаданне дапамагчы. Хоць парадай. Калi ёсць згода Мае творы, — пiша пра сябе сп. Г. з Оршы, — друкавалiся ў рэспублiканскiх газетах i часопiсах, у паэтычных зборнiках... Верш «Дзiкi рынак» быў напiсаны, прынамсi, у 1994 годзе. Але гнеўныя пачуццi таго часу сугучны сённяшнiм, выклiканым цукровым i газанафтавым канфлiктамi, iмперскiмi выказваннямi расiйскiх алiгархаў у адносiнах да Беларусi. Яна ж, Беларусь, паводле дасланага ў рэдакцыю верша, ледзь не з працягнутай рукой сёння, просiць-молiць дапамогi, не ведае, да каго прытулiцца, як выжыць... Суб’ектыўны погляд i, магчыма, у многiм наiўны, жаночы, але ж... Ледзь не кожны з нас жыў калiсьцi ў вялiкай сям’i (з бацькамi, з бабулямi-дзядамi, з братамi-сёстрамi, цёткамi...) i толькi потым — будаваў уласную. З чаго пачынаў? Многiя, бяруся сцвярджаць — ледзь не з дзвюх лыжак i на голым месцы. Гэта значыць, без свайго кутка, без капейкi, вопраткi, мэблi... Страшна было? Так. Але гэта — па-першасцi. Бо калi ёсць згода i агульная мова, галовы на плячах, рукi-ногi, жаданне працаваць i жыць самастойна — усё з цягам часу будзе, усё нажывецца. Нават без дапамогi. Зусiм... У нашай краiны — яна была. I застаецца... Дарэчы, да гэткай жа высновы ў канцы верша прыходзiць i сп. Г.: З тым, што ёсць, пара змiрыцца. Еўрапейскую дзяржаву — Будаваць пара па-людску, Па закону i па праву. Працуй, нябожа, то i Бог паможа Вялiкi, узрушаны лiст прыйшоў ад сп М. Пiша ён, як некалi, па заклiку вялiкай камунiстычнай партыi тады i насамрэч вялiкай краiны, яны з братам паехалi падымаць цалiну, будаваць гарады. Мяркуючы па ўсiм, паднялi... I пабудавалi. Бо там, прынамсi, i засталiся: сам сп. М. — у Саратаўскай вобласцi, брат — у Казахстане. Але лiст не аб тым. Сёлетнiм летам, — чытаем у iм, — нам пашчасцiла сабрацца разам, у сястры, якая засталася жыць дома, у роднай Беларусi. Далей — даслоўна (у перакладзе з рускай): «Вы б ведалi, як я быў здзiўлены! Я проста не пазнаў наш Лунiнец! Шукаў той магазiн, дзе ў 54—55 годзе босы, у падраных нагавiцах па 5—6 гадзiн стаяў у чарзе за хлебам i не знаходзiў яго. Усе дамы — белыя, прыгожыя, вулiцы ў асфальце, паўсюль дарожныя знакi. У вёсцы нашай некалi былi два веласiпеды, зараз — ледзь не ў кожным двары машына». ...Гэтым варта захапляцца? Прыехаўшы з глыбiнкi Расii, цалкам магчыма. А вось цi варта здзiўляцца, ёсць, як кажуць, пытанне. Бо, дзякаваць Богу не ўсе (гэта, нi ў якiм разе, не папрок. — Аўт.) адгукнулiся на той заклiк, не ўсе паехалi «падымаць цалiну i будаваць гарады» недзе. Нехта — застаўся... I працаваў, будаваў тут. Прычым, не 5 гадоў, а 50 — паўвека. За гэткi час (а калi б яшчэ i не памылялiся...) зрабiць, згадзiцеся, можна многа. Калi ведаць, што не святыя лепяць гаршкi. I верыць. Чытала лiсты Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На 112 старонках (дробненькiм шрыфтам) прыслала «лiст» Алiна Эдуардаўна Якубовiч з в. Струбнiца Мастоўскага раёна
|
|