Жанчына, якая «зоркаю свецiцца»
Аляксандр ПУКШАНСКI
У народнай артысткi Беларусi, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа Святланы Акружной сёння юбiлей. Святлана Арцёмаўна вядома не толькi як выдатная актрыса: яна яшчэ i палiтык — намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па адукацыi, навуцы, культуры i гуманiтарных пытаннях Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi.
Упершыню я ўбачыў яе на сцэне, калi яшчэ вучыўся ў школе, у 1990-я, калi працаваў у рэгiянальнай газеце, пазнаёмiлiся асабiста. За тыя гады, што я ведаю Святлану Арцёмаўну, яна знешне наогул не змянiлася: заўсёды энергiчная, абаяльная, Жанчына з вялiкай лiтары. Кожны раз пры сустрэчы шчыра цiкавiцца асабiстымi справамi, што двойчы прыемна, вельмi паважае нашу з вамi «Звязду». «З цягам часу я зразумела, што тэатр не варты таго, каб дзеля яго ахвяраваць сям’ёй, дзецьмi, жыццём. Усё iмгненна, усё мiнае... I ўсё ж тэатр — гэта маё жыццё, маё прызванне, маё прызначэнне, мой боль, трагедыя i любоў», — так яна разважае аб любiмай справе, якой служыць ужо 40 гадоў. Святлана Акружная працуе ў Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры iмя Якуба Коласа з 1969 года, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага iнстытута. Выдатная прафесiйная падрыхтоўка, высокая сцэнiчная культура, працавiтасць, творчая iнiцыятыва дазволiлi ёй заняць вядучае месца ў «коласаўскай» трупе. Нават самыя першыя яе работы — Анютка («Улада цемры» Л. Талстога), Чацвяртак («А давіткі тут цiхiя» Б. Васiльева), Iнга, Зiзi («Салаўiная ноч» В. Яжова), Дачка («Зацюканы апостал» А. Макаёнка) звярнулi на сябе ўвагу крытыкi i тэатральнай грамадскасцi. За выкананне ролi Франкi ў спектаклi «Хам» паводле Э. Ажэшкi ўдастоена прэмii прафсаюзаў Беларусi i Дыплома «За лепшую жаночую ролю» на мiжнародным тэатральным фестывалi ў Бранску... Найбольш значныя работы апошнiх сезонаў сведчаць пра няспынны прафесiйны рост акцёрскага майстэрства Святланы Акружной. Сярод iх: Дорыс («Палюбоўнiкi з Калiфорнii» Б. Слэйда), Элiна Макропулас («Рэцэпт Макропуласа» К. Чапека), Жанна (« Жанна» паводле «Жаваранка» Ж. Ануя), Мадам («Марлен... Марлен...» Д. Мiнчонка), Кацярына Iванаўна («Кацярына Iванаўна» Л. Андрэева), Лаура («Бацька» А. Стрындберга»). Святлана Арцёмаўна ўдастоена дыпломаў «За лепшую жаночую ролю» на мiжнародных фестывалях «Славянскiя тэатральныя сустрэчы» (у 2003-м — за ролю Кацярыны Iванаўны ў аднайменным спектаклi) i «Белая вежа» (у 2004-м за ролю Лауры ў спектаклi «Бацька»). Акружная арганiзавала паездкi творчых груп коласаўскага тэатра на мiжнародны тэатральны фестываль у г. Трабзон (Турцыя) у 2004-м i 2005-м, дзе таксама высока былi адзначаны крытыкамi яе работы. Здымаецца актрыса ў кiно. Найбольш папулярныя кiнаработы з яе ўдзелам «Другая восень», «Зацюканы апостал», «Плач перапёлкi»... У 1997-м была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. У 2000-м выбрана, а ў 2004-м перавыбрана на новы тэрмiн у Савет Рэспублiкi. Лаўрэат прэмiй «За духоўнае адраджэнне» (2006 г.), i «За мацярынскую мужнасць» iмя З. Тусналобавай-Марчанкi. У 1997—1998 гадах атрымала тытул «Жанчына года» (Кембрыдж, Англiя), у 2005-м удастоена мiжнароднай «Прэмii мiру» (ЗША) i прэмii «За духоўнае адраджэнне». Вось што пiшуць аб рабоце Акружной на сцэне эксперты. Вольга Скорачкiна (тэатразнаўца з Санкт-Пецярбурга): «Святлана Акружная — адна з самых прыгожых, загадкавых, элегантных актрыс беларускай сцэны... Па ўсiх прыкметах яна — «блакiтная зорка», якая ведае таямнiцы i правiлы «свячэння»... Заслужаны дзеяч мастацтваў Украiны Барыс Эрын: «Я падхопліваю кiмсьцi сказанае аб ёй: «зоркаю свецiцца». Веру!..» Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi Сямён Казiмiроўскi: «Яна актрыса на ўсе часы. Мару аб тым, каб рэжысёры зразумелi, што такiя кветкi прырода нараджае не часта...» У рэпертуарным лiсце Акружной — каля 50 спектакляў. 25 студзеня ў Оршы ў ДК чыгуначнiкаў у выязным спектаклi «Бацька» яна зноў паказала ўсё сваё майстэрства. Дарэчы, гэта яе праект, а паставiў спектакль мастацкi кiраўнiк тэатра iмя Я. Коласа Вiталь Баркоўскi. А ў маi пройдзе яе бенефiс, гледачы ўбачаць прэм’еру спектакля «Васа Жалязнова» М. Горкага, якi ставiць Рыд Талiпаў. Галоўную ролю выканае Акружная. Многiя тэатралы, дарэчы спецыяльна ходзяць у тэатр «на Акружную». Калегi шчыра вiншуюць Святлану Арцёмаўну з юбiлеем. «Звяздоўцы» далучаюцца да вiншаванняў. Здароўя Вам, новых вышынь у творчасцi!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У народнай артысткi Беларусi, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа Святланы Акружной сёння юбiлей |
|