21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ААТ «Слуцкi цукроварафiнадны камбiнат»: еўрапейскiя тэхналогii i якасць

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкалай КАЧАТКОЎ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ

У шматвяковай гiсторыi Слуцка 40-гадовая гiсторыя тутэйшага цукроварафiнаднага камбiната — адрэзак часу не надта вялiкi. Але дзякуючы свайму вытворчаму патэнцыялу, запатрабаванасцi прадукцыi, якая тут вырабляецца, прадпрыемства з года ў год хутка развiвалася i неўзабаве iмклiва вырвалася ў лiк вядучых не толькi ў гэтым старажытным горадзе, а і ва ўсёй перапрацоўчай галiне Беларусi. Сёння слуцкiх цукравараў добра ведаюць i за межамi краiны, у прыватнасцi, у Расii, куды адсюль трымае шлях «салодкае жыццё».

У галiновым аб’ёме вытворчасцi цукру доля камбiната займае 25 працэнтаў, i гэтая лiчба паступова расце. Слуцк — адзiны ў рэспублiцы вытворца рафiнаванага цукру-пяску. У суткi тут гатовы адправiць спажыўцам 1,2 тысячы тон прадукцыi.

Неўзабаве споўнiцца тры гады, як камбiнат узначалiў Мiкалай Паўлавiч Пруднiк — спецыялiст з лiку найбольш вопытных у гэтай справе, якi аддаў калектыву без малога трыццаць гадоў. Пачынаў тут аграномам, кiраваў пунктам прыёмкi буракоў, пасля сем гадоў працаваў намеснiкам дырэктара па сыравiне. Каму, як не такiм прафесiяналам, весцi цукраварную справу ў наш час, у ХХI стагоддзi. Тым больш, калi з камбiнатам звязана ўся працоўная бiяграфiя, лiчы, усё жыццё...

ГОД ПЕРАЎТВАРЭННЯЎ

На эканамiчнай карце рэспублiкi Слуцкi цукроварафiнадны камбiнат з’явiўся ў 1965 годзе. Самiм сваiм фактам мiнулае камбiната заклiкае сённяшнiх цукравараў да новай плённай стваральнасцi, да адказнасцi перад пачынальнiкамi некалi новай справы, да многага абавязвае. Мiнулы год увойдзе ў гiсторыю прадпрыемства як год мадэрнiзацыi, перабудовы вытворчасцi, найбольш важных яе участкаў.

Да гэтага часу, бадай, самай вострай праблемай, «ахiлесавай пятой» камбiната, было ўладкаванне гатовай прадукцыi. Iнакш кажучы, рытмiка вытворчасцi не заўсёды супадала з магчымасцямi збыту. Заводскае кiраўнiцтва гэтую неадпаведнасць «вылiчыла» даўно. I таму ў лютым мiнулага года на тэрыторыi з’явiлася яшчэ адно прыгожае збудаванне — вежа для бестарнага захоўвання гатовай прадукцыi ёмiстасцю 20 тысяч тон. У спалучэннi з такой жа, пабудаванай раней, гэта значна пашырыла магчымасцi для манеўра.

Нямала пераўтварэнняў адбылося i на галоўнай вытворчай пляцоўцы. Напрыклад, заменены фiльтры ачысткi сiропаў, што станоўча адбiлася на якасцi прадукцыi. Праведзена частковая замена помпавага парка, што вельмi актуальна для працэсу, пры якiм пастаянна перапампоўваецца сотнi кубаметраў вадкасцi.

Выканана вялiкая падрыхтоўчая работа па будаўнiцтву жомасушыльнага цэха, у тым лiку заключаны кантракт з нямецкай фiрмай «Бютнер» на пастаўку для яго абсталявання коштам адзiн мiльён 750 тысяч еўра. Да сезона перапрацоўкi буракоў 2007 года цэх павiнен быць уведзены ў эксплуатацыю.

Паводле сцвярджэння дырэктара, падаспела нямала спраў i на прыёмных пунктах, якiя размеркаваны па сыравiннай зоне. Найперш патрэбна было павысiць магчымасцi перавалкi цукровых буракоў у Клецку. Там забетанiравана пляцоўка памерам 4 тысячы квадратных метраў, што дазволiла павялiчыць прыёмку сыравiны да 80 тысяч тон.

Закончыўшы справы на гэтым пункце, цэнтр сваёй увагi кiраўнiцтва перамясцiла на Цiмкавiчы i Асiповiчы, дзе таксама патрабуецца пашырэнне пляцовак i павышэнне прапускной здольнасцi.

З улiкам таго, што на прадпрыемстве штогод займаюцца нарошчваннем магутнасцяў па перапрацоўцы буракоў, узнiкла праблема павялiчыць iх падачу ў вытворчасць. Таму на цэнтральным, прызаводскiм буракапункце праведзена замена гiдратранспарцёраў з памеру 600 мiлiметраў на памер у 800 мiлiметраў, а таксама напорнага трубаправода. Маючы лiцэнзiю на вытворчасць будаўнiча-мантажных работ, усю гэтую аперацыю ўдалося выканаць уласнымi сiламi, без прыцягнення падрадных арганiзацый i ў канчатковым вынiку зэканомiць каля 250 мiльёнаў рублёў.

Варта толькi прайсцi па тэхналагiчнай лiнii камбiната, каб пераканацца, наколькi гэта складаная i ў той жа час дынамiчная, узаемазалежная вытворчасць, якая цяпер iстотна абнавiлася. Станцыi фiльтрацыi, прэсы, цэнтрыфугi — усё вытворчасцi вядомых нямецкiх фiрмаў «Путч», «БМА». Акрамя таго, што гэтае абсталяванне мае высокiя тэхналагiчныя характарыстыкi, яно намнога больш эканамiчнае, чым тое, якое iснавала раней.

— Мы ўкаранiлi цеплавыя схемы дацкiх i нямецкiх заводаў, скарацiлi спажыванне цеплавой энергii, — расказвае старшыня назiральнага савета ААТ, спецыялiст па гатовай прадукцыi Восiп Дапiра, якi таксама прысвяцiў прадпрыемству дзесяткi гадоў. — У вынiку расход умоўнага палiва скарацiўся ўдвая, як на атрыманнi цукру з буракоў, так i на перапрацоўцы сырцу.

Як вядома, вытворчасць цукру — працэс бесперапыннага цыкла, таму прадугледжвае аўтаномнае забеспячэнне i цеплавой, i электрычнай энергiяй. На прадпрыемстве дзейнiчае свая ЦЭЦ. Цяпло выкарыстоўваецца на ўнутраныя патрэбы, а таксама на спажыванне ў жылым мiкрараёне прамысловай зоны горада. Электраэнергiя сiлкуе заводскiя магутнасцi i ў аб’ёме прыкладна 20 працэнтаў выпрацоўкi паступае ў адзiную энергасiстэму рэспублiкi.

Начальнiк ЦЭЦ Васiль Лапуць разлiчвае, што праз год на яго ўчастку таксама пройдзе мадэрнiзацыя, станцыя набудзе новы сучасны выгляд. I гэта ў магчымасцях камбiната. Бо за апошнiя тры гады iнвестыцыi ў развiццё матэрыяльна-тэхнiчнай базы тут склалi адпаведна 15, 17 i 11 мiльярдаў рублёў.

У ТАНДЭМЕ З СЕЛЬГАС- ВЫТВОРЦАМI

У акцыянернага таварыства склалiся трывалыя дзелавыя адносiны з сельскагаспадарчымi арганiзацыямi, якiя ўваходзяць у яго сыравiнную зону, займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў. Камбiнат увёў у нязменную практыку забеспячэнне iх у поўным аб’ёме насеннем гэтай культуры, сродкамi аховы раслiн. Своечасова выдзяляюцца авансы на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запасных частак, на забеспячэнне сяўбы i догляду пасеваў. А ў перыяд уборкi ўраджаю камбiнат без затрымак разлiчваўся за пастаўляемую сыравiну.

Летась, дарэчы, сельгасвытворцы пастаралiся як нiколi. Упершыню нарыхтавана звыш 900 тысяч тон буракоў. Рэкордны збор! Ён намнога перавысiў ранейшы лепшы вынiк, якi зафiксаваны ў 2005 годзе, калi на перапрацоўку паступiла 774 тысячы тон.

Сёння ў гаспадарках укаранёны еўрапейскiя тэхналогii вырошчвання гэтай культуры, якiя практычна выключаюць ручную працу. Усе працэсы механiзаваны, прычым тэхнiкай самых апошнiх узораў. Для забеспячэння чысцiнi пасеваў камбiнат набывае неабходныя хiмпрэпараты i агрэгаты для iх унясення. Апошнiм часам многiя гаспадаркi выходзяць на прамыя кантакты з заходнееўрапейскiмi фiрмамi i самi закупляюць у iх усё неабходнае. У вынiку i забяспечваецца нядрэнны збор. Хоць да ўраджаяў у 700—800 цэнтнераў з гектара, як у Францыi цi Германii, многiм нашым вытворцам трэба яшчэ iсцi i iсцi.

Як лiчыць Мiкалай Пруднiк, у нас яшчэ часта iгнаруюцца такiя элементы тэхналогii, якiя напачатку здаюцца малазначнымi, а на самай справе менавiта ў iх крыюцца немалыя рэзервы росту прадукцыйнасцi бурачных палеткаў.

Тым не менш добрыя прыклады гаспадарання дэманструюць i многiя нашы землякi. Скажам, СВК «Агракамбiнат «Сноў» Нясвiжскага раёна хоць i не ўваходзiць у слуцкую сыравiнную зону, але там вучацца майстэрству высокiх ураджаяў прадстаўнiкi гаспадарак з ўсёй Беларусi. Выдатных паказчыкаў дабiваюцца ў сельгаскааператывах «Кухчыцы» Клецкага, «Семежава» Капыльскага, «Аграфiрма «Лучнiкi» Слуцкага раёнаў. Словам, у кожным рэгiёне ёсць свае лiдары.

У арбiце дзейнасцi слуцкiх цукравытворцаў i чатыры раёны Магiлёўскай вобласцi — Бабруйскi, Кiраўскi, Асiповiцкi i Глускi, дзе нарыхтоўваецца прыкладна 150 тысяч тон цукровых буракоў.

Аб’ём сыравiны, які рэзка ўзрос, запатрабаваў ад кiраўнiцтва камбiната дадатковых захадаў па яе размяшчэнню. Тэхналагiчныя магчымасцi летась не дазволiлi прыняць увесь ураджай на свае пляцоўкi. Таму былi заключаны дагаворы на захоўванне прадукцыi непасрэдна ў гаспадарках з адпаведнай даплатай. Такiм парадкам змаглi часова затрымаць на месцах каля 130 тысяч тон буракоў. Гэтая колькасць сыравiны пасля дастаўлялася на камбiнат паступова аж да 20 студзеня 2007 года.

Зрэшты, як падкрэслiў Мiкалай Паўлавiч, такая практыка шырока распаўсюджана ў заходнееўрапейскiх краiнах. Там вырашчаны ўраджай захоўваюць самi вытворцы i пастаўляюць яго перапрацоўшчыкам па графiку. Гэта пазбаўляе цукровыя камбiнаты ад неабходнасцi займаць значныя зямельныя плошчы пад бурты цi кагаты, як iх тут называюць. У вынiку з гарадской мяжы выдаляецца, скажам так, не самы прывабны «пейзаж», вытворчая тэрыторыя змяншаецца, што выгадна i камбiнату i гораду. Прычым якасць буракоў, што захоўваюцца на месцах, значна лепшая, паколькi там аб’ёмы намнога меншыя i з iмi лягчэй упраўляцца.

Пытанне гэта надзвычай актуальнае i вартае разгляду на рэспублiканскiм узроўнi. Бо ўтрыманне перавалачных пунктаў — гэта дадатковыя затраты, якiя кладуцца на сабекошт цукру, уплываюць на рэнтабельнасць, а ў рэшце рэшт на цэнавую канкурэнтаздольнасць прадукцыi.

Камбiнат плацiць у год каля паўмiльярда рублёў падаткаў за карыстанне зямлёй, утрымлiвае штаты, вялiкi парк тэхнiкi для забеспячэння выгрузкi i буртавання буракоў. Якаснае захоўванне, да таго ж, — гэта i значнае павышэнне цукраўтрымання, выхаду цукру.

Заслугоўвае ўвагi i такi аспект, як больш рацыянальнае выкарыстанне аўтатранспарту на перавозках ураджаю. Наладзiўшы планамерную пастаўку буракоў на прадпрыемства, можна было б абысцiся, скажам, тэхнiкай аўтапаркаў Мiнскай вобласцi, а не «склiкаць» яе ў аўральным парадку падчас уборкi з усiх абласцей рэспублiкi. I тады сродкi, якiя аддае акцыянернае таварыства на разлiкi з транспартнiкамi, не распылялiся б, а заставалiся ў сваiм, сталiчным, рэгiёне.

Сёлетняя анамальная зiма ўвогуле дадала клопату завадчанам. Пры павышанай атмасфернай тэмпературы буракi ў кагатах прагравалiся, захоўвалiся горш, трацiлi цукрыстасць. Сiтуацыя ўскладнiлася яшчэ i тым, што 30 кастрычнiка, а затым 6—8 лiстапада «выскачылi» небывалыя для гэтай пары маразы i «прыхапiлi» верхнi пласт буртоў. Якой мабiлiзацыi сiл i сродкаў запатрабавала становiшча, каб не дапусцiць звышнарматыўных страт, каб адстаяць сыравiнныя запасы! I калектыў на чале з кiраўнiцтвам перамог.

Камбiнат ужо завяршае перапрацоўку буракоў сваёй нарыхтоўкi i цяпер прымае частку ўраджаю з сыравiннай зоны Скiдальскага камбiната, дзе магутнасцi некалькi меншыя, i адчуваецца няўпраўка. Адтуль, у прыватнасцi з Бераставiцкага раёна, павiнна паступiць у Слуцк 35 тысяч тон буракоў.

З БРЭНДАМ «ПРАДУКТ ГОДА»

Што запас бяды не чынiць, нашы продкi ведалi здавён. I дбайны беларус заўсёды трымаў сёе-тое ў засеках. Але калi такое магутнае прадпрыемства, як Слуцкi цукроварафiнадны, якое ў разгар сезона ў суткi выдае «на-гара» звыш 1000 тон бялюткай, быццам горны снег, салодкасцi, арыентаванае на экспарт прадукцыi, вымушана прыпынiць пастаўкi, працаваць на склады, гэта, вядома ж, абставiна не з прыемных. Толькi ад завадчан тут мала што залежыць. Яны ведаюць адно: прадукт iх выдатны, прайшоў «выпрабаванне» на збыт па ўсёй паўночна-заходняй частцы Расii — ад Пскова да Архангельска. I таму вераць, што «цукровы перадзел» — з’ява часовая. За праблему ўзяўся ўрад краiны, i яна, трэба спадзявацца, будзе вырашана.

Таму акрэсленую тэму кiраўнiцтва камбiната iмкнецца тактоўна i далiкатна абмiнаць, разумеючы, што лiшнiя размовы толькi падлiваюць масла ў агонь.

Пра рэалiзацыю тут больш клапоцяцца з пункту гледжання рэкламы сваёй прадукцыi, яе зручнай фасоўкi. У кабiнеце Восiпа Дапiры мы ўбачылi, можа, з дзесятак розных пакецiкаў i кардонных скрыначак, у якiх цукар трапляе ў рознiчны гандаль. Слуцкi камбiнат, у адрозненне ад iншых, фасуе прадукт у празрыстыя аднакiлаграмовыя полiэтыленавыя пакеты, каб пакупнiк бачыў, якi тавар яму прапануецца. Працуе таксама лiнiя па расфасоўцы ў маленькiя 10-грамовыя пакецiкi, на аднаразовую порцыю, з нанясеннем на ўпакоўцы лагатыпаў заказчыкаў. I хоць у агульным продажы аб’ём такога кшталту паставак не надта вялiкi, каля 125 тон, але яны робяць яшчэ адну важную справу — рэкламную. Беларуская чыгунка, многiя рэстараны, кафэ жадаюць мець тавар менавiта ў такiм выглядзе.

Высокая ж ступень ачысткi цукру, у тым лiку мiкрабiялагiчнай, з выкарыстаннем самага сучаснага еўрапейскага абсталявання, прыцягвае да Слуцка шырокае кола беларускiх спажыўцоў, у тым лiку тых, дзе да чысцiнi цукру асобныя патрабаваннi. Сярод iх Мiнскi завод медпрэпаратаў, фiрма «Кока-кола», завод iгрыстых вiнаў, лiкёра-гарэлачныя прадпрыемствы i г.д.

За плённае супрацоўнiцтва, паспяховае ажыццяўленне сумесных праектаў камбiнат мае шэраг узнагарод i падзяк ад прызнаных у цукраварнай справе еўрапейскiх фiрмаў «Басф», «Баер», «Аграматко».

А летась слуцкi цукар быў удастоены дыплома першай ступенi ў сваёй намiнацыi на IХ Рэспублiканскiм конкурсе прадуктаў харчавання, атрымаў брэнд «Прадукт года-2006» i права выкарыстання яго на працягу года на сваёй упакоўцы.

Гэтаму поспеху паспрыяла мнагапланавая работа, а таксама ўкараненне аўтаматычнай сiстэмы кiравання тэхналагiчным працэсам. З галоўнага шчыта кiравання па камп’ютарах можна сачыць за параметрамi на кожным звяне тэхналагiчнага ланцуга i пры неабходнасцi карэктаваць iх. Дарэчы, усе праграмы для гэтай сiстэмы напiсала заводскi праграмiст Таццяна Зайкевiч, якая прайшла адпаведную падрыхтоўку ў Маскве.

СТАЯЦЬ У БАКУ ТУТ НЕЛЬГА

Такiх адданых сваёй справе спецыялiстаў, рабочых у калектыве шмат. Тут кожны даражыць сваiм месцам, ганарыцца тым, што працуе на вядучым прадпрыемстве горада.

— Тэхнiчнае ж развiццё вытворчасцi «стартуе» ад службы галоўнага iнжынера. I яна, на мой погляд, у нас даволi моцная, — дапаўняе ўражаннi ад нашага «падарожжа» па заводскiх участках Восiп Дапiра. — Галоўны iнжынер Юрый Гарбатко i яго памочнiкi выдатна ведаюць сваю справу. Тое ж можна сказаць пра галоўнага спецыялiста КВП i аўтаматыкi Уладзiмiра Якiмовiча. З усiх чатырох цукровых заводаў Беларусi ў нас самы высокi ўзровень аўтаматыкi i да таго ж самы якасны.

У службе галоўнага механiка самыя цёплыя водгукi можна пачуць пра старшага майстра прадуктовага аддзялення Мiкалая Каралькова. Там, дзе гатовая прадукцыя, усё павiнна быць на сваiм месцы, працаваць бездакорна. I ён такi парадак забяспечвае.

Увогуле ўсе галоўныя спецыялiсты вартыя пахвалы. Сёлета, калi як нiколi вялiкiм быў аб’ём нарыхтовак сыравiны, яна прымалася без асаблiвых затрымак, без вялiкiх чэргаў. Найперш таму, што буртаўкладачная тэхнiка працавала без паломак. А паклапацiлiся аб гэтым начальнiк аддзела вонкавай механiзацыi Аляксандр Таранiн, галоўны энергетык Серафiм Маркавец.

Вялiкай увагi патрабуе бястарнае захоўванне цукру, яго фасоўка ў розныя вiды тары. Аднак тут на сваiм месцы начальнiк цэха гатовай прадукцыi Аляксандр Ра- зуеў, наладчыкi абсталявання Уладзiмiр Статкевiч i Аляксандр Курыльчык.

Штогод на прадпрыемстве пераможцамi спаборнiцтва за званне «Лепшы рабочы па прафесii» прызнаецца група найбольш дастойных працаўнiкоў з усiх участкаў вытворчасцi. Цяпер у гэтым спiсе 37 чалавек, усе яны ўзнагароджаны граматамi i грашовымi прэмiямi. У iх лiку апаратчыкi Таццяна Хартановiч i Таццяна Мароцкая, абпальшчык вапняку Пётр Клiмянкоў, аператар пульта кiравання Генадзь Шуба, слесар-рамонтнiк Леанiд Ганчар, электраманцёр Вiктар Вiтко i iншыя.

— Калектыў у нас надзвычай стабiльны, цякучасць кадраў практычна адсутнiчае, — не без гонару прызнаваўся дырэктар Мiкалай Пруднiк. — Большасць пакiдае прадпрыемства толькi тады, калi надыходзiць пара iсцi на пенсiю.

Заўважым, што з пенсiянерамi тут развiтваюцца не раптоўна. Як правiла, з той даты, калi чалавек набывае новы статус, з iм заключаецца кантракт яшчэ на адзiн год, каб ён паступова прывыкаў да непазбежнасцi звальнення, псiхалагiчна рыхтаваўся пакiнуць калектыў.

Заработная плата ў цукравараў даволi прыстойная, выплачваецца своечасова. Яе ўзровень, бадай, самы высокi ў Слуцкiм раёне i ва ўсёй галiне, дасягнуў у сярэднiм 900 тысяч рублёў.

Сацыяльна-бытавую падтрымку некаторыя з працуючых атрымлiваюць у выглядзе месцаў цi пакояў у iнтэрнаце сямейнага тыпу i агульным, дзе звычайна рассяляецца моладзь. А сюды яна iдзе з задавальненнем. I ў блiжэйшай перспектыве камбiнат будзе прымаць на працу прыкладна па 20 чалавек у год замест ветэранаў, якія пойдуць на заслужаны адпачынак.

Як правiла, прадпрыемства ўладкоўвае выпускнiкоў профiльнага Слуцкага каледжа харчавiкоў. Яны праходзяць тут вытворчую практыку, i тыя, хто праяўляе сябе добрымi ведамi, адказным стаўленнем да абавязкаў, павагай да традыцый прадпрыемства, трапляюць у поле зроку кiраўнiцтва.

— З iншага боку, калi маладому чалавеку не вызначаны канкрэтны ўчастак работы i ён бачыць, як нехта робiць справу, а яму прапанавана быць у баку ад яе цi на правах «прымi-падай», то гэты работнiк можа быць сапсаваны, — па-бацькоўску разважае Мiкалай Паўлавiч. — З яго не атрымаецца нi нармальнага рабочага, нi спецыялiста. Яго прывучаць быць за чужой спiнай.

Таму на камбiнаце ўзята за правiла: кожны з першых дзён павiнен атрымаць сваё кола абавязкаў i несцi персанальную адказнасць за даручаны ўчастак, незалежна ад пасады. Спраўляецца чалавек — выдатна! Не атрымлiваецца штосьцi — дапамогуць. Ну, а калi захаплення работай няма, калi справы прадпрыемства яму не цiкавыя — даводзiцца развiтвацца. Такiя выпадкi не частыя, а ўсё ж здараюцца.

На камбiнаце каля 40 чалавек з вышэйшай адукацыяй працуюць на рабочых пасадах. I для прафесiйнага росту тут створаны ўсе ўмовы. Многiя былыя выпускнiкi каледжа вучацца ў ВНУ завочна.

Моцнай падтрымкай працаўнiкоў, якiя маюць патрэбу ў жыллi, стане будаўнiцтва 100-кватэрнага жылога дома. Праўда, пры ўмове, што ўдасца вырашыць пытанне з выдзяленнем зямельнага ўчастка недалёка ад прадпрыемства, каб яго жыхарам было зручней дабiрацца на работу. Акцыянернае таварыства мае магчымасць выдзелiць жадаючым крэдыт у памеры каля 25 працэнтаў кошту кватэры з наступным пагашэннем яго праз утрыманнi з заработнай платы, дапамагчы падрадчыку пад’ёмнымi кранамi, транспартам, iншай тэхнiкай. I галоўнае, праз прафсаюзны камiтэт таварыства зможа кантраляваць будоўлю, каб нiхто не ўздумаў падмануць забудоўшчыкаў.

Свой вольны час многiя работнiкi камбiната прысвячаюць развiццю сваiх захапленняў i талентаў. Умовы i магчымасцi для гэтага дастатковыя. Праз вулiцу, у адным будынку з заводаўпраўленнем знаходзiцца Дом культуры, дзе сабрана выдатная бiблiятэка, ёсць глядзельная, танцавальная, спартыўная залы. Секцыi i гурткi пры ДК наведваюць многiя жыхары блiжэйшага мiкрараёна, дзе пражываюць у асноўным працаўнiкi свайго прадпрыемства, а таксама мясакамбiната, сыраробнага камбiната.

Раней выдатны клас гульнi дэманстравала футбольная каманда цукравараў, якая апошнiя два гады выходзiла на другое месца ў абласным першынстве. Сёлета ж аказалася першай, але ўжо ў другой падгрупе, а гэта фактычна толькi сёмы радок у турнiрнай таблiцы. Негатыўна адбiўся на вынiковасцi працэс амаладжэння складу каманды футбалiстаў. I ўсё ж заўзятыя балельшчыкi, шчырыя прыхiльнiкi каманды вераць, што яна зноў выйдзе на сваю лепшую гульню.

Бо менавiта такi высокi тэмп i высокую вынiковасць, прадукцыйнасць працы паказвае цяпер асноўная вытворчасць, усе падраздзяленнi камбiната. На вiдным месцы ля цэнтральнага ўваходу ў галоўны корпус пастаянна вывешаны шчыт, на якiм фiксуюцца паказчыкi работы ўсiх чатырох цукровых прадпрыемстваў. I да гонару случчан, апошнiя дзве дэкады яны лiдзiруюць па аб’ёму выпрацоўкi салодкага прадукту.

Як бачна, пры ўсiх складанасцях, з якiмi давялося сутыкнуцца гэтай восенню i зiмой, ААТ «Слуцкi цукроварафiнадны камбiнат» паспяхова завяршае сезон перапрацоўкi. Завяршае, але не збiраецца пачываць на лаўрах ранейшых дасягненняў. Бо наперадзе яшчэ не да канца вырашаныя задачы па далейшаму абнаўленню вытворчых магутнасцяў, удасканаленню тэхналагiчнага працэсу. I верыцца, што яны будуць выкананы гэтак жа бездакорна, як i ўсё, што зроблена раней.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У шматвяковай гiсторыi Слуцка 40-гадовая гiсторыя тутэйшага цукроварафiнаднага камбiната — адрэзак часу не надта вялiкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика