Сiндром «сухога вока» правакуецца сучаснымі зрокавымi перагрузкамi
      
					
Вядома, што 90 працэнтаў iнфармацыi аб знешнiм свеце мы атрымлiваем дзякуючы зроку. I страцiць яго — вялiкая бяда. Прычын пагаршэння зроку iснуе нямала. Час зрокавых перагрузак накладвае на гэта свой адбiтак, што, безумоўна, хвалюе спецыялiстаў. 
				
				
				Аб розных праблемах, звязаных з работай органаў зроку чалавека, карэспандэнт «Звязды» Вольга Шаўко гутарыць з кандыдатам медыцынскiх навук, дацэнтам кафедры афтальмалогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Галiнай СЕМАК. — Галiна Раманаўна, такая паталогiя, як блiзарукасць, праяўляецца ўжо ў даволi раннiм узросце. У чым прычыны? — Сапраўды, блiзарукасць сёння пачала вельмi шырока распаўсюджвацца. Дапусцiм, дзiця iдзе ў першы клас, i аптычныя нагрузкi — асаблiва на блiзкай адлегласцi — адразу ўзмацняюцца. У гэтым выпадку вока вымушана абараняцца, перастройвацца, прыстасоўвацца да тых фактараў, якiя прымушаюць яго працаваць у iншым рэжыме. Таму i развiваецца блiзарукасць. Гэтая паталогiя з’яўляецца нават не столькi хваробай, колькi прыстасавальна-адаптацыйнай абаронай вока. Варта адзначыць, што чалавецтва прыладзiлася ўжо да работы на блiзкай адлегласцi. I гэта зразумела. Раней асаблiвасцi працоўнай дзейнасцi людзей патрабавалi далёкага зроку. Яны палявалi, пасвiлi жывёлу i г.д., i натуральна, глядзелi ўдалячынь. Таму i мелi адпаведны зрок. А зараз, калi чалавек працуе пераважна на блiзкай адлегласцi, то i вока ў яго так настроiлася. Увогуле лiчыцца, чым больш развiтая краiна, тым больш яе жыхароў блiзарукiя. Напрыклад, у Японii 90 працэнтаў, а ў Германii 75 працэнтаў дзяцей маюць блiзарукасць. — Як жа захаваць здароўе вачэй пры сучасных зрокавых перагрузках? — У сувязi з тым, што зараз вялiкая колькасць людзей працуе на камп’ютарах, у нас нават з’явiўся новы дыягназ: камп’ютарны зрокавы сiндром, якi суправаджаецца хуткай стамляльнасцю вачэй, сухасцю ў iх, рэззю, можа развiвацца святлабоязь, узнiкае i сiндром сухога вока, якi таксама правакуецца камп’ютарамi, люмiнесцэнтнымi лямпамi, кандыцыянерамi. Для лячэння мы выкарыстоўваем замяняльнiкi слязы. Але галоўнае — трэба ўхiлiць прычыну, якая выклiкала захворванне: меней працаваць з камп’ютарам, не карыстацца кандыцыянерам, калi ёсць сухое вока. Абавязкова звярнуцца да спецыялiста. Зараз iснуе вялiкая колькасць сродкаў барацьбы (штучных замяняльнiкаў слязы), якiя дапамагаюць справiцца з сiтуацыяй. Але гаварыць аб тым, што людзей трэба поўнасцю iзаляваць ад камп’ютараў, нельга, бо сучаснае жыццё без гэтага немагчымае. Трэба толькi выконваць пэўныя правiлы. Напрыклад, карыстацца спецыяльнымi акулярамi для работы на камп’ютары, якiя адрознiваюцца ад звычайных. Калi акуляры для блiзi падбiраюцца з улiкам адлегласцi 33 см, то камп’ютарныя — 50—80 см. Аднак тыя, хто мае павышаную адчувальнасць вачэй да экранаў, павiнны думаць, якую спецыяльнасць выбраць i ўсё ж адыходзiць ад прафесii, што звязана з працяглай працай на камп’ютары. — Што рабiць, калi зрок пачаў падаць? — Абавязкова звярнуцца да доктара i прайсцi абследаванне. Калi трэба, спецыялiст правядзе аптычную карэкцыю: падбярэ акуляры, кантактныя лiнзы. Але варта ведаць: каб не прагрэсавала блiзарукасць, трэба захоўваць самыя элементарныя правiлы — не чытаць лежачы, бо калi чалавек ляжыць, вока перанапружваецца, па-iншаму настройваецца. Нельга чытаць у транспарце, бо кнiжка то наблiжаецца, то адсоўваецца ад вока, а гэта вельмi цяжкая дадатковая нагрузка, якая вядзе да прагрэсуючай блiзарукасцi. Нормай жа з’яўляецца адлегласць да тэксту не менш як 33 см. Прынамсi, тэлевiзар трэба глядзець на адлегласцi 3—5 м. Вельмi вялiкая праблема — работа з экранамi, якiя свецяцца. Аказваецца, чалавечае вока лягчэй успрымае напiсаны тэкст, чым карцiнку. Бо такая карцiнка складаецца з маленькiх кропак, якiя самi па сабе яшчэ i мiльгаюць, а гэта вялiкая дадатковая нагрузка на вока. Таму, калi вы заўважылi, што ў дзiцяцi пачаў падаць зрок, то час, праведзены перад тэлевiзарам цi за камп’ютарам, павiнен быць рэзка абмежаваны — дзве гадзiны ў дзень i не болей. Прычым калi дзiця папрацавала 2 гадзiны за камп’ютарам, то тэлевiзар у гэты ж дзень ужо нельга глядзець. — Цi шкодныя кантактныя лiнзы? — Для многiх людзей гэта якраз той метад карэкцыi, якi дае iм добры зрок. Напрыклад, ён паказаны пацыентам з высокай ступенню блiзарукасцi, з наяўнасцю астыгматызму ў воку (калi ў розных мерыдыянах аднаго вока розная аптычная сiла). У гэтых выпадках акуляры могуць не даць высокага зроку, бо маецца зазор памiж вокам i шклом. А кантактныя лiнзы больш шчыльна прылягаюць да вачэй. Аднак нашэнне кантактных лiнзаў патрабуе захавання пэўных правiлаў, з якiмi знаёмiць доктар, што прызначае гэту аптычную карэкцыю. Лiнзам патрэбен асобы догляд, iх трэба апрацоўваць спецыяльнымi сродкамi, акуратна адзяваць, насiць строга належны час. Акрамя таго, нашэнне кантактных лiнзаў не выключае i нават патрабуе акулярнай карэкцыi. I яшчэ. Пацыент, якi носiць кантактныя лiнзы, павiнен рэгулярна праходзiць агляд у спецыялiста, бо можа ўзнiкнуць неўспрыманне лiнзаў i развiцца запаленчая рэакцыя. — Цi ўплываюць надвор’е i яго фактары (сонца, нiзкая тэмпература, вецер, вiльгаць) на зрок? — Справа ў тым, што паўнацэнны зрок чалавека фармiруецца пры добрым асвятленнi, пры яркiх фарбах, колерах. Гэты псiхаэмацыянальны фактар адыгрывае сваю станоўчую ролю, чаму, безумоўна, спрыяе сонца. Але бываюць сiтуацыi, калi чалавечае вока дрэнна рэагуе на сонечныя промнi. I тады можа ўзнiкнуць святлабоязь, слёзацячэнне. У такiх выпадках варта «прымаць» сонечнае святло дазiравана, насiць сонцаахоўныя акуляры. Нiзкая тэмпература паветра i вецер таксама могуць выклiкаць слёзацячэнне ў зусiм здаровага чалавека. Калi гэта здараецца, варта пракансультавацца з доктарам-афтальмолагам. Магчыма, ёсць засмечанасць слёзнага канала. I натуральна, прастуда не самым лепшым чынам адбiваецца i на стане вачэй. 
 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код: 
							
							На вашем ресурсе это будет выглядеть так 
							Вядома, што 90 працэнтаў iнфармацыi аб знешнiм свеце мы атрымлiваем дзякуючы зроку. I страцiць яго — вялiкая бяда  | 
 
		
		
		 
     |