ПРАВЫ САВЕТАЎ
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
ДЫСКУСIЙНАЯ ТРЫБУНА У студзенi Прэзiдэнт Беларусi падпiсаў Указ «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва».Як паўплывае з’яўленне гэтага дакумента на далейшую дзейнасць Саветаў пярвiчнага звяна, а таксама на iх узаемаадносiны з выканаўчай уладай? На гэтыя i iншыя пытаннi адказваюць сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалай ЛАЗАВIК і старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Раман ЖУРНЯ. Мiкалай ЛАЗАВIК: «Часам сельскi цi пасялковы Савет вынаходзіць веласiпед...» — Як вы ацэньваеце паўнамоцтвы, якiя маюць сёння мясцовыя Саветы розных узроўняў? — Выказванне пра тое, што сёння мясцовым Саветам не хапае паўнамоцтваў, абсалютна не адпавядае сапраўднасцi. Заканадаўства Беларусi, якое датычыцца мясцовага кiравання i самакiравання, дае органам мясцовай улады больш чым дастаткова правоў. Асноўная ж праблема, якая стаiць перад органамi мясцовай улады, — гэта дысбаланс памiж правамi i абавязкамi з аднаго боку i матэрыяльнымi i фiнансавымi рэсурсамi, якiя яны маюць для рэалiзацыi сваiх правоў i абавязкаў, з другога. Саветы i мясцовыя выканаўчыя камiтэты маюць сёння права вырашаць любое пытанне мясцовага жыцця, але не робяць гэтага, бо ў iх не хапае сродкаў. Указ Прэзiдэнта ў некаторай ступенi заклiканы ўстаранiць дадзены дысбаланс. Органам мясцовага кiравання i самакiравання даюцца дадатковыя фiнансавыя магчымасцi для таго, каб яны маглi больш эфектыўна выконваць ускладзеныя на iх функцыi. У прыватнасцi, за Саветамi пярвiчнага ўзроўню замацоўвае шэраг падаткаў, даходаў, збораў i пошлiн. — Указ рэкамендуе Савету Рэспублiкi Нацыянальнага сходу ўтварыць Савет па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання. Якой павiнна быць гэтая структура? — Сёння сiстэма Саветаў у Беларусi не мае вертыкальнай iерархii. Гэта значыць, Саветы вышэйстаячага ўзроўню не з’яўляюцца «начальнiкамi» для нiжэйстаячых. Канешне, рашэннi абласнога Савета распаўсюджваюцца на тэрыторыю ўсёй вобласцi i iх абавязаны выконваць раённыя, гарадскiя, пасялковыя i сельскiя Саветы, якiя iснуюць на тэрыторыi вобласцi. Але даваць непасрэдна нейкiя ўказаннi Саветам, умешвацца ў iх паўсядзённую дзейнасць абласныя Саветы не маюць права. Такiм чынам Саветы з’яўляюцца дастаткова самастойнымi ў вырашэннi мясцовых пытанняў. Аднак такая самастойнасць мае адмоўны бок. Часам у нейкiм раёне сельскi цi пасялковы Савет вынаходзiць веласiпед, якi ўжо даўно вынайдзены ў суседнiм раёне. Гэта значыць спрабуе знайсцi падыходы да вырашэння нейкiх сацыяльных пытанняў, а ў суседнiм раёне яны ўжо знойдзены. I павiнен быць нейкi орган, якi б скаардынаваў дзейнасць усiх мясцовых Саветаў. — Мясцовыя Саветы маюць права прызначаць мясцовыя рэферэндумы. Чаму, на ваш погляд, за ўсю гiсторыю незалежнай Беларусi нiводнага рэферэндуму прызначана не было? — Такое права Саветы маюць. Iншая справа, наколькi рацыянальна выкарыстоўваць рэферэндумы для вырашэння нейкiх мясцовых пытанняў. Справа ў тым, што мясцовыя пытаннi могуць вырашыць сесiя Савета, выканаўчы камiтэт. Пры гэтым для вывучэння грамадскай думкi яны могуць праводзiць сходы грамадзян на сваёй тэрыторыi, пасля якiх ужо больш узважана, з улiкам меркавання насельнiцтва, падыходзiць да вырашэння таго цi iншага пытання. А рэферэндум як форма мясцовай дэмакратыi можа выкарыстоўвацца ў тых выпадках, калi правоў i паўнамоцтваў Саветаў i выканаўчых камiтэтаў не хапае для вырашэння нейкiх пытанняў. Рэферэндум — даволi дарагое мерапрыемства. Неабходна сфармiраваць камiсii для правядзення рэферэндуму, вырабiць бюлетэнi, арганiзаваць агiтацыйную кампанiю, потым правесцi галасаванне. Такiм чынам, матэрыяльныя затраты значна большыя, чым затраты на арганiзацыю сесii цi пасяджэння выканкама. Напэўна, таму яшчэ ў нас рэферэндумы i не праводзiлiся. Ды i ў нас яшчэ не ўзнiкала вялiкiх канфлiктаў памiж органамi мясцовага кiравання i самакiравання з аднаго боку i насельнiцтвам з другога. Насельнiцтва ў асноўным верыць у аб’ектыўнасць гэтых структур i ў тое, што яны дастаткова адэкватна адлюстроўваюць меркаванне насельнiцтва. Калi гэтага не будзе, напэўна, насельнiцтва само пачне iнiцыяваць мясцовыя рэферэндумы. — Падчас сёлетнiх выбараў у мясцовыя Саветы ў большасцi сельсаветаў быў толькi адзiн кандыдат, у многiх раённых Саветах выбары былi амаль безальтэрнатыўнымi. Як вы ацэньваеце дадзеную сiтуацыю? Цi можа яна, на ваш погляд, змянiцца ў блiжэйшай будучынi? — Мясцовыя Саветы дэпутатаў гэтага ўзроўню ў першую чаргу займаюцца гаспадарчымi, сацыяльна-бытавымi пытаннямi. Гэта не палiтычныя органы. Таму, напэўна, жаданне нашых палiтычных актывiстаў удзельнiчаць у гэтай паўсядзённай рабоце не з’яўляецца вялiкiм. Больш эфектыўна i эфектна можна рэалiзаваць палiтычны патэнцыял на больш высокiм тэрытарыяльным узроўнi Саветаў. У абласных Саветах i Мiнскiм гарадскiм. Тут канкурэнцыя значна вышэйшая. Бо гэтыя Саветы вырашаюць не толькi чыста гаспадарчыя пытаннi, але i некаторыя палiтычныя. Таму для партыйных актывiстаў дадзеныя мандаты з’яўляюцца больш прыцягальнымi. Раман ЖУРНЯ: «Ёсць тэндэнцыя забыць выдзелiць грошы...» — Як вы ацэньваеце паўнамоцтвы, якiя маюць сёння раённыя Саветы дэпутатаў? Цi ёсць магчымасць iх рэалiзаваць? — Я мяркую, што паўнамоцтваў, прапiсаных у заканадаўстве, больш чым дастаткова. Трэба толькi працаваць па заканадаўству... Сёння ўсе праграмы, якiя ажыццяўляюцца ў раёне, пачынаючы ад прагнозу развiцця на год цi нават на пяцiгодку i заканчваючы дробнымi праграмамi па водазабеспячэнню, зацвярджае раённы Савет. Любы дэпутат можа выказваць свае заўвагi. Дэпутаты могуць праграму адхiлiць, аддаць у выканкам, каб там яе дапрацавалi з улiкам меркавання мясцовага насельнiцтва. Iншая справа, што дэпутаты не заўсёды карыстаюцца дадзеным правам. Склалася так, што выканаўчая «вертыкаль» дамiнуе, i многiя Саветы ў краiне не праяўляюць патрэбнай iнiцыятывы i настойлiвасцi. Часта ўзнiкае неабходнасць унесцi змяненнi ў бюджэт. Напрыклад, недзе дах абвалiўся i тэрмiнова патрэбны сродкi. У прынцыпе, iх можна ўзяць, напрыклад, са сродкаў, выдзеленых на ішшыя мэты, i перадаць туды. Але гэта вырашае толькi раённы Савет. Райвыканкам уносiць прапанову, а мы зацвярджаем на сесii. Распараджэнне камунальнай маёмасцю, лясамi, водамi. У аснове стаяць чыноўнiкi выканаўчай вертыкалi, яны рыхтуюць дадзеныя пытаннi. Аднак потым яны выносяць iх на разгляд раённага Савета, а мы зацвярджаем. — Падчас сёлетнiх выбараў на 36 месцаў у раённым Савеце прэтэндавала 37 кандыдатаў. Як вы ацэньваеце сiтуацыю, калi толькi па адной акрузе была альтэрнатыва? — Канешне, альтэрнатыва — гэта добра. Але партыi цi нейкiя рухi iнiцыятывы не праявiлi, сваiх кандыдатаў не вылучалi... — Вы з’яўляецеся старшынёй Браслаўскага раённага Савета ўжо чацвёртае склiканне. Цi можаце прыгадаць выпадкi, калi Савету i райвыканкаму не ўдалося прыйсцi да згоды па нейкаму пытанню? — Напрыклад, на пачатку маёй працы ў якасцi старшынi райвыканкам вырашыў перадаць будынак былых дзiцячых ясляў камерсанту. Райвыканкам падрыхтаваў неабходныя дакументы, вынес пытанне на сесiю Савета. Аднак дэпутаты адхiлiлi гэтае рашэнне. Канешне, такiя выпадкi — рэдкасць, i найперш таму, што пытаннi здымаюцца на стадыi падрыхтоўкi. Аднак складваецца ўражанне, што Савет аўтаматычна ўсе рашэннi выканкама ўхваляе. Гэта зусiм не так. — Як вы ацэньваеце Указ Прэзiдэнта Беларусi «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва»? — Вельмi добра, што пытаннi развiцця мясцовых Саветаў разглядаюцца на самым высокiм узроўнi. Указ, на мой погляд, з’яўляецца адным з крокаў па развiццю мясцовых органаў улады. Напрыклад, раней мяне турбавала такое пытанне. У жыццi бываюць розныя рэчы. Старшыня сельскага Савета (якi пасля абрання станавiўся адначасова старшынёй сельвыканкама) мог памерці. Неабходна выбiраць iншага. Згодна з заканадаўствам, новым старшынёй можа стаць толькi дэпутат сельскага Савета. Але сярод дэпутатаў, магчыма, няма з каго выбiраць. Бо па сваiх дзелавых якасцях не падыходзяць... Згодна з заканадаўствам, працэдура выбараў новага дэпутата цягнулася тры месяцы. А як гэтыя тры месяцы сельвыканкаму вырашаць праблемы жыхароў? Цяпер Указам дакладна вызначана, што старшыня райвыканкама можа прызначыць выконваючага абавязкi старшынi сельвыканкама да таго часу, пакуль будуць вырашаны пытаннi па законнаму выбранню новага старшынi. Iншы момант. Як старшыня райвыканкама мог аб’явiць вымову старшынi сельскага Савета? Ён, па сутнасцi, не меў такога права. Ён павiнен быў звярнуцца да сельскага Савета, якi прызначыў старшыню. Цяпер праз тры днi пасля выбрання старшыня сельскага Савета заключае кантракт са старшынёй райвыканкама. I апошнi зможа старшыню сельскага Савета законным чынам альбо хвалiць, альбо крытыкаваць. Указ таксама вызначае пералiк даходаў, якiя павiнны атрымлiваць мясцовыя Саветы. Аднак я выказваю наконт гэтага асцярожны аптымiзм. Бо даходы iм могуць фармальна прапiсаць, аднак потым «зверху» накiруюць «разнарадку», куды трацiць грошы. Паглядзiм, як будзе на практыцы... А без фiнансавай асновы сельсавет — гэта не сельсавет. Орган улады павiнен мець сродкi для ажыццяўлення сваiх прамых абавязкаў. Цяпер з’явiлася пэўная рынкавая аснова дзейнасцi Саветаў пярвiчнага ўзроўню. Яны могуць прадаваць маёмасць, могуць здаваць яе ў арэнду, могуць ствараць прадпрыемствы i быць акцыянерамi прадпрыемстваў. Гэта дае магчымасць творчым людзям праявiць сябе. — Указ даручае абласным выканкамам разгледзець магчымасць перадачы дарог сельскiх населеных пунктаў, сiстэм водазабеспячэння i iншых аб’ектаў спецыялiзаваным арганiзацыям. Як вы ацэньваеце гэтае палажэнне дакумента? — Перадача iдзе ўжо пэўны час. Раней прынятае заканадаўства гаворыць пра гэта. Аднак камунальныя службы не жадаюць браць маёмасць. Яны бралi б яе, калi б пад новыя аб’ёмы атрымлiвалi стопрацэнтныя гарантыi па фiнансаванню. Аднак у нас жа ёсць тэндэнцыя перадаць аб’екты i забыць выдзелiць грошы на ўтрыманне. Атрымлiваецца, што ў камунальных службаў база развiваецца павольна, а аб’ём работ расце хутка. I службы сутыкаюцца з крызiснай сiтуацыяй. Што датычыцца дарог, то ў нашым раёне амаль усе ўнутрыгаспадарчыя дарогi перададзены на баланс ДРСУ. Але яно абслугоўвае больш за 400 кiламетраў дарог i ўжо не ў стане на сто працэнтаў забяспечыць iх абслугоўванне. Дарэчы, днямi даведаўся, што ДРСУ не можа высякаць кустоўе ўздоўж дарог без лесасечных бiлетаў. А за iх трэба плацiць 16 тыс. рублёў за метр кубiчны. Я лiчу, што гэта нейкае глупства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У студзенi Прэзiдэнт Беларусi падпiсаў Указ «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насе |
|