Праз возера — на мяшку з саломай
Марыя ЖЫЛIНСКАЯ
Ганна Кiтун, гаспадыня сядзiбы «Свiцязянка», што знаходзiцца ў вёсцы Варонча Карэлiцкага раёна, фантазёрка i вынаходнiца. Чаго толькi варты зiмовы атракцыён на мяхах з саломай! Сама прыдумала. Побач з яе сядзiбай ёсць ладнае лясное возера з гарыстымi берагамi. Прапанавала неяк сваiм гасцям з’ехаць на мяху з саломай з горкi на возера. Колькi было вясёлай валтузнi, шуму ды смеху! Дарослыя людзi, мажныя кабеты ды самавiтыя мужчыны, нiбы дзятва, кулялiся з тых мяхоў цi праляталi куляй скрозь лядовую гладзь возера. Цяпер гэтыя катаннi — адна з «фiшак» «Свiцязянкi». А падобных адметных вынаходнiцтваў у гаспадынi хапае.
Узяць хоць бы яе кулiнарныя каронныя «iскрынкi». Толькi ў спадарынi Ганны можна пакаштаваць халаднiк з «сакрэтам». Гатуецца ён на бярозавым соку з дабаўленнем смятаны, часнаку, агурочнай травы. Дарэчы, са сваiм адметным «сакрэтным» халаднiком Ганна Кiтун стала лаўрэатам мiжнароднага фестывалю павольнага, або правiльнага, харчавання, якi праводзiцца ў Iталii. З задавальненнем яе пастаяльцы смакуюць стравы, прыгатаваныя гасцiннай гаспадыняй па старадаўнiх беларускiх рэцэптах. Гэта i «язык у вушах», i «мазгi ў яйцах», i фаршыраваныя свiныя ножкi. А якая смаката блiны «па-цырынску» — пальчыкi аблiжаш! — Адкуль такiя незвычайныя рэцэпты? Дзе ж вы iх вычыталi? — пытаюся ў Ганны Iванаўны. — Пачнём з таго, што я сама працавала ў сiстэме грамадскага харчавання. Значыць, гатаваць умею. I люблю. Люблю прымаць гасцей. Для мяне вялiкай праблемы няма — прыгатаваць розных прысмакаў на пяць, дзесяць, дваццаць цi болей гасцей. Успамiнаю стравы, сакрэты якiх пераняла ў матулi i бабулi. Таму, калi Ганна Iванаўна пайшла на пенсiю, яе не напаткала пачуццё песiмiзму i роспачы. Яна цвёрда ведала, чым пачне займацца — экатурызмам. Будзе прымаць аматараў вясковага адпачынку — сваiх i замежных. У поспеху задуманага была ўпэўненая. Побач з сучасным двухпавярховым камфартабельным домам яны з мужам пачалi ствараць каларытны, непаўторны падворак. Пабудавалi лазню з парыльняй i басейнам, бiльярдную залу, сялянскую хату з цаглянай печкай, лаўкамi, абразамi на покуцi, драўлянымi ложкамi з матрацамi i падушкамi, напоўненымi духмяным сенам. Палавiчкi на падлозе, коўдры, фiраначкi на вокнах — усё гэта зроблена рукамi самой гаспадынi, яе мацi, яе бабулi, iншых вясковых майстрых. Для аматараў сельскай экзотыкi маецца сапраўднае сенасховiшча i нават будан (невялiчкi шалашны домiк). За тры гады iснавання «Свiцязянкi» справы наладзiлiся нядрэнна. Жадаючых пагасцяваць, адпачыць у Ганны Iванаўны заўсёды хапае. Адно, што гаспадыня гасцiнная, прыветная, любiць i ўмее належным чынам прыняць сваiх гасцей. Ды яшчэ i мясцiны вакол Варончы адметныя i прыгожыя. Лес, азёры. Дарэчы зусiм недалёка адсюль знаходзiцца знакамiтае, з такой любоўю апетае славутым Адамам Мiцкевiчам, возера Свiцязь. Адсюль i назва сядзiбы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ганна Кiтун, гаспадыня сядзiбы «Свiцязянка», што знаходзiцца ў вёсцы Варонча Карэлiцкага раёна, фантазёрка i вынаходнiца. Чаго толькi варты зiмовы атр
|
|