21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вярнуцца на беларусь

25.08.2009 22:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей КУЗНЯЦОЎ

Дыскусiйная трыбуна

Апошнiм часам беларускiя ўлады ўсё больш увагi звяртаюць на беларускую дыяспару. Так, для пераадолення працэсу дэпапуляцыi ў краiне плануецца ствараць умовы для вяртання на радзiму этнiчных беларусаў. «Мы будзем вiтаць вяртанне суайчыннiкаў на родную зямлю», — заявiў з гэтай нагоды намеснiк прэм’ер-мiнiстра Аляксандр Косiнец.

Не выключана, што пэўныя палажэннi па стварэнню механiзма вяртання беларусаў з-за мяжы будуць адлюстраваны ў праекце Закона «Аб суайчыннiках, якiя пражываюць за мяжой», якi плануецца накiраваць на разгляд парламента ў 2008 годзе. У гэтым жа дакуменце, верагодна, будуць пазначаны i механiзмы дзяржаўнай падтрымкi грамадскiх аб’яднанняў беларусаў за мяжой.

Якiя патрэбы маюць сёння беларусы за мяжой i беларускiя грамадскiя арганiзацыi замежжа? Чым можна зацiкавiць этнiчных беларусаў вяртацца на радзiму? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказваюць старшыня грамадскай рады Беларускага культурнага цэнтра «Крок» у горадзе Вiсагiнас (Лiтва) Сяргей ШАБАДАЛАЎ i каардынатар праектаў таварыства «Радзiма», якое займаецца супрацоўнiцтвам з беларусамi за мяжой, Галiна НАВIЦКАЯ.

Сяргей ШАБАДАЛАЎ: «Як кажа прымаўка, у чужым краi толькi вецер зжалiцца...»

— Колькi этнiчных беларусаў жыве зараз у Вiсагiнасе i ва ўсёй Лiтве?

— У Вiсагiнасе налiчваецца 2654 чалавекi, якiя сябе iдэнтыфiкуюць як беларусы па нацыянальнасцi. Гэта выхадцы з Беларусi i мясцовыя жыхары, якiя лiчаць сябе па паходжанню беларусамi. Беларусы з’яўляюцца трэцяй па колькасцi нацыянальнасцю горада i складаюць больш за 10 працэнтаў жыхароў. А ва ўсёй Лiтве беларусы складаюць два працэнты ад агульнай колькасцi насельнiцтва.

— Цi шмат беларусаў Вiсагiнаса мае беларускае грамадзянства?

— 210 чалавек.

— Наколькi арганiзаваны беларусы Вiсагiнаса ў сэнсе дзейнасцi беларускiх арганiзацый, правядзення сумесных мерапрыемстваў?

— У горадзе вельмi актыўна працуе Беларускi культурны цэнтр «Крок». Актыўнымi ўдзельнiкамi беларускага жыцця з’яўляюцца 50—60 беларусаў. I яшчэ 200 чалавек час ад часу прымаюць удзел у мерапрыемствах, збiраюцца ў цэнтры «Крок».

— Цi адчуваюць беларусы Вiсагiнаса падтрымку з боку ўладаў Беларусi, з боку беларускага пасольства ў Вiльнюсе?

— Мы добра адчуваем падтрымку. Напярэдаднi каталiцкiх Калядаў у пасольстве быў арганiзаваны прыём, на якiм прысутнiчалi кiраўнiкi беларускiх згуртаванняў Лiтвы. Былы пасол Уладзiмiр Гаркун неаднаразова наведваў Вiсагiнас. I новы пасол Уладзiмiр Дражын за кароткi тэрмiн знаходжання на гэтай пасадзе паспеў ужо ў нас пабываць. Беларускi консул праводзiць консульскiя прыёмы для грамадзян Беларусi i Лiтвы, якiя жывуць у горадзе.

Калi ў Вiсагiнасе iснавалi беларускiя класы, вучнi бясплатна атрымлiвалi падручнiкi ад Мiнiстэрства адукацыi Беларусi. Пасольства падарыла класам два камп’ютары i мэблю.

Летась ад апарату Упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў наш ансамбль беларускай песнi «Свiтанак» атрымаў у падарунак мужчынскiя беларускiя строi. Дзякуючы пасольству ансамбль атрымаў у мiнулыя гады некалькi запрашэнняў на значныя фестывалi i святы, якiя праходзiлi ў Беларусi.

— Якiя патрэбы маюць сёння беларусы Вiсагiнаса i Лiтвы? Якая падтрымка неабходна дыяспары з боку ўладаў Беларусi?

— Вiсагiнас знаходзiцца на памежжы з Беларуссю i ў горадзе жыве шмат выхадцаў з блiжэйшых беларускiх раёнаў: Браслаўскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага. Калi пачыналася будаўнiцтва Iгналiнскай атамнай станцыi, з тых раёнаў сюды прыехала шмат беларусаў, якiя ўладкавалiся на працу i зараз працягваюць жыць i працаваць у Вiсагiнасе. I гэтыя беларусы сутыкаюцца з вялiкай праблемай трапiць да сваiх родных у Беларусi. Бо калi раней вiзы выдавалiся на два гады, то сёння выдаюцца ў беларускiм консульстве на паўгода. Да таго ж на мытнi афармленне займае шмат часу. На святы на мяжы бываюць вельмi доўгiя чэргi.

Што датычыцца iнфармацыi з Беларусi, то зараз мы маем магчымасць глядзець беларускае тэлебачанне. Мы доўга гэтага дамагалiся. Таксама праз цэнтр «Крок» мы атрымлiваем газету «Голас Радзiмы». Зараз падпiсалiся на часопiс «Алеся». Ды i той, хто бывае ў Беларусi, прывозiць адтуль газеты, часопiсы.

— Беларускiя ўлады гавораць сёння пра неабходнасць прыцягнення часткi дыяспары з-за мяжы на радзiму. Гэта, на думку ўладаў, можа дапамагчы ў вырашэннi дэмаграфiчнай праблемы. Як вы ставiцеся да iдэi прыцягнення часткi дыяспары?

— Iдэя гэта цудоўная. Бо як кажа беларуская прымаўка, у чужым краi толькi вецер зжалiцца. Як бы мы тут нi асiмiлявалiся ў лiтоўскае грамадства, усё роўна адчуваем, што мы не на радзiме. Гэта i iншая мова, i крыху iншая культура. Таму, на мой погляд, было б вельмi добра, калi б iснавала праграма па вяртанню беларусаў на радзiму.

Аднак свет сёння стаў вельмi прагматычным. I моладзь мяркуе: радзiма знаходзiцца там, дзе лепш. На мой погляд, гэта памылковая iдэя. Аднак такiя выказваннi ёсць.

— Нядаўна Расiя пачала ажыццяўляць праграму па прыцягненню былых жыхароў Расii, якiя сёння знаходзяцца ў краiнах СНД. Для таго, каб зацiкавiць людзей вяртацца, расiйскiя ўлады прапануюць iм жыллё, працу... Цi магла б пайсцi Беларусь па такому ж шляху?

— Калi з’явiцца дзяржаўная праграма, i будуць зроблены крокi па ажыццяўленню гэтай праграмы, будзе вельмi добра.

— А якая перспектыва больш прывабная для жыхароў Вiсагiнаса: знайсцi работу ў краiнах Еўрасаюза цi на постсавецкай прасторы?

— За апошняе дзесяцiгоддзе шмат беларусаў Вiсагiнаса выехалi на сваю этнiчную радзiму. I шмат беларусаў паехалi на Захад шукаць лепшую долю... Вiсагiнас з’яўляецца горадам-спадарожнiкам Iгналiнскай АЭС, якая хутка будзе зачынена па патрабаванню Еўрасаюза. I жыхары горада ўжо рыхтуюцца да гэтага. Бо акрамя станцыi i iнфраструктуры да станцыi, ёсць толькi некалькi невялiкiх аб’ектаў, дзе можна працаваць.

Галiна НАВIЦКАЯ: «Дыяспары не хапае беларускiх кнiг, падручнiкаў...»

— Колькi беларусаў жыве сёння за межамi Беларусi?

— Усяго за межамi Беларусi пражывае прыкладна 3,5 млн беларусаў. Зараз у Расii жыве прыкладна 1,2 млн, ва Украiне — 400 тыс., у Казахстане — каля 180 тыс., у ЗША i Канадзе — прыкладна 700 тыс.

Беларуская дыяспара — з’ява неаднародная. Яна супярэчлiвая па сваiх палiтычных, фiласофскiх, моўных i канфесiйных падыходах. Але кожны замежны суайчыннiк па-свойму любiць сваю гiстарычную радзiму.

— Цi iмкнуцца беларусы за мяжой падтрымлiваць кантакты памiж сабой, удзельнiчаць у дзейнасцi нацыянальных арганiзацый, альбо яны не iмкнуцца гэтага рабiць, жадаючы як мага хутчэй iнтэгравацца ў iншае грамадства?

— Апынуўшыся за межамi сваёй краiны па розных прычынах, чалавек з цягам часу пачынае адчуваць шчымлiвае пачуццё настальгii па мясцiнах, адкуль ён паходзiць, дзе жывуць яго родныя. Бо, як нi кажыце, любоў да родных мясцiн прыходзiць да нас з малаком мацi i застаецца на ўсё жыццё. Таму мне здаецца вельмi натуральным тое, што нашы землякi ствараюць суполкi ў месцах свайго пражывання, адзначаюць святы, арганiзуюць школы, класы, гурткi па вывучэнню роднай мовы.

Арганiзацыi беларусаў iснуюць у краiнах Балтыi, краiнах далёкага замежжа, ва ўсiх краiнах СНД. Колькасць такiх арганiзацый павялiчваецца.

— Якiя патрэбы мае сёння беларуская дыяспара?

— Стварылася арганiзацыя — адразу ж узнiкаюць пытаннi атрымання i абсталявання памяшкання, дзе маглi б збiрацца разам беларусы.

Кожная беларуская арганiзацыя мае свой калектыў мастацкай самадзейнасцi. Натуральна, гэтыя калектывы маюць патрэбу ў беларускiх сцэнiчных касцюмах, у рэпертуары, музычных iнструментах. «Радзiма» шмат робiць для гэтага. Раз у год на працягу больш чым дваццацi гадоў мы праводзiм курсы для кiраўнiкоў i ўдзельнiкаў мастацкай самадзейнасцi беларускiх арганiзацый замежжа. Гэтыя курсы карыстаюцца велiзарнай папулярнасцю.

Дыяспары не хапае беларускiх кнiг, падручнiкаў. «Радзiма» iмкнецца дапамагчы i гэтым. Паколькi мы з’яўляемся грамадскай арганiзацыяй i не маем уласных сродкаў на набыццё кнiг, то праводзiм акцыi па iх збору сярод моладзi навучальных устаноў.

Вялiкая патрэба беларусаў у iнфармацыi, навiнах з Беларусi. Я ведаю, што за мяжой многiя беларусы звяртаюцца ў беларускiя пасольствы з мэтай атрымаць iнфармацыю. У пасольствы прыходзяць газеты з Беларусi. Але, думаю, гэтага недастаткова.

— Якiя асноўныя моманты, на ваш погляд, павiнны быць адлюстраваны ў праекце Закона «Аб суайчыннiках, якiя пражываюць за мяжой»?

— Павiнна быць дакладна вызначана, каго лiчыць замежным суайчыннiкам. Бо сёння па-за межамi Беларусi жывуць выхадцы з Беларусi, жывуць беларусы па нацыянальнасцi i г. д. Павiнны быць замацаваны моманты па атрыманню беларускага грамадзянства, двайнога грамадзянства.

— Нядаўна былi адменены квоты для беларусаў з-за мяжы пры паступленнi ў ВНУ Беларусi. Цi даводзiлася вам чуць рэакцыю на гэта з боку прадстаўнiкоў дыяспары?

— Калi гэтыя квоты iснавалi, то ў беларускiя ВНУ, здаўшы iспыты на станоўчыя адзнакi, паступала вельмi шмат дзяцей нашых суайчыннiкаў з Малдовы, Казахстана, Кыргызстана, Расii, краiн Балтыi. Гэта было зручна, бо адукацыя ў нашай краiне мае высокi ўзровень. Права на паступленне ў ВНУ Беларусi засталося i зараз, толькi дзецi нашых замежных суайчыннiкаў павiнны ўдзельнiчаць у агульным конкурсе або вучыцца за свае грошы.

А рэакцыя на адмену квотаў адназначная — гэта дрэнна. Аднак я разумею, што дзяржава рыхтуе спецыялiстаў, трацiць свае грошы, а пасля вучобы людзi ад’язджаюць за мяжу i не прыносяць карысцi для нашай краiны. У гэтым сэнсе адмена льготаў, напэўна, з’яўляецца апраўданай.

— Як вы ацэньваеце iдэю паспрабаваць прыцягнуць частку беларусаў з-за мяжы на радзiму? Чым можна зацiкавiць дыяспару?

— Iдэя вельмi добрая. I працэс вяртання пачаўся. Адна з прычын, чаму беларусы замежжа хочуць вярнуцца на сваю гiстарычную радзiму, — стабiльнасць у эканомiцы Беларусi. Па-другое, частка выхадцаў з Беларусi, якiя iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы, хочуць вярнуцца дзеля аб’яднання сем’яў i гэты працэс спынiць немагчыма.

У «Радзiму» паступаюць пытаннi аб тым, як можна пераехаць, спецыялiстаў якiх спецыяльнасцяў не хапае, як можна атрымаць жыллё. Думаю, беларусам за мяжой трэба прапаноўваць пэўныя льготы, сацыяльныя гарантыi пры вяртаннi ў Беларусь.

— Расiя пачынае ажыццяўляць праграму прыцягнення суайчыннiкаў з краiн СНД. Улады накiроўваюць у пасольствы Расii ў краiнах СНД iнфармацыю пра рэгiёны, дзе iснуе магчымасць атрымаць жыллё, прапануюць работу па спецыяльнасцi. Цi магла б Беларусь пайсцi такiм шляхам?

— Пасольствы, мне здаецца, з’яўляюцца першай iнстанцыяй, куды павiнны звяртацца жадаючыя пераехаць у нашу краiну. I я ведаю, што беларускiя пасольствы даюць iнфармацыю пра магчымасць знайсцi жыллё i работу ў Беларусi. Так, у «Радзiму» прыходзiла маладая сям’я з Кыргызстана, якая атрымлiвала такiя звесткi ў нашым пасольстве. Гэтай сям’i далi спiс наяўных вакансiй па спецыяльнасцi ў Мiнскiм раёне, iнфармацыю аб магчымасцi атрымання жылля i месца для дзiцяцi ў дзiцячым садку.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiм часам беларускiя ўлады ўсё больш увагi звяртаюць на беларускую дыяспару. Так, для пераадолення працэсу дэпапуляцыi ў краiне плануецца ствараць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика