Па сакрэту... ўсяму свету
Анатоль МЯСНIКОЎ
СПРАВЫ СЕЛЬСАВЕЦКIЯ Старшыня сельскага Савета для вясковага жыхара — «бог, цар i вайсковы начальнiк». Вядома ж, пасля кiраўнiка мясцовай гаспадаркi... Радасць у чалавека здарылася — скажам, нараджэнне дзiцяцi, цi наадварот, няшчасце — прапала кароўка цi, баранi божа, згарэла хата альбо памёр родзiч, спяшаецца той у сельсавет. — Усё так i ёсць, — пагаджаецца са мной старшыня Доктаравiцкага сельскага Савета Капыльскага раёна Мiхаiл Гулейка. — I гэта натуральна. Мы — не толькi пярвiчнае звяно мясцовай улады... Мы штодзённа, нават штогадзiнна жывём i працуем побач са сваiмi аднавяскоўцамi — людзьмi, якiя, прабачце за нясцiпласць, давяраюць нам. Такiм чынам, мы не толькi пастаянна кантактуем памiж сабой, але i да дробязяў ведаем, хто чым жыве i дыхае...У структуры мясцовай улады Мiхаiл Вiктаравiч не навiчок: сельскi Савет узначальвае ўжо некалькi склiканняў. Атрымлiваецца, «сакрэтаў» у штодзённай рабоце з людзьмi для яго няма? — Не сказаў бы, — не пагаджаецца старшыня Савета. — Наша паўсядзённае жыццё вельмi непрадказальнае, часам супярэчлiвае. Ды i пытанняў, якiя даводзiцца вырашаць, становiцца ў колькасных адносiнах не менш, а больш, прычым, пытанняў маштабных i значных i для нашых невялiчкiх рэгiёнаў, i, галоўнае, для людзей. Так, рэгiён, на якi, вобразна кажучы, распаўсюджваецца ўлада Мiхаiла Гулейкi, параўнальна невялiкi. Сюды ўваходзяць дзве гаспадаркi Капыльшчыны: Мiнскае абласное ўнiтарнае прадпрыемства «Доктаравiчы» i сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Ванелевiчы». Дзесяць вёсак, у якiх пражываюць крыху больш за 2100 чалавек, з якiх 970 — пенсiйнага ўзросту. — На жаль, вёска не толькi старэе, але i вымiрае, — у голасе майго суразмоўцы адчуваюцца ноткi суму. — Летась нашым сельскiм Саветам зарэгiстраваны ўсяго толькi чатыры шлюбы i 10 — нованароджаных. А 47 сельскiх жыхароў пакiнулi гэты свет... Дэмаграфiчная сiтуацыя не з лепшых, аднак мы не губляем надзей на тое, што становiшча будзе выпраўлена... На чым жа грунтуецца аптымiзм кiраўнiка сельскага Савета? Апошнiм часам i ў рэспублiцы ў цэлым, i на Капыльшчыне ў прыватнасцi адбылося рэзкае павелiчэнне ўвагi да праблем вёскi. Прыняты шэраг законаў, указаў кiраўнiка дзяржавы, iншых нарматыўных актаў, у якiх прадугледжаны канкрэтныя меры па адраджэнню вёскi, паляпшэнню ўмоў працы, жыцця i адпачынку працаўнiкоў сельскагаспадарчай вытворчасцi. — Прычым, — лiчыць мой суразмоўца, — гэтыя меры напоўненыя мясцовым зместам. Сярод iх ёсць доўгатэрмiновыя, разлiчаныя на перспектыву. А ёсць i тэрмiновыя, неадкладныя, заклiканыя перш за ўсё спынiць негатыўныя працэсы, што назапашвалiся ў беларускай вёсцы на працягу не аднаго дзесяцiгоддзя... Перш за ўсё на кожны каляндарны год тут распрацоўваецца спецыяльная праграма развiцця сельсавета. Па двух асноўных раздзелах — «Добраўпарадкаванне» i «Развiццё сацыяльна-культурнай сферы» — кiраўнiк Савета разам з дэпутатамi вызначаюць галоўныя мерапрыемствы, на выкананнi якiх потым, на працягу года, i будзе сканцэнтравана асноўная ўвага. Вядома, гэта не панацэя: жыццё пастаянна ўносiць карэктывы, аднак выкананне гэтых мерапрыемстваў — асноўны абавязак сельскага Савета. — У мiнулым годзе, — гаворыць Мiхаiл Гулейка, — вялiкую ўвагу ўдзялiлi добраўпарадкаванню вясковых вулiц і могілак, дарог i тэрыторый, пасадцы новых i лiквiдацыi так званых аварыйных дрэў, рамонту грамадскiх калодзежаў, зносу старых аварыйных дамоў i iншых збудаванняў, рамонту агароджы... Гэтыя работы правялi практычна ва ўсiх вёсках. Крынiцы фiнансавання былi самыя розныя: бюджэт i сродкi iнфраструктуры, дапамога ўнiтарнага прадпрыемства «Доктаравiчы» i СВК «Ванелевiчы», iншых арганiзацый i ўстаноў, сродкi, сабраныя сярод насельнiцтва... Фiнансавая праблема, безумоўна ж, ёсць. Тым не менш спасылацца на гэта мы нiколi нават i не думалi. Бо разумеем: дзяржава пакуль што не ў стане даць нам больш... Таму i iмкнёмся нешта зарабляць самi. Асобным накiрункам работы выканкама сельсавета з’яўляецца аказанне бытавых паслуг вяскоўцам. Iх ажыццяўляюць два комплексныя прыёмныя пункты — Доктаравiцкi i Ванелевiцкi. Дарэчы, яшчэ пяць-шэсць гадоў назад дзейнасць такiх пунктаў не толькi ў Доктаравiцкiм сельсавеце, але i ва ўсiх iншых на Капыльшчыне была практычна згорнута. I вось iх зноў адчынiлi... Сёння вяскоўцы ўсё часцей i часцей звяртаюцца сюды па самыя розныя паслугi i дзякуюць гаспадарам (а, значыць, i мясцовым дэпутатам) за ўвагу i павагу да iхнiх запатрабаванняў. На пастаянным i строгiм кантролi ў сельсавеце i такое важнае пытанне, як закупліванне малака ў мясцовага насельнiцтва. На жаль, i тут паказчыкi не растуць: штогод змяншаецца колькасць кароў на вясковых падворках. Тым не менш малаказборшчыкi Таццяна Iванаўна Горбаль i Iрына Вiктараўна Гурына сабралi з кожнага падворка ў вёсках Гарнастайлава i Ужа ў сярэднiм па 3643 кiлаграмы малака. Свае лiдары i сярод здатчыкаў малочнай прадукцыi: Нiна Максiмаўна Капусцiна прадала дзяржаве звыш 6 тысяч кiлаграмаў малака, а Нiна Васiльеўна Сiвец i Леанiд Мiхайлавiч Буткевiч — адпаведна 5787 i 5358 кiлаграмаў. — У штодзённай рабоце мы падтрымлiваем пастаянныя кантакты з кiраўнiкамi мясцовых гаспадарак — дырэктарам Мiнскага абласнога ўнiтарнага прадпрыемства «Доктаравiчы» Уладзiмiрам Дземянковым i старшынёй сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Ванелевiчы» Аляксандрам Макарчуком. Маладыя i энергiчныя кiраўнiкi заўсёды гатовы падтрымаць нас, дапамагчы вырашыць любое пытанне. I iм вялiкае «дзякуй» кажуць за гэта не толькi дэпутаты сельскага Савета, але i ўсе жыхары нашых вёсак. * * * Мы расказалi пра самы звычайны сельскi Савет. З дня ў дзень, без гучных слоў i заклiкаў, яго актыў працуе над выкананнем задач, вызначаных Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi, i рэалiзацыяй мерапрыемстваў Рэспублiканскай праграмы навядзення парадку на зямлi i добраўпарадкавання тэрыторыi населеных пунктаў. А вядзе вяскоўцаў за сабой такi ж звычайны мясцовы кiраўнiк — Мiхаiл Гулейка, чалавек, якi знаходзiцца на сваiм месцы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня сельскага Савета для вясковага жыхара — «бог, цар i вайсковы начальнiк». Вядома ж, пасля кiраўнiка мясцовай гаспадаркi...
|
|