Не чакаць «валасападу»
Аблысенне (па-навуковаму «алапецыя») — паталагiчнае выпадзенне валасоў. Гэта сур’ёзная псiхалагiчная праблема не толькi для сучасных мужчын, але i для жанчын. Хоць наяўнасць валасоў на галаве не з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю для iснавання чалавека, усё ж яны маюць важнае значэнне для псiхiчнай раўнавагi, бо гэта найбольш прыметная частка нашай знешнасцi. Валасы заўсёды лiчылiся сiмвалам жыццёвай сiлы i энергii. I сёння, на думку жанчын, доўгiя пышныя кудзеры, якiя становяцца ўсё большай рэдкасцю, прыцягваюць увагу мужчын не менш, чым прыгожая фiгура. Сярод мужчын жа iснуе меркаванне, што па сiле перажыванняў... толькi страх перад iмпатэнцыяй перасягае страх аблысець.
Аблысенне, канешне, не канец свету, аднак прычыны для хваляванняў ёсць. Здароўе валасоў залежыць перш за ўсё ад агульнага стану арганiзма iх уладальнiка. Коратка закранаючы прычыны, якiя правакуюць аблысенне ў мужчын i жанчын, на першае месца можна паставiць гарманальныя захворваннi (жанчынам варта звярнуць увагу на полiкiстоз яечнiкаў); пасля гарманальных хвароб асноўнымi фактарамi, якiя выклiкаюць выпадзенне валасоў, трэба лiчыць спадчыннасць (пераважна ў мужчын) i стрэс (пераважна ў жанчын). Сюды ж варта дадаць наступствы апраменьвання або хiмiятэрапii, што праводзяцца пры пэўных захворваннях. Цыгарэты, алкаголь — для валасоў гэта таксама шкодна. I яшчэ адзiн вораг пышнай шавялюры — хуткарастваральная кава (менавiта растваральная, а не ў зярнятах). Рэчывы, якiя змяшчаюцца ў ёй, парушаюць салавыдзяленне скуры галавы. А гэта прыводзiць да таго, што валасы выглядаюць тлустымi, нават калi мыць iх кожны дзень, i ў рэшце рэшт — выпадаюць. У адпаведнасцi з нармальным цыклам росту валасы выпадаюць i вырастаюць зноў на працягу ўсяго жыцця чалавека. Калi выпадае да 150 валасоў у суткi — гэта ў межах нормы. Калi больш — варта задумацца. Каб валасы раслi добра, арганiзму патрэбны бялок, вiтамiны, мiкраэлементы: калiй, магнiй, цынк, крэмнiй. Неабходна наладзiць нармальнае паўнацэннае харчаванне, увесцi ў рацыён сою, бабы, кабачкi, патысоны, баклажаны. Для ўмацавання i росту валасоў варта есцi нашча кашу з аўса, запраўленую мёдам i тоўчаным фундукам. Належную колькасць вiтамiнаў i мiнералаў можна дабраць, ужываючы полiвiтамiны i харчовыя дабаўкi. Для маскiроўкi раннiх стадый аблысення выкарыстоўваюцца шампунi, сродкi для ўкладкi валасоў, якiя павялiчваюць аб’ём i пышнасць прычоскi. Прымяняецца нарошчванне валасоў: iх наклейваюць на тыя, што не выпалi, або прама на скуру галавы спецыяльным клеем. Да хiрургiчных метадаў барацьбы з аблысеннем адносiцца метад трансплантацыi, калi з непашкоджанага валасянога покрыва пераносяць участкi тканкi з валасамi ў месцы аблысення. Iснуюць i спецыяльныя лекавыя сродкi ад аблысення, але падбiраць iх для сябе i прымяняць неабходна толькi пасля кансультацыi з урачом. Пры першых прыкметах пагаршэння стану валасоў можна паспрабаваць простыя i даступныя ўсiм рэцэпты фiтатэрапii. Калi скура галавы i валасы вельмi сухiя, апалоскваць iх некалькi разоў у тыдзень адварамi з насення лёну або кораня алтэi, а пры павышанай тлустасцi — выкарыстоўваць па чарзе адвары зверабою i шалфею. У хатнiх умовах можна прыгатаваць такi апалосквальнiк: змяшаць 1 шклянку свежых кветак рамонку (або 1/2 сухiх), лупiну аднаго апельсiна, 1 шклянку яблычнага воцату, 2 шклянкi вады. Паставiць сумесь на слабы агонь, зняць праз 6—8 хвiлiн. Ахаладзiць. (Яблычны воцат пазбаўляе скуру галавы ад мёртвых клетак, папярэджваючы з’яўленне перхацi. Сумесь рамонку i апельсiна робiць валасы мяккiмi i блiскучымi.) Пры выпадзеннi валасоў рэкамендуюцца наступныя адвары для ўцiрання ў скуру галавы: 2 ст. лыжкi здробненага кораня цыкорыi звычайнай на 400 мл вады; 2 ст. лыжкi здробненага лiсця i 50 г пладоў рабiны звычайнай на 400 мл вады; сумесь аеру i каранёў лопуху (з разлiку па паўтары лыжкi кожнай здробненай сыравiны на 0,5 л кiпеню); 2 ст. лыжкi размарыну пакласцi ў эмалiраваную каструлю i залiць 2 шк. халоднай вады. Паставiць на маленькi агонь i кiпяцiць 15 хвiлiн. Зняць з агню, даць настояцца 15 хвiлiн; кожны вечар уцiраць у скуру галавы моцнае пiва на працягу 5—10 хвiлiн. Даць валасам высахнуць. Праз 40—60 хвiлiн апаласнуць iх настоем крапiвы двухдомнай (1 ст. лыжку здробненага лiсця залiць шклянкай гатаванай вады, настойваць 10 хвiлiн); масiраваць скуру галавы соллю на працягу 15 хвiлiн; лiсце крапiвы — 1 частка, лiсце падбелу — 1 частка: 6 ст. лыжак сумесi залiць 1 л гатаванай вады, настойваць 30 хвiлiн; прымяняць для мыцця галавы; 3 ст. лыжкi лiсця магнолii залiць 1 л кiпеню, шчыльна закрыць i пакiнуць на суткi, працадзiць; прымяняць раз у тыдзень для мыцця галавы. Зразумела, цудадзейнага рэцэпта для лячэння аблысення няма, бо прычына яго ў кожнага чалавека можа быць рознай. Таму адзiнае, што можна парэкамендаваць, гэта не чакаць «валасападу», а па магчымасцi больш старанна даглядаць свае валасы i сачыць за сваiм здароўем. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аблысенне (па-навуковаму «алапецыя») — паталагiчнае выпадзенне валасоў. Гэта сур’ёзная псiхалагiчная праблема не толькi для сучасных мужчын, але i для
|
|