Больш як паўвека ў навуковым страi
Акадэмiку Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Анатолю Герасiмавiчу ШАШКОВУ — 80 гадоў
28 лютага 2007 года спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага-цеплафiзiка, акадэмiка НАН Беларусi, заслужанага дзеяча навукi i тэхнiкi, доктара тэхнiчных навук, прафесара Анатоля Герасiмавiча Шашкова. Акадэмiк А.Г. Шашкоў — адзiн са старэйшых супрацоўнiкаў Iнстытута цепла- i масаабмену iмя А.В. Лыкава НАН Беларусi. Яго працоўная дзейнасць у Акадэмii навук СССР (энергасектар Iнстытута торфу) пачалася ў 1949 годзе пасля завяршэння вучобы ў Сярэднеазiяцкiм полiтэхнiчным iнстытуце. У Акадэмii навук рэспублiкi А.Г. Шашкоў прайшоў шлях ад iнжынера да акадэмiка, буйнога вучонага, чые дасягненнi шырока прызнаныя ў навуковым свеце. З самага пачатку сваёй работы Анатоль Герасiмавiч творча ўзаемадзейнiчае з навуковай школай, створанай у iнстытуце аўтаматыкi i тэлемеханiкi АН СССР, актыўна займаецца даследаваннямi сiстэм аўтаматычнага рэгулявання агульнага прызначэння, спецыялiзаваных для прымянення ў цеплатэхнiцы, энергетыцы i навуковым эксперыменце. У 1955 годзе А.Г. Шашкоў абараняе кандыдацкую дысертацыю, а ў 1964-м — доктарскую, якая з’явiлася буйным этапам у даследаваннях нелiнейных ланцугоў у сетках з тэрмiстарамi. У 1970 годзе Анатоль Герасiмавiч абiраецца членам-карэспандэнтам АН БССР, а ў 1980-м — акадэмiкам АН БССР. Навуковыя iдэi i задумы вучоны рэалiзоўвае сумесна са сваiм навуковым калектывам — лабараторыяй цеплафiзiкi. Тэматыка распрацоўваемых даследаванняў адрознiваецца высокай актуальнасцю i арыгiнальнасцю. Анатоль Герасiмавiч Шашкоў правёў вялiкiя даследаваннi ў сферы вывучэння цеплафiзiчных уласцiвасцяў газаў, вадкасцяў i цвёрдых целаў у шырокiм дыяпазоне параметраў, працэсаў пераносу ў газах i газавых сумесях, стварэння новых метадаў даследавання цеплафiзiчных уласцiвасцяў рэчываў, у тым лiку пры наяўнасцi фазавых i хiмiчных пераўтварэнняў, метадаў iдэнтыфiкацыi цеплафiзiчных характарыстык, сiстэмна-структурных падыходаў да вывучэння заканамернасцяў з’яў цепла- i масапераносу, новых шляхоў атрымання i пераўтварэння энергii. Прыкладныя распрацоўкi А.Г. Шашкова i створанай iм навуковай школы паспяхова ўкаранёныя ў шэрагу галiн прамысловасцi, адной з найбольш эфектыўных распрацовак стала стварэнне новых рабочых сумесяў для электралямпавай прамысловасцi (Брэсцкi i Саранскi электралямпавыя заводы). А.Г. Шашкоў — аўтар 16 кнiг, якiя атрымалi шырокае распаўсюджанне i перавыдавалiся ў шэрагу краiн. Сярод кнiг, выдадзеных А.Г. Шашковым асабiста i з вучнямi i калегамi, можна адзначыць «Ваганнi ў ланцугах з тэрмiстарамi», 1963; «Тэрмарэзiстары i iх прымяненне», 1967; «Сiстэмна-структурны аналiз працэсу цеплаабмену i яго прымяненне», 1983; «Цеплаправоднасць газавых сумесяў», 1970; «Метады вызначэння цеплаправоднасцi i тэмператураправоднасцi», 1973; «Цепла- i масаабмен у патоку нагрэтага газу», 1974; «Цеплаабмен у электрадугавым награвальнiку газу», 1974; «Цеплафiзiка аптычных асяроддзяў», 1983; «Цеплафiзiка матэрыялаў, якiя раскладаюцца», 1985 i iнш. Толькi ў 1996 годзе выйшлi дзве манаграфii — А.Ф. Шленскi, Н.В. Афанасьеў, А.Г. Шашкоў «Тэрмаразбурэнне матэрыялаў» (М.,Энергаатамвыд) i А.Г. Шашкоў, В.А. Бубноў, С.Ю. Яноўскi «Хвалевыя з’явы цеплаправоднасцi» (20,0 п.л., КНР — пераклад на кiтайскую мову) i iнш. Ва ўсе працы Анатоль Герасiмавiч Шашкоў укладвае талент выдатнага вучонага, энцыклапедычныя веды, iмкненне пазнаваць i тлумачыць, зрабiць навуку рухаючай сiлай прагрэсу. Акадэмiк А.Г. Шашкоў унёс вялiкi ўклад у ператварэнне i развiццё Iнстытута цепла- i масаабмену НАН Беларусi, ператварэнне яго ў буйнейшы цэнтр навукi аб цепла- i масапераносу. У апошнiя гады ўвагу вучонага займаюць новыя праблемы цеплафiзiкi — распрацоўка новых прынцыпаў i структурных падыходаў да пабудовы тэорыi цепла- i масапераносу ў асяроддзi складанага агрэгатнага стану, сiнергетычных вымярэнняў i прыбораў, якiя iх забяспечваюць. У асобе юбiляра выключна спалучаюцца якасцi вялiкага вучонага i арганiзатара навукi, выхавальнiка i настаўнiка, вучонага маштабных задум i рэдкае пачуццё новага, што дазваляе Анатолю Герасiмавiчу на працягу ўсяго часу актыўна i плённа весцi навукова-педагагiчную работу. Ён падрыхтаваў 43 кандыдаты навук, многiя з яго вучняў сталi дактарамi навук, разам з акадэмiкам Аляксеем Васiльевiчам Лыкавым ствараў базавую кафедру цеплафiзiкi (цяпер энергафiзiкi) у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце, быў старшынёй i з’яўляецца членам спецыялiзаваных саветаў па абароне дысертацый. Вядзе вялiкую i плённую навукова-арганiзацыйную работу ў шэрагу навуковых саветаў, рэдакцыях часопiсаў (дастаткова ўспомнiць шматгадовую работу па кiраўнiцтву «Iнжынерна-фiзiчным часопiсам»), актыўна ўдзельнiчае ў мiжнародным навуковым супрацоўнiцтве. Калегi i вучнi, сябры шчыра зычаць Анатолю Герасiмавiчу Шашкову новых творчых здзяйсненняў, рэалiзацыi вылучаных iдэй i задум, моцнага здароўя, шчасця i дабрабыту. С. АСТАПЧЫК, акадэмiк НАН Беларусi, В. ДРАГУН, член-карэспандэнт НАН Беларусi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акадэмiку Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Анатолю Герасiмавiчу ШАШКОВУ — 80 гадоў
|
|