Быў «мiнус», стаў «плюс»
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Энергазберажэнне за кошт мясцовых рэсурсаў
Цiкава, як з часам мяняюцца крытэрыi ацэнкi гаспадарчасцi. Тое, што некалi было вялiкiм мiнусам, стала вялiкiм плюсам. Прыкладна шэсць гадоў назад дырэктара Вiлейскай мэблевай фабрыкi Анатоля Драздова моцна прэсiнгаваў райвыканкам за яго «недальнабачнасць», адсутнасць «адчування перспектывы», «няўменне ўзняцца над паўсядзённасцю» i г.д. А сыр-бор разгарэўся з-за таго, што Анатоль Сяргеевiч наадрэз адмаўляўся падключаць прадпрыемства да прыроднага газу. Аргумент — гэты крок эканамiчна немэтазгодны, бо на фабрыцы досыць драўляных адходаў, выкарыстанне якiх амаль поўнасцю закрывае патрэбы прадпрыемства ў цеплавой энергii. Райвыканкам «цiснуў» на дырэктара, той стаяў на сваiм. Дарэчы, яго тады падтрымлiвалi некаторыя дэпутаты райсавета, якiя падзялялi правiльнасць пазiцыi кiраўнiка. На шчасце дырэктара, эканамiчныя паказчыкi прадпрыемства былi выдатныя i ад Драздова адчапiлiся. Праўда, аб’явiлi вымову (вiдаць, у мэтах выхавання). Сёння ў Вiлейскiм райвыканкаме, калi размова зайшла аб энергазберажэннi шляхам выкарыстання мясцовых рэсурсаў, мне адразу ў якасцi цiкавага прыкладу назвалi мэблевую фабрыку, параiлi наведаць яе i на свае вочы пераканацца ў эфектыўнасцi падыходу Драздова. Сам Анатоль Сяргеевiч той выпадак успамiнае з гумарам. Сапраўды, хто тады думаў, што апiлкi i абрэзкi будуць усур’ёз разглядацца як альтэрнатыўныя энерганосьбiты. А на фабрыцы даўно «змiкiцiлi»: з адходаў можна атрымлiваць даходы. Там да 2000 года штогод спальвалi паўтары тысячы тон мазуту. Пасля запуску катла на адходах драўнiны расход гэтага палiва зменшыўся да 805 тон. Праз два гады перавялi на адходы яшчэ адзiн кацёл. Штогадовае спажыванне мазуту спынiлася на лiчбе 300 тон. I пайшло... У вынiку з лютага 2004 года мазут на фабрыцы практычна не выкарыстоўваецца. Праўда, на ўсякi выпадак адзiн кацёл на мазуце трымаецца ў рэзерве. Такая вось хронiка пераходу на мясцовае палiва. (Нагадаем, сёння тона мазуту каштуе $237. Свая не менш цiкавая гiсторыя выкарыстання адходаў у якасцi энерганосьбiтаў на вiлейскiм заводзе «Буддэталь». Яго спецыялiзацыя — сучасныя на ўзроўнi замежных стандартаў дзверы. Дзякуючы ўдаламу спалучэнню якасцi i цаны яны карыстаюцца ўстойлiвым попытам у Беларусi i за мяжой. На цану вырабу, як вядома, у многiм уплывае кошт энерганосьбiтаў. Здолееш знiзiць сабекошт — прадукцыя будзе больш канкурэнтаздольнай. Тэхнiчны дырэктар завода Анатоль Гарбаценка расказвае, што раней спажывалася штомесяц 450 тон мазуту. Сёння гэта каштавала б амаль $100 тысяч. — Я не ведаю, дзе б мы цяпер бралi такiя грошы. Але ў свой час мы пачалi пераводзiць кацельню з мазуту на адходы драўнiны. Сёння яна забяспечвае патрэбы ў цяпле i энергii як сваёй вытворчасцi, суседнiх прадпрыемстваў, так i шэрагу жылых дамоў. Эфект эканомii каласальны, — гаворыць Анатоль Уладзiмiравiч. У раёне ўжо пройдзены першы этап асэнсавання вопыту ўжывання мясцовага палiва. Аказваецца, можна ў сваю чаргу больш эканомна выкарыстоўваць i самi адходы драўнiны — спальваць яе не ў чыстым выглядзе, а ў адпаведнай сумесi, як гэта даўно робяць за мяжой. Формула простая: трэць трэсак, трэць кары i апiлак дрэў i трэць торфу. Праверана — гарыць цудоўна. У раёне тры гэтыя кампаненты, у тым лiку i торф, маюцца ў наяўнасцi. Даволi значныя яго радовiшчы месцяцца непадалёк ад Вiлейкi. Гэта, паводле слоў намеснiка райвыканкама Генадзя Касцевiча, энергетычны рэзерв раёна. А пакуль у ход iдуць трэска, апiлкi, абрэзкi. Пры планавым паказчыку выкарыстання да 25 працэнтаў мясцовых вiдаў палiва ў энергетычным балансе Вiлейшчыны гэты паказчык складае 30 працэнтаў. Што гэта значыць на практыцы? Пры надвор’i да пяцi градусаў марозу можна ацяпляць будынкi без выкарыстання мазуту, вугалю i нават газу. Праўда, апошнi паўсюдна нельга выключыць з-за таго, што кацельнi двух прадпрыемстваў некалькi гадоў таму былi пераведзены на газ. Улiчваючы, што ў вынiку глабальнага пацяплення зiмы лютымi назваць цяжка, эканомiя газу i нафтапрадуктаў атрымлiваецца салiднай. У лясным Вiлейскiм раёне ўжо не хапае сваiх адходаў драўнiны. Iх заказваюць у iншых раёнах, напрыклад, суседнiх Лагойскiм i Маладзечанскiм. Са свайго боку, Вiлейскi раён пастаўляе ў Мядзельскi 8 тысяч кубаметраў дроў. Аднак у Вiлейцы ўсё больш схiляюцца да прыпынення гэтых паставак. Прычына важкая — мiнi-ТЭЦ, якая ўзводзiцца на ўскрайку Вiлейкi. Яна будзе працаваць выключна на мясцовым палiве. Яе магутнасць — 2,5 мегавата ў год. Гэта — самая магутная мiнi-ТЭЦ такога класа ў краiне. Электраэнергiя i цяпло будуць паступаць у энергасетку райцэнтра. Мяркуецца, што на поўную магутнасць мiнi-ТЭЦ выйдзе ўжо ў сярэдзiне гэтага года. У вынiку Вiлейка атрымае дадаткова каля 20 працэнтаў электраэнергii. Гэтага хопiць на асвятленне горада. — Вяртанне да энергетычных вытокаў — працэс, вiдаць па ўсiм, хоць i вымушаны, але, безумоўна, эканамiчна мэтазгодны. I пачаўся ён у раёне некалькi гадоў таму, — расказвае старшыня Вiлейскага райсавета Яўген Iгнатовiч. — У справу адразу ўключылiся сельвыканкамы. Цi шмат яны зрабiлi? Я думаю, што нямала. Напрыклад, у раёне няма праблемы з дровамi для насельнiцтва. Можа, некаму гэта здаецца дробяззю, але вясковыя людзi так не думаюць. Быць пры дровах — значыць, адчуваць сваю энергетычную бяспеку. Пры сельсаветах былi створаны брыгады па нарыхтоўцы дроў, iх дастаўцы спажыўцам. У такой, на першы погляд, простай i адпрацаванай аперацыi, аказваецца, ёсць свае рэзервы эканомii, у дадзеным выпадку, бензiну цi саляркi. У вёсцы Жары адкрыты самы вялiкi ў раёне ўчастак па нарыхтоўцы дроў. Адсюль iх развозяць па вёсках нават суседнiх сельсаветаў. Раней дровы завозiлi са склада ў Вiлейцы, ад якой да Жараў 35 кiламетраў. Такiм чынам, эканомiя нафтапрадуктаў вiдавочная. — У гэтым, дарэчы, вялiкая заслуга старшынi Жарскага сельскага Савета Уладзiмiра Iванова, — гаворыць Яўген Антонавiч. Пры такiх тэмпах пераходу на мясцовае палiва рана цi позна паўстае пытанне аб драўнiне. Пакуль яе хапае. Пэўнай крынiцай служаць вялiзныя «пераспелыя» (i таму аварыйныя) дрэвы, якiя паступова спiлоўваюць каля вясковых хат, электралiнiй i г.д. На думку Яўгена Iгнатовiча, трэба ўжо сельсаветам клапацiцца аб закладцы плантацый парод хуткарослых дрэў: асiны, таполi i iншых. Гэта дазволiць з часам паставiць на планавую аснову нарыхтоўкi дроў незалежна ад месцаў лясных высечак. Не менш важнай справай лiчыць Яўген Антонавiч выхаванне псiхалогii энергазберажэння ў людзей, каб яны самi бачылi i сваю асабiстую зацiкаўленасць, i агульную грамадскую карысць у эканомii энергарэсурсаў. У сельскiх гаспадарках i на прадпрыемствах раёна шмат робiцца па замене старога энергаёмiстага абсталявання i ўкараненню энергазберагальных тэхналогiй, напрыклад, замене воданагравальных катлоў на фермах. Там iх па меры магчымасцi пераводзяць на мясцовае палiва, а дзе не атрымлiваецца, ставяць эканамiчныя электрычныя катлы з цеплавой iзаляцыяй, аўтаматычным кантролем за тэмпературай вады. Ужо амаль ва ўсiх гаспадарках сушыльныя ўстаноўкi пераведзены на мясцовае палiва. Вельмi перспектыўны накiрунак энергазберажэння — выкарыстанне сучасных лямпачак. Тут рэзервы эканомii велiзарныя. Адна такая лямпачка ў 20 Ват дае святла як «сотка», а спажывае пры гэтым электрычнасцi ў пяць разоў менш. Сёлета, паводле слоў Яўгена Iгнатовiча, для сельвыканкамаў раёна ў шэраг першачарговых задач выходзiць стварэнне так званых энергетычных пашпартоў. Яны будуць складацца на кожны аб’ект, якi на тэрыторыi раёна спажывае той цi iншы вiд энергii: школу, ФАП, краму, клуб i г.д. Мэта — вызначыць па кожнаму аб’екту аптымальныя для нармальнага функцыянавання расходы энергii, перакрыць каналы яе страт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цiкава, як з часам мяняюцца крытэрыi ацэнкi гаспадарчасцi. Тое, што некалi было вялiкiм мiнусам, стала вялiкiм плюсам |
|