Без матэрыяльных выгод, але з маральным задавальненнем?
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
У рэдакцыю «Звязды» звярнуўся жыхар Мiнска Генадзь Пяткевiч з просьбай расказаць, якiмi перавагамi ў матэрыяльным i бытавым плане карыстаюцца дэпутаты мясцовых Саветаў у параўнаннi з простымi грамадзянамi. Сапраўды, няўжо ў дэпутаты iдуць толькi для таго, каб абараняць iнтарэсы народа?
Як адзначыў сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалай Лазавiк, «дэпутаты мясцовых Саветаў сёння наўрад цi могуць мець нейкiя матэрыяльныя выгоды ад свайго дэпутацтва. Справа ў тым, што матэрыяльная ўзнагарода за выкананне дэпутацкiх абавязкаў для iх не прадугледжана. Нейкiя дадатковыя льготы i прывелеi таксама, напэўна, знайсцi складана». Сапраўды, згодна з заканадаўствам, дэпутат мясцовага Савета «здзяйсняе свае паўнамоцтвы, як правiла, не парываючы з вытворчай або службовай дзейнасцю». Падчас сесii Савета ён проста вызваляецца ад выканання сваiх звычайных абавязкаў на неабходны тэрмiн. Пры гэтым за ўвесь перыяд вызвалення яму будзе выплачвацца сярэдняя заработная плата, а таксама — кампенсавацца камандзiровачныя расходы. Сапраўды, нейкiя перавагi дэпутату мясцовага Савета тут знайсцi наўрад цi магчыма. Гэта не дэпутат Палаты прадстаўнiкоў, у якога i заробак мiнiстэрскi, i кватэра службовая. Адзiнае — стаўшы дэпутатам мясцовага Савета, можна менш клапацiцца пра свой асноўны занятак на працягу блiжэйшых чатырох гадоў. Па заканадаўству дэпутат мясцовага Савета ў перыяд сваiх паўнамоцтваў не можа быць па iнiцыятыве адмiнiстрацыi звольнены з работы на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганiзацыi, выключаны з калгаса, навучальнай установы, а таксама пераведзены ў парадку дысцыплiнарнага спагнання на нiжэйаплатную работу або панiжаны ў пасадзе без папярэдняй згоды Савета. Дэпутат з лiку ваеннаслужачых не можа быць звольнены са службы, панiжаны ў пасадзе, перамешчаны па службе без яго згоды. Яму не можа быць затрымана прысваенне чарговага воiнскага звання. Дэпутату, якi ў сувязi з выбраннем дэпутатам усё ж такi быў вызвалены ад сваiх ранейшых абавязкаў, пасля заканчэння тэрмiну дэпутацкiх паўнамоцтваў прадастаўляецца ранейшая або iншая раўнацэнная праца. Такiм чынам проста ад наяўнасцi статуса нешта набыць у матэрыяльным плане дэпутату мясцовага Савета складана. Як адзначыў Мiкалай Лазавiк, «калi дэпутат — паспяховы прадпрымальнiк, то ў яго i даходы будуць добрыя. Кiраўнiк прыбытковага прадпрыемства таксама, напэўна, будзе мець добры даход. Але гэта будуць даходы не ад дэпутацкай дзейнасцi». Тым не менш «нейкi рэзон» у жаданнi стаць дэпутатам мясцовага Савета сакратар Цэнтрвыбаркама бачыць. Паводле слоў, «калi дэпутатам абласнога, раённага ўзроўню становiцца кiраўнiк нейкага прадпрыемства, нават невялiкага, ён мае больш магчымасцяў сустракацца з кiраўнiкамi iншых арганiзацый i ведамстваў, больш эфектыўна вырашаць пытаннi свайго працоўнага калектыву». Так, прама або ўскосна мясцовы дэпутат на эканамiчную сiтуацыю калi не ва ўсiм рэгiёне, то на нейкiм прадпрыемстве, у нейкай сферы пэўным чынам паўплываць можа. Напрыклад, прапанаваўшы заслухаць справаздачу або iнфармацыю нейкага органа або службовай асобы, унёсшы прапанову аб вызваленнi ад абавязкаў службовых асобаў, прапанаваўшы правесцi праверку выканання заканадаўства. Акрамя таго, дэпутат мясцовага Савета можа накiраваць дэпутацкi запыт, на якi атрымае адказ у вызначаны тэрмiн. Таксама па пытаннях дэпутацкай дзейнасцi дэпутат карыстаецца правам бесперашкоднага наведвання на тэрыторыi Савета дзяржаўных, кааператыўных органаў i арганiзацый, грамадскiх аб’яднанняў, правам беспераноснага прыёму iх кiраўнiкамi i iншымi службовымi асобамi. А вось дэпутаты сельскiх Саветаў, лiчыць Мiкалай Лазавiк, i такiх пераваг не маюць, «бо асноўная iх праца заключаецца ў тым, каб вырашаць паўсядзённыя пытаннi, якiя ўзнiкаюць у iх аднавяскоўцаў». Прычым сваёй працай «яны могуць заваяваць або ўдзячнасць сваiх суседзяў, або наадварот атрымаць дадатковы папрок за тое, што не змаглi вырашыць нейкае пытанне па рамонту дарогi, забеспячэнню нармальнай працы Дома быту, магазiна, мясцовай бальнiцы». Не знайшоўшы матэрыяльнай выгады, сакратар Цэнтрвыбаркама лiчыць, што можна казаць аб «некаторай маральнай». Людзi, якiя iмкнуцца быць у цэнтры палiтычных i сацыяльных працэсаў, адзначыў ён, вылучаюцца на першы план, прадстаўляючы iнтарэсы сваiх землякоў. Такiя дэпутаты могуць праводзiць дэпутацкае расследаванне, падчас якога ўсе дзяржаўныя органы i службовыя асобы абавязаны аказваць неабходнае садзейнічанне, бесперашкодна прадастаўляць неабходныя для аб’ектыўнага вывучэння пытання дакументы i iнфармацыю. У сваёй выбарчай акрузе дэпутат мае права ўдзельнiчаць з правам дарадчага голасу ў разглядзе органамi дзяржаўнай улады i кiравання, органамi адпаведных грамадскiх арганiзацый пытанняў, што закранаюць iнтарэсы грамадзян, а таксама патрабаваць iх вырашэння. Прычым гэтыя органы павiнны загадзя iнфармаваць дэпутата аб разглядзе такiх пытанняў; правяраць з прыцягненнем пры неабходнасцi спецыялiстаў кантрольна-рэвiзiйных i праваахоўных органаў, грамадскасцi iнфармацыю аб парушэннях закона, правоў i iнтарэсаў грамадзян i арганiзацый, праяўленнях цяганiны i бюракратызму, якiя сталi вядомыя са зваротаў грамадзян, арганiзацый i iншых крынiц. Знайшоўшы парушэнне правоў i iнтарэсаў грамадзян, якiя ахоўваюцца законам, дэпутат мае права патрабаваць спынiць парушэннi. Як лiчыць Мiкалай Лазавiк, «магчыма, для некага гэта таксама стымул у працы». Чытача «Звязды» таксама цiкавiла пытанне аб адмiнiстрацыйнай i крымiнальнай адказнасцi дэпутатаў. Такая адказнасць, безумоўна, у беларускiм заканадаўстве прысутнiчае. I калi «дэпутат мясцовага Савета парушыць правiлы дарожнага руху, едзе п’яны», то яго абавязкова спыняць i складуць пратакол. Што ж датычыцца крымiнальнай адказнасцi, то ў адносiнах да ўсiх дэпутатаў, у тым лiку i мясцовых, дзейнiчае асобы парадак па iх вытворчасцi. Змяненнi i дапаўненнi ў адпаведныя законы былi прыняты парламентам напрыканцы мiнулага года. Згодна з iмi, адразу затрымаць дэпутата можна толькi ў выпадку дзяржаўнай здрады або на месцы злачынства. Узбуджаць жа крымiнальную справу без гэтых умоў можна са згоды пракурора, яго ж згода неабходна i пры правядзеннi аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў. Як бачна, асаблiва вялiкiх пераваг перад звычайнымi грамадзянамi дэпутаты мясцовых Саветаў не маюць. У сувязi з гэтым i стаўленне да дэпутата на бытавым узроўнi адпаведнае. Як адзначыў Мiкалай Лазавiк, да мясцовых дэпутатаў «нехта ставiцца з павагай, нехта з iронiяй: дома яму работы няма, дык ён справы iншых хоча вырашаць». Па назiраннях сакратара Цэнтрвыбаркама, у горадзе стаўленне — спажывецкае. Тут свайго дэпутата могуць не ведаць, што тым не менш часам не перашкаджае з сарказмам заўважаць: мы яго выбралi, а толку ад яго нiякага. У такой сiтуацыi, упэўнены Мiкалай Лазавiк, няма вiны дэпутатаў. «Проста ў выбаршчыкаў не было неабходнасцi да яго звяртацца, — лiчыць ён. — Калi ж узнiкаюць складанасцi, i людзi даведаюцца прозвiшча дэпутата, i знойдуць да яго шлях, то ў большасцi выпадкаў застануцца задаволены размовай з iм. Наколькi я ведаю, усе дэпутаты iмкнуцца выконваць просьбы выбаршчыкаў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю «Звязды» звярнуўся жыхар Мiнска Генадзь Пяткевiч з просьбай расказаць, якiмi перавагамi ў матэрыяльным i бытавым плане карыстаюцца дэпутаты
|
|