Легкаатлеты святкавалi поспехi, спяваючы ў купэ
Iрына ПРЫМАК
Пэўна, нiкога так не сустракалi ўчора ранiцай (дакладней у 6.40) на мiнскiм чыгуначным вакзале, як нашых легкаатлетаў, якiя вярталiся з чэмпiянату Еўропы ў залах. Перон другой платформы ля пятнаццатага вагона маскоўскага цягнiка нагадваў кветнiк. Здымалi тэлекамеры, працавалi дыктафоны, успыхвалi фотаапараты. Беларускiя спартсмены заслужылi такую ўвагу i пашану да сябе: на першынстве ў Англii яны заваявалi чатыры медалi (залаты, два сярэбраныя i бронзавы).
— У нас у «Дынама» традыцыя заўжды сустракаць сваiх спартсменаў з кветкамi, нават ранiцай, — паведамiў Уладзiмiр Калецкi, галоўны трэнер фiзкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» i з гонарам дадаў. — Хто ў камандзе дынамаўцы? Павел Лыжын (служыць у пагранiчных войсках), Андрэй Краўчанка i сёстры Усовiч (служаць у камiтэце дзяржбяспекi). Першым з вагона паказаўся галоўны трэнер нацыянальнай каманды Анатоль Бадуеў. Зразумела, я не магла не пацiкавiцца ў яго, чаму перад стартам першынства ён папрасiў не чакаць ад нашых спартсменаў высокiх месцаў у гэтым сезоне, маўляў, легкаатлеты пачынаюць рыхтавацца да летняй Алiмпiяды ў Пекiне, таму пiк iх формы павiнен прыйсцiся якраз на час Гульняў-2008. На чэмпiянат Еўропы-2007 у памяшканнях Бадуеў планаваў толькi адзiн медаль: «Затое я верыў i ведаў, што абавязкова будзе залатая ўзнагарода», — трэнер быў задаволены поспехамi сваiх падначаленых, сярод якiх асаблiва адзначыў бронзавага прызёра, сямiборца Андрэя Краўчанку, якi ўпершыню здабыў медаль на дарослым турнiры. Сам жа Андрэй пакуль яшчэ не верыць, што трапiў у прызёры на кантынентальным першынстве: «Нездарма нас называюць рыцарамi лёгкай атлетыкi, бо два днi на стадыёне — гэта вельмi складана псiхалагiчна i фiзiчна. Перад сваiм выступленнем я перахваляваўся, бо сачыў за нашымi спартсменамi, «хварэў» за iх. Калi сам выйшаў на старт, цудоўна зрабiў першы вiд, а далей пайшло-паехала. Самым цяжкiм было змагацца з самiм сабой. На сапернiкаў нават не глядзеў. Медаль мне не прагназавалi i, калi я стаў трэцiм, трэнер адразу да мяне падышоў, павiншаваў i сказаў, што ўсё цудоўна. Зараз тры-чатыры днi адпачну i зноў трэба рыхтавацца, на гэты раз да летняга чэмпiянату свету ў Японii». I ўсё ж галоўнай гераiняй у саставе беларускай зборнай трэба назваць Iлону Усовiч. Дзяўчына бегла ў эстафеце на самым адказным апошнiм чацвёртым этапе i фiнiшавала першай (эстафетную палачку ёй хутка перадавала сястра Святлана). Акрамя «золата» ў камандзе, Iлона заваявала i асабiсты медаль — сярэбраны ў бегу на 400 метраў. «Я не першы раз на чэмпiянаце Еўропы, таму ведала, якi час трэба паказаць, каб трапiць у прызёры, — прызналася спартсменка. — Па вынiках, якiя я паказвала на сваiх трэнiроўках, бачыла, што я гатова i буду змагацца за месца на п’едэстале. Чаму мне даверылi бегчы апошняй у эстафеце? У нас гэта нават не абмяркоўваецца, трэнеры вырашаюць, хто будзе на якiм этапе бегчы, улiчваючы нашы магчымасцi. Мне лягчэй даганяць, таму i зараз «прычапiлася» да больш хуткай сапернiцы i вырвала «золата». — Увесь вечар у купэ мы разам з Андрэем Мiхневiчам спявалi песнi, — расказаў штурхальнiк ядра Павел Лыжын, якi ў Бiрмiнгеме стаў уладальнiкам «серабра». — Люблю спяваць, ды i настрой быў цудоўны ад таго, што я стаў сярэбраным прызёрам. Гэта мой першы медаль на дарослым турнiры. Андрэй Мiхневiч не толькi падпяваў Пашы, але i дапамог ў нейкай меры настроiцца на барацьбу, хоць яны i сапернiкi ў сектары: «Канешне, у час спаборнiцтваў канкурэнцыя памiж намi iснуе, але па-за сектарам Андрэй дае мне парады, кажа, што павiнна быць упэўненасць у сваiх сiлах, — дзелiцца Павел Лыжын. — Ён для мяне i сябра, i настаўнiк, бо Андрэй — вопытны спартсмен».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пэўна, нiкога так не сустракалi ўчора ранiцай (дакладней у 6.40) на мiнскiм чыгуначным вакзале, як нашых легкаатлетаў, якiя вярталiся з чэмпiянату Еўр
|
|