Вясна iдзе, вясне — ДАРОГУ!
Выйграе цi прайграе эканомiка транзiтнай Беларусi ад увядзення сезонных абмежаванняў вагавых нагрузак для аўтаперавозчыкаў?
Аўтадарогi ў перыяд iнтэнсiўнага адтайвання дарожнай «вопраткi» становяцца найбольш уразлiвымi. I iх трэба паберагчы. Але ў той жа час эканамiсты iмкнуцца старанна ўзважыць усе «за» i «супраць». Бо рэспублiка наша транзiтная, i галоўнае ў веснавы перыяд, з аднаго боку, i разбурэнне дарог прадухiлiць, а з другога, — захаваць для аўтаперавозчыкаў прывабнасць нашых маршрутаў. Таму вясной на асноўных транзiтных магiстралях Беларусi Мiнтранс рэспублiкi не ўводзiць абмежаванняў для перамяшчэння аўтатранспарту па вагавых параметрах. Не плануецца рабiць гэта i сёлетняй вясной. Але разам з тым скрупулёзныя разлiкi эканамiстаў сведчаць аб тым, што Беларусi, як i шэрагу iншых еўрапейскiх краiн, цалкам ад такой практыкi адмаўляцца не варта. Бо адваротнае можа квалiфiкавацца як нанясенне ўрону эканамiчнай бяспецы краiны. Iнстытут эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi правёў даследаваннi i даў комплексную ацэнку эканамiчных наступстваў ад рэалiзацыi палiтыкi абмежаванняў вагавых нагрузак на восi транспартных сродкаў пры iх руху па аўтамабiльных дарогах агульнага карыстання Беларусi ў 2006 годзе. Спецыялiсты канстатуюць, што працягласць рэспублiканскiх аўтамабiльных дарог, якiя забяспечваюць пропуск транспартных сродкаў з нагрузкай на адзiночную вось 10 i 11,5 тоны, складае 19,4 працэнта. А дарог, якiя злучаюць Мiнск з абласнымi цэнтрамi i маюць нагрузку на адзiночную вось менш як 10 тон — 65,7 працэнта. Гэта вымушае нашу рэспублiку дзейнiчаць абачлiва. Даследаванне палiтыкi абмежаванняў вагавых нагрузак на восi транспартных сродкаў паказала, што як увядзенне, так i неўвядзенне абмежаванняў мае i адмоўныя, i станоўчыя вынiкi. Але ўсё ж неўвядзенне часовых абмежавальных мераў абыходзiцца значна даражэй. Колькасная ацэнка страт аўтаперавозчыкаў, таваравытворцаў, грузаадпраўшчыкаў, грузаатрымальнiкаў у час дзеяння сезонных абмежаванняў у 2006 годзе паказала, што iх страты iстотна нiжэйшыя, чым урон эканомiцы Рэспублiкi Беларусь пры iх неўвядзеннi. Так, па разлiках, сукупныя страты аўтаперавозчыкаў, таваравытворцаў, грузаадпраўшчыкаў, грузаатрымальнiкаў i дзяржаўнага бюджэту склалi 35,7 млн дол. ЗША, а ўрон аўтамабiльным дарогам пры неўвядзеннi сезонных абмежаванняў —158 млн дол. ЗША (73,6 млн дол. ЗША — пры частковым увядзеннi абмежаванняў). У тым лiку страты карыстальнiкаў аўтамабiльных дарог Рэспублiкi Беларусь, якiя выклiканы павелiчэннем транспартна-эксплуатацыйных затрат i часу паездак у сувязi з пагаршэннем стану дарог ад праезду транспарту з высокiм восевымi нагрузкамi пры адсутнасцi абмежаванняў, у перыяд да поўнага аднаўлення стану дарог паказалi, што яны складуць 31,7 млн дол. ЗША (1,5 млн дол. ЗША — пры частковым увядзеннi абмежаванняў). Усе гэтыя даныя сведчаць аб тым, што на агульную колькасць транзiтных паездак i ў гэты веснавы перыяд увядзенне часовых абмежаванняў руху для транспартных сродкаў па некаторых нашых дарогах не акажа iстотнага ўплыву. Але выгада для дзяржавы ад увядзення часовых абмежавальных мераў вiдавочная. Васiль КУРЛОВIЧ, прэс-служба Дэпартамента «Белаўтадар».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выйграе цi прайграе эканомiка транзiтнай Беларусi ад увядзення сезонных абмежаванняў вагавых нагрузак для аўтаперавозчыкаў? |
|