ДЫНАМiчнАя гульня
Iрына ПРЫМАК
дапамагла сярэбранаму прызёру мiнулага першынства ўпершыню стаць чэмпiёнам
Кропка ў процiстаяннi мiнскiх «Дынама» i «Керамiна» ў Адкрытым чэмпiянаце краiны па хакею была пастаўлена на пляцоўцы «драконаў» у аўторак: лiк у фiнальнай серыi, якая працягвалася да чатырох перамог адной з каманд, стаў 4:1 (6:1, 3:2, 3:1, 2:3, 5:2) на карысць «бела-блакiтных». Нагадаю, што па вынiках рэгулярнага першынства дынамаўцы фiнiшавалi другiмi, а керамiнаўцы — першымi. Што ж дапамагло стаць чэмпiёнам уладальнiку Кубка Беларусi? Хтосьцi скажа, што, можа, падзейнiчала хакейная прыкмета — не галiцца. Галоўны трэнер «Дынама» Эдуард Занкавец прызнаўся, што ў гэту традыцыю не верыць, а не галiўся з-за салiдарнасцi са сваiмi падначаленымi, якiя сапраўды прытрымлiваюцца своеасаблiвага хакейнага правiла. Паводле слоў настаўнiка, упэўненасць у тым, што «Дынама» можа стаць чэмпiёнам, у яго з’явiлася ў паўфiнале, а ўмовамi для перамог былi цудоўны мiкраклiмат у камандзе, добрыя фiзiчныя кандыцыi, гатоўнасць змагацца на лёдзе нават траўмаваных iгракоў, надзейны тыл дома. «Любамiр Покавiч (былы трэнер «Дынама». — Аўт.) пакiнуў мне добрую спадчыну — па падбору iгракоў мацнейшай каманды тады не iснавала, мне заставалася толькi правiльна размеркаваць сiлы, — заўважыў Эдуард Канстанцiнавiч. — Мяркую, што славацкаму спецыялiсту трэба абавязкова ўручыць залаты медаль, бо ён працаваў у «Дынама» большую частку сезона». Дарэчы, такому маладому настаўнiку, як Эдуард Занкавец, у выбары тактыкі гульнi вельмi дапамаглi ўрокi Глена Хэнлана, экс-трэнера нацыянальнай зборнай нашай краiны, у якога беларус стажыраваўся ў НХЛ, а таксама школа Курта Фрэйзера (Занкавец з’яўляецца памочнiкам галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай. — Аўт. ). Галоўны трэнер «Керамiна» Андрэй Гусаў адзначыў, што, калi б яму, маладому настаўнiку, у пачатку сезона сказалi, што яго каманда зойме другое месца, палiчыў бы гэта за поспех, але зараз разумее: другая пазiцыя — самая крыўдная, тым больш, што за апошнiя пяць гадоў «драконы» ўжо чатыры разы станавiлiся сярэбранымi прызёрамi чэмпiянату. «Абвiнавачваць суддзяў я не стану, бо гэта — справа слабых, — дадаў Андрэй Леанiдавiч. — Керамiнаўцы правялi цудоўны сезон, дэманстравалi прыгожы хакей, але перамагчы можа толькi адна каманда». Улiчваючы, што менавiта «Дынама» перапынiла шлях у фiнал мiнскаму «Юнацтву», дзеючаму ўладальнiку Кантынентальнага кубка i мацнейшаму беларускаму клубу на вынiках трох мiнулых чэмпiянатаў, дынамаўцы былi вартыя залатых медалёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
дапамагла сярэбранаму прызёру мiнулага першынства ўпершыню стаць чэмпiёнам
|
|