Няўдалыя сем’i: калi не перавыхаваць, то паставiць заслону
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Каля чатырох месяцаў дзейнiчае прэзiдэнцкi Дэкрэт «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях». На практыцы пры яго рэалiзацыi часам даводзiцца сутыкацца з праблемамi. Для таго, каб выявiць «балявыя кропкi», знайсцi шляхi iх вырашэння на заканадаўчым узроўнi, Камiсiя па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi правяла выязное пасяджэнне ў Вiцебскай вобласцi.
Стварыць атмасферу нецярпiмасцi Сёння на Вiцебшчыне 4936 дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя засталiся без догляду бацькоў. Прычым толькi 17 працэнтаў з iх — круглыя сiроты, астатнiя маюць жывых бацькоў. Як адзначыў намеснiк старшынi Вiцебскага аблвыканкама Пётр Южык, прафiлактычныя меры, якiя праводзiлiся на працягу некалькiх гадоў, дазволiлi зменшыць статыстычныя паказчыкi па колькасцi выяўленых дзяцей, што засталiся без догляду бацькоў. Калi ў 2001 годзе iх было 967, то ў мiнулым — 751. Тым не менш, такiя лiчбы — зусiм не падстава для заспакаення. У працэнтных адносiнах колькасць дзяцей, што засталiся без догляду бацькоў, да агульнай колькасцi дзяцей узрастае. У 2001 годзе гэты паказчык складаў 1,6 працэнта, у 2006-м — 2 працэнты. Асноўнымi прычынамi вялiкай колькасцi дзяцей, што засталiся без догляду бацькоў, сталi алкагалiзм бацькоў (70 працэнтаў), невыкананне iмi бацькоўскiх абавязкаў (58 працэнтаў), матэрыяльныя складанасцi (68 працэнтаў), адсутнасць працы (28 працэнтаў). У Вiцебскай вобласцi дзiцячыя прытулкi дзейнiчаюць ва ўсiх раёнах. За сем гадоў яны прынялi 7819 дзяцей. Кожнага другога ўдалося вярнуць у родную сям’ю. 597 дзяцей знайшлi новыя сем’i. Праблема, як бачна, працягвае заставацца вострай. Многiя бацькi самаўхiляюцца ад выхавання дзяцей. А таму падобныя выпадкi, лiчыць П. Южык, павiнны разглядацца да лагiчнага завяршэння, ствараючы вакол бацькоў атмасферу нецярпiмасцi да падобных выпадкаў. Паводле яго ж слоў, Дэкрэт адыграў станоўчую ролю, аднак яго рэалiзацыя «выклiкае iстотныя складанасцi». Бацькоў праiнфармавалi пад роспiс За час, якi прайшоў з моманту прыняцця Дэкрэта, адзначыў начальнiк упраўлення адукацыi аблвыканкама Iван Шчурок, на месцах ужо ўдалося правесцi шэраг мерапрыемстваў. I хоць перавыхаваць бацькоў маларэальна, паставiць заслону перад тымi, хто толькi стаў на шлях дрэннага выканання бацькоўскiх правоў, неабходна. Таму першая задача — iнфармацыйная. Так, у Шумiлiнскiм i некаторых iншых раёнах усе бацькi, што ўзяты на ўлiк, былi пад подпiс азнаёмлены з тэкстам Дэкрэта. Ужо ў вынiку гэтага павялiчылася колькасць «закадзiраваных» i працаўладкаваных. Па-другое, быў праведзены паiменны ўлiк дзяцей, якiя жывуць у тым лiку i на аддаленых хутарах. Гэта дазволiла выявiць дзяцей, якiя не наведваюць школы i аб якiх наогул работнiкi сацыяльнай сферы не ведалi. Як прымусiць пакрыць расходы? Адна з самых складаных праблем, што ўзнiкаюць пры рэалiзацыi прэзiдэнцкага Дэкрэта, — як прымусiць бацькоў, што не даглядаюць сваiх дзяцей, пакрыць затраты дзяржавы. Статыстычныя даныя тут вельмi красамоўныя. У другой палове 2006 года ў суды былi пададзены iскi на ўсiх абавязаных да выплат асобаў Вiцебскай вобласцi. Пакрываюць дзяржаўныя расходы толькi 42 працэнты бацькоў, i тое ў далёка не поўным памеры. А за два месяцы гэтага года агульны аб’ём пакрыцця расходаў склаў толькi 6,4 працэнта. Цалкам верагодна, што за асобнымi бацькамi доўг дзяржаве будзе цягнуцца, магчыма, i ўсё iх жыццё. Некаторыя з iх проста не хочуць працаваць. З тых, хто накiроўваецца на працу, застаецца працаваць менш за палову. Не меншая праблема — заробкi. Асобы, якiя маюць базавую адукацыю, страцiлi свае прафесiйныя навыкi, знаходзяцца ў далёкiм ад здаровага фiзiчным i псiхалагiчным стане, наўрад цi могуць разлiчваць на добрыя заробкi. Для таго, каб разлiчвацца з дзяржавай i пакiнуць на жыццё сабе, яны павiнны атрымлiваць па 400—500 тысяч рублёў. Такiя заробкi, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, iх наўрад цi чакаюць. Акрамя таго, некаторыя нават не маюць пашпарта i грошай, каб яго зрабiць. У Вiцебскай вобласцi ў такiх выпадках пайшлi на наступны крок: дзяржаўная пошлiна на выраб пашпарта выдзяляецца выканкамам у выглядзе разавай дапамогi, а фота бацькоў прадастаўляе са сваiх баз мiлiцыя. Удзельнiкi пасяджэння не выключалi магчымасцi карэкцiроўкi Дэкрэта. Прапаноўвалася правесцi амнiстыю па плацяжах, плацiць толькi бягучыя расходы, а не запазычанасцi. Можна б было вызвалiць ад пакрыцця расходаў тых бацькоў, якiм дзецi былi вернутыя (нагадаем, што бацькам даецца паўгадавы тэрмiн, каб наладзiць сваё жыццё). Вялiкалетчанскi дзiцячы дом, што ў Вiцебскiм раёне, толькi пацвярджае вельмi нiзкае жаданне бацькоў пакрываць дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей. З налiчаных у 2005 годзе 65,8 млн рублёў бацькi пералiчылi толькi 8 млн, цi 12 працэнтаў. Такiя ж невялiкiя пералiчэннi i ў 2006 годзе — 13,3 працэнта ад неабходнага, а за два месяцы гэтага года — 12 працэнтаў. У вынiку агульная сума запазычанасцяў на сакавiк гэтага года складае ўжо 262,7 млн рублёў, якiя павiнны выплацiць 99 чалавек. У студзенi выплачвалi запазычанасцi 23 чалавекi, у лютым — 33. Неабходна таксама ўзгадаць, што са 159 выхаванцаў дзiцячага дома, бацькi якiх абавязаны пакрываць расходы, 39 ужо сталi яго выпускнiкамi або выбылi. У кожнай сям’i свой выбар Кiраўская агульнаадукацыйная сярэдняя школа, што ў прыгарадзе Вiцебска, абслугоўвае 9 вёсак. Апошнiм часам там было выяўлена 9 сем’яў, у якiх назiралiся складанасцi з выхаваннем дзяцей. Гэта сем’i з розным сацыяльным статусам, рознымi ўмовамi жыцця. I выйсце яны знаходзiлi рознае. Сям’я Б. Мацi пакiнула трохгадовае дзiця на свайго сужыцеля, якi займаўся замест гэтага сваiмi справамi. Сiтуацыя запатрабавала забраць дзiця ў прытулак. Мацi гэта ўспрыняла належным чынам: стала на ўлiк у цэнтры занятасцi, палепшыла жыллёвыя ўмовы. Дзiця было вернута ў сям’ю. Сям’я С. Бацькi не даглядалi дваiх дзяцей, адмаўлялiся лячыцца ад алкагалiзму, на працу не ўладкоўвалiся. У вынiку былi пазбаўлены бацькоўскiх правоў. Дзецi знайшлi прыёмную сям’ю. Сям’я О. Сям’я знаходзiлася ў дрэнных жыллёвых умовах. Добра, што яна разумела гэта i сама. У вынiку з дапамогай уладаў атрымалi новае жыллё, iншую дапамогу. Цяпер iх сям’ю збiраюцца зняць з улiку. Сям’я К. Гэтая сям’я жыве ў двухпавярховым доме, не мае фiнансавых праблем. Тым не менш алкагалiзм мацi не дазваляў належным чынам выхоўваць дзiця. Прафiлактычныя меры дапамаглi: тая «закадзiравалася». Цяпер i гэтую сям’ю можна знiмаць з улiку. *** У парламенце знаходзiцца на разглядзе законапраект аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у некаторыя законы па пытаннях дзяржаўнай абароны дзяцей з няўдалых сем’яў. Зразумела, выйсцi за рамкi Дэкрэта дэпутаты не змогуць, але развiць яго, зрабiць больш зразумелым для рэалiзацыi магчыма. Менавiта на гэта, лiчыць старшыня Камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Палаты прадстаўнiкоў Юрый Кулакоўскi, i неабходна звярнуць асноўную ўвагу. Пры гэтым ён адзначыў, што без умяшання кiраўнiка дзяржавы ўсё ж такi не абысцiся. Так, хутчэй за ўсё з законапраекта, якi цяпер знаходзiцца ў парламенце, будзе выдалена частка, што закранае Жыллёвы кодэкс. Размова там iдзе аб тым, што бацькоў можна будзе высяляць з займаемых iмi памяшканняў дзяржаўнага i прыватнага жыллёвага фонду з прадастаўленнем iншых жылых памяшканняў меншай плошчы, якiя саступаюць па сваiх спажывецкiх якасцях. Высяляць можна будзе нават у iншы населены пункт. Самi вызваленыя жылыя памяшканнi будуць перадавацца на баланс мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, якiя змогуць здаваць жыллё для найму. Менавiта гэтыя змяненнi i дапаўненнi выклiкаюць на практыцы вельмi шмат пытанняў: кватэры неабходна будзе адрамантаваць, знайсцi наймальнiка i г.д. У сувязi з гэтым Ю. Кулакоўскi адзначыў, што хутчэй за ўсё выйдзе прэзiдэнцкi Дэкрэт, якi i растлумачыць усе спрэчныя моманты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля чатырох месяцаў дзейнiчае прэзiдэнцкi Дэкрэт «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях». На практыцы пры яго рэалiзацыi
|
|