Саюзнае будаўнiцтва: павольна, але надзейна?
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Другога красавiка будзе адзначацца Дзень яднання народаў Беларусi i Расii. Гэты саюзны год быў адным з самых неадназначных у гiсторыi ўзаемаадносiнаў дзвюх краiн пасля падпiсання дагавора аб стварэннi Саюзнай дзяржавы. З пытаннем аб плюсах i мiнусах саюзнага года «Звязда» звярнулася да беларускiх палiтыкаў.
Вадзiм ПАПОЎ, старшыня камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi: — Станоўчая або негатыўная ацэнка падзеi залежыць ад таго, што чалавек хоча ў ёй бачыць. А больш у годзе было практычнай працы. Было падпiсана пяць вельмi важных пагадненняў: аб роўных правах на знаходжанне i жыхарства на тэрыторыi краiн, аб супрацоўнiцтве ў галiне сацыяльнага забеспячэння, аб парадку аказання медыцынскай дапамогi ва ўстановах аховы здароўя Беларусi i Расii, аб рэгуляваннi пытанняў уласнасцi Саюзнай дзяржавы, аб пазбяганнi двайнога падаткаабкладання. Цяпер яны праходзяць унутрыдзяржаўныя працэдуры, якiя дазволяць iм дзейнiчаць у iнтарэсах грамадзян Беларусi i Расii. Дарэчы, па 4 з iх Беларусь выканала свае працэдуры, а па пагадненню аб саюзнай уласнасцi завяршаецца распрацоўка механiзма яе ўлiку. Гэтыя крокi ў саюзных адносiнах недаацэньваць нельга. Актыўна рэалiзуюцца эканамiчныя саюзныя праграмы. У снежнi прыняты саюзны бюджэт на гэты год, якi дасягае 4 млрд расiйскiх рублёў. Усё гэта элементы, якiя можна адносiць да плюсавых. Абвастрэнне ва ўзаемаадносiнах, якое пачало назiрацца некалькi месяцаў назад у сувязi са змяненнем цэнавай палiтыкi на энерганосьбiты, зразумела, выклiкала негатыўную рэакцыю ў грамадзян Беларусi i Расii. Але гэтыя складанасцi пераадольваюцца. 23 сакавiка на пасяджэннi саюзнага ўрада падпiсана пагадненне аб развiццi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва, аб пастаўках цукру на гэты i наступны гады, пратаколы аб прынцыпах збiрання ўскосных падаткаў ва ўзаемным гандлi. Таксама можна ўзгадаць i тое, што ўрад Расii разглядае прапанову Беларусi аб выдзяленнi стабiлiзацыйнага крэдыту ў сувязi з павышэннем цэнаў на энерганосьбiты. Як бачна, i ў гэтай частцы ёсць рух наперад. Падрыхтоўка шэрагу пагадненняў у рамках дагавора аб калектыўнай бяспецы, аб адзiнай сiстэме процiпаветранай абароны, аб далейшым абсталяваннi саюзнай мяжы гаворыць, што хоць i няпросты, але рух на пабудову Саюзнай дзяржавы працягваецца. Дарэчы, саюзны ўрад таксама разгледзеў прапановы мiнiстэрстваў i ведамстваў дзвюх краiн аб праектах праграм будучага года. Думаю, мы будзем мець добрую перспектыву павелiчэння саюзнага бюджэту ў наступным годзе. Мiкалай ЛАЗАВIК, сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў: — Калi казаць аб яднаннi народаў Беларусi i Расii, то, лiчу, гэты працэс iдзе паслядоўна, адлюстроўваючы рэальную волю народаў краiн. Некаторы негатыўны адбiтак на гэты рух нанеслi асобныя эканамiчныя няўзгодненасцi, якiя ўзнiклi на фоне праблем, што выклiканы хутчэй палiтычнымi, а не эканамiчнымi прычынамi з пастаўкай энерганосьбiтаў. Але, па вялiкаму рахунку, гэтыя праблемы нiякiм чынам не адлюстравалiся на накiраванасцi руху народаў, якiя заўсёды выступалi за яднанне. Што ж датычыцца саюзнага рэферэндуму, то ён прадугледжвае вынясенне на абмеркаванне нейкага дакумента, канкрэтнага пытання. Пакуль ён не сфармiраваны, казаць аб рэферэндуме рана. Сяргей КАСЦЯН, намеснiк старшынi камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi: — Гэты год быў дастаткова неадназначным, бо, з аднаго боку, у краiн назiралася iмкненне працягваць працу па стварэнню Саюзнай дзяржавы, а з другога — Крэмль усякiм чынам тарпедыраваў гэту працу. Калi браць пытаннi палiтычнага характару, то ўсё засталося на месцы без зменаў. Калi браць пытаннi эканамiчныя, то яны накiраваныя ў горшы бок i не садзейнiчаюць далейшаму ўмацаванню Саюзнай дзяржавы. Калi разглядаць знешнепалiтычныя пытаннi, то на знешнепалiтычнай арэне мы iдзём разам па ўсiх пытаннях, у нас прысутнiчае поўная падтрымка i паразуменне. Але, на жаль, далейшая праца была азмрочаная аднабаковымi дзеяннямi Расii ў галiне гандлёва-эканамiчных узаемаадносiнаў. Што рабiць? Думаю, гэта таксама можна з часам паправiць. Цяпер у Расii наступiў перыяд нявызначанасцi, калi невядома, хто будзе праз паўтара года ва ўладзе. У снежнi гэтага года — думскiя выбары, у сакавiку наступнага — прэзiдэнцкiя. Гэтыя паўтара года няпэўнасцi накладваюць негатыўны адбiтак на саюзныя адносiны. Пасля ж гэтага ўсё павiнна наладзiцца. Таму цяпер можна казаць у большай ступенi аб доўгатэрмiновых перспектывах Саюзнай дзяржавы. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, старшыня камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi: — У гэтым годзе ў саюзных адносiнах хапала як плюсаў, так i мiнусаў. Нават не ведаю, чаго было больш. Жыццё заўсёды iдзе палосамi — белымi i чорнымi. У любым выпадку кожны крок, якi адбываўся ў мiнулым годзе (дрэнны — адносна газу i нафты, станоўчы — у частцы правядзення сумесных пасяджэнняў па вызначэнню далейшага курсу развiцця), прынёс нейкую рэальную карысць. Усё, што нi робiцца, вядзе да лепшага. Перспектывы ў Саюзнай дзяржавы нармальныя. На любым этапе, калi робiцца нешта добрае, калi, кажучы вобразна, хлопец збiраецца ажанiцца, заўсёды знойдуцца людзi, якiя скажуць аб iм дрэнна. Так i ў працэсе будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы: заўсёды знойдзецца той, хто выступiць супраць. Сувязi ж з Расiяй па-ранейшаму ўмацоўваюцца. Так, на пэўным этапе быў зрыў, але потым пайшоў рух наперад. У будаўнiцтве Саюзнай дзяржавы тэмпы, напэўна, не такiя, якiя хацелася б, але само будаўнiцтва iдзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Другога красавiка будзе адзначацца Дзень яднання народаў Беларусi i Расii. Гэты саюзны год быў адным з самых неадназначных у гiсторыi ўзаемаадносiнаў |
|