Акадэмiк Вiктар IПАЦЬЕЎ: «Лес абаронiць чалавека — дапамажы яму»
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Пачатак гэтага года азнаменаваўся для дзяржаўнай навуковай установы «Iнстытут лесу» Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi тым, што атрымалi мiжнароднае прызнанне даследаваннi групы вучоных па ачыстцы лесу i паверхневага слою глебы ў iм ад радыенуклiдаў, на што быў выдадзены першы ў галiне лясной гаспадаркi краіны еўразiйскi патэнт на вынаходнiцтва. Адначасова была выканана просьба расiйскiх калег распрацаваць спецыяльную Федэральную навуковую праграму для тэрыторыi Расii па рэабiлiтацыi лясоў у зонах найбольшага забруджання паўднёва-заходняй тэрыторыi Расiйскай Федэрацыi на перыяд да 2010 года, i гэта работа таксама атрымала высокую ацэнку. Унiкальнасць вынаходнiцтва гомельскiх вучоных у тым, што метады, якiя iмi прапаноўваюцца, экалагiчна i эканамiчна мэтазгодныя i вельмi важныя для зямель, пакрытых ядзерным попелам. Аб гэтым мы гутарым з акадэмiкам Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, акадэмiкам Расiйскай акадэмii сельскагаспадарчых навук, незалежным экспертам ААН па лесу ад краiн Усходняй Еўропы Вiктарам Iпацьевым.
— Вiктар Аляксандравiч, асабiста вамi была выказана гiпотэза аб магчымым аздараўленнi лесу i глебы ва ўмовах глабальнага радыеактыўнага забруджання яшчэ ў сярэдзiне дзевяностых гадоў. А вось цяпер гэта навукова i практычна даказана... — Падкрэслю: упершыню ў свеце i ў радыеэкалогii. Групай вучоных iнстытута, у якi, акрамя мяне, увайшлi Мiкалай Iванавiч Булко, Мiкалай Васiльевiч Мiцiн i Марына Аляксандраўна Шабалева. Пасля ядзернага выбуху на Чарнобыльскай АЭС у цэнтры еўрапейскага кантынента ўтварылася «пляма» ў чатыры мiльёны гектараў з радыяцыйна забруджаных лясоў, якiя ў адрозненне ад iншых прыродных ландшафтаў вельмi трывала замацавалi ў сваiм бiялагiчным кругавароце небяспечныя ядзерныя ападкi. У Беларусi гэтая «пляма» займае дзесяць працэнтаў тэрыторыi, на Украiне — 0,3 працэнта, а ў Расii i таго меней — каля 0,002 працэнта з улiкам радыеактыўных плошчаў, якiя з’явiлiся пасля ядзерных выбухаў на Урале. Таму негатыў i заклапочанасць насельнiцтва нашай краiны вышэйшая, чым у славян-суседзяў. Бяспечных доз апраменьвання няма. Любое апраменьванне прыводзiць у выпадку злаякасных утварэнняў да росту захворванняў у чалавека — менавiта да такога вываду прыйшлi летась спецыялiсты Камiтэта па бiялагiчных эфектах iанiзуючага выпраменьвання ў Нацыянальнай акадэмii ЗША, якiя прааналiзавалi ўсю наяўную iнфармацыю па ўплыву малых доз радыяцыi на арганiзм чалавека. А радыеактыўны лес ператварыўся ва ўстойлiвую крынiцу апраменьвання людзей i ўсяго жывога, бо ён стрымлiвае распаўсюджванне аварыйных радыенуклiдаў па зямной паверхнi. — Але ж, Вiктар Аляксандравiч, сёння накоплены вялiкi вопыт па знiжэнню накаплення радыенуклiдаў у глебе. Ён што, непрыгодны для лясоў? — Так, непрыгодны. Тое, аб чым вы гаворыце, датычыцца вопыту па знiжэнню накаплення радыенуклiдаў у сельскагаспадарчых культурах. Але сама глеба пры гэтым застаецца абсалютна неабароненай ад радыенуклiдаў, i таму патрабуецца штогод вялiкае фiнансаванне на правядзенне агратэхнiчных i аграхiмiчных прыёмаў. Да таго ж працяглае прымяненне мiнеральных угнаенняў прыводзiць да расходу глебавых рэзерваў i падзення глебавай урадлiвасцi. Лес жа можа затрымлiваць, акумуляваць i пераразмяркоўваць праглынутыя iм радыенуклiды, але сам па сабе ён не здольны нейтралiзаваць тую радыеактыўнасць. Значыць, трэба шукаць нетрадыцыйныя шляхi знiжэння яе. I мы знайшлi гэты шлях — пабудову для асноўных элементаў лясных экасiстэм, у тым лiку i для коранезаселеных гарызонтаў глебы так званай дынамiчнай «бiялагiчнай перагародкi». — Што гэта за перагародка? Як iдзе яе пабудова? I як яна працуе? — Агульнавядома, што дрэвы цягнуць сокi з зямлi. I мiнеральныя рэчывы, ваду i г.д. I праз каранi, якiя маюць розную таўшчыню i знаходзяцца на рознай глыбiнi. Самыя тонкiя атожылкi — валаскi сваёй большасцю (90—95 працэнтаў), якiя сiлкуюць дрэвы пажыўнымi рэчывамi, маюць вельмi вузкi гарызонт — верхнi слой глебы ў 2—5 сантыметраў, дзе тых пажыўных рэчываў больш за ўсё. Чаму? Таму што сюды трапляе апад з дрэў у выглядзе лiстоты, шыгалля, раслiннасцi i г.д., якiя перагнiваюць. Але тут жа затаiлiся i радыеактыўныя элементы — цэзiй i стронцый, якiя па сваiх вартасцях падобныя адпаведна на калiй i кальцый. Трэба тут сказаць, што ў лесе пажыўных рэчываў не хапае, а ўся раслiннасць, у тым лiку i дрэвы. адчуваюць у iх патрэбу. Дык вось, калi ў глебе мала калiю i кальцыю, тады ў ход iдуць радыеактыўныя цэзiй i стронцый, а калi iх дастаткова, дык тады дрэвы iх «не чапаюць». У першым выпадку радыяцыя пранiкае ў каранi, драўнiну, крону, лiстоту. Апошняя ападае i радыеактыўны элемент «паўзе» ў глебу. I гэта будзе да таго часу працягвацца, пакуль той стронцый, напрыклад, не распадзецца натуральным шляхам. — Праз колькi гадоў? — Каб ён напалову разлажыўся, патрэбна, скажам, гадоў трыццаць. А калi шчыльнасць забруджвання высокая, дык цыкл гэты можа паўтарацца пяць цi болей разоў, што раўназначна не менш чым 150 i больш гадоў. — З гэтага, Вiктар Аляксандравiч, вiдаць, вынiкае, што трэба зрабiць так, каб не даць магчымасцi радыяцыi «залезцi» ў крону дрэва. Цi не так? — Абсалютна правiльна. Будзе сфармiраваны чысты ад радыенуклiдаў апад, а на тыя радыенуклiды, якiя не ўсмакталi карэньчыкi-атожылкi, будуць уздзейнiчаць дажджы, вiльгаць, якiя пагоняць iх унiз, углыб. Але для гэтага неабходна ўнесцi ў глебу такiя элементы, якiя будуць блакiраваць паступленне тых радыенуклiдаў у дрэва. Гэта i калiй, i лiгнiн, i розныя так званыя бiямасы (металаарганiчныя ўгнаеннi). Галоўнае, як кажуць, — запусцiць пускавы механiзм у першы раз, i тады, паўтараю, апад як бы перагароджвае дарогу радыенуклiдам. У якасцi адцягваючага манеўру можна выкарыстоўваць i прымяненне такiх радыепратэктараў, як малiна, крушына, вярба, некаторыя вiды дзiкарослага кустоўя, якiя перахоплiваюць у сасны, елкi, iншых дрэў сiлкавальныя рэчывы i тым самым аслабляюць радыенуклiды. — У дакументах Еўразiйскага патэнтнага ведамства гаворыцца аб тым, што выдадзены вашаму калектыву патэнт дзейнiчае ва ўсiх дзяржавах — удзельнiцах Еўразiйскай патэнтнай канвенцыi i што пастаўленая задача вынаходнiцтва дасягаецца тым, што «ў працэсе росту лясных насаджэнняў у глебу цi на яе ўнясенне прэцыпiтату кармавога ў колькасцi 50 кiлаграмаў на гектар зменшыла ўтрыманне радыецэзiю ў кампаненты надземнай фiтамасы сасны ў 2,7—2,8 раза, забяспечвае атрыманне мiнiмальнай забруджанай бiямасы драўнiнных раслiн». Скажыце, Вiктар Аляксандравiч, якiя метады блакiравання радыенуклiдаў вы выпрабоўваеце i якая, згодна з вашымi разлiкамi, чакаецца эканамiчная аддача на кожны затрачаны долар на гэта? — Пры аграхiмiчным метадзе, калi ў дозе 200—250 кiлаграмаў калiй уносiўся ў спелых дрэвастоях асiнавых i сасновых насаджэнняў на адзiн затрачаны долар, чакаемы эканамiчны эфект 6,5 i 6,6 долара адпаведна. Фiтамелiярацыйны метад прымяняўся ў сасновых дрэва- стоях высечак прамежкавага карыстання, i тут суадносiны такiя: 1:5—10 долараў. Пры гiдрамелiярацыйным метадзе на высечках прамежкавага карыстання — 1:4,8 долара. Ёсць яшчэ i спецыяльны мелiярацыйна-хiмiчны метад, калi на высечках сасновых насаджэнняў прамежкавага карыстання ўносiлiся адходы вытворчасцi (лiгнiн), суадносiны тут наступныя: 1:2,6 долара. — Лiчбы, вядома, уражваюць. Але ж такiя выдаткi трэба ўкласцi ў справу, каб пачаць мэтанакiравана лячыць лес ад радыяцыйных хвароб! — Згодзен. Вялiкiя грошы патрэбны. Але не трэба забываць на тое, што ёсць рознiца, атрымаем мы «чысты» лес праз дваццаць гадоў цi праз сто дваццаць. I яшчэ. Неабходна памятаць, што лясны кампанент апраменьвання людзей у радыеактыўна забруджаных лясных рэгiёнах Беларусi пастаянна расце. Калi ў сярэдзiне дзевяностых гадоў ён складаў каля 20—30 працэнтаў, то зараз перавысiў 60 працэнтаў i значна пераўзыходзiць сельскагаспадарчы кампанент. А здаровы лес, у якi чалавек будзе хадзiць, — гэта дабрабыт i здароўе нашага народа! Хачу пры гэтым сказаць, што расiйскi ўрад ужо выдзелiў для выканання намi распрацаванай федэральнай праграмы, аб якой я сказаў вышэй, фiнансавыя ўлiваннi ў шэсцьдзесят мiльёнаў расiйскiх рублёў толькi на абсталяванне. Астатнiя значныя сумы будуць пералiчаны на навуку, зарплату вучоных, умацаванне матэрыяльна-тэхнiчнай базы праз некаторы час. Не спазнiцца б i нам...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачатак гэтага года азнаменаваўся для дзяржаўнай навуковай установы «Iнстытут лесу» Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi тым, што атрымалi мiжнароднае
|
|