Высакавольтная лiнiя электраперадач на здароўе не ўплывае
Дзевяць гадоў таму ўздоўж маёй сядзiбы правялi высакавольтную лiнiю з напружаннем 10 кВ. З тых часоў, асаблiва пасля ночы, у мяне балiць галава, павышаецца цiск. Мне думалася, што гэта ад узросту (мне 56 гадоў), але калi прыязджаюць з горада дзецi, унукi, у iх пасля ночы назiраецца тое ж самае. Таму адкажыце, калi ласка, на маё пытанне: на якой адлегласцi ад жылых памяшканняў павiнна размяшчацца высакавольтная лiнiя? Як яна можа ўплываць на здароўе чалавека, калi размешчана ад дома на адлегласцi 4 метры? (У дадатак да лiста быў прыкладзены падрабязны план-схема мясцовасцi з указаннем адлегласцi ад высакавольтнай лiнii, размеркавальнай станцыi да жылых i гаспадарчых пабудоў, што належалi заяўнiцы. — Рэд.).
Марыя Сiдараўна БАНЬ, в. Вялiкi Рожан Салiгорскага раёна. Атрымаўшы лiст нашай чытачкi з амаль 30-гадовым, як яна сама напiсала, стажам, мы першай справай патэлефанавалi ў Салiгорскi занальны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii. Нам паведамiлi, што ўсё неабходнае абсталяванне для правядзення патрэбных замераў у iх маецца, i яны могуць на месцы праверыць выкладзеную жанчынай iнфармацыю. Неўзабаве мы атрымалi афiцыйны адказ на наш запыт. Ён складаецца з дзвюх частак — агульнай i канкрэтнай, што датычыцца вышэйапiсанай сiтуацыi. Паколькi лiсты i званкi чытачоў адносна магчымага ўплыву на здароўе чалавека ад высакавольтных лiнiй электраперадач не такiя ўжо рэдкiя ў рэдакцыйнай пошце, ёсць сэнс прывесцi адказ цалкам. «У мэтах абароны насельнiцтва ад уздзеяння электрычнага поля, што ствараецца паветранымi лiнiямi электраперадач, устанаўлiваюцца санiтарна-ахоўныя зоны (тэрыторыi ўздоўж трасаў лiнiй электраперадач, на якiх абмяжоўваюцца цi забараняюцца пэўныя вiды дзейнасцi i пражыванне). Памеры санiтарна-ахоўных зон устанаўлiваюцца ў залежнасцi ад напружання высакавольтнай лiнii электраперадач у адпаведнасцi з раздзелам 4 Санiтарных правiлаў i нормаў Рэспублiкi Беларусь № 10-5 «Санiтарная класiфiкацыя прадпрыемстваў, збудаванняў i iншых аб’ектаў. Санiтарна-ахоўныя зоны», i карэктуюцца iнструментальнымi вымярэннямi напружанасцi электрычнага поля. Крытэрыем для арганiзацыi санiтарна-ахоўнай зоны i карэктавання яе памераў з’яўляецца напружанасць электрычнага поля ў 1 кВ/м. Паветраныя лiнii электраперадач, якiя па сваiх тэхнiчных характарыстыках не могуць ствараць напружанасць электрычнага поля ўздоўж трасы размяшчэння 1 кВ/м i больш, не патрабуюць арганiзацыi санiтарна-ахоўных зонаў i не маюць гiгiенiчнага значэння. Гэта абумоўлена тым, што напружанасць электрычнага поля 1 кВ/м i менш не аказвае неспрыяльнага ўздзеяння на арганiзм чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Да такiх лiнiй электраперадач адносяцца i паветраныя лiнii з напружаннем 10 кВ». Далей паведамляецца аб вынiках iнструментальных вымярэнняў напружанасцi электрычнага поля, якiя праводзiлiся ў жылых памяшканнях дома, што належыць заяўнiцы, i на тэрыторыi двара, якi непасрэдна прылягае да паветранай лiнii электраперадач з напружаннем 10 кВ. «У вынiку праведзеных вымярэнняў устаноўлена, што напружанасць электрычнага поля ў жылых памяшканнях i ў двары дома не перавысiла 0,002 кВ/м, што значна менш за 1 кВ/м. Таму паветраная лiнiя электраперадач з напружаннем 10 кВ у працэсе эксплуатацыi не можа аказваць неспрыяльнага ўплыву на здароўе жыльцоў дома. Таксама варта дадаць, што згодна з ДАСТ 12.1.051-90 «Сiстэма стандартаў бяспекi працы. Электрабяспека. Адлегласцi бяспекi ў ахоўнай зоне лiнiй электраперадачы напружаннем звыш 1000 В», для паветраных лiнiй электраперадачы з напружаннем да 20 кВ устаноўлена ахоўная зона ў 10 метраў. У адпаведнасцi з Правiламi ўладкавання электраўстановак, устаноўлена мiнiмальная адлегласць ад крайняга проваду лiнii электраперадач 10 кВ да блiжэйшых жылых пабудоў — не менш за 3 метры. Фактычная адлегласць складае не менш за 4 метры (дарэчы, гэтую ж лiчбу — 4 метры — пазначыла на сваiм плане-схеме i сама чытачка. — Рэд.). Кантроль за захаваннем мiнiмальных адлегласцяў да жылых пабудоў, а таксама над дзейнасцю i правядзеннем работ у ахоўнай зоне ажыццяўляе арганiзацыя, якая эксплуатуе лiнiю электраперадач». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзевяць гадоў таму ўздоўж маёй сядзiбы правялi высакавольтную лiнiю з напружаннем 10 кВ. З тых часоў, асаблiва пасля ночы, у мяне балiць галава, павыш
|
|