Хроніка апошніх падзей
КАДЫРАЎ АФIЦЫЙНА СТАЎ ПРЭЗIДЭНТАМ ЧАЧНI
Учора ў загараднай рэзiдэнцыi кiраўнiка рэспублiкi, што размешчана ў Гудэрмесе, адбылася iнаўгурацыя Рамзана Кадырава. На цырымонiю ўступлення Кадырава на пасаду ў Чачню прыбылi больш за 1500 гасцей i 500 афiцыйных асобаў. Толькi з Масквы прыляцела адзiнаццаць чартэрных рэйсаў. 30-гадовы Рамзан даў клятву на рускай мове, пасля чаго пасведчанне прэзiдэнта ЧР яму ўручыў паўпрэд прэзiдэнта Расii ў Паўднёвай федэральнай акрузе Дзмiтрый Козак. ЮШЧАНКА НЕ ЗРОБIЦЬ «НI КРОКУ НАЗАД» Прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка запатрабаваў ад кабiнета мiнiстраў распачаць падрыхтоўку да пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду i забяспечыць iх фiнансаваннем. Учора падчас выступлення на пасяджэннi Савета нацыянальнай бяспекi i абароны, кiраўнiк дзяржавы нагадаў, што канкрэтныя задачы для падрыхтоўкi парламенцкiх выбараў вызначаны ў яго ўказе як для кабінета мiністраў, так i для Цэнтральнай выбарчай камiсii. Звяртаючыся да прэм’ер-мiнiстра Вiктара Януковiча, прэзiдэнт нагадаў яму аб крымiнальнай адказнасцi за невыкананне ўказа аб роспуску Рады, якi ўжо ўступiў у сiлу. Юшчанка заявiў, што яго не адменiць. «Я не зраблю нiводнага кроку да адмены ўказа», — заявiў украiнскi прэзiдэнт. Юшчанка таксама выказаў упэўненасць, што ў дзяржаўным бюджэце дастаткова сродкаў для правядзення выбараў. «У краiне дастаткова сродкаў, каб правесцi дэмакратычныя празрыстыя выбары», — заявiў украiнскi лiдар. Як паведамлялася раней, пасля ўказа прэзiдэнта аб роспуску цяперашняга складу Рады i правядзеннi 27 мая пазачарговых выбараў, украiнскi парламент забаранiў Нацыянальнаму банку фiнансаваць датэрмiновыя выбары да адпаведнага рашэння Канстытуцыйнага суда. Тым часам прадстаўнiкi «Партыi рэгiёнаў», Сацпартыi i Кампартыi працягваюць мiтынгаваць на Майдане ў цэнтры Кiева. З кожным днём тых, хто выступае супраць указа прэзiдэнта, становiцца ўсё больш. Толькi ўчора ў Кiеў прыбыло 66 аўтобусаў i пяць паяздоў, якiя прывезлi каля шасцi тысяч пратэстантаў. IРАНСКI ПАДАРУНАК НА ВЯЛІКДЗЕНЬ Iран адпусцiў брытанскiх маракоў i марпехаў. Самалёт кампанii British Airways, з нядаўнiмi iранскiмi палоннымi на борце, учора днём прызямлiўся ў лонданскiм аэрапорце Heathrow. Як паведамляецца, марпехi ляцелi дадому бiзнэс-класам, дзе радасна адзначалi сваё вызваленне. Па некаторай iнфармацыi, iранцы шчодра адарылi сваiх былых палонных перад адпраўкай. Маракi прывезлi з сабой сумкi сувенiраў, усходнiх прысмакаў i арэхаў. Пасля прыбыцця ў Вялiкабрытанiю вайскоўцаў верталётамi даставiлi на базу марской пяхоты «Чыўнор», якая размешчана ў англiйскiм графстве Дэвон, дзе iм будуць зададзены пытаннi аб 13 днях, праведзеных у Iране.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў загараднай рэзiдэнцыi кiраўнiка рэспублiкi, што размешчана ў Гудэрмесе, адбылася iнаўгурацыя Рамзана Кадырава |
|