Горад з адным прадпрыемствам
Святлана ЯСКЕВIЧ
Глыбiнка Косава — самы маленькi горад не толькi ў Брэсцкай вобласцi, але, вiдаць, i ва ўсёй краiне. Зараз у iм жыве крыху менш за дзве з паловай тысячы чалавек. Вёскi з удвая большай колькасцю насельнiцтва — не такая ўжо рэдкасць. А тут горад, з 1919 года населены пункт мае статус горада.Яшчэ дзесятак-другi гадоў таму ўсё ў Косаве жыло, развiвалася вакол адзiнага вялiкага прадпрыемства — мэблевай фабрыкi. Поўная назва — Косаўскае вытворчае мэблевае аб’яднанне, бо аб’ядноўвала яно ў сабе некалькi фiлiялаў. Працавала ў Косаве 900 чалавек, а на ўсёй вытворчасцi —1100. Усе гарадскiя шматпавярхоўкi ўзводзiлiся ў свой час як жыллё для работнiкаў МВА. Гаспадарчым спосабам пабудавалi гадоў дваццаць таму фiзкультурна-аздараўленчы комплекс. Было памяшканне нават для свайго музея. Узвялi ў свой час i чатырохпавярховую кантору. Цяпер гэты офiс дадае галаўнога болю кiраўнiцтву прадпрыемства. У вялiкiм горадзе за арэнду такiх плошчаў можна было б неблагую капейку мець. А каму здасi тыя кабiнеты ў двухтысячным па сутнасцi мястэчку? Прадпрыемству, на якiм заняты менш за дзве сотнi чалавек, зусiм не патрэбныя такiя вялiкiя кiраўнiчыя апартаменты. Да пачатку новага стагоддзя мэблевае аб’яднанне скарацiла колькасць занятых прыкладна ў дзесяць разоў i стала тым прадпрыемствам, якiя прынята называць «ляжачымi». У першыя месяцы 2004 года МВА як злоснаму неплацельшчыку адключылi газ. I... нечакана гэта стала стымулам для ажыўлення вытворчасцi. Выйсце знайшлi ў мясцовых вiдах палiва. У справу пайшлi адходы ўласнай вытворчасцi — стружка, драўляныя абрэзкi. Нават катлы для прынцыпова новай кацельнi манцiравалi i перараблялi самi. Знайшлася крынiца энергii — станкi ўключылiся. Пайшло нарошчванне аб’ёмаў вытворчасцi. Па вынiках 2005 года спрацавалi з пэўным прыбыткам, па вынiках 2006 года — з яшчэ большым. Мне давялося пабываць на прафсаюзным сходзе працаўнiкоў прадпрыемства. I нiхто там нi на што не скардзiўся. Наадварот, прыемнае ажыўленне выклiкала ўключэнне ў калектыўны дагавор пунктаў пра матэрыяльную дапамогу да юбiлейных дат, сямейных урачыстасцяў. Жанчыны амаль з радасцю адзначалi, што ўпершыню за многа гадоў на 8 Сакавiка атрымалi падарункi. Дырэктар аб’яднання Аляксандр Белякоў на перспектывы вытворчасцi глядзiць аптымiстычна. Галоўная праблема зараз, паводле слоў кiраўнiка, састарэлае на 94 працэнты абсталяванне. Аблвыканкам абяцаў пазыку на замену станкоў. Калi слова ва ўладных кабiнетах стрымаюць, то абнавiць асартымент прадукцыi можна будзе ўжо сёлета. Менавiта з прадпрыемствам звязвае свае надзеi частка жыхароў Косава. Калi яно пачало згасаць, уладкоўвалiся хто куды мог. Сёй-той пайшоў у мясцовую гаспадарку. Адзiнкi знайшлi работу ў прадпрымальнiкаў. Некаторыя ездзяць на работу ў Iвацэвiчы. Была б магчымасць, многiя вярнулiся б назад, — так лiчыць старшыня гарадскога Савета Марыя Люндышава. Яна, дарэчы, i сама шмат гадоў адпрацавала на МВА. Прыехала некалi маладым спецыялiстам на вытворчасць. Папрацавала Марыя Васiльеўна i ў новым музейным комплексе, прысвечаным памяцi Тадэвуша Касцюшкi. Музей-сядзiба Касцюшкi ўсяго за тры—чатыры кiламетры ад Косава. Дык вось, у дзяржаўнай праграме развiцця малых гарадоў, над якой яшчэ iдзе работа, адным з напрамкаў развiцця Косава пазначаны прамыслова-турыстычны. Касцюшкаўская сядзiба, вядома, цiкавы для турызму аб’ект. Але акрамя пункта харчавання ён не мае нiякай iнфраструктуры, якая б магла прыцягнуць сучаснага турыста. Вось калi ўдасца аднавiць палац насупраць, як i задумана, з гасцiнiчным комплексам, гэта будзе прарыў. Ёсць такое рашэнне абласнога каардынацыйнага савета па захаванню спадчыны, i ёсць надзея, што не застанецца яно пратаколам аб намерах. Косава i само багатае гiсторыяй: горад з магдэбургскiм правам у мiнулым, мае патрэбу ва ўпарадкаваннi сваiх помнiкаў даўнiны. Але найбольш непакоiць кiраўнiка гарадской улады замаруджванне з рэканструкцыяй Дома культуры. Гэта вельмi патрэбная на сёння ўстанова. Стары, пабудаваны за польскiм часам, знаходзiцца ў аварыйным стане. Для новага выкупiлi ў МВА будынак так званай старой канторы, якi неабходна рэканструяваць. Грошы выдзелены раёнам. Толькi асваенне iх зацягваецца. Марыя Люндышава заняла пост мэра гарадка нядаўна, i ўжо прыйшла да высновы, што трэба больш настойлiва турбаваць адпаведныя службы, каб справа прасоўвалася хутчэй. Клопатам новага старшынi стала таксама мясцовая бальнiца. Патрэбны сродкi для яе перааснашчэння i паляпшэння. Спадзяюцца ў Косаве, што настане чарга аднавiць даўно пакiнуты мэблеўшчыкамi фiзкультурна-аздараўленчы комплекс. Як сказаў карэспандэнту «Звязды» намеснiк старшынi Iвацэвiцкага райвыканкама Аляксандр Сарока, сацыяльныя паляпшэннi ў Косаве раённая ўлада бачыць у звязцы з ажыўленнем малога бiзнэсу. Зараз там працуе некалькi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, але гэтага мала. Райвыканкам мае намер падтрымлiваць iнiцыятыўных людзей, якiя змогуць укласцi грошы i стварыць новыя рабочыя месцы ў горадзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Косава — самы маленькi горад не толькi ў Брэсцкай вобласцi, але, вiдаць, i ва ўсёй краiне. Зараз у iм жыве крыху менш за дзве з паловай тысячы чалавек |
|